Пра вайну без стэрэатыпаў

№ 11 (356) 01.11.2012 - 30.11.2012 г

«Дажыць да прэм’еры» Мікалая Рудкоўскага ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі.

/i/content/pi/mast/62/1057/4.jpg 
 
Нарэшце, здарылася. Спектакль пра Вялікую Айчынную вайну без муляжоў, бутафорскай зброі, забітых горам сялян, фрыцаў-ліхадзеяў, эфектных мізансцэн з пальбой... і ўвогуле без штучнага пафасу. Спектакль, на якім можна нават смяяцца. І як не смяяцца, калі іронія драматурга Мікалая Рудкоўскага трапляе «ў яблычак» пад назвай клішыраваная свядомасць.

«Дажыць да прэм’еры» на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі паставіў Павел Харланчук-Южакоў. Як ні дзіўна, гэта выказванне пра сучаснага чалавека, для якога вайна не скончылася, а набыла іншыя формы.

Пра шлях твора Рудкоўскага на сцэну Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі можна напісаць асобную п’есу. Упершыню «Дажыць да прэм’еры» была прадстаўлена шырокай публіцы ў 2009 годзе падчас Анлайн-праекта «Панарамы». Павел Харланчук-Южакоў так яскрава паставіў некалькі сцэн, што, здавалася, тэатры мусяць пачаць бойку за драматургічны матэрыял. Але гэтага не адбылося. Тады рускамоўная п’еса стала заваёўваць расійскую тэатральную прастору: публікацыя ў «Современной драматургии», перамога (другое месца, першае не прысуджалася) на міжнародным конкурсе «Бадэнвайлер» і Усерасійскі прыз «Факел памяти», прысвечаны 65-годдзю Перамогі. І тут здарыўся нечаканы інцыдэнт: на восеньскіх чытках п’ес — лаўрэатаў прэміі, якія праходзілі ў Тэатральным цэнтры на Страсным у Маскве, Саюз тэатральных дзеячаў Расіі адмяніў паказ гэтай, нібыта «скандальнай», п’есы. Расійская тэатральная правінцыя, у сваю чаргу, аказалася больш талерантнай: «Дажыць да прэм’еры» была пастаўлена ва Усурыйску, Уфе, Томску, Новарасійску. І ў якасці хэпі-энду — у Мінску.

Сюжэт надзвычай «тэатральны»: дзве маладыя актрысы ў спектаклі пра вайну павінны сыграць партызанак. Вера (Людміла Сідаркевіч) прапаноўвае паставіць эксперымент: «пражыць» цяжкія ваенныя сітуацыі (па Станіслаўскаму), каб адчуць тое ж, што і гераіні. Кацю (Вольга Скварцова) яна прымушае адмовіцца ад салонаў прыгажосці і салярыя, мыцца адным гаспадарчым мылам і есці толькі хлеб. І какетлівая прыгажуня-Каця, зведаўшы першыя нягоды вайны, выгукнула, стоячы на каленках на авансцэне: «Фашысты, свалата, ненавіджу!» Знешне камічная матывацыя аднак з’яўляецца ўнутрана драматычнай для актрысы, якая пачала ўжывацца ў вобраз партызанкі.

У адмысловую гульню аказваецца ўцягнутым муж Веры — бізнесмен Аляксей (Аляксандр Марчанка). На прапанову жонкі абмежваць вячэру кавалачкам хлеба ён рэжа праўду-матку: «Ты не такая вялікая актрыса, каб праводзіць падобныя эксперыменты. І табе не плацяць шалёных ганарараў!» Але для Веры самае важнае ўжо не роля, яна імкнецца зразумець, як людзям удавалася застацца жывымі падчас вайны. І галоўнае — ці здолела б ацалець яна? Аляксей, між тым, пастулюе найноўшую філасофію: «Як выжыць сёння? Вось што цікавіць сучаснага чалавека. Мы ведаем пра вайну толькі па кніжках і фільмах. Для мяне яна абстрактная. А вось уласныя страты зразумелыя». Ды толькі Веру не спыніць. У выкананні Людмілы Сідаркевіч яна нагадвае вучонага, што шукае ісціну доследным шляхам. Вера распрадае каштоўныя рэчы мужа, набывае ў Жанчыны (Марыя Пятровіч) хлеб у абмен на залаты пярсцёнак, у фітнес-клубе просіць Інструктара (Максім Брагінец), пакуль яна бегае на дарожцы, замест музыкі паставіць брэх аўчарак. Кожная сцэна толькі ўзмацняе градус абсурду. Рэжысёр дакладна і прафесійна выбудоўвае сэнсавую прастору спектакля, у якой гульня і рэальнасць цесна пераплятаюцца. Сама ідэя гульні падкрэсліваецца ў сцэнаграфічным вырашэнні Андрэя Меранкова: на сцэне тры рады шынялёў, якія ўзнімаюцца і апускаюцца, ствараючы розныя асяродкі — кватэра, крама, трэнажорная зала. Прысутнічае гэта ідэя і ў касцюмах Алены Ігрушы, дзе пануюць чырвоны і чорны колеры.

Сэнсавай кульмінацыяй спектакля робіцца эпізод у краме, куды сяброўкі прыходзяць з мэтай «пранесці незаўважна для немцаў міну» — то-бок пранесці тавары міма касы. Але Прадаўшчыца (Марыя Пятровіч) іх заўважае, і тады Каця (Вольга Скварцова) пачынае ўласны «монаспектакль». То бегаючы, то поўзаючы па авансцэне, звяртаючыся да стэлажа з прадуктамі, яна камічна-манерна чытае маналог Ранеўскай ва ўласнай інтэрпрэтацыі. А на заканчэнне наступае на Прадаўшчыцу са словамі: «Вам толькі дай, дай! А што вы зрабілі для гэтага "дай"? У вас ніякай грамадзянскай пазіцыі і самасвядомасці няма!» Абсурд дасягае найвышэйшай ступені, калі Прадаўшчыца так прасякаецца ўбачаным і пачутым, што просіць прабачэння ў актрыс... Марыя Пятровіч, якая ў спектаклі выконвае некалькі роляў, камічна і пераканальна стварае тыповы вобраз сярэднестатыстычнай жанчыны.

Драматызм сцэнічнага твора перадаецца праз камізм сітуацыі, праз элементы іроніі і гратэску, бо як яшчэ можна зламаць распаўсюджанае шаблоннае стаўленне да тэмы вайны, якая паступова ператвараецца ў пафасны манумент і таму выклікае ўсё менш жывых пачуццяў? У п’есе «Дажыць да прэм’еры» позірк сучаснага чалавека, рэфлексія драматурга на тэму вайны становіцца позіркам на жыццё сённяшняе, у якім вайна працягваецца, але набывае іншыя абрысы.

Парадаксальная гульня ў вайну змяняе яе ўдзельнікаў, асабліва пасля таго, як яны ўсё адчуваюць на ўласнай скуры. Гламурная прыгажуня Каця насамрэч робіцца падобнай да партызанкі — скідвае чырвоныя туфлікі, дэкальтаваную кофтачку мяняе на шынель, завязвае хустку. Але самае галоўнае, што актрыса здолела перадаць унутраныя трансфармацыі гераіні, якая балюча перажывае пераўтварэнне тэмы вайны ў тэатральнае клішэ.

Камфортнае жыццё Аляксея аказваецца сапсаваным, калі Вера стварае яму ваеннае пекла, але і ён нарэшце перажывае катарсіс: «Я навучыўся любіць боль, адолеў смерць, навучыўся рабіць цуды». У рэшце рэшт і жорсткая ў адносінах да мужа Вера пачынае разумець, што жывы чалавек побач даражэйшы за тэатральныя эксперыменты.

Стваральнікі спектакля не выносяць катэгарычных вердыктаў, яны даследуюць сучаснага чалавека ў экстрэмальных абставінах. Татальная іронія драматурга здымае налёт пафасу з ваеннай тэмы, але не адмяняе важнасці праблемы. Таму што вайна насамрэч не скончылася, яна проста існуе ў іншых формах. Каця сустракае на сваім шляху тутэйшую «гапату», бязлітасную і бессэнсоўную, Аляксей змагаецца з крызісам і маніпуляцыямі офіснага «планктону», Вера пратэстуе супраць заідэалагізаваных тэатральных пастановак.

У фінале спектакля чырвона-шэрая колеравая гама касцюмаў змяняецца на светлую. Белыя майкі герояў выглядаюць як сцягі перамогі. Перамогі, якая завецца ўнутранай свабодай.

 Крысціна Смольская