Размова з уласным ценем

№ 11 (356) 01.11.2012 - 30.11.2012 г

Cавіч у Нацыянальным

/i/content/pi/mast/62/1056/2.jpg 
 Беглае святло. Змешаная тэхніка. 2012.
Сёлета Уладзіміру Савічу шэсцьдзясят. Калі зыходзіць з таго факта, што ў выставах ён бярэ ўдзел з 1972 года — яшчэ са студэнцкіх часоў, дык ягоная прысутнасць у мастацтве вымяраецца сама меней сарака гадамі. Аднак «прысутнасць» — не тое слова, што акрэслівае ролю Савіча ў нашай культурніцкай гісторыі згаданых чатырох дзесяцігоддзяў. Насамрэч гэта асоба належыць да кагорты лідараў, чыя творчасць вызначыла аблічча часу, прычынілася да ўтварэння новай эстэтыкі, спарадзіла калі не мастацкую школу ў звыклым разуменні, дык мноства імітатараў стылю і карыстальнікаў вобразнага шэрагу. Прычым той, каму прыдаліся яго набыткі, можа нават не здагадвацца, з якой крыніцы п’е. Бо нямала з прыдуманага і знойдзенага Уладзімірам Савічам стала складнікам паняцця «беларускі стыль» і ўспрымаецца існым ад веку і, як фальклор, пазбаўленым аўтарства.

Чалавек таго ж пакалення, што і Уладзімір Савіч, я меў магчымасць назіраць за яго творчай эвалюцыяй — ад заканчэння мастацкай адукацыі да сённяшняй юбілейнай выставы. Кар’ера ў Савіча — на зайздрасць. У 1976 годзе ён заканчвае Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, дзе яму пашчасціла вучыцца ў мэтра беларускай графікі Васіля Шаранговіча. Кажу «пашчасціла», бо Васіль Пятровіч і сам — асоба творчая, і талент чужы паважаў. Не ціснуў на студэнтаў, не падганяў іх руку і думкі пад стандарт, а спрыяў развіццю сваіх патэнцыяльных калег. Пра плён такога падыходу сведчыць тое, што сярод вучняў Шаранговіча няма двух аднолькавых у сэнсе стылю, а тым больш — ніводнага, хто б капіраваў почырк настаўніка. Дыпломная работа Савіча, ілюстрацыі да «Пінскай шляхты» Дуніна-Марцінкевіча, адзначана дыпломам Акадэміі мастацтваў СССР. Можна без перабольшання сказаць, што Уладзімір Савіч скончыў прафесійнае навучанне і распачаў самастойнае творчае жыццё трыумфам. Пасля абароны дыплома мастак працуе ў кніжнай графіцы, не забываючы і пра станковую. У 1984 годзе ягоныя работы атрымліваюць дзве прэстыжныя ўзнагароды — дыплом Вільнюскага трыенале кніжнай графікі і Першую прэмію Міністэрства культуры Беларусі за лепшае аздабленне кнігі на штогадовым рэспубліканскім конкурсе. Двума гадамі пазней — новы поспех: дыплом Францыска Скарыны і дыплом Івана Фёдарава. У гэты перыяд для савецкіх мастакоў адкрываецца магчымасць творча самасцвярджацца і зарабляць грошы за мяжою. Напрыканцы 1980-х Уладзімір Савіч плённа супрацоўнічае з заходнееўрапейскімі выдавецтвамі. Ён набывае аўтарытэт сярод калег, а ў вачах дасведчанай публікі і мастацкай крытыкі становіцца адным з лідараў нацыянальнага мастацтва, заняўшы месца побач з Кашкурэвічам, Паплаўскім, Шаранговічам.

Паўтаруся, кар’ера на зайздрасць. Ды і надалей Уладзімір Савіч з рытму не збіваецца і з поля зроку публікі і крытыкі не знікае. Зайздросціць, аднак, няма чаму. Поспех цалкам заканамерны і заслужаны — у яго аснове не абы-які талент, памножаны на выключную працаздольнасць. Сёння я не заўсёды згадаю канкрэтныя сюжэты і тэмы, да якіх мастак звяртаўся ў гэты перыяд і пазнейшыя гады, але асаблівасці аўтарскага почырку — характэрная лінія, спосабы спалучэння колераў, прынцыпы арганізацыі прасторы аркуша запалі ў памяць. Гэта тое, што прыцягвае ўвагу здалёк, вылучае твар з натоўпу.

1980-я ў нашым мастацтве можна параўнаць з часам сцвярджэння суровага стылю на мяжы 1950–1960-х гадоў. Тады, у перыяд так званай адлігі, у Мінску сабраліся таленавітыя і амбіцыйныя мастакі — Міхаіл Савіцкі, Уладзімір Стальмашонак, Май Данцыг, Арлен Кашкурэвіч, Віктар Грамыка, Леанід Шчамялёў, Георгій Паплаўскі ды іншыя. Яны не складалі гучных дэкларацый, не стваралі суполак, апазіцыйных афіцыйнаму мастацтву, але самім фактам сваёй творчасці з’яўляліся парушальнікамі спакою. Бо ўяўлялі сабою частку той крытычнай масы, якая ўсталявала новую эстэтыку.

Праз два дзесяцігоддзі адбылося нешта падобнае. Мікола Селяшчук, Уладзімір Тоўсцік, Алесь Ксяндзоў, Валерый Славук, Фелікс Янушкевіч, Уладзімір Савіч... І іншыя. Таленавітыя, працавітыя, амбіцыйныя. Новыя тэмы, разняволены стыль. Іх імёны і сёння на слыху. Савіч — чалавек трывалых прынцыпаў і няўрымслівага характару. З такога спалучэння, як мне падаецца, і мусіў нарадзіцца той выяўленчы радыкалізм, які мы назіралі на яго юбілейнай выставе. Але ў 1980-х ён яшчэ не адышоў ад традыцыяналізму, прынамсі, не адышоў далёка. Відавочна, што мастак імкнуўся пазбегнуць апавядальнасці, але быў вымушаны трымацца фігуратыўнасці. Рэч у тым, што ў гэты час у яго творчасці дамінавала кніжная графіка. Прычым працаваў ён не з мёртвымі класікамі, якім усё роўна, як аздобяць іх творы, а з сучаснымі аўтарамі. А яны не надта схільныя аддаваць свае тэксты на «здзек» якому-небудзь авангардысту — мастаку, які можа паставіцца да чужога натхнення без належнай павагі, скарыстае плён працы іншага выключна як поле для ўласнага самасцвярджэння. Такім чынам, Савіч працяглы час быў вымушаны дзейнічаць у прапанаваных абставінах і ілюстраваць чужыя думкі. Гэты, так бы мовіць, залежны стан хоць і ўзбагаціў наша мастацтва кнігі новымі выяўленчымі кодамі, а самога мастака — эмоцыямі і практычным досведам, усё ж не адпавядаў яго творчай ментальнасці.

Да Савіча наша кніжная ілюстрацыя ўяўляла сабою (зразумела, збольшага) водгулле суровага стылю. Ён жа адкрыў для кнігаманаў-бібліяфілаў іншую эстэтыку: белае поле, лёгкая лінія, адценні шэрага, арыгінальная стылізацыя-інтэрпрэтацыя звыклых для беларускай кнігі этнаграфічных матываў. Гэта было новае слова, і такая стылістыка падалася прывабнай многім мастакам. А ў станковай графіцы Савіч ідзе іншым шляхам — таксама надае ўвагу шляхетнай вытанчанасці, але бачна, што мастака цягне ў вір спантанных эмоцый. Спачатку яго станковыя творы яшчэ захоўваюць сувязь з аб’ектамі, якія паводле рэалістычнай шкалы можна неяк ідэнтыфікаваць. Але чым далей, тым усё болей ён аддаляецца ад фігуратыўнасці і ўвогуле — ад прадметнасці. Застаюцца чыстыя эмоцыі, не звязаныя вонкава з чымсьці матэрыяльным. Зрэшты, нейкая сувязь быць павінна і, мабыць, ёсць, але трэба доўга ўглядацца ў фарбы, каб яе прачытаць.

Юбілейная выстава Уладзіміра Савіча, што праходзіла ў Нацыянальным мастацкім музеі, дала шмат прыкладаў менавіта такога мастакоўскага самавыяўлення. Гэтыя работы могуць падабацца ці не, але зразумець іх можна толькі ў кантэксце стылёвай эвалюцыі яго творчасці.

Пасля агляду экспазіцыі застаецца дзіўнае ўражанне, што мастак нібы жыве з падвойнай свядомасцю. Ён беларус, патрыёт гэтай зямлі, знаўца гісторыі. Пра гэта — назвы карцін: «Вітаўт Вялікі», «Курган — Вежа», «Міфалогія даўніны», «Святы Казімір», «Легенда старога возера», «Сівыя курганы». Але іх выяўленчы код настолькі далёкі ад устойлівых візуальных стэрэатыпаў Беларусі (за якімі, што ні кажы, тысячагадовая гісторыя краю), што недасведчаны глядач мог бы палічыць аўтара замежнікам. Калі б я паспрабаваў абстрагавацца ад назваў твораў і засяродзіўся на выявах, дык шляхам пластычных і колеравых асацыяцый выйшаў бы на крывавую дынаміку іспанскай карыды, на змрочную веліч Гоі і Эль Грэка, на дэструктывізм Пікаса. Кажу пра гэта не дзеля таго, каб падпусціць шпільку — ужо адно тое, што твор прыцягвае ўвагу, прымушае думаць і будаваць асацыятыўны шэраг, пазітыўна характарызуе мастака. Я пра іншае... Можа, сапраўды — мастак хоча сказаць, што стэрэатыпы нашага ўяўлення пра саміх сябе і нашу краіну састарэлі; што рэчаіснасць глабальнага свету патрабуе новых вобразаў?

«Душа ў змове», «Прысутнасць», «...Сустрэчным шляхам», «Нястомнае вымаўленне ў Вечным маўчанні», «Містычны кругабег. Пасланне», «Гуканне з нематы», «Бяскрыла ляжаць небасхілы». А вось штосьці з паэзіі ці філасофіі Усходу: «Не аддаць на забыццё. Багародзіца», «...І святыя Хрыстовы сляды». Гэта хрысціянская містыка. Да таго ж шэраг твораў маюць немудрагелістыя назвы кшталту «Адвячорак», «Старыя камяніцы», «Койданаўскія муры».

Такі эмацыянальна-псіхалагічны дыяпазон можна трактаваць па-рознаму. І як адсутнасць яснай канцэпцыі, і як імкненне да максімальнага самараскрыцця, што не можа не выклікаць павагу. Увогуле, асаблівасць выставы ў тым, што да яе асэнсавання трэба падыходзіць, маючы ў запасе розныя сістэмы ацэнкі — ад нацыянальна-патрыятычнай да індывідуальна-эгацэнтрычнай. Усе прадстаўленыя ў экспазіцыі работы выкананы на кардоне альбо палатне ў камбінаванай тэхніцы — мастак спалучае алейныя фарбы і акрыл. У адрозненне ад тых графічных тэхнік, дзе штрых і пляма мусяць быць снайперскімі (і якімі Савіч валодае дасканала), тут можна эксперыментаваць непасрэдна на жывапіснай аснове, шматкроць перарабляць, перапісваць. Здаецца, што творца папросту захоплены гэтым працэсам і велізарнымі магчымасцямі змешанай тэхнікі.

Падводзячы рысу, я хацеў бы адзначыць смеласць аўтара, які не стаў падладжвацца пад публіку, якая яго ведае, шануе і, натуральна, чакае паўтору пройдзенага. Мастак даўно засведчыў сваё права быць розным. Нездарма ж назваў сваю выставу «Размова з уласным ценем, альбо Гульня з колерам». Кожны, хто дасягнуў паважанага ўзросту, мусіць задумацца, ці далёка сягае цень ягонай постаці...

 Пётра Васілеўскі