Пікавы інтарэс

№ 10 (355) 01.10.2012 - 01.10.2005 г

«Пікавая дама»

Містыфікацыя па матывах аповесці Аляксандра Пушкіна і оперы Пятра Чайкоўскага

Рэжысёр Алег Жугжда

Мастак Маргарыта Сташулёнак

Вакальная падрыхтоўка Алы Аргеткінай

Гродзенскі абласны тэатр лялек

 

Уся гэта гісторыя пачалася даўно. Прынамсі, па маіх мерках, 12 год — вялікі тэрмін. У 2000-м я ставіў свой першы спектакль у Каўнаскім дзяржаўным тэатры лялек, а па вечарах старанна павышаў культурны ўзровень, наведваючы мясцовыя тэатры. Паглядзець было што: і скандальныя спектаклі Гінтараса Варнаса, і гастрольныя пастаноўкі Каршуноваса і Някрошуса... Неяк увечары мне параілі схадзіць на «Пікавую даму» да суседзяў — у Каўнаскі камерны тэатр. Тэатр лялек і Камерны размешчаны побач, практычна за плотам, ды і акцёраў тэатры «запазычваюць» адзін у аднаго, запрашаючы да ўдзелу ў тую ці іншую пастаноўку.

«Пікавая дама» Каўнаскага тэатра была спектаклем «найграным», паездзіла па фестывалях і добра прымалася публікай. Пастаноўка спадабалася сваёй атмасферай і — камернасцю. Геніяльную прозу Пушкіна можна прадстаўляць толькі так — практычна інтымна. У яго аповесці шмат акцэнтаў расстаўлена менавіта на позіркі і намёкі... Чаго варты эпізод, калі Герман міжволі сочыць за пераапрананнем старой Графіні да сну! На вялікай сцэне гэтага не пакажаш...

Я быў не зусім згодны з сур’ёзнай трактоўкай каўнаскага спектакля і, перачытаўшы ўначы пасля прагляду «Пікавую даму», пераканаўся ў суцэльнай іранічнасці і лёгкасці гэтай аповесці. «Ігрэцкі анекдот», жарт генія. Аднак — жарт майстэрскі... У галаве ўзнікла некалькі ключавых сцэн і вобразаў таго, як выйгрышна можна было б прадставіць гэта ў тэатры лялек, і я запісаў свае думкі ў дзённіку...

Ішоў час, для пастаноўкі патрабавалася нагода. Працу паскорыла знаёмства з творчасцю мастачкі Маргарыты Сташулёнак і яе віртуознай тэхнікай ляўкасу. А тут яшчэ і 30-гадовы юбілей Гродзенскага тэатра лялек... Карацей, усё сышлося.

У аснову будучага спектакля быў пакладзены прынцып мінімалізму: чатыры акцёры, тры лялькі (прыгажун Гандальер з’явіўся крыху пазней). Ломберны стол з зялёным сукном, гравюры Санкт-Пецярбурга, карты і падсвечнік — практычна ўсё, што склала візуальную частку пастаноўкі.

Музыка. Канешне ж, Чайкоўскі. Праблема была ў тым, каб не збіцца на ілюстраванне оперы або «амузычванне» аповесці. Толькі сцэна каля Зімовай канаўкі цалкам узятая мною з фільма «Паветраны рамізнік», любімага з дзяцінства: падае снег, ліхтар, бедная Ліза... Так нарадзіўся драматургічны канфлікт «Пушкін vs Чайкоўскі»...

Жанр будучага спектакля, пазначаны як «Містыфікацыя па матывах...», нібыта развязваў рукі і дазваляў расстаўляць новыя акцэнты ў прачытанні матэрыялу. Так з’явіліся цытаты з «Беднай Лізы» Мікалая Карамзіна і з оперы Гаэтана Даніцэці «Любоўны напой» (дарэчы, шырокавядомай у Расіі ў той час, калі Пушкін пісаў «Пікавую даму»)... Персанаж Надзеі фон Мек дадаўся пасля больш падрабязнага вывучэння гісторыі стварэння оперы.

Рэпетыцыі занялі два тыдні: яны праходзілі ў маім старым кабінеце, дзе памясціліся ігравы стол і чатыры крэслы... Важна было дамагчыся ад акцёраў бездакорнай рускай мовы — мовы абодвух аўтараў, прычым гаварыць яны мусілі так, каб маўленне заставалася зразумелым, асэнсаваным і сучасным. А яшчэ трэба было навучыць іх спяваць.

...Хутка нашай «Пікавай даме» споўніцца два гады. У Гродне спектакль стаў амаль што культавым. Знаёмая назірала нядаўна такую сцэну: перад пачаткам паказу адна тэатралка цікавілася ў суседзяў па глядзельнай зале, ці ўпершыню яны на спектаклі, і, атрымаўшы сцвярджальны адказ, з гордым выглядам абвясціла: «А мы вось ужо другі раз!..»

Прыемна, што «Пікавую даму» запрашаюць на фестывалі не па нашых заяўках, а па чыіхсьці рэкамендацыях. Гледачы прымаюць пастаноўку ва ўсіх краінах, дзе яна прадстаўлена, незалежна ад ведання мовы. Праца над спектаклем працягваецца, спрабуем новыя «дапасоўванні» акцёраў адзін да аднаго. Па меркаванні тых, хто глядзеў нашу «Пікавую даму» неаднойчы, яна развіваецца і набывае новыя фарбы.

Алег Жугжда