Валянцін Елізар’еў — загадкавы і вядомы

№ 10 (355) 01.10.2012 - 01.10.2005 г

Да юбілею харэографа

Летась, падчас правядзення І Нацыянальнай тэатральнай прэміі, спецыяльнай узнагародай Міністэрства культуры «За ўклад у тэатральнае мастацтва Беларусі» быў адзначаны вядомы харэограф Валянцін Елізар’еў. Сёлета ў кастрычніку, яму, стваральніку сучаснага беларускага балета, народнаму артысту Беларусі і СССР, споўнілася 65. Кожны юбілей — нагода азірнуцца, асэнсаваць маштаб зробленага.

Добра памятаю той балет, які быў у Мінску да Елізар’ева. Ён выклікаў цікавасць інтэлігенцыі, спецыялістаў, школьнікаў, студэнтаў — і не больш. Прыходзілі паслухаць аркестр, паглядзець на класічныя спектаклі і на тэатр, на дэкарацыі і артыстаў. Трупа была неблагая, але па сутнасці правінцыйная.

Елізар’еў з’явіўся ў Мінску ў 1973-м. У наступным годзе «грымнула» «Кармэн-сюіта». Яго харэаграфія, сцэнаграфія Яўгена Лысіка, у галоўных партыях — Людміла Бржазоўская, Юрый Траян, Віктар Саркісьян. Пайшла пагалоска, публіка пачала літаральна «ламіцца» ў тэатр. Не проста аншлаг, а супераншлаг! Далей прэм’еры здараліся праз год. 1976 — «Стварэнне свету». 1978 — «Тыль Уленшпігель». 1980 — «Спартак». 1982 — «Шчаўкунок».

Неспадзявана для сябе Мінск зрабіўся адной з балетных сталіц СССР і нават Еўропы. Ніхто не думаў, што харэаграфічны спектакль можа быць такім! Суперсучасны, філасофскі і публіцыстычны, ён адлюстроўваў эпоху і ўнутраны, духоўны свет чалавека. Быў маштабным і адначасова... эратычным. Пурытанскае савецкае грамадства — хто з асцярогай, а хто з захапленнем — адкрывала для сябе харэаграфію, пабудаваную на пераасэнсаванні скульптурнай і танцавальнай пластыкі і нават «Кама сутры».

Нечакана высветлілася: трупа маштабная і неверагодна багатая на таленты! Прычым складвалася ўражанне, што талентам тым не будзе канца і краю. Спектаклі сучаснай харэаграфіі змянілі аблічча калектыву. На іх вырасла некалькі пакаленняў не проста выканаўцаў, а зорак сусветнага ўзроўню.

Як чалавек дальнабачны і амбітны, Елізар’еў заўжды супрацоўнічаў з лепшымі сцэнографамі часу — Яўгенам Лысікам, Эрнстам Гейдэбрэхтам, Вячаславам Окуневым, цудоўна разумеючы, што выяўленчы вобраз пастаноўкі моцна ўплывае на яе маштабнасць.

За тры з паловай дзесяцігоддзі Елізар’еў паставіў на нашай сцэне пятнаццаць спектакляў (у тым ліку некалькі ўласных версій класічных балетаў). Працаваў як харэограф у Польшчы, Расіі, Югаславіі, Турцыі. У апошнія гады ажыццявіў пастаноўкі ў Японіі і Егіпце.

За гэты час Нацыянальны балет Беларусі аб’ездзіў больш за 30 краін свету, скарыўшы многія балетныя дзяржавы. Нашым спектаклям апладзіравалі ў Парыжы і Лондане, Токіа і Варшаве, Барселоне і Мадрыдзе, Стамбуле і Афінах, Каіры і Амстэрдаме.

Хтосьці з тэатральных крытыкаў выказаў нечаканую думку, што для нашага мастацтва Елізар’еў — асоба пасіянарная. У тым разуменні, якое прапаноўваў у свой час гісторык культуры Леў Гумілёў. Сапраўды, Валянцін Мікалаевіч у беларускай прасторы з’явіўся нечакана і, з метафізічнага пункту гледжання, ніадкуль. (Хоць ведаю, што з тагачаснага Ленінграда.) Але і сышоў неспадзявана, нечакана, таксама ў нікуды. (Хоць памятаю, што па-ранейшаму працуе ў Акадэміі музыкі.) Было расстанне з трупай нечаканым паваротам лёсу, выпадковасцю ці вынікам наканаванага ходу падзей — мы даведаемся, пэўна, гадоў праз 20-30.

Магчыма, ён выканаў прызначаную ролю (ажыццявіў рэвалюцыю ў айчынным балеце і штодзённымі намаганнямі ператварыў трупу ў калектыў міжнароднага ўзроўню). Мо, наша грамадства аказалася няздольным належным чынам ацаніць зробленае? У любым выпадку, шкада, што ў апошнія гады харэограф, не надта запатрабаваны на радзіме, актыўна ставіць за мяжой.

Але навошта сумныя думкі з нагоды юбілею? Парадуемся, што Елізар’еў паспеў столькі зрабіць на беларускай сцэне за тры з паловай дзесяцігоддзі. Што ён стварыў аўтарскі тэатр (а гэта здараецца рэдка). Парадуемся, што мы — сучаснікі Валянціна Мікалаевіча. І што новы беларускі балет узнікаў на вачах...

 Таццяна Мушынская