Патрыярх вучонага гравёрства

№ 7 (292) 01.07.2007 - 31.07.2007 г

У працэсе даследавання каранёў нацыянальных мастацкіх традыцый асаблівую ўвагу прыцягваюць лёсы неардынарных асоб, якія значна паўплывалі на культурнае развіццё. Гэты матэрыял -- як і артыкулы пра творчасць Г.Грубера, Ф.Смуглевіча, раней апублікаваныя ў нашым часопісе («Мастацтва». 2005/2, 4, 2007/3), -- распавядае пра станаўленне беларускай станковай графікі.

 /i/content/pi/mast/4/105/Saunders1.jpg
 Я.Рустэм. Партрэт Юзафа Саўндэрса. Алей.
1810 -- 1813.

Імя Юзафа Саўндэрса (1773 -- 1845), амаль забытае на яго радзіме -- у Англіі, добра вядома знаўцам гісторыі мастацтва ў Расіі, Польшчы і Літве. Пецярбургскі (1794(6) -- 1810) і віленскі (1810 -- 1818) перыяды жыцця былі для мастака найбольш паспяховымі і ў творчасці, і на службовай ніве. Імя Джордж, дадзенае яму пры нараджэнні, з цягам часу змянілася на больш мілагучнае для славянскага вуха -- Юзаф, пад якім ён і ўвайшоў у шэраг ўсходнееўрапейскіх энцыклапедый.
Запрашэнню Саўндэрса ў Пецярбург і яго паступленню ў 1796 годзе на службу ў Эрмітаж у якасці гравёра садзейнічалі не толькі пратэкцыя высокапастаўленай асобы (былога каралеўскага гравёра Фітлера), але і высокі аўтарытэт, які мела ў Х
VІІІ ст. англійская рэпрадукцыйная гравюра. Творчы і кар'ерны ўзлёт Саўндэрса быў імклівы. Ганаровыя званні члена Пецярбургскай і Стакгольмскай акадэмій мастацтваў, якія ён атрымаў у 1800 годзе, зацвердзілі яго аўтарытэт у прафесійных колах, а пасада мастака пры двары Паўла І адчыніла дзверы ў вышэйшы свет і забяспечыла выгаднымі заказамі. Жалаванне, прызначанае за працу ў Эрмітажы, па статусе ўраўноўвала яго з Клаўберам -- нямецкім майстрам, кіраўніком гравёрнага класа ў Імператарскай Акадэміі мастацтваў. Ладзілася і сямейнае жыццё з жонкай Антоніяй Соф’яй: падрасталі сын Вільгельм Анджэй (у будучым палкоўнік расійскай арміі, дзяржаўны дарадца), які нарадзіўся яшчэ ў Англіі, і дочкі Антонія і Юлія, ураджэнкі Пецярбурга (пазней, у 1820-я гады, дзяцей было ўжо пяцёра).
Галоўнае месца ў творчасці Саўндэрса пецярбургскага перыяду занялі гравіраваныя партрэты каранаваных асоб і вышэйшай знаці. Сярод іх -- партрэты імператара Паўла І (1801), вялікай княгіні Кацярыны Паўлаўны (1808), П.Баграціёна (1805). Афіцыйныя гравюрныя партрэты паводле жывапісных палотнаў, што прыйшлі на змену архітэктурным панарамам пачатку Х
VІІІ ст., якія любіў Пётр І, і пышным партрэтам елізавецінскага часу, сталі асноўным відам графічнага мастацтва. Пасля кароткачасовага росквіту аўтарскага афорта металагравюра, за рэдкімі выключэннямі, выконвала ілюстрацыйныя функцыі. Аўтарскія ж, самастойныя эстампы з’яўляліся прыкладамі мастацтва камернага, элітарнага. У партрэце апекуна мастацтваў Аляксандра Львовіча Нарышкіна, асобы, набліжанай да імператара Паўла І (1801, медзярыт, 22,3 х 16,9, паводле арыгінала Р.Аўгустына па малюнку Рыта), дакладнае падабенства спалучаецца з псіхалагічнай змястоўнасцю вобраза, бездакорнай чысцінёй штрыха, што робіць гравюру адной з лепшых станковых прац Саўндэрса, выкананых у Пецярбургу. Таксама высокімі мастацкімі і тэхнічнымі якасцямі адзначаны гравіраваны партрэт Джакома Кварэнгі (па малюнку А.Вігі, 1802) -- архітэктара, чалавека, блізкага мастаку жыццёвым і творчым шляхам.
У той час як выхаванцы гравёрнага кабінета Акадэміі мастацтваў практычна адмовіліся ад медзярыту з-за працаёмкасці разцовай тэхнікі, Саўндэрс па-ранейшаму аддаваў перавагу гравіраванню па медзі і сталі ў яго класічным варыянце. На пачатку ХІХ ст. ён застаўся бадай што адзіным іншаземным майстрам разца па метале ў Пецярбургу. Часам скрупулёзны медзярыт і рэдкая для Саўндэрса пункцірная манера спалучаліся з афортнай падрыхтоўкай (партрэт знакамітага французскага балетмайстра Навера, 1804).
Уяўленне пра творчую дзейнасць Саўндэрса ў пецярбургскі перыяд будзе няпоўным, калі не ўзгадаць гравюры, змешчаныя ў навуковых выданнях. Адна з найбольш значных прац -- «Якуцкі шаман выклікае духаў» у альбоме «Вандроўка флоту капітана Сарычава па Паўночнай частцы Сібіры». Гравюра Саўндэрса адрозніваецца ад работ выхаванцаў Клаўбера дасканаласцю танальнай распрацоўкі, якая дасягнута вар'іраваннем шчыльнасці ромбападобнай штрыхоўкі.
На мяжы Х
VIII i XIX стагоддзяў функцыя графікі ў кнізе выйшла за традыцыйныя рамкі прамой ілюстрацыі тэксту. Асабліва выразна прагрэсіўны кірунак кніжнай гравюры праявіўся ў аздабленні паэтычных зборнікаў, дзе графіка выяўляла злёгку закранутыя або наўмысна не раскрытыя словам аспекты аўтарскай задумы. Узяўшыся за выкананне заказу Г.Дзяржавіна, які марыў апублікаваць свае сачыненні з сотнямі гравіраваных ілюстрацый, Саўндэрс апынуўся ў эпіцэнтры праблем рускага кніжнага мастацтва. «Адным з найбольш вытанчаных аркушаў рускай кнігі, у якім увасобіўся сінтэз талентаў малявальшчыка і гравёра» (італьянца Тончы і англічаніна Саўндэрса), назвала расійская даследчыца І.Свірыда франтыспіс «Амур і Венера» да «Анакрэантычных песень» Дзяржавіна (Пецярбург, 1804). Майстрам ампірнай віньеткі выступіў Саўндэрс у афармленні збору вершаў А.Бунінай («Два анёлы», «Божая Маці з немаўлём і кнігай», 1809), што было яго апошняй працай у Пецярбургу.
Нярэдка папулярнасць мастаку прыносіць праца не самая значная ў мастацкім плане.

 /i/content/pi/mast/4/105/Saunders2.jpg
 Апафеоз Яна Замойскага. 1812.
(Гравюра па малюнку Я.Дамеля.)

Каталог знакамітых майстроў заходнееўрапейскага жывапісу (двухтомны альбом «Эрмітажная галерэя» (Т.І -- 1805, Т.ІІ -- 1809)), складзены даследчыкам эрмітажнай калекцыі Францам Іванавічам Лабеньскім, быў выкананы Саўндэрсам у тэхніцы афорта контурнай манерай. Дзякуючы таму, што гэтае шыкоўнае на той час выданне было распаўсюджана па буйных бібліятэках і сярод манархаў еўрапейскіх краін, яно, а разам з ім і імя гравёра, набылі шырокую вядомасць.
Знаёмства Саўндэрса з блізкім дарадцам імператара Аляксандра І палякам Адамам Ежы Чартарыйскім стала для яго лёсавызначальным. Чартарыйскі курыраваў Віленскую навучальную акругу (1803 --1823). У асобе Саўндэрса, чалавека энергічнага і шырокаадукаванага, ён убачыў выдатную кандыдатуру на месца прафесара ў Віленскім універсітэце. Але скарыстаць прывабную прапанову Саўндэрс змог толькі праз два гады, калі завяршыў працу над другім томам каталога калекцыі Эрмітажа (1809).
У правінцыйнай Вільні сваю педагагічную дзейнасць Саўндэрс распачаў дакладам «Аб уплыве і карысці пераймальных мастацтваў» на адкрыцці 1810/11 навучальнага года. Даклад англічаніна Саўндэрса для польскамоўнай публікі прагучаў на французскай мове, але гэта было звычайным для таго часу. Нечаканым было тое, што ён, па сутнасці, выклаў праграму развіцця выяўленчага мастацтва ў краі, паказаўшы пры гэтым добрае веданне гісторыі старажытнай Літвы і Польшчы.
Саўндэрс прыйшоў ва універсітэт не на голае месца.
З 1805 года ў Віленскім універсітэце працавала гравёрная майстэрня, якая была створана галоўным чынам для патрэб універсітэцкай друкарні. Заснавальнікам і першым кіраўніком гравёрнага класа быў лепшы мясцовы гравёр немец Ісідор Вейс (1774 -- 1820), які прайшоў навучанне ў Вене. На пасадзе майстра працаваў віленскі друкар Юзаф Завадскі, выдавец папулярнага ілюстраванага часопіса «Dzionnik Vileński». Адкрыццё кабінета графікі мела важнае значэнне, але універсітэту патрэбна была аўтарытэтная фігура -- мастак і арганізатар, здольны ўкараніць у правінцыйнае мастацкае асяроддзе традыцыі класічнай заходнееўрапейскай графікі.

 /i/content/pi/mast/4/105/Saunders3.jpg
 Партрэт А.Л. Нарышкіна. 1801. (Гравюра
па малюнку Р.Аўгустына паводле арыгінала А.Х.Рыта.)

Па духу і значнасці пераўтварэнняў Саўндэрс быў паслядоўнікам не Вейса, а Смуглевіча, пра якога, безумоўна, чуў, а магчыма і быў знаёмы з пецярбургскіх часоў. Аўтарытэт Саўндэрса і яго майстэрні быў пацверджаны і прызначаным яму акладам у 2000 рублёў (аклад Вейса складаў 300 рублёў). Яго асноўнай педагагічнай задачай была прафесійная падрыхтоўка гравёраў, здольных працаваць у розных тэхніках і жанрах па асабістых малюнках. Штогод ён звычайна прымаў па шэсць чалавек на шасцігадовы тэрмін. Студэнты вывучалі графічныя тэхнікі: медзярыт, сталярыт, афорт, дрэварыт. Вучні павінны былі два-тры разы на тыдзень пад непасрэдным наглядам Саўндэрса займацца малюнкам на вячэрніх занятках, а раніцай да абеду практыкавацца ў разьбе. У дадатак да гэтага Саўндэрс выкладаў англійскую літаратуру на французскай мове і пачаў чытаць курс гісторыі мастацтваў, які не прапаноўваўся тады ў еўрапейскіх універсітэтах.
Творча Саўндэрс працаваў у Вільні няшмат. У асноўным рэзаў гравюры для мясцовага выдавецтва паводле твораў Я.Рустэма і Я.Дамеля. Іншых заказаў не было. Галоўнае месца па-ранейшаму займалі партрэты. Сярод іх «Партрэт Я.Рустэма» (паводле аўтапартрэта Я.Рустэма), «Партрэт прафесара Фрыдэрыка Нішкоўскага» (1818, паводле арыгінала Я.Рустэма), «Партрэт генерала кавалерыі героя войны 1812 года Ф.С.Калагрывава» (1815), «Партрэт астранома П.Славінскага», «Партрэт Тадэвуша Чацкага» (1812, паводле арыгінала Матэа Бачэлі). Для партрэтных выяў тыповай для Саўндэрса заставалася «медальерная схема». У іх было нешта большае, чым проста выразная кампазіцыя і добрая стылістычная распрацоўка. З гледзішча псіхалагічнай змястоўнасці вобразаў, інтэлектуальнага напаўнення гэтыя выявы часам валодалі большымі мастацкімі якасцямі, чым самі жывапісныя арыгіналы. Гэтая рыса захапляла яго вучняў і ўплывала на іх, аднак ніхто так і не здолеў перасягнуць па майстэрстве свайго настаўніка.
Натуральна, што ў творчасці Саўндэрса пераважала мясцовая тэматыка. Гравюра «Апафеоз Яна Замойскага» была заказана Ю.Саўндэрсу як франтыспіс да кнігі А.Данцішуса (Адама Казіміра Чартарыйскага -- бацькі Адама Ежы Чартарыйскага) «Роздум пра польскую літаратуру з заўвагамі аб спосабе напісання розных матэрый» (1812, Вільня). Малюнак для гэтай працы рабіў Я.Дамель паводле ўжо існуючай гравюры Яна Масарды (па арыгінале Яна Міхала Марау). Вобраз канцлера трактаваўся як узор паляка, заслугі якога перад айчынай палягалі ў дзяржаўных справах і ў апекаванні мастацтва і навук. Кампазіцыю, што паказвае сцэну, у якой алегарычныя героі Мінерва і Марс вянчаюць лаўровым вянком бюст Я.Замойскага, нельга назваць арыгінальнай. Заказ не выклікаў у гравёра-англічаніна асаблівага творчага натхнення, якое было б сугучным патрыятычным пачуццям палякаў. Адсюль архаічны характар, стэрэатыпнасць вобразнага рашэння. У гэтай жа кнізе была змешчана і яго гравюра «Арыстарх і александрыйскія граматыкі» (іншая назва -- «Тры філосафы»), якая павінна была сімвалізаваць шанаванне вучонасці з часоў старажытнасці. Узгадаем таксама шэсць палосных фігуратыўных ілюстрацый да «Тысячы і адной ночы», выкананых Саўндэрсам па заказе Ю.Завадскага ў тэхніцы медзярыту. Карпатлівая праца з мноствам дробных дэталей інтэр'ера і відамі ўсходняга горада зрабілі яе блізкай да адлюстравання тэатральнай мізансцэны ў манеры адышоўшага стагоддзя. Сам аўтар, нібы апраўдваючыся, прызнаваў, што рабіў гравюры на патрэбы жыцця.
Саўндэрс, як чалавек сучасных поглядаў, прадугледжваў удасканаленне акадэмічнай сістэмы ў адпаведнасці з навукова-тэхнічным прагрэсам. Аднак праект рэарганізацыі мастацкага аддзялення так і не быў ажжыццёўлены. Перашкодзіла напалеонаўская інтэрвенцыя. Вайну ён перажыў у Вільні, не з'ехаўшы ў Пецярбург ці Вену, як іншыя іншаземцы. У адрозненне ад польскіх прафесараў, як сапраўдны англічанін, не вітаў Напалеона на вуліцах Вільні. Пры ўсіх цяжкасцях ваеннага і паваеннага часу мастацкую і педагагічную працу вёў спраўна.
Праз некалькі гадоў працы гравёрнага класа сярод яго вучняў вылучыліся асобы, якія падавалі надзеі дасягнуць вялікіх поспехаў. Пасля заканчэння вучобы М.Падалінскі, Б.Кіслінг і В.Славецкі атрымалі ступені кандыдатаў мастацтва (сталі прэтэндэнтамі на замяшчэнне вакантных месцаў у дзяржаўных установах). Выкананне адказных заказаў прынесла маладым віленскім гравёрам поспех і прызнанне. Сумесная дзейнасць вядомага майстра і вучняў, пераемнасць прынцыпаў і стылёвае адзінства іх творчасці ў плыні класіцызму сведчылі пра тое, што ў Вільні склалася моцная група мясцовых гравёраў -- «гравёрная школа Саўндэрса», як з павагай называлі яе ў мастацкіх колах. Сапраўды, гэты творчы асяродак быў адным з адгалінаванняў віленскай мастацкай школы, амаль не саступаючы па сваёй значнасці жывапісу. Яго развіццё, аднак, абмяжоўвалася невялікай колькасцю мастакоў-гравёраў і нядоўгім перыядам актыўнасці.
Адметная роля Саўндэрса і ў вывучэнні культуры нашага краю: ён -- адзін з першых даследчыкаў мастацкай спадчыны Ш.Чаховіча (але гэтая праца не была завершана ў сувязі з пагаршэннем стану здароў'я). Не захаваўся рукапіс курса лекцый па гісторыі мастацтваў, над якім Саўндэрс працаваў каля дваццаці гадоў. Не ўбачыў свет і яго дапаможнік па пластычнай анатоміі, які быў падрыхтаваны да выдання на польскай мове. Здольнасць вывучаць праблемы мастацтва ў розных аспектах і ўзаемасувязях, тэарэтычна асэнсоўваць іх у гістарычнай перспектыве перадалася яго вучням (Б.Кіслінг, В.Смакоўскі). Саўндэрса ведалі як прадстаўніка інтэлектуальнай эліты, чалавека з багатым духоўным светам. Ён быў членам масонскай ложы «Gorliwy Litwin» («Руплівы літвін»), належаў да Біблейскага таварыства, пры дапамозе якога выдаў Новы Запавет.

 /i/content/pi/mast/4/105/Saunders4.jpg
 Арыстарх і александрыйскія граматыкі. 1812.
(Па малюнку Я.Дамеля).

З-за прыступаў астмы ў 1818 годзе Саўндэрс паехаў на лячэнне ў Італію -- як меркавалася, на год. Жонка з дзецьмі засталіся ў Вільні. Так скончыўся віленскі перыяд мастака. Апошнія дваццаць сем гадоў жыцця не прынеслі яму душэўнага супакаення. Не затрымліваючыся доўга на адным месцы, мастак жыў у Фларэнцыі, Пізе, выязджаў у Вільню (1822), на нейкі час спыніўся ў Адэсе (да 1824), пасля зноў Італія, Адэса… Не без праблем пачынае атрымліваць пенсію заслужанага прафесара... З універсітэтам яго звязваюць дзелавыя кантакты і прыватная перапіска з А.Чартарыйскім. Пасля таго, як пахаваў у Вільні сына (1839), невядома, ці наведваў калі яшчэ гэты горад.
Шэраг гравюрных прац таго часу дэманструюць нечакана высокі, калі ўлічыць хваробу, мастацкі узровень («Мадонна Мізерыкордзі», пачатак 1820-х гадоў, паводле жывапіснага палатна Ф.Барталамео). Партрэты прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, пазначаныя псіхалагічнай вастрынёй вобраза, былі заўважаны прафесіяналамі. За партрэт А.Кановы (1820, паводле Ф.К.Фабра) Саўндэрс атрымаў дыпломы Рымскай і Фларэнційскай акадэмій. Еўрапейскім лоскам крануты партрэты паэта В.Альф'еры (паводле арыгінала Ф.К.Фабра) і Б.Торвальдсена (1823, паводле арыгінала Камучыні). Цёплы клімат і ванны ўмацавалі здароўе Саўндэрса, а вызваленне ад невырашальных універсітэцкіх праблем паспрыяла прыліву творчай энергіі.
Але пік актыўнасці застаўся ў мінулым. Аб яго творчай дзейнасці ў пазнейшыя гады звестак мы не маем.
Апошнія гады Саўндэрс правёў у Крамянцы на Валыні (Украіна). Ён памёр на 72 годзе жыцця -- у першы дзень 1845 года.
Юзаф Саўндэрс застаўся ў гісторыі мастацтва беларуска-літоўскага культурнага рэгіёна як патрыярх вучонага гравёрства. У яго асобе выдатна спалучыліся талент мастака і актыўная асветніцкая пазіцыя, яго дзейнасць выклікала свежую хвалю ў эвалюцыі графічнага мастацтва нашага краю ў першай палове ХІХ ст. Школа, створаная энергіяй Саўндэрса з асяроддзя таленавітай мясцовай моладзі, здольнай успрымаць перадавыя ідэі еўрапейскай графікі, паклала пачатак якасна новаму этапу ў развіцці беларускага графічнага мастацтва.

Уладзімір РЫНКЕВІЧ