Мастацкі кіраўнік Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы Мікалай Пінігін — апошні з той плеяды беларускіх рэжысёраў, чые спектаклі не толькі выклікалі захапленне, але і станавіліся здабыткам айчыннай культуры. Апошні — не ў тым сэнсе, што ў беларускім сцэнічным мастацтве такія асобы ўжо ніколі не з’явяцца. Аднак пакуль што больш не з’явіліся. Напрыканцы 1980-х, напачатку 1990-х у тэатральным асяродку Мікалай Пінігін асоба амаль культавая. Сёння спектаклі «Тутэйшыя» Янкі Купалы, «Ідылія». «Пінская шляхта» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча , «Сымон-музыка»
Якуба Коласа ствараюць уражлівы і яркі шэраг сцэнічных твораў, якія ўзнімаюць нацыянальную драматургію на адчувальную вышыню. Відавочна, што гэтая не надта вялікая скарбонка для рэжысёра яшчэ не вычарпаная.
Упэўнена, асаблівасці тэатральнага працэсу ў краіне і, тым больш, у Нацыянальным тэатры імя Янкі Купалы не застаюцца па-за тваёй увагай. Што адбываецца?
— Летась я набраў рэжысёрскі курс у Беларускай акадэміі мастацтваў. На дзевяць месцаў было дванаццаць заяў. Конкурсу няма. Ды яшчэ, паводле цэнтралізаванага тэсціравання, акуратныя дзяўчынкі, выдатніцы, якім мама ў школе рэпетытараў наймала, пры паступленні маюць прыярытэт. Калі прыходзіць відавочна таленавіты «троечнік», хлопчык-хуліган, не ведаю, як яго ўзяць на курс. Я пайшоў выкладаць рэжысуру, бо мушу перадаць тое, што ведаю сам. Мяне ж некалі навучылі. Думаў, на курс да Пінігіна прыйдуць. Нічога падобнага фактычна не адбылося. Вось табе рэальнасць: рэжысёраў не стае. У абласных тэатрах вакуум. І самая вялікая праблема — адсутнасць новых тэатральных лідараў. Іх няма і ў перспектыве не прадбачыцца. Ёсць яшчэ адзін аспект. Пакуль народны артыст СССР Генадзь Аўсяннікаў будзе атрымліваць зарплату 2 700 000 рублёў з дадаткам 300 000 за званне, прафесійная яма працягне паглыбляцца. Бо гэта — вяршыня кар’еры. Фонд зарплаты ў нас фарміруецца ў залежнасці ад тэатральнай касы: больш зарабляем — больш плацім. Каб акцёры маглі хоць нейкім чынам існаваць, павінны быць поўныя глядзельныя залы. З гэтага вынікае: каб тэатр трымаўся на плыву, трэба ставіць спектаклі для шырокага кола публікі. Я свядома пайшоў на тое, каб у перыяд рэканструкцыі пры невялікім рэпертуары ў нас ішлі спектаклі так званага «лёгкага жанру». Бо нам яшчэ трэба арандаваць залу, гукавую апаратуру, святло, плаціць за пажарную машыну і г.д. Пры гэтым мы не ставім «Занадта жанатых таксістаў» або «Яшчэ раз пра трусы». Дарэчы, калі б фонд заработнай платы фарміраваўся інакш, нам таксама трэба было б мець іншы рэпертуар. Пакуль жа... Скончыцца рэканструкцыя — будзем узнімаць кошт білетаў. Таму што сёння мы маем тое, што маем. Хочаш займацца сур’ёзным тэатрам — мусіш сядзець у сутарэнні, іграць раз на месяц для пятнаццаці чалавек.
Вось што ў такім развароце мяне крышачку здзівіла. Раней, калі тэатр быў магутным, рэжысёр у ім з’яўляўся адначасова богам, царом і воінскім начальнікам. А дырэктар мусіў здабываць грошы, займацца, так бы мовіць, хатняй гаспадаркай.
Неабходна было ствараць умовы для творчасці.
А ты цяпер вымушаны падключацца да іншых рэчаў, і атрымліваецца, што свядома становішся заложнікам сітуацыі — прычым яшчэ невядома, ці ёсць з яе выйсце. Пры гэтым дублюеш функцыі дырэктара, менеджара па продажах... Але гэта ж не твае праблемы.
— Ды толькі што зможа зрабіць дырэктар, калі будуць пустыя залы? Таму ўсе пункты па здабыцці грошай трэба прыбіраць, прынамсі, у Нацыянальных тэатрах. Дзеля гэтага трэба ацэньваць калектыў з мастацкага боку. І ўсё ж... несумленна іграць у напаўпустых залах. У такім разе з тэатра трэба сыходзіць. Дарэчы, я перакананы, што як толькі мы ўвойдзем у адноўлены будынак, патрапіць да нас будзе немагчыма.
Ты рэжысёр, які зрабіў дастаткова, каб гэта засталося з табой назаўжды. З іншага боку — яшчэ ў росквіце сіл, і лічыць, што ўсё выказана, зарана. Відаць, не надта добра, што вымушаны ўлічваць попыт непатрабавальнай публікі, або лічыш, што я не маю рацыі?
— Тут адна карэктыва павінна быць. Я не стаўлю Задорнава, і ўсё, што раблю (падкрэсліваю, не паводле вынікаў, а паводле задумы), мне падабаецца. Напрыклад, неабходна клапаціцца аб артыстах сталага ўзросту, якія сядзяць і месяцамі нічога не робяць. Ніводнай п’есы, каб вырашыць такую праблему, не існуе. Таму і ўзнікла цудоўная задума напісаць і паставіць «Лістапад. Андэрсен». Зараз я раблю «Местачковае кабарэ» з песнямі Мар’яна Хемара і Віктара Шалкевіча. Тое, што магло б адбыцца да 1939 года ў Лідзе, Слоніме або ў Гродне. Такім чынам, я не стаўлю «Занадта жанатага таксіста», а Гогаль — гэта не Задорнаў. На спектакль «Ноч на Каляды» немагчыма купіць білеты.
Што да «Тэатра Уршулі Радзівіл»... Мы такім спосабам уводзім барочны тэатр у свядомасць гледачоў. Гэта для мяне галоўнае. Летам паказалі спектакль у Нясвіжы. Там людзі ад захаплення проста раўлі. Такое бывае раз на 250 гадоў: ты адкрываеш памерлую п’есу і паказваеш яе ў адноўленым замку. Гэта падзея не толькі для рэжысёра Пінігіна — штосьці большае (нават калі б я ў дзесяць разоў горшы спектакль паставіў).
Ёсць яшчэ адна акалічнасць, якая наўпрост мяне датычыцца. Я не люблю жорсткі тэатр, тое, чым Андрэй Жолдак і Кірыл Сярэбранікаў займаюцца. Ненавіджу гэтае смецце Еўропы. Бо я іншы, у мяне іншая чалавечая канструкцыя. На мой погляд, больш сумленна дарыць людзям радасць, важна, каб яны суперажывалі, седзячы ў глядзельнай зале. А пускаць кроў, дзярмо і кішкі раскідваць па сцэне, на пустым месцы шукаць трыццаць другія сэнсы, рэпрадуцыраваць агрэсію, усялякія інтэлектуальныя выкіды, блытацца ў соплях, усё гэта…
Калі хочаш, мы зараз на парозе глабальных змен у чалавечай свядомасці. Купал павешаны над усімі. Ніхто не разумее, што ставіць і што рабіць. Усе хапаюцца за старое, ды яно больш не працуе, сапраўднае новае (а не фізкультура на сцэне) яшчэ нікому не дадзена. Людзі слухаюць музыку, таму філарманічныя залы, Тэатр оперы і балета перапоўненыя. А ўсялякая тэатральная туфта пад назвай «новыя тэатральныя сэнсы» не адпавядае сённяшняму стану публікі і цікавая толькі дваццаці крытыкам.
Я таксама назіраю за сітуацыяй, але высновы раблю прама супрацьлеглыя. Гэтых самых праславутых тэатральных сэнсаў у нас не жадаюць ведаць і разумець толькі прафесіяналы — рэжысёры, частка акцёраў, некаторыя крытыкі. Якраз публіка для «новых сэнсаў» адкрытая. Людзі ідуць у тэатр, каб даведацца пра штосьці яшчэ, дзеля пашырэння свядомасці. Але тэатр, які здатны свабодна развівацца ва ўсіх магчымых накірунках, пэўным чынам закапсуляваўся. Умоўна кажучы, толькі дыванок і два артысты.
— Згодны. Я мару, каб прыйшла маладая каманда рэжысёраў, дала мне ў спіну і заняла маё месца, або каб у мяне пад крыламі сядзелі таленавітыя маладыя людзі. Я не магу «задраўшы штаны, бегчы за камсамолам». А яны няхай робяць усё, што заўгодна. Нічога нікому не буду навязваць, калі зразумею, што на сцэне не драматургічнае смецце, не змрок суцэльны, а проста чалавечая гісторыя. Тужлівая, смешная, вясёлая, балючая… Не проста — форма, за якой пустата. На жаль, пакуль не будзе створана магутная рэжысёрская школа, нічога не атрымаецца.
Дарэчы, у нашых бліжэйшых суседзяў — у Польшчы, Літве, Расіі — з’явілася новае пакаленне рэжысёраў, чые спектаклі ўспрымаюцца як творы мастацтва, а не распаўсюджваюцца ў якасці шоу. Яны гастралююць па ўсім свеце. Займацца рэжысурай там прэстыжна, пастаноўшчыкі — багі.
— А цяпер пра багоў. Літоўцы Тумінас і Холіна працуюць у Маскве. Каршуноваса і латыша Херманіса немагчыма выцягнуць з Еўропы. Толькі я пра іншае: прэстыж прафесіі ўстанаўліваецца на шкале дзяржаўных каштоўнасцей, бо гэта тэатр, а не крама, дзе крупы прадаюць. Немагчыма штосьці патрабаваць ад незабяспечанага чалавека. Па першым патрабаванні я адпускаю акцёраў на заробкі (куды заўгодна), на здымкі, са стратамі для рэпетыцый. Часам думаю, што мы — нацыянальны драмгурток пры кінастудыі. Таму што там здымачны дзень — 400 у.а. Але ж прэстыж прафесіі з паветра не складаецца. Раней з Купалаўскага тэатра людзі не сыходзілі. Цяпер сыходзяць. Мяняюць прафесію. Яшчэ адзін Герлаван і яшчэ адзін Марголін не з’явіліся, рэжысёраў няма. Я тут застаўся адзін не таму, што так хачу. Зусім наадварот, мне не абавязкова рабіць спектакль за спектаклем. Але пакуль мы не адбудуемся, усё праблематычна. Я нават нікога не магу з-за мяжы запрасіць на пастаноўку.
Калі мы пачнем размаўляць толькі пра грошы, гэта будзе бясконца. Зусім не застанецца часу размаўляць пра мастацтва. А я больш не магу казаць, нібыта тэатр змізарнеў. Магчыма, не ён змізарнеў, а проста мне ўсё спрэс не падабаецца? Таму варта аб’ектыўна разабрацца ў сітуацыі.
— Магу табе сказаць, што буду рабіць, калі мы ў адноўлены будынак увойдзем. Пачынаю з «Пана Тадэвуша» паводле Адама Міцкевіча. «Дзяды» абавязкова пастаўлю. «Чайка» і «Кароль Лір» у планах ёсць.
У цябе больш няма жадання адказваць за ўвесь беларускі тэатр?
— Ад імя савецкага інфармбюро ніколі не размаўляў і «за ўсю Адэсу» не адказваю.
Ці здатная, на тваю думку, Нацыянальная тэатральная прэмія стаць той інстытуцыяй, што будзе закрываць нейкія праблемы і рэальна садзейнічаць развіццю тэатра? Пагадзіся, зараз такой структуры проста не існуе.
— Дзякаваць Богу, што прэмія заснавана. І гэта прафесійная прэмія, таму што вялікая колькасць прафесіяналаў кажа: «Вось лепшае». У тым яе сэнс. Ніякая асобная група — рэжысёры, крытыкі, чыноўнікі — не павінна на яе ўплываць. Як толькі яна прыме кулуарны характар, адразу страціць сэнс. Не павінна быць закуліснай барацьбы, у Беларусі не так шмат тэатральных падзей. Гран-пры мусіць адпавядаць пэўным патрабаванням, галоўнае — пасланне нацыі, тое, што фарміруе нацыянальную самасвядомасць.
А калі пра тваю асабістую мастацкую праграму?
— Думаю, што ў майго пакалення і ў маладых рэжысёраў зусім розныя жыццёвыя задачы. Я — колькі мне засталося — вырашыў радавацца паўнаце быцця, бо ў маладосці дазваляў сабе пакутаваць. Я ненавіджу мат на сцэне, бо гэта зусім неўласціва беларусам. Мне ніколі не прыйдзе ў галаву ўзяць нейкае дзярмо, выкачацца ў ім і трансліраваць гэта ў залу. Не кажу, што ў мяне ўсё добра атрымліваецца, а толькі зазначаю, што ў маім сённяшнім стане я не кладуся пад публіку, не раблю «у-ца — дрыца», а стаўлю спектаклі, якія самому хочацца глядзець — у маім узросце, у маім настроі. Не хочацца ставіць спектаклі, якія фармальна зробленыя дасканала і ў той жа час ні пра што.
«Тэатр Уршулі Радзівіл» намінаваны сёлета на Нацыянальную прэмію, і ў многіх узнікае пытанне: чаму?
— Я так захацеў.
Гэты спектакль вытрымаў даволі шмат крытыкі.
— Ну і што?
Можа быць, тэатральная грамадскасць штосьці не зразумела, не ўспрыняла твой пасыл? Зараз логіка такая: маўляў, Купалаўскі тэатр усё роўна лепш за ўсіх.
— Для мяне не існуе містычнай канструкцыі пад назвай «Нацыянальная прэмія». Калі ўбачу, што яна працуе не так, як трэба, тэатр не будзе ў ёй удзельнічаць. Для мяне гэта не вяршыня піраміды. Галоўнае, калі пасля спектакля падыходзяць людзі, выказваюць падзяку. Значыць, я патрапіў у іх сённяшнюю свядомасць, настрой, у іх ментальны запыт. Якраз тое, пра што казаў Таўстаногаў: «канцэпцыя ляжыць у глядзельнай зале». А рэжысёр сфармуляваў тое, што яны самі не могуць сфармуляваць. Тады спектакль набывае актуальнасць і кантэкст. Вось чым я зараз хварэю больш за ўсё. Любы тэатр — гэта асветная манархія. Па-іншаму сістэма не працуе. Ніякай дэмакратыі тут не бывае. Ёсць праява нейкай мастацкай волі, стратэгіі і тэатральнай палітыкі. Усё астатняе не разумею. Мне падабаецца гармонія свету, свет дысанансу для мяне чужы. Бо ў рэжысёра вушы тырчаць з кожнага спектакля: што ў душы, тое і на сцэне.
Шкада, але адбылася масавая дэвальвацыя прафесіі. Таму самая вялікая задача — вырасціць рэжысёра і перадаць яму тэатр, як некалі Раеўскі мне перадаў. І гэта будзе чалавек, які любіць артыстаў, пяшчотна да іх ставіцца, дапамагае ім, здатны захаваць усё лепшае, што ў гэтым тэатры было.
І ўсё ж такі, што не зразумелі ў «Тэатры Уршулі Радзівіл»?
— Для таго каб гэта зразумець, трэба быць у тэме, ведаць гістарычны кантэкст. І тут патрэбна мэтанакіраваная праца. Чакаць ад п’ес Уршулі Радзівіл адкрыццяў — смешна. Я разгадаў самае галоўнае, што было ў яе творах: жанчына цешылася, седзячы ў замку. Яна чакала мужа, а ён быў — дзяржаўны чалавек, увесь час адсутнічаў. Бык — гэта Міхаіл Радзівіл. Да дня нараджэння мужа Уршуля напісала «Выкраданне Еўропы» — пра тое, як Радзівіл яе з радавога гнязда ў Вішнявецкіх выкраў, прывёз у Літву, у глухамань. Кінуў на беразе ракі, а сам з’ехаў па дзяржаўных справах. У яе п’есах усё напоўнена барочнымі метафарамі, якія сёння не чытаюцца, бо п’есы прымеркаваныя да сямейных святаў. У зале мой пасыл не ўсе разумеюць: маўляў, што за балет нам паказваюць? Але гэта лакальная з’ява беларуска-ліцвінска-польскай культуры, як літаратура яна каштоўнасці не мае. Наскрозь эратычная гісторыя і адначасова з’ява барочнага тэатра на гэтых землях. Кепска або добра пастаўлена — іншая размова. Але ёсць яшчэ адзін аспект. На нацыянальным тэатры, апроч іншага, ляжыць і асветніцкая місія, бо нашы школы, ВНУ гэтым амаль не займаюцца. Напрыклад, для таго каб паставіць постмадэрнісцкую п’есу пра Адама Міцкевіча, трэба спачатку паставіць творы самога Міцкевіча. Гэта датычыцца і «Пана Тадэвуша», і «Местачковага кабарэ». Ёсць асобы, факты, якія спачатку неабходна ўвесці ў свядомасць людзей. Навошта пра гэта думаць, калі можна гуляць у сэнсы, канцэпцыі пераварочваць?.. Ды толькі хто ж будзе пра гэта думаць?! Усё, што праходзіць праз свядомасць нацыі, набывае іншую каштоўнасць. Перш чым паставіць «Уршулю», я год ёю займаўся: чытаў польскія кнігі, паглыбляўся ў эпоху. Ведаю, што такое барочны тэатр і як гэта рабілася. Спектакль — спроба рэканструкцыі. На сцэне праўдзівыя фіранкі, тагачасныя дэкарацыі, мы надрукавалі 240 метраў тканіны з гравюрамі Уршулі Радзівіл. Гэта эксклюзіў! І ёсць яшчэ мая іронія ў адносінах да пэўнай сітуацыі, да старажытнай літаратуры, да жанчыны, якая прыпудрыла свае жарсці барочнай мараллю і сентэнцыямі. Зрэшты, мне не патрэбны хвалебныя артыкулы, яны ні на што не ўплываюць, але я гатовы да дыялога з крытыкамі, калі крытыкі гэтага хочуць. Толькі без разумення эканамічных складнікаў размова немагчыма.
Не шкадуеш, што вярнуўся ў Беларусь?
— Ніводнай хвіліны. Я ментальна адчуваю сябе чалавекам гэтай зямлі. Мне было вельмі блага без дома ў Піцеры. Мне лепш тут, бо эга сваё я нацешыў, з выдатнымі акцёрамі ў выдатных тэатрах папрацаваў. Усё астатняе не мае значэння. Мяне больш не цікавяць вонкавыя атрыбуты прафесіі — поспех, рэнамэ... Усё гэта фігня.
Людміла Грамыка