Ці вернуцца класікі?

№ 10 (355) 01.10.2012 - 01.10.2005 г

«Раскіданае гняздо» і «Пан міністр»

«Раскіданае гняздо» Янкі Купалы

Рэжысёр Уладзімір Савіцкі

Мастак Віктар Цімафееў

Музычнае афармленне Паўла Захаранкі

Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы

«Пан міністр» Францішка Аляхновіча

Рэжысёр Уладзімір Савіцкі

Мастак Віктар Цімафееў

Пластычнае рашэнне Міхаіла Камінскага

Музычнае афармленне Паўла Захаранкі

Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача

 

У коле спектакляў, вылучаных сцэнічнымі калектывамі на Нацыянальную тэатральную прэмію, нельга не адзначыць блок пастановак па творах беларускіх класікаў.

Янка Купала, Францішак Аляхновіч — гэтыя імёны на тэатральных афішах даюць грунтоўныя падставы для разважанняў пра тое, якія тэмы нацыянальнай драматургічнай спадчыны бачацца беларускім рэжысёрам важнымі і пазачасавымі.

Брэсцкая версія «Раскіданага гнязда» ў рэжысуры Уладзіміра Савіцкага ў большай ступені адсылае нас да Купалавага захаплення сімвалізмам, пад уплывам якога ён, відавочна, і пісаў сваю п’есу. Таму ў выкананні брэсцкіх акцёраў героі спектакля існуюць не ў побытава-зямным вымярэнні, а, быццам самнамбулы, адлюстроўваюць патаемныя, падсвядомыя сутнасці сваіх персанажаў.

Невыпадкова і само дзеянне спектакля разгортваецца ўначы, пад зорным небам, а Купалавы героі звязаны паміж сабой не крэўнымі, сямейнымі ўзаемаадносінамі, а агульнасцю душэўных прадчуванняў, пакут і чаканняў. І нават нягледзячы на ўсе тыя пакуты, якія зведвае кожная з гэтых душ на нашых вачах, здаецца, ніводная з іх не спяшаецца ўз’яднацца з целам. Бо тут, уначы, сам-насам з зорамі і поўняй, ёсць хоць невялічкая надзея адчуць, намацаць свой далейшы шлях; днём жа, пры святле сонца, тое проста немагчыма.

Гэта надзвычай яскрава выявілася ў сцэнаграфічным вырашэнні. Героі Купалы быццам... завісаюць паміж небам і зямлёй (мастак Віктар Цімафееў). Яны існуюць на страсе свайго разбуранага гнязда, выбіраючыся туды раз-пораз, каб зірнуць на зорнае неба і потым зноў апусціцца ў беспрасветную глыбіню. Драўляна-габляваны сімвал радзімы і белыя даматканыя ручнікі — вось выразныя сродкі, скарыстаныя мастаком, якія гарантавана адсылаюць нас да звыкла хрэстаматыйнай выяўленчай стылістыкі ўспрыняцця твораў Янкі Купалы. І спрацоўваюць яны бездакорна, на ўзроўні ментальных архетыпаў. Іншая справа, што пры выбары такога візуальнага рашэння гаварыць пра сцэнографа як стваральніка індывідуальнай аўтарскай сцэнічнай прасторы не выпадае: ён у дадзеным выпадку выступае, хутчэй, як яе арганізатар.

Рэжысёр Уладзімір Савіцкі і мастак Віктар Цімафееў прадставілі яшчэ адзін спектакль, створаны па п’есе сучасніка Купалы Францішка Аляхновіча, — «Пан міністр» (Рэспубліканскі тэатр юнага гледача). Гэты аўтар не часта з’яўляецца на беларускай сцэне і для шырокіх колаў гледачоў па-ранейшаму застаецца малавядомым, хаця ў свой час для развіцця прафесійнага беларускага тэатра ён зрабіў не менш, а можа нават і больш, чым Янка Купала.

Як і ў сваім брэсцкім спектаклі, Уладзімір Савіцкі пайшоў шляхам дакладнага жанравага вызначэння сцэнічнага аповеду. Не сакрэт, што сёння вельмі нямногія рэжысёры асэнсавана працуюць над тым, каб вытрымліваць жанравую чысціню, — са значна большым імпэтам яны практыкуюць свядомае ці падсвядомае размыванне межаў.

Але ў выпадку з п’есамі Аляхновіча імкненне да чысціні жанру цалкам апраўданае: у свой час гэты творца намагаўся прыўнесці ў беларускае тэатральнае жыццё ўзоры драматургіі менавіта як літаратуры для тэатра.

Візуальнае рашэнне спектакля ў бел-чырвона-чорнай колеравай гаме задае адпаведную «графічнасць» акцёрскай ігры: у прасторы пастаноўкі і Пупкін (Аляксандр Палазкоў), і яго пакаёўка (Юлія Смірнова) існуюць у фарсавай манеры, што цалкам адпавядае тым вадэвільным задачам, якія ставіў перад сабой Францішак Аляхновіч. Нягледзячы на спробу напоўніць сімвалізмам вялізныя чашы вагаў, што з’яўляюцца сцэнаграфічнай дамінантай спектакля, сама пастаноўка таксама не вырываецца за межы разыгранага ў забаўляльным ключы тыповага фарса-вадэвіля.

У апошнія гады раз-пораз даводзіцца чуць меркаванні наконт таго, што ў параўнанні з краінамі-суседкамі беларуская драматургічная спадчына не можа пахваліцца вялікім багаццем і разнастайнасцю. Да таго ж, маўляў, прыйшоў час адарвацца нарэшце ад мінулага і пачаць больш пільна ўглядацца ў дзень сённяшні, пераакцэнтоўваючы ўвагу на сучасную драматургію.

Ды толькі спакон веку вядома: хто не шануе ўласныя традыцыі, той не мае і будучага. Іншая справа, што шанаванне гэта заўсёды мусіць быць не фармальным паўтарэннем пройдзенага, а шчырым зваротам — з імпэтам адкрыць у добра вядомых творах штосьці новае, неасэнсаванае, важнае і сугучнае нашаму часу.

Таццяна Команава