Пяройдзем у залу авангарда...

№ 10 (355) 01.10.2012 - 01.10.2005 г

«Пан міністр» Францішка Аляхновіча

/i/content/pi/mast/61/1046/23.jpg
 
Рэжысёр Уладзімір Савіцкі

Мастак Віктар Цімафееў

Пластычнае рашэнне Міхаіла Камінскага

Музычнае афармленне Паўла Захаранкі

Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача

 

Тэатра павінна быць шмат, і ён мусіць быць розным. Адхіленне ад гэтай тэзы — спроба збегчы ад сцэнічнага мастацтва ў невядомым кірунку. Таму я лічу, што павінна існаваць і такая з’ява, як тэатр-музей. Абнаўленне яго экспазіцыі — рэч неабходная.

Што такое тэатр-музей? Якія спектаклі туды трапляюць? Калі сучасны спектакль зроблены нібы дваццаць гадоў таму — гэта тэатр-музей. Летась экспазіцыя папоўнілася ТЮГаўскім «Панам міністрам» Францішка Аляхновіча.

Свінабой Філімон Пупкін (Аляксандр Палазкоў) хоча стаць міністрам — усё роўна чаго, але лепш фінансаў. Здаецца, Пупкін паклапаціўся і пра грошы, і пра прэсу, і пра беларускую мову. Аднак у працы механізма адбыўся збой, Філімон не ўлічыў аднаго: каханак трэба выбіраць абачлівей. І жаночае каварства пазбавіла Пупкіна партфеля.

Затое партфель міністра ў выглядзе праграмкі атрымліваюць на ўваходзе ў залу цікаўныя гледачы. Рэжысёр Уладзімір Савіцкі, здаецца, звярнуў увагу на кожную дробязь і падначаліў фарсава-фантасмагарычнаму стылю ўсё — ад пачатку да канца: ад канцэптуальнай праграмкі да фіналу з дзесяццю фотаздымкамі Пупкіна (нібы з нейкага пасведчання) на ўвесь заднік. Фантасмагарычны свет увасобіў мастак Віктар Цімафееў. Карта гэтага свету змешчана ў глыбіні сцэны і выглядае як схема разборкі свіной тушы. Кавалкі карты-фіранкі раз-пораз адсоўваюцца, і да гледачоў выходзяць то сам Пупкін, то яго аканомка Марта (Наталля Гарбаценка), якую ён некалі спакусіў, то маладзенькая Любачка (Таццяна Чардынцава), спакуса-мара, то нешматлікія наведнікі па «міністэрскіх справах», напрыклад, Арцімон Кукіш (Леанід Улашчанка). Пасярод стаяць вялізныя вагі, на якіх лётаюць і ўзважваюць сэнс словаў ды ўчынкаў героі. Недзе ў вышыні боўтаюцца мяхі і свіныя кумпякі. То там, то тут з’яўляецца нячысцік (Таццяна Гуляева). У гэтым містычным супрэматычным кругазвароце можна распазнаць толькі тры колеры: чорны, белы і чырвоны. Але і колеры, і героі знікнуць, як толькі закрычыць певень.

Рэжысёрскі малюнак «Пана міністра» — яркі, дакладны. Для таго каб распавесці гісторыю Францішка Аляхновіча, Савіцкі выбраў жанр фарса і па меры неабходнасці дадаў містычных ды трагікамічных матываў. У гэтай, адной з самых моцных рэжысёрскіх работ 2011 года Савіцкаму не хапіла толькі акцёрскага ансамбля — занадта самастойнымі і эклектычнымі паводле спосабу існавання выглядаюць некаторыя вобразы герояў для спектакля з такім дыктатам формы. І, канешне, «Пан міністр» — выразны крок наперад у няпростым рэпертуарным жыцці ТЮГа часоў рэканструкцыі і штатных зменаў (зусім нядаўна мы бачылі на сцэне Дома літаратара «Маскарад» Міхаіла Лермантава, пра які, на жаль, хацелася б забыцца, а тое, чаму гэтая пастаноўка патрапіла ў афішу, увогуле немагчыма зразумець).

Але ж моцная работа і актуальная работа — паняцці розныя. Стыль, выбраны Уладзімірам Савіцкім, выглядае вінтажна. Гэта стыль тых, хто ў 60–80-я гады мінулага стагоддзя працаваў у кірунку публіцыстычнага тэатра са славутай Таганкай у авангардзе. Асноўныя яго прыкметы — гратэскны (а значыць, публіцыстычны) жанр пастаноўкі; эфектнае сцэнаграфічнае ўвасабленне з лозунгамі і вострымі метафарамі ці кантраснымі колеравымі спалучэннямі; адметны спосаб існавання акцёраў на сцэне (ну, хаця б іх асваенне вагаў). І ўсё гэта адбываецца ў час, калі Павел Пражко прэзентуе п’есу з 535 фотаздымкаў і 13 рэплік, а Skype і Facebook актыўна выкарыстоўваюцца ў сцэнічным афармленні.

Прыводзячы гэты прыклад, я не прагну, каб падсвечаная сінім паляндвіца пачала чаціцца тэкстам Аляхновіча і дасылаць смайлы лычу, падсвечанаму чырвоным. Проста гістарызацыя, якой скарыстаўся Уладзімір Савіцкі, жадаючы паказаць пагоню за партфелем у эфемерных умовах, не спрацавала. Раскрыццё адной сацыяльнай сістэмы праз іншую выглядае не эфемерна і пазачасава, як таго хацелася б, а па-музейнаму. Бо выкарыстаныя тэатральныя сродкі і творчы метад належаць канкрэтнай тэатральнай эпосе. Хочаце пабачыць авангард 70-х гадоў ХХ стагоддзя? Прыходзьце на «Пана міністра». Каму і для чаго патрэбны такі тэатр — тэма іншай размовы. Галоўнае — не падмяняць паняццяў.

Што ж да актуальнасці тэксту Аляхновіча... Так, актуальна. Бо толькі ў нас, як пакажаш фінал з пушкінскім бясслоўным народам, перад якім купка герояў, выбухнеш з’едліва: «Крычыце! Слаўце!», а ў адказ на рэпліку «Я не ўмею пісаць па-беларуску» нібыта мімаходзь кінеш у залу: «А хто тут умее?!» — заўсёды будзеш актуальны.

Алена Мальчэўская