«Прынцэса і Свінапас». Сцэна са спектакля.
Аўтар Панча Панчаў
Рэжысёр Віктар Клімчук
Сцэнаграфія Алеся Сідарава
Лялькі і касцюмы Ганны Сідаравай
Кампазітар Алена Яўневіч
Харэаграфія Дыяны Юрчанка
Беларускі тэатр «Лялька» (Віцебск)
Сёлетняя Нацыянальная прэмія набыла новую намінацыю — «Лепшы спектакль для дзяцей». Яе стратэгічная функцыя — аб’яднаць у адным конкурсным забегу пастаноўкі розных жанраў і відаў тэатра і ўбачыць, што ж сучасныя беларускія служкі Мельпамены прапануюць юным гледачам.
Сярод усіх дзіцячых пастановак на фінішную прамую выйшлі дзве — «Прынцэса і Свінапас» паводле Ханса Крысціяна Андэрсена Беларускага тэатра «Лялька» ды «Чароўны пэндзаль» Алесі Сабела і Ігара Казакова Магілёўскага абласнога тэатра лялек.
«Прынцэса і Свінапас» — узор таго, як развіваецца традыцыйны для постсавецкай прасторы сюжэтны тэатр для дзяцей, дзе пастаноўкі ўяўляюць сабой расповед казачнай гісторыі. Рэжысёр Віктар Клімчук не адступае ад гэтага прынцыпу, але ўсё ж спрабуе вышукаць новыя, індывідуальна-аўтарскія асаблівасці ў добра вядомай андэрсенаўскай казцы. Гэтым ён перакідвае своеасаблівы масток да адной са сваіх знакавых пастановак «Хлопчык-зорка», што была створана на віцебскай сцэне значна раней і сабрала мноства ўзнагарод прэстыжных міжнародных тэатральных фестываляў. Пазнавальнасць прачытваецца не толькі на ўзроўні інтанацый і пастановачных прыёмаў, якімі рэжысёр шчодра карыстаецца ў «Прынцэсе і Свінапасе», але і ў намаганні паўтарыць унутры спектакля інтанацыю лёгкай тужлівасці і задуменнасці, калі на фоне дынамічнага разгортвання падзей адбываецца павольна-разважлівае і нялёгкае сталенне душы героя.
Пры ўсёй арыентаванасці рэжысёра на дзіцячую аўдыторыю многія з яго спектакляў завяршаюцца зусім не традыцыйнымі казачнымі хэпі-эндамі. Здаецца, Клімчука не задавольвае адно толькі сцвярджэнне пазітыву і дэкларацыя перамогі дабра над злом. Мараль, што вынікае з яго бачання казачнага жыцця, выглядае больш жорсткай і бескампраміснай да тых, хто ставіцца да гэтага жыцця легкадумна і легкаважна. Прынамсі, трэба быць на трыста працэнтаў аптымістам, каб убачыць хаця б нейкі праменьчык святла ў фінале спектакля «Прынцэса і Свінапас», калі каханне, да якога імкнуўся герой, аказваецца пустым і нявартым, а сапраўдныя каштоўнасці, якія маглі радаваць чалавека, гінуць з-за ўласнай закінутасці. Услед за аўтарам рэжысёр карае галоўнага героя за яго неабачлівасць і падатлівасць сваім жарсцям, быццам нагадваючы, што шчаслівы фінал і лёгкая развязка — усяго толькі міф, які не мае нічога агульнага з рэальнасцю.
«Чароўны пэндзаль» магілёўцаў можна лічыць эмацыянальнай супрацьвагай мудрагеліста-філасофскаму падыходу віцебскіх лялечнікаў. Маладая пастановачная кампанія — Ігар Казакоў і Алеся Сабела — вырашылі «падабрацца» да сваіх маленькіх гледачоў зусім з іншага боку і абазначылі яшчэ адзін важны накірунак развіцця сучаснага тэатра лялек — жывую тэатральную гульню-інтэрактыў. Аднак не варта думаць, што гэта працяг традыцый масавікоў-забаўляльнікаў, пастаўлены на прафесійную глебу. Крэатыўны Ігар Казакоў падыходзіць да вырашэння задачы праз агульны творчы працэс з гледачамі.
Дзіцячы малюнак як структураўтваральная дамінанта пастаноўкі — прыём сам па сабе не новы. Але рэжысёр не проста выкарыстоўвае дзіцячыя вобразы, ён стварае і ажыўляе іх на вачах у маленькіх гледачоў. Анімацыя ў тэатральным мастацтве сёння ўжо нікога не здзіўляе. Як, зрэшты, і тое, што вельмі часта яна мае выключна дэкаратыўнае значэнне і ўяўляе сабой своеасаблівы рухавічок агульнай дынамікі пастаноўкі. Магілёўскія лялечнікі выкарыстоўваюць анімацыю не для таго, каб адцяніць агульнае дзеянне, а робяць яе асноўным прынцыпам пабудовы спектакля. Пастаноўшчыкі прапаноўваюць дзецям ажывіць малюнкі, убачыць, як творчы працэс можа перарасці ў стварэнне адметнага свету, напоўненага дзівоснымі героямі і прыгодамі.
Рэжысёрская фіксацыя таго, якім чынам дзіцячыя фантазіі, выкладзеныя на паперу, могуць матэрыялізавацца і набыць рэальныя абрысы жывых істот, — унікальны для беларускага тэатра досвед сучасных форм тэатральнага інтэрактыву. Невыпадковая і жывая рэакцыя маленькіх гледачоў, якой яны суправаджаюць з’яўленне кожнага новага персанажа спачатку на лістах-экранах, а потым — на сцэне. Значыць, працэс сумеснага стварэння новых сусветаў запушчаны!
Таццяна Команава