Як Багдановіч стаў бамжом

№ 10 (355) 01.10.2012 - 01.10.2005 г

«Страцім-лебедзь» Юрыя Сохара

Рэжысёр Віталь Баркоўскі

Сцэнаграфія Пятра Анашчанкі

Мастак па касцюмах Наталля Фацеева

Балетмайстар Эліна Матрунецкая

Кампазітар Аляксандр Касінскі

Музычнае афармленне Аляксандра Пятрушы

Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча (Бабруйск)

Сучаснае мастацтва надзвычай актыўна імкнецца да больш шчыльнага кантакту са спажыўцамі, усё настойлівей перабіраючыся ў нішу масавай культуры. Спадзяванні на тое, што рынкавы прынцып «наш тавар — ваш купец» дасць гарантаваны вынік, назіраюцца і ў тэатральнай сферы. Спектакль «Страцім-лебедзь» Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі ў поўнай ступені прадэманстраваў, як можна аказацца заціснутым паміж Сцылай і Харыбдай рэалій сучаснага арт-рынку.

Здавалася б, пастаноўка бабруйскага тэатра складаецца з усіх атрыбутаў, неабходных для таго, каб стаць заўважнай падзеяй тэатральнага жыцця: новая беларуская п’еса, у цэнтры якой — знакавая асоба Максіма Багдановіча, у якасці пастаноўшчыка запрошаны яркі рэжысёр з індывідуальным стылем — Віталь Баркоўскі. Ды толькі сумы складнікаў недастаткова, каб «Страцім-лебедзь» вырас у самастойную мастацкую з’яву.

Прычына — адсутнасць арыгінальнай ідэі. Гэта заўважна літаральна паўсюль, пачынаючы з драматургічнага матэрыялу, што лёг у аснову пастаноўкі, — п’есы Юрыя Сохара. Зрэшты, уявіць сабе п’есу, мяркуючы па спектаклі, немагчыма: рэжысёр ва ўласцівай яму манеры смела і бязлітасна прэпаруе першакрыніцу так, што ад яе застаюцца «рожкі ды ножкі». Тэкст твора для Баркоўскага не нясе асаблівага мастацкага сэнсу, тым больш што п’еса — кампіляцыя агульнавядомых альбо, наадварот, зусім невядомых фактаў біяграфіі паэта, перамяшаная са сцэнамі-фантазіямі самога драматурга. Прынцып пабудовы твора — перадсмяротная рэтраспекцыя ўласнага жыцця героя — дастаткова распаўсюджаны ў літаратуры. Вось толькі вобраз асобы нешараговай атрымаецца тады, калі факты і іх спалучэнне складуцца ў адмысловую карціну, што мусіць стацца своеасаблівым кодам да творчай індывідуальнасці героя. Менавіта так, бо мазаіка выбітнасці фарміруецца якраз з камбінацыі пазнавальнасці і ўнікальнасці. Аднак драматург збочвае на шлях літаратурнага акынства: заглыбіўшыся ў акалічнасці біяграфіі свайго героя, аўтар губляе адчуванне драматургічнай канструкцыі, у выніку факты з жыцця і творчасці паэта ператвараюцца ў ланцуг самастойных замалёвак. Яны не характарызуюць персанажа, не дадаюць яго партрэту яркіх рыс: калі б замест прозвішча «Багдановіч» з’явілася іншае абстрактна-нейтральнае, унутры драматургічнай канструкцыі нічога б не змянілася. Нічога не мяняецца і з-за таго, што рэжысёр так і не вызначыўся, як жа называецца спектакль: беларускай версіі «Страцім-лебедзь» ён прапаноўвае рускамоўны аналаг — «Утраченный Лебедь», які нясе зусім іншую лагічную і сэнсавую нагрузку.

Было б несправядліва бачыць корань другаснасці пастаноўкі толькі ў недасканалай драматургіі. Сцэнічнае ўвасабленне «Страцім-лебедзя» сталася і дэманстрацыяй рэжысёрскага «кланавання», што тычылася не ўласных пастановачных прыёмаў, а візуальна-драматычнага вобраза спектакля. Разам з мастаком Пятром Анашчанкам Віталь Баркоўскі пераносіць на бабруйскія падмосткі... сцэнаграфічны вобраз пастаноўкі «Прывітанне, Альберт!» Нацыянальнага тэатра імя Якуба Коласа, дзе галоўным героем з’яўляецца іншы геній — Альберт Эйнштэйн (аўтар п’есы — Юрый Сохар). З прагматычнага гледзішча падобны тэатральны трук цалкам зразумелы: мала хто з бабруйчан выправіцца ў Віцебск для таго, каб паглядзець там спектакль пра Альберта Эйнштэйна. Але той факт, што апратка аднаго так лёгка падышла зусім іншаму, дае падставы казаць пра адсутнасць індывідуальнага падыходу да пастановачнай работы. Замест яго — прымяненне ўніверсальных схем-пазлаў, якія мусяць спрацаваць пры любым раскладзе: чарада каханых, нялюбых, пакінутых без увагі жанчын; вобраз маці; дыялогі са знакамітасцямі... Увесь гэты фрэйдысцкі набор выціскае з гледачоў жаласна-суперажывальныя эмоцыі, ды толькі не распавядае пра самога Багдановіча як асобу.

Беспрытульны і закінуты ўсімі паэт, які дажывае свае апошнія дні ў Крыме... Бабруйскія акцёры старанна і нават пераканаўча разыгрываюць перад намі сцэнкі-сны, сцэнкі-адчуванні, сцэнкі-перажыванні. І ў іх выкананні Багдановіч насамрэч паўстае перад намі… тэатральным бамжом, вымушаным ужывацца ў чужую абагульнена-абстрактную сцэнічную прастору, бо асабістых, індывідуальных выразных сродкаў для яго ў арсенале стваральнікаў спектакля так і не знайшлося. Ці праглыне спажывец за няйменнем аўтарскага прадукту наспех запакаваны паўфабрыкат?..

Таццяна Команава