Няскораны Максім

№ 10 (355) 01.10.2012 - 01.10.2005 г

«Страцім-лебедзь» Юрыя Сохара

/i/content/pi/mast/61/1040/18.jpg

Яўген Ракіцкі ў ролі Максіма Багдановіча.

Рэжысёр Віталь Баркоўскі

Сцэнаграфія Пятра Анашчанкі

Мастак па касцюмах Наталля Фацеева

Балетмайстар Эліна Матрунецкая

Кампазітар Аляксандр Касінскі

Музычнае афармленне Аляксандра Пятрушы

Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча (Бабруйск) 

Галоўная мастацкая вартасць спектакля «Страцім-лебедзь» Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча ў тым, што ён практычна нікога не пакідае абыякавым — ні гледачоў, ні дасведчаную тэатральную грамадскасць. Кагосьці пастаноўка ўражвае і хвалюе, кагосьці раздражняе, маўляў, рэжысёр узяўся за недасканалы драматургічны тэкст і чарговы раз паўтарыў добра вядомыя пастановачныя прыёмы — як уласнага вынаходніцтва, так і запачаткаваныя іншымі майстрамі еўрапейскага тэатра.

Такая рэакцыя — і шчыра ўхвальная, і адмоўна скептычная — цалкам прымальная. Было б горш, калі б прысвечаная Максіму Багдановічу пастаноўка не выклікала ў гледачоў ніякіх пачуццяў.

2011 год прайшоў «пад зоркай» Багдановіча — адной з самых загадкавых і трагічных постацей нашай культуры. На жаль, шаблонныя юбілейныя мерапрыемствы мала што прыўнеслі ў разуменне яго асобы. Багдановіч па-ранейшаму застаецца вялікім нацыянальным паэтам, але — з халодным бронзавым бляскам. Хоць некаторыя сучасныя драматургі і спрабавалі адлюстраваць вобраз класіка праз яго характар, яго пакуты...

Да ліку гэтых рупліўцаў можна аднесці і Юрыя Сохара, які да 120-гадовага юбілею паэта напісаў п’есу «Страчаны лебедзь». Жанр аўтар вызначыў як «лірыка-драматычную аповесць для тэатра ў дзвюх дзеях, шасці карцінах з пралогам». Твор расказвае пра апошнія тры месяцы жыцця Багдановіча, калі той, ужо цяжка хворы, прыехаў у Ялту, дзе і памёр у 25-гадовым узросце 25 мая 1917 года. Структура п’есы апавядальная, насычаная мноствам рэтраспектыўных вобразна-асацыятыўных эпізодаў, у якіх паўстаюць розныя часы і розныя мясціны (Гародня, Яраслаўль, Ніжні Ноўгарад, Стары Крым). Сярод персанажаў прысутнічаюць знакавыя для літаратуры асобы — Максім Горкі, Антон Чэхаў... Твор пазбаўлены звыклага драматычнага канфлікту, у ім няма адметнай сюжэтнай інтрыгі, але ён дае магчымасць стварыць мастацкае, цікавае і змястоўнае сцэнічнае відовішча.

Рэжысёр Віталь Баркоўскі з уласцівай яму экспрэсіўнай метафарычнасцю выбудоўвае складаную партытуру спектакля, у якім гучыць вечна актуальная тэма трагічнага сутыкнення творцы з недасканалай рэчаіснасцю. У цэнтры аповеду — постаць Максіма Багдановіча (адразу хачу адзначыць псіхалагічна дакладную і пластычна выразную акцёрскую работу Яўгена Ракіцкага), які да апошняй хвіліны застаецца няскораным Страцім-лебедзем...

У паэтычным пралогу да спектакля распавядаецца пра незвычайнага лебедзя Страціма — міфалагічную птушку, што ўвасабляе прыгажосць, моц і незалежнасць творчай Асобы. А потым перад гледачамі разгортваецца ланцужок драматычных карцін, дзе ўвасоблены пакутлівыя спробы Максіма Багдановіча адчуць сэнс, радасць, асалоду жыцця і кахання. Але намаганні паэта ўшчэнт разбіваюцца аб жорсткую рэчаіснасць.

Для Віталя Баркоўскага (як і для многіх сучасных творцаў) любая драматургія з’яўляецца толькі імпульсам для выказвання на тэму, адчутую ў літаратурным матэрыяле на падсвядомым узроўні. Пастаноўка п’есы Юрыя Сохара «Страцім-лебедзь» не стала выключэннем з гэтага — магчыма, у нечым спрэчнага — рэжысёрскага прынцыпу. У рэшце рэшт, усё вызначае вынік творчых намаганняў. А ў тэатральным мастацтве апошняе слова — за гледачом: або ён безуважна назірае за тым, што адбываецца на сцэне, або (паводле славутай тэзы Станіслаўскага) міжволі ператвараецца ў актыўнага сутворцу.

На мой погляд, спектакль Сохара — Баркоўскага — Ракіцкага (менавіта яны — галоўныя стваральнікі пастаноўкі) прынясе неабыякаваму глядачу рэдкую і таму вельмі каштоўную эстэтычную асалоду. Пастаноўка дазваляе наблізіцца да той мяжы, за якой пачынаецца спасціжэнне містычнай загадкавасці беларускага Паэта, таямніцы яго трагічна кароткага жыцця...

 Рычард Смольскі