Мелодыя спачувальнага сэрца

№ 10 (355) 01.10.2012 - 01.10.2005 г

«Леаніды не вернуцца на Зямлю» паводле Уладзіміра Караткевіча

Аўтар інсцэніроўкі, рэжысёр Міхась Краснабаеў

Сцэнаграфія і касцюмы Святланы Макаранка

Музыка і музычнае афармленне Арцёма Краснабаева

Пластыка Дыяны Юрчанка

Нацыянальны тэатр імя Якуба Коласа

 

 

 

 

Гледачы спектакль палюбілі: білеты на яго бяруць не толькі ў распаўсюджвальнікаў, але і ў касе. Гэта адно з пацвярджэнняў маскультавай скіраванасці сцэнічнага твора.

Але асноўны крытэрый прыналежнасці спектакля да маскультуры — сентыментальны змест пастаноўкі. Набліжаны да дамскіх раманаў, ён нагадвае нешта «стас-міхайлаўскае», да чаго так імкнецца сэрцам і розумам сённяшняя публіка (розных, дарэчы, узростаў), выхаваная і сфарміраваная серыяламі. Рэжысёр дакладна адчувае попыт і адгукаецца на запатрабаванасць.

Згадзіцеся, сюжэт пра маладога літаратара, які вось ужо дзесяць год не можа забыць загінуўшую ў аўтакатастрофе каханую, а потым страчвае і новае каханне (у яго любімай варухнуўся ля сэрца нямецкі асколак), не можа не выклікаць моцнага спачування, асабліва ў сталых жанчын. Не менш захапляе лёс кволай і хваравітай гераіні, якая з’яўляецца адначасова і загадкай, і ахвярай, і прыгажуняй.

Тое ж тычыцца і эстэтычных прыёмаў, якіх заўсёды няшмат у маскультавым спектаклі. Яны не вызначаюцца разнастайнасцю і вытанчанасцю ці, крый Бог, інтэлектуальнасцю. Адна пяшчотная нота, адна лагодная інтанацыя, адна журба. Даволі паэтычная, простая структура спектакля: масоўка — дуэт — масоўка — дуэт, і так зноў па коле. У цэнтры кампазіцыі — лірычная сцэна кахання ў лёгкіх прыцемках з пікантнымі пластычнымі рухамі і рамантычным распрананнем, з белымі плямамі вопраткі і бялёсымі рукамі-нагамі. Сцэнічная ўстаноўка, што нагадвае рынг і ператвараецца з вуліцы ў аўдыторыю ці з завулка — у пакой інтэрната, здаецца, робіцца на момант кахання чымсьці незямным.

Пасля гэтага катарсісу-апафеозу гераіня знікае і з прасторы рэальнасці, і з прасторы ірэальнага, пакідаючы гледачам драматычнае пачуццё глыбокай роспачы. І гэта надае дзеянню рамансавую лірычнасць.

Зададзеная пахмурная мелодыя ўсё цягнецца і цягнецца, і спачувальнае сэрца плыве ў ёй, захопленае простасцю акцёрскай ігры, празрыстасцю напаўпрыхаванага пачуцця, яснасцю літаратурнай гісторыі і рэжысёрскіх рыфмаў.

Вельмі дарэчы ў спектаклі ўзнікае Рэмбрант з «Начным дазорам»: з узрушэння ад лекцыі маладой выкладчыцы і пачынаецца каханне галоўнага героя. Гэтую лекцыю цікава было б параўнаць з фільмам Грынуэя «Тайны “Начнога дазору”», падзівіўшыся наіўнай немудрагелістасці даследчых выказванняў гераіні. Аднак вернемся да нашай першай тэзы: у маскультавым творы зварот да самых складаных цытат павінен быць прыблізным і гранічна простым. Ды толькі... пры чым тут Уладзімір Караткевіч?

Таццяна Катовіч