Ой, бяда-бяда засмучэнне!

№ 10 (355) 01.10.2012 - 01.10.2005 г

«Бяда ад пяшчотнага сэрца» паводле Уладзіміра Салагуба

Інсцэніроўка Аляксея Дударава

Рэжысёр Марына Дударава

Мастак Марына Шуста

Кампазітар Уладзімір Кандрусевіч

Драматычны тэатр Беларускай Арміі

Вадэвіль абяззбройвае. Адносячы гэты жанр да тэатра бульвараў, Патрыс Паві выказаўся ў «Слоўніку тэатра» пра пастаноўкі абазначанага кірунку: «Гэтыя п’есы ніколі нікога не бударажаць і не бываюць арыгінальнымі». І тым не менш, не першую сотню год гледачы розных краін упарта прыходзяць у залу, каб пабачыць лёгкія камедыі з куплетамі і танцамі. Можна напісаць што заўгодна, а праз два тыдні публіка зноў збярэцца паглядзець на жаніхоў і нявест, мужоў і жонак, каханкаў і каханак у недарэчным становішчы. Але я ўсё роўна напішу.

У Драматычным тэатры Беларускай Арміі Марына Дударава паставіла вадэвіль Уладзіміра Салагуба «Бяда ад пяшчотнага сэрца» ў інсцэніроўцы Аляксея Дударава, вытрымаўшы ўсе законы жанру.

Адступім на крок убок — больш як 150-гадовая гісторыя твора ўсё роўна вымагае пункцірнага пераказу сюжэта. Купец Залатнікоў (Ігар Фільчанкоў) хоча ажаніць свайго сына Аляксандра (Сяргей Фромічаў-Корсакаў). Аляксандр мае палкае і пяшчотнае сэрца, таму вечнае каханне ён сустракае прыкладна праз кожныя дваццаць хвілін: Насценька (Валерыя Гайдукевіч), Машанька (Марына Дзянісава), Каценька (Алена Шкуратава). А дзяўчаты таксама маху не даюць: адна бедная і гордая, другой італьянец (Мікалай Зіміч) арыі спявае, да трэцяй гусар (Аляксандр Галавач) заляцаецца. Аднак заканчваецца ўсё добра — жаніцьбай па ўзаемнай сімпатыі, якая бярэ верх над карыслівасцю.

«Бяда ад пяшчотнага сэрца» — кананічны вадэвіль без драматургічных эксперыментаў. Аляксей Дудараў крыху ажывіў яго некалькімі песенькамі ды сцэнамі з невялікай ступенню імправізацыі, дзе гусар на пару з італьянцам церпяць ад кахання ды гуляюць у рускую рулетку. Маральныя каштоўнасці, існаванне якіх паводле сюжэта традыцыйна аказваецца пад пагрозай, нікуды не знікаюць: канфлікт вырашаецца прадказальна, без нечаканасцей. Але праз крэслы героі скачуць, у негліжэ адно аднаго заспяюць ды куплеты спяваюць (дарэчы, часам натужна і нячутна).

Кананічная пабудова п’есы падтрымана кананічным рэжысёрскім рашэннем. Дзеянне адбываецца ва ўмоўнай гасцёўні, гэткім мяшчанскім свеце, створаным мастаком Марынай Шуста: паласатыя канапы; белая завеса-парцьера на задніку; на ёй — пара херувімаў ці тое з дзідамі, ці тое са стрэламі ды люстэрка ў залачонай раме ў форме сэрца, якое херувімы імкнуцца працяць (прастрэліць); па баках авансцэны — парэнчы балконаў, увітыя штучнымі кветкамі. Вобразы вадэвільных герояў створаны па законах жанру: адна-дзве яскравыя гратэскныя рысы — і гатова. Аграфена Рыгораўна (Юлія Бажутава-Царэнка) ходзіць, як качка і ў надзвычайных выпадках пагрозліва набліжае бровы да пераносся. Купец Залатнікоў у выкананні Ігара Фільчанкова «гудзе» і «фыркае», як аўтамабіль, на якім ён прывёз сватаць сына. Па законах камедыі масак толькі адна Насценька, як напраўду і адразу закаханая, не мае ніякіх прыкрас. Акцёрскі ансамбль рухае дзеянне жвава, у роўным гарэзлівым тэмпарытме, не паспяваючы стаміць непераборлівага гледача за нейкія паўтары гадзіны.

Але ўвагу хочацца звярнуць не на гэта. Ніхто не спрачаецца, што такі спектакль цалкам мае права існаваць у рэпертуары любога тэатра. Зразумела ж: каса, план, «абслугоўванне ўсіх катэгорый грамадзян». Але з’яўленне пастаноўкі ў спісе намінантаў на Нацыянальную тэатральную прэмію выклікае шчырае здзіўленне. Давайце прааналізуем літаральна па словах. «Нацыянальная». Чаму стары расійскі вадэвіль уяўляе каштоўнасць для беларускага нацыянальнага тэатра? Якім чынам паўплываў на беларускі тэатральны працэс ці стаў для яго адметным? Як змяніў свядомасць беларусаў? Аніяк. Якія нацыянальныя каштоўнасці сцвярджаюцца ў «Бядзе ад пяшчотнага сэрца»? Аніякія. Можа быць, адгадка схаваная за другім словам — «тэатральная»? Можа быць, гэты спектакль стаўся тэатральным эксперыментам, што аспрэчыў існуючыя традыцыі і праклаў абсалютна новы шлях, па якім пойдуць натоўпы... ну, ці хаця б сякія-такія паслядоўнікі? Добра, хай нават не эксперымент, а проста цікавы спектакль — некалькі знаходак, адметны рэжысёрскі почырк, актуальнасць, вострасацыяльнасць... Не, нічога такога. Закансерваваны вадэвіль без прэтэнзій, з адзінай прывязкай да сучаснасці — згадваннем невядома для чаго прафесіі «менеджар» у фінальнай прамове Сашанькі. І нарэшце слова «прэмія» — адна з форм заахвочвання за выдатныя дасягненні. Чаго дасягнулі стваральнікі «Бяды ад пяшчотнага сэрца»? І ці падыходзіць да вынікаў працы азначэнне «выдатныя»?

Асобныя пункты ў спісе намінантаў на Нацыянальную тэатральную прэмію абяззбройваюць не горш за жанр, у якім яны створаны, не бударажаць і не прэтэндуюць на арыгінальнасць. Але маюць шанцы. Бяда-бяда-засмучэнне... Не інакш як ад пяшчотнага сэрца адборачнай камісіі...

Алена Мальчэўская