Іскра ў напятай цішыні

№ 10 (355) 01.10.2012 - 01.10.2005 г

«Леаніды не вернуцца на Зямлю» паводле Уладзіміра Караткевіча

/i/content/pi/mast/61/1037/16.jpg

Алена Ганум (Ірына), Юрась Гапееў (Андрэй).

Аўтар інсцэніроўкі, рэжысёр Міхась Краснабаеў

Сцэнаграфія і касцюмы Святланы Макаранка

Музыка і музычнае афармленне Арцёма Краснабаева

Пластыка Дыяны Юрчанка

Нацыянальны тэатр імя Якуба Коласа

Ва ўступе да рамана «Нельга забыць» знаходзім перасцерагальнае Караткевічава «Усе імёны — выдуманыя, усе супадзенні — выпадковыя». А вось чытаючы твор, нібыта пераконваемся ў зусім процілеглым: каб напісаць так, чалавек мусіў перажыць, прайсці праз падобнае ва ўласным жыцці. І незаўважна для сябе мы пачынаем выбудоўваць паралелі паміж гісторыяй галоўных герояў — навучэнца Літаратурнага інстытута Андрэя Грынкевіча і выкладчыцы мастацтвазнаўства Ірыны Горавай — і біяграфіяй самога пісьменніка. На працягу жыцця яго не адпускала моцнае, але, на жаль, непадзеленае пачуццё, якому ён аддаваўся з усёй шчырасцю сваёй няўрымслівай натуры... І, магчыма, тую яго перасцярогу трэба чытаць як «Дайце волю пісьменніку неабачліва апавядаць пра самае балючае і самае блізкае»?! Але як сыграць такое на сцэне? Мусіць, акцёр павінен мець адэкватны жыццёвы вопыт і быць дастаткова моцным, каб вынесці на суд гледача не проста плён месяцаў працы, а штосьці сваё, інтымнае і вельмі сапраўднае.

У спектаклі Міхася Краснабаева «Леаніды не вернуцца на Зямлю» паводле рамана Уладзіміра Караткевіча «Нельга забыць» занятыя ў асноўным маладыя акцёры. Цэнтральныя вобразы — Андрэя і Ірыны — ствараюць Юрась Гапееў і Алена Ганум, якія надзвычай нагадваюць рэальных асоб — Уладзіміра Караткевіча і Ніну Молеву.

Юрась Гапееў справіўся з нялёгкай акцёрскай задачай — пераканаўча сыграў каханне, літаральна не верачы ў яго: «Каханне — гэта іскра, якая ўзнікае паміж двума людзьмі напачатку, а потым пакрысе ператвараецца ў звычку. У Караткевіча ўсё адбывалася далёка не паводле гэтай схемы — а ў такога чалавека, пэўна, і не магло быць іначай. І мне проста неабходна было адпавядаць яму. Задача з няпростых, асабліва калі ў тваім жыцці такога вопыту яшчэ не было... Разам з маёй партнёркай шукалі тую нітку, якая аб’яднае нас і дазволіць зліцца ў адзін ансамбль — бо адчуванне партнёра, з якім іграеш такое пачуццё, надзвычай важнае. Але мы вельмі стараліся, і, кажуць, усё атрымалася...»

Прызначэнне Юрася Гапеева на ролю Андрэя аказалася не выпадковым. Здаецца, паміж вобразам Караткевіча і юнаком існуюць нейкія містычныя повязі. Па-першае, малая радзіма Юрася — таксама Орша. Ён прыгадвае, як разам з сябрамі па школе бавілі час на «баржы-плыце», дзе любіў сядзець Караткевіч і да якой цяпер вядзе вуліца, названая ў гонар пісьменніка. Па-другое, неяк пасля прагляду спектакля «Мудрацы...», дзе Гапееў выконваў ролю Глумава, віцебскі паэт Давід Сімановіч звярнуў увагу рэжысёра Міхася Краснабаева на выразнае падабенства маладога акцёра да Уладзіміра Караткевіча. Той прыгледзеўся — і пачаў пісаць інсцэніроўку для «Нельга забыць», бо нарэшце знайшоў свайго Андрэя Грынкевіча...

Падчас паказаў спектакля «Леаніды не вернуцца на Зямлю» ў зале пануе напятая цішыня — яскравае сведчанне таго, што гісторыя кахання, якая разгортваецца на сцэне, кранае гледачоў да глыбіні душы. А ў самыя шчымлівыя моманты, напрыклад, цягам фінальнай сцэны, у якой гучыць верш Уладзіміра Караткевіча «Казка», на шчоках уражлівых дзяўчат пабліскваюць слязінкі: у кожнай з іх разварушваецца свая, магчыма, некалі наўмысна забытая, гісторыя...

Марына Пятрова