Голыя людзі на голай зямлі

№ 10 (355) 01.10.2012 - 01.10.2005 г

«Аднакласнікі»

/i/content/pi/mast/61/1035/14.jpg

Валерый Чабатаеў (Міця).

Псіхалагічная драма па п’есе Юліі Чарняўскай «Літаркі»

Рэжысёр Кацярына Аверкава

Мастак па касцюмах Пётр Анашчанка

Музыка Антоніа Вівальдзі, Мацвея Сабурава

Відэа Мацвея Сабурава

Магілёўскі абласны драматычны тэатр

Цяжка пісаць эсэ пра ўласны тэкст: ён ужо ўсё сказаў — і з удзелам аўтара, і без яго. Па-першае, чытач (у дадзеным выпадку — глядач) заведама ўбачыць у тэксце не тое, што меркаваў аўтар. Па-другое, шчыра кажучы, аўтар увогуле мала што меркаваў... Гэта ведае любы, хто піша: у нейкі момант героі пачынаюць дзейнічаць не так, як ты задумваў першапачаткова. Магчыма, ад пазначанага плана адводзіць удалы дыялог, раптоўна ўзніклая калізія... І ты ідзеш за ёй, як дзіця за дудачкай Пацукалова. А магчыма, героі і сапраўды набываюць плоць і пачынаюць жыць... Не ведаю. Можа быць, у аўтараў, якія свядома выбудоўваюць сюжэт, гэта адбываецца інакш. Я не ўмею планаваць і вылічваць. Спадзяюся на герояў — яны па дабрыні душэўнай мяне і п’есу выведуць.

Так атрымалася з «Літаркамі». Вось прыклад: у п’есе ёсць персанаж — нямецкая дзяўчына не юных гадоў — Марта. Яна з’явілася з чыста функцыянальных меркаванняў, каб галоўнаму герою — Ільі, чалавеку гранічнай адзіноты, было з кім размаўляць у сваім сапраўдным, не-скайпавым жыцці. І адбылося дзіўнае: Марта «вырасла» сама па сабе і незаўважна для аўтара стала галоўнай гераіняй п’есы. Тое самае адбылося і з сынам Машы — аўтыстам Міцем. Гэта не я — яны самі захацелі выйсці ў цэнтр, прымусіўшы пацясніцца тых, хто прэтэндаваў на сцэнічнае валадарства, — Машу і Ілью.

У выніку п’еса не пра тое, аб чым я збіралася яе пісаць: не пра каханне і не пра скайп, а тым больш не пра «скайп-каханне». Не пра літаркі, якімі абменьваюцца Ілья, які жыве ў Германіі, і мінчанка Маша. І нават не пра тое, што «любви все возрасты покорны» (героям па 45 год)... Хоць, шчыра кажучы, мне хацелася нагадаць гледачу пра існаванне людзей сталых, пра тое, што яны дыхаюць, жывуць і адчуваюць, — бо гэта, здаецца, начыста забыта: сучасная культура (і не толькі наша) разлічана на моладзь і пад моладзь падладжваецца.

Мне хацелася распавесці пра лёсы і ілюзіі самага незапатрабаванага зараз слоя грамадства — інтэлігенцыі. Не пра тых, хто называе сябе «інтэлектуаламі», 
а пра старамодных безабаронных людзей, у якіх — больш, чым у кагосьці — захоўваюцца наіўнасць, прыстойнасць і, як гэта ні смешна, дзяцінства. Бо Маша 
і Ілья размаўляюць адно з адным, як тыя ж нясмелыя падлеткі, якімі былі яны ўвесну 1979 года, калі іх шляхі ненадоўга судакрануліся. У нейкім галоўным сэнсе яны такімі і засталіся. Адкрыю таямніцу: людзі не старэюць. Грамадства «надзявае» на іх узрост — як маску, як кайданкі, як каўпак блазна: каб потым было прасцей класіфікаваць, залічыць у нейкі рэгістр, уключыць у нейкую рубрыку...

Дарэчы, пра тайну. Усё галоўнае захоўваецца ў сабе, і таму Ілья так і не даведваецца пра гора Машы, а Маша — пра гора Ільі. Літаркі...

Але пры ўсёй, здавалася б, відавочнай безнадзейнасці іх жыццяў — і сацыяльна неабароненай Машы, і духоўна страчанага Ільі — яны не згубілі надзеі: на цуд, на пачуццё... На тое, што, здавалася б, пахавана пад грудай глянцу і правінцыйнага цынізму. Гэта моцныя людзі: яны перамагаюць, самі таго не ведаючы. Яны перамагаюць уменнем спадзявацца.

Кажуць, надзея памірае апошняй. Гэта няпраўда. Надзея не памірае зусім — яна перадаецца іншым як доўг, як сумленне, як дабрыня. І таму Міця не застанецца ў адзіноце — побач з ім апынецца іншы адзінокі чалавек, а дзве адзіноты, злітыя не паняволі, а па дабрыні, — гэта ўжо блізкасць.

Так што не, яна не памірае — надзея на прыняцце і разуменне.

Прыняцце. Быць можа, важней за ўсё — гэта прыняцце не такіх, як мы, «іншых». І не выпадкова Міця — менавіта аўтыст, іншапланетнік. Ён мог быць кім заўгодна — паралізаваным, напрыклад. Ці тым, каго многія з нас пагардліва клічуць «даўнамі» ці «псіхамі»... Шмат у нас уразлівых чалавечых «катэгорый»! Але аўтысты — асаблівыя. Іх ніяк не запхнеш ні ў якое грамадства. Яны пракажоныя ў любой групе — ад дзіцячага садка ці школы да псіханеўралагічнага інтэрната: аўтыст і там застанецца белай варонай. Яны не ўмеюць галоўнага — таго, што ўмеюць людзі з алігафрэніяй ці сіндромам Даўна, — уступаць у зносіны. Таму іх складана любіць і шкадаваць: як любіць ледзянога чалавека, як шкадаваць таго, хто не можа шкадаваць сам? Як любіць і шкадаваць — без усялякага намёку на ўзаемнасць? А яна ёсць, гэта ўзаемнасць: Міця таксама «літарка» — са сваімі эхалаліямі (некантралюемым аўтаматычным паўтарэннем слоў, пачутых у чужым маўленні) і рытуаламі ён, як і ўсе мы, — голы чалавек на голай зямлі. Чалавек, які прагне разумення. Як пелі «The Beatles»: «All you need is love». Я бы дадала: «...and understanding». Зрэшты, гэта таўталогія.

Дарэчы, пра разуменне. Адна з алюзій п’есы — біблейская: Марфа і Марыя. Дзве праўды: праўда побыту, працы і грубаватых клопатаў з аднаго боку і праўда разумення, духоўнай роднасці — з іншага. Але і там, і там — праўда цяпла.

Людзі — гэта беспрытульныя дзеці, што начуюць унутры драўлянай статуі слана, — памятаеце, у Гюго? Адаграваюць адно аднаго, прыціскаюцца замёрзлымі целамі... Рэальна ці віртуальна — якая розніца? Голыя людзі на голай зямлі.

Ну вось. А казала: п’еса не пра каханне...

Юлія Чарняўская