Бязлітаснае сонца Егіпта

№ 10 (355) 01.10.2012 - 01.10.2005 г

«Аіда» Джузэпе Вердзі

/i/content/pi/mast/61/1034/12.jpg

Яўген Чамадураў. «Аіда». Эскіз дэкарацыі.

Дырыжор Вячаслаў Воліч

Эскізы дэкарацый і касцюмаў Яўгена Чамадурава

Рэжысёр-пастаноўшчык Міхаіл Панджавідзэ

Мастак-пастаноўшчык Аляксандр Касцючэнка

Мастак па касцюмах Кацярына Булгакава

Нацыянальны тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь

Калі сцэнаграфічны вобраз спектакля задуманы і ўвасоблены сапраўднымі майстрамі, ён вельмі часта нагадвае маштабны твор выяўленчага мастацтва. Тое ж можна сказаць і пра велічную дэкарацыю «Аіды». Летам мінулага года опера была ўвасоблена на сцэне Тэатра оперы і балета, а сёлета вылучана на Нацыянальную тэатральную прэмію.

У адрозненне ад іншых партытур геніяльнага італьянскага маэстра, «Аіда» — манументальная опера, якая дае ўяўленне пра «вялікі стыль». У цэнтры спектакля — не толькі класічны любоўны трохкутнік (Аіда — Радамэс — Амнерыс). Гэта твор пра жорсткія і трагічныя ўзаемадачыненні чалавека і дзяржавы, таму пастаноўка шматнаселеная і вялікую ролю ў ёй адыгрываюць масавыя сцэны і хары. Невыпадкова папярэдняя версія оперы, ажыццёўленая ў Мінску Ларысай Александроўскай, не сыходзіла з нашай сцэны больш за 50 гадоў. «Аіда» — спектакль-візітоўка, пастаноўка-талісман, у якой змяніліся некалькі пакаленняў выканаўцаў.

Адметнасць апошняга прачытання вердзіеўскай оперы (і гэта адразу пазіцыянавала пастановачная група) — у звароце да эскізаў дэкарацый і касцюмаў, зробленых вядомым сцэнографам, народным мастаком Беларусі Яўгенам Чамадуравым падчас пастаноўкі «Аіды» ў Бухарэсце ў 1953 годзе. Сам мастак лічыў, што перад ім «стаяла задача зрабіць вялікі парадны спектакль, прызначаны для асабліва ўрачыстых дзей».

Нашаму Тэатру оперы і балета Яўген Рыгоравіч аддаў шмат гадоў свайго жыцця. Шаснаццаць сезонаў ён быў тут галоўным мастаком, знайшоў яркія візуальныя вобразы для амаль 30 класічных і сучасных спектакляў. Надзвычай запатрабаваны сцэнограф, Чамадураў актыўна працаваў для іншых тэатральных калектываў, шмат ставіў за межамі Беларусі і Савецкага Саюза.

Мастацкае рашэнне «Аіды», задуманае ім і ўвасобленае на мінскай сцэне мастаком-пастаноўшчыкам Аляксандрам Касцючэнкам і мастаком па касцюмах Кацярынай Булгакавай, уражвае! Яно маляўнічае, маштабнае, нечакана эфектнае. Адкрываецца заслона, і перад намі паўстае жывапіснае пано з воінам-лучнікам на калясніцы (яно будзе ўзнікаць перад кожнай карцінай оперы). Адчуванне, што ты перанёсся ў іншы час і іншую прастору. Эфектныя абедзве карціны 1-й дзеі (перад палацам у Мемфісе і ў пакоях Амнерыс), 2-я дзея (трыумф егіпцян).

Здаецца, сцэна залітая святлом егіпецкага сонца. У колеравым рашэнні дэкарацый і касцюмаў пераважаюць белыя і залатыя тоны. Іх шматзначнасць прымушае згадаць і бела-вохрыстыя пяскі пустыні, і паўднёвую спёку, і золата як сімвал улады. Моцны колеравы клічнік — чырвоная афарбоўка плашчоў.

Калі рэжысёр Міхаіл Панджавідзэ і мастак Аляксандр Касцючэнка абмяркоўвалі магчымасць і канцэпцыю будучай пастаноўкі, рэжысёр нечакана заўважыў, што ведае творчасць Чамадурава, а ў Казанскім оперным ідзе «Аіда» менавіта з яго сцэнаграфіяй. Маштабны спектакль аб’ездзіў палову свету. Вырашылі выправіцца ў Казань, з сабой захапілі тэатральных бутафораў і мастакоў, якія будуць увасабляць эскізы на практыцы. У Казані для мінскіх калег цалкам правялі светлавую рэпетыцыю, і яны маглі пабачыць дэкарацыі ў натуральную велічыню, прасачыць, як сцэнаграфія, скульптура, барэльефы ўзаемадзейнічаюць са святлом, як ствараецца вобраз старажытнага Егіпта. Відовішча ў такой ступені ўразіла і зачаравала, што ўжо ніхто не сумняваўся: «Аіда» ў Мінску — будзе! Але існавалі тонкасці. Справа ў тым, што эскізы рабіліся для Бухарэста, дзе сцэна на пяць метраў даўжэйшая за нашу (там «Аіду» ставілі для адкрыцця аднаго з палацаў Чаўшэску).

Каб належным чынам увасобіць тэму, Аляксандр Касцючэнка выправіўся ў Берлін, дзе вывучаў экспанаты тамтэйшага Музея Усходу. Велізарная колькасць тагачасных твораў, магчымасць дакрануцца да загадкавай культуры Егіпта проста ўзрушала! У той час мастак на працягу дзесяці дзён быў на стажыроўцы ў Германіі і знаёміўся з найноўшым тэхнічным абсталяваннем тэатраў Берліна.

Аб’ём работы над адзеннем герояў таксама быў велізарны! Некаторыя эскізы касцюмаў, зробленыя Чамадуравым, захаваліся, але іх налічвалася ўсяго 3-4. Некаторыя можна было адшукаць у старых буклетах (найперш бухарэсцкага спектакля), у альбомах пра сцэнографа. Астатняе трэба было дадумваць, але так, каб не выйсці з кантэксту творчасці мастака. Дакладнае паўтарэнне касцюмаў уяўлялася немагчымым, бо яны не павінны былі ісці ў разрэз з новым рэжысёрскім прачытаннем твора, новым поглядам на адзенне героя і нават... новымі тканінамі.

Мастачцы Кацярыне Булгакавай (яна запомнілася адметнымі касцюмамі да «Набука») падчас працы над «Аідай» спатрэбіліся шматлікія гістарычныя крыніцы, прысвечаныя старажытнаму Егіпту. Дапамаглі і аб’ёмныя альбомы, якія звычайна трапляюць у хатнюю бібліятэку пасля замежных вандровак.

Шмат давялося займацца і галаўнымі ўборамі. З аднаго боку, Булгакава імкнулася дасягнуць такога эфекту, быццам яны зроблены з металу. А з другога, яны павінны здавацца лёгкімі, не быць грувасткімі, не перашкаджаць артысту спяваць і не закрываць вушы (каб ён мог добра чуць аркестр і калег). Таму даводзілася прыдумляць складаную канструкцыю, ужываць элементы бутафорыі, распісваць...

Шмат цікавага, вынаходлівага можна заўважыць, калі пільна разглядаеш (ды не аднойчы!) кожную карціну спектакля. Драматычная экспрэсія, уласцівая стылю Вердзі як кампазітара, знаходзіць у новай мінскай «Аідзе» сваё адлюстраванне ў гучанні аркестра, у маштабных і дынамічных харах жрацоў і жрыц, салдат, рабоў, егіпцян-пераможцаў і паланёных эфіопаў, у дуэтах і ансамблях. А таксама — у размаху маляваных дэкарацый, у аб’ёмных скульптурах і барэльефах — ва ўсім выяўленчым вырашэнні оперы. Магчыма, у тым і сакрэт даўгалецця пастаноўкі...

 Таццяна Мушынская

 

 

«Увайсці ў тую эпоху...»

Аляксандр Касцючэнка, мастак-пастаноўшчык:

— У тэатральна-мастацкім інстытуце я вучыўся ў Яўгена Рыгоравіча шэсць гадоў. Потым мы і далей сябравалі. Ёсць адчуванне, што ўнутраная, духоўная, містычная сувязь з Чамадуравым у мяне працягваецца.

Паўстагодзя таму прынцыпы пабудовы сцэнаграфіі ўяўляліся іншымі. Не было такой колькасці светлавога абсталявання, таму акцэнт рабіўся на жывапіснасці дэкарацый. Каб увасобіць сцэнаграфію Чамадурава на нашай сцэне, трэба было ўвайсці ў тую эпоху. «Перакапаць» шмат матэрыялаў, зразумець, адкуль ён чэрпаў свае ідэі. Вярнуцца і ўбачыць зробленае мастаком вачыма таго гледача...

Агульнае каларыстычнае рашэнне спектакля задаваў я. У ім хацелася дасягнуць адчування каменя, пясчаніка. Суперзаслона з лучнікам на калясніцы выраблена з чорнага сукна, на якое накладаліся аплікацыі, потым рабіўся роспіс. Скульптуры — гэта распісаны пластык.

Вяртацца ў мінулае складана. У звароце да эскізаў і касцюмаў, зробленых паўстагоддзя таму, ёсць элемент рызыкі. Але галоўнае, што я зразумеў пасля прэм’еры: творчасць Яўгена Чамадурава як сцэнографа не састарэла! Яна сучасная і актуальная...

 

«Адзенне павінна быць манументальным...»

Кацярына Булгакава,мастак па касцюмах:

— Новая «Аіда» — гэта ўсё-такі рэканструкцыя. Таму падыходзілі да пастаноўкі трапятліва і беражліва, каб не сапсаваць геніяльнае сачыненне Вердзі. Было імкненне ўвасобіць спектакль, некалі задуманы Чамадуравым, і адначасова наблізіць яго да сучаснага гледача.

Разам з рэжысёрам і сцэнографам прадумвалі агульнае каларыстычнае рашэнне оперы — бела-залатое. А вось чырвонага колеру няшмат. Ён з’яўляецца ў сцэнах з удзелам фараона, каб перадаць адчуванне агрэсіі, бо фараоны — захопнікі, прыгнятальнікі.

Эскізы касцюмаў для «Аіды» былі зроблены за месяц. Адзенне дзвюх гераінь будавалася на кантрасце. Амнерыс — злы персанаж. Так, яна вельмі прыгожа апранута. На ёй шмат аздабленняў, як і належыць дачцэ фараона. Але яе агрэсіўнай прыгажосці супрацьстаіць спакойная духоўная гармонія Аіды, якая выходзіць на сцэну ў простай палатнянай сукенцы. Менавіта за духоўную вышыню і гармонію яе абірае Радамэс. Чаму сіні, дакладней, колер індыга, з’яўляецца ў адзенні Аманасра, у накідцы Аіды? Хацелася апрануць герояў у гістарычную вопратку плямёнаў, якія яны прадстаўляюць.

Дэкарацыі для оперы павінны быць манументальнымі, але ж гэткімі павінны выглядаць і касцюмы. Оперная і балетная вопратка мае прынцыповыя адрозненні. Лёгкія, лятучыя фактуры прыдатныя для харэаграфіі, я выкарыстоўвала іх у «Аідзе» для касцюмаў танцораў. А каб апрануць оперных герояў, спатрэбілася шмат простых тканін — бавоўна, лён, потым палатно распісвалася. У такой вопратцы шмат складак, яна выглядае манументальна за кошт фактуры, а не колеру. Заўжды хачу, каб у адзенні прысутнічала скульптурнасць. Зблізу яно можа і не рабіць уражання, галоўнае, каб стварала вобраз на сцэне. Для іншых касцюмаў і іх аздаблення спатрэбілася скура, якая імітуе чаканку. Шмат якія эфекты дасягаюцца эксперыментальным шляхам. Бо на сцэне матэрыял часам паводзіць сябе нечакана.

Складаныя касцюмы фараона і Амнерыс. Яны шматслойныя і складаюцца з розных дэталяў. У Амнерыс — ніжняя і верхняя сукенкі, бармы (плоскі каўнер на плячах), галаўны ўбор. Пабудова касцюма залежыць ад мізансцэны і задумы рэжысёра. Напрыклад, парадны касцюм Амнерыс апранае з дапамогай рабынь непасрэдна на сцэне, калі выходзіць з купальні. Значыць, ён павінен быць зручным, каб не было затрымкі дзеяння. Манументальная постаць Рамфіса, вярхоўнага жраца: ён з паголенай галавой і з накінутай шкурай ільва.

«Аіда» — шматнаселены, манументальны спектакль. У салістаў за чатыры дзеі — ажно 3-4 пераапрананні. У оперы агромністыя хары — у іх два варыянты вопраткі. Адрознасць абліччаў егіпцянак і жрыц дасягаецца выкарыстаннем розных дэталяў і аздабленняў. Для многіх касцюмаў спатрэбіліся тканіны нашага Аршанскага льнокамбіната. Вядома, «апрануць» такі спектакль каштуе нямала. На адну сукенку (калі з накідкай) патрабуецца ад 3 да 5 метраў тканіны. Калі касцюм пашыты, ён «абжываецца» з дапамогай фарбы. Тут шмат розных сакрэтаў. Напрыклад, таніруюцца «бакі», каб сілуэт з залы выглядаў больш вытанчаным.

Вядома, «абжыванне» новага касцюма для выканаўцы-саліста свайго кшталту стрэс: трэба прызвычаіцца ў ім і спяваць, і рухацца. Гэта не заўжды зручна. Оперныя касцюмы шмат важаць, бо ў іх выкарыстоўваюцца скура, футра. Здараецца, вакалістам у вопратцы горача. Але ўлічваеш усе пажаданні. Імкнешся зрабіць іх існаванне на сцэне як мага больш камфортным і зручным. У рэшце рэшт, усе мы працуем на адзін мастацкі вынік...