Дама, ізноў дама, яшчэ дама... Атандэ!

№ 10 (355) 01.10.2012 - 01.10.2005 г

«Пікавая дама»

Містыфікацыя па матывах аповесці Аляксандра Пушкіна і оперы Пятра Чайкоўскага

Рэжысёр Алег Жугжда

Мастак Маргарыта Сташулёнак

Вакальная падрыхтоўка Алы Аргеткінай

Гродзенскі абласны тэатр лялек

Гэты спектакль сабраў столькі ўзнагарод з фестываляў, што, здавалася б, проста пералічы іх — і рэцэнзій пісаць не трэба. У гэтым верасні зноў стракаталі стужкі навінаў: спектакль «Пікавая дама» заваяваў Гран-пры на фестывалі «Петрушка великий» у Екацярынбургу. Цікава, ці акажацца ў гэтым пераліку ІІ Нацыянальная тэатральная прэмія?

Спектакль Алега Жугжды — гэта анекдот гульца, заснаваны на аповесці Аляксандра Пушкіна і оперы Пятра Чайкоўскага. Адначасова — рознабаковае даследаванне рэжысёрам феномена гульні. Найперш, гульні азартнай. Вы ўмееце гуляць у штос? Калі трапіце на спектакль «Пікавая дама», навучыцеся абавязкова. Перад пачаткам асноўнага дзеяння Аляксандр Енджаеўскі выходзіць да публікі, тлумачыць правілы і прапануе сыграць. На інтарэс. Ахвочыя выпрабоўваюць лёс, астатнія назіраюць. Досвед гэтай імправізацыі аказваецца карысным: гульні з лёсам ствараюць адпаведны настрой, у большай ступені становіцца зразумелай гісторыя трох карт. Дарэчы, вывучэнне феномена гульні палягае ў адной плоскасці з разгадваннем лёсу, фатуму і яго выбрыкаў. З усмешкай факіра Алег Жугжда спрабуе высветліць, ці валодаюць некаторыя людзі або рэчы (дакладней, калода карт і, у прыватнасці, тры вядомыя карты) нейкімі магічнымі здольнасцямі. Вынік: гартанны смех Графіні (Ларыса Мікуліч) у фінале — «Я пажартавала! Пажартавала!» — у які пераўвасабляецца тая самая ўсмешка факіра.

Акрамя метафізічных сэнсавых гульняў, у «Пікавай даме» адбываюцца спробы вывучэння гульняў выключна прафесійных, напрыклад — з сюжэтам і тэкстам. Спектакль Алега Жугжды спалучае ў сабе сюжэтныя варыяцыі аповесці і оперы, а таксама выводзіць на сцэну іх стваральнікаў — Аляксандра Пушкіна і Пятра Чайкоўскага, якія ўступаюць ва ўяўны творчы канфлікт. Сюжэты і дэталі спрэчныя: Герман ці Германн, жыццё ці смерць. Жугжда нібыта назірае за ўсім аднекуль зверху, зрэдку ўблытваючыся ў дзеянне нейкай звышнатуральнай сілай. Дарэчы, вельмі арыгінальным чынам. Так, сюжэтны канфлікт з самазабойствам Лізы (Ларыса Мікуліч) у оперы і адсутнасцю яго ў аповесці Алег Жугжда іранічна вырашае з дапамогай невядома адкуль узніклага італьянскага гандальера, у лодку да якога ў выніку скочыць Ліза. Гуляць — дык па-сапраўднаму. З нечаканай зменай правіл. І ў абсурдна іранічныя гульні — таксама.

Не менш цікавым падаецца і вывучэнне рэжысёрам гульні з лялькай, адносін паміж ёй і лялечнікам. Героі спектакля — марыянеткі, дакладныя копіі акцёраў. Гульцы збіраюцца за вялікім ломберным сталом, які адначасова выконвае функцыю сцэны для лялек: зялёнае сукно — прастора для дзеяння, на шуфлядках — набярэжная Пецярбурга, у адной з іх — труна графіні (мастак Маргарыта Сташулёнак). На сцэне — нібы ў магічным калідоры з двух усталяваных насупраць люстэрак — вобразы пачынаюць як мінімум дваіцца... Героі тасуюцца як карты ў калодзе: марыянеткі вядуць дыялог з людзьмі на роўных. І ў розных сітуацыях гэтая «блытаніна» падкрэслівае розныя акалічнасці: становішча мужчыны і жанчыны ў грамадстве, жыццёвую моц і старасць, містычнае і рэальнае.

Савецкі тэатр лялек з трох тыпаў стасункаў, якія могуць узнікаць паміж лялькай і лялькаводам, звычайна звяртаўся да формаў, калі апошні цалкам падпарадкоўваў сабе ляльку або лялькавод і лялька выступалі як партнёры. Сістэму адносін, калі лялька можа кіраваць акцёрам, а акцёр — набываць нейкія рысы і звычкі марыянеткі, на савецкай сцэне ўявіць было цяжка, а ў апошнія дзесяцігоддзі лялечнікі ўсё больш асвойваюць менавіта гэты кірунак. У выпадку «Пікавай дамы» — з містыфікацыяй і іроніяй.

Густоўнае іранізаванне з класічных твораў — з’ява ў нашай тэатральнай прасторы рэдкая. Часам нават здаецца, што крокі постмадэрнізму па планеце былі празмерна шырокімі і ён нашу тэатральную прастору пераступіў. Сваёй «Пікавай дамай» Жугжда сцвярджае адваротнае.

Пушкін пакінуў пра свой надзвычай папулярны твор дзённікавы запіс: «Мая “Пікавая дама” ў вялікай модзе. Людзі банкуюць на тройку, сямёрку і туза». Іронія і інтэртэкстуальнасць пастаноўкі гродзенцаў дазваляюць перарабіць яго ў варыянт для Алега Жугжды: «Мая “Пікавая дама” ў вялікай модзе. Лю-
дзі прыходзяць на тройку, сямёрку і туза. Атандэ!»

Алена Мальчэўская