Казка пра сумотны смех

№ 10 (355) 01.10.2012 - 01.10.2005 г

«Гора ад розуму» Аляксандра Грыбаедава

«Гора ад розуму» Аляксандра Грыбаедава

Рэжысёр Сяргей Кавальчык

Сцэнаграфія Алы Сарокінай

Касцюмы Марыі Герасімовіч

Кампазітар Павел Якубчонак

Харэограф Марына Дударава

Нацыянальны тэатр імя М.Горкага

 

 

Дзве трэці рэпертуару Нацыянальнага тэатра імя М.Горкага складаюць класічныя, акадэмічна важкія спектаклі. Апошняя прэм’ера «Гора ад розуму» папоўніла гэты шэраг. Класіка актуальная заўсёды, і рэжысёру цяжка памыліцца. Але трэба паставіць класічны твор так, як гэтага ніхто не рабіў да цябе. Падабраць да п’есы такі ключык, каб яна зайграла па-новаму, стала важнай і патрэбнай гледачу менавіта сёння. Каб мы, гледзячы на Чацкага, Скалазуба, Малчаліна, бачылі ў іх калі не сваё адлюстраванне, то хоць бы суседа-дэбашыра ці зануду-начальніка.

Зрэшты, рэчы агульнавядомыя. Але гэта ў тэорыі. На практыцы часам адбываецца нешта супрацьлеглае. Першае, што кідаецца ў вочы на пачатку спектакля, — спосаб існавання акцёраў на сцэне. Відаць, што рэжысёр імкнуўся ўзнавіць атмасферу эпохі, манеру размаўляць, жэстыкуляваць, кланяцца і гэтак далей. І сапраўды, акцёры шчыра прамаўляюць тэкст з той інтанацыяй, з якой яго трэба прамаўляць, вітаюць адзін аднаго менавіта так, як патлумачылі вітаць. Але большасць жэстаў, інтанацый выглядаюць прылепленымі, прычым даволі нягегла. Напрыклад, Малчалін (Уладзімір Глотаў), вітаючы Чацкага, кланяецца. Лагічна, што гэты паклон ён робіць кожны дзень і не адзін раз. Адпаведна, ён даведзены ў Аляксея Сцяпанавіча да аўтаматызму. Асаблівых прычын радавацца прыезду Аляксандра Андрэевіча ў яго таксама няма. Але пасля паклону ў акцёра мімаволі праслізгвае ўсмешка, выкліканая менавіта гэтым рухам. І тое — усмешка ад тэхнічна чыста зробленага элемента: не Глотава-Малчаліна, а Глотава-акцёра. Такія ляпы ёсць практычна ў кожнага выканаўцы. А самае прыкрае, што бачыш, як акцёры стараюцца выканаць пастаўленыя задачы. Як Скалазуб (Андрэй Крывецкі) намагаецца быць падобным на палкоўніка з дапамогай каманднага голасу і хады «нібы толькі з каня», а Лізанька (Алена Стацэнка) — на простую служанку з вульгарнай гутаркай сучасных правінцыйных дзявуль.

Недарэчна, калі акцёры спрабуюць найграць пачуцці, замест таго каб укласці свае эмоцыі ў герояў мінулага. Вось і бачым мы не адлюстраванні цяперашніх людзей і іх заган у тым часе, а сучаснікаў, якія гераічна спрабуюць адпавядаць чужароднаму асяродку.

Не дадае адчування пагружэння ў эпоху і сцэнаграфія спектакля (мастак Ала Сарокіна). Зялёны заднік вісіць па дыяганалі ад цэнтра сцэны да правай кулісы. На ім партрэты, гіганцкі ордэн і незразумелыя ці пагоны, ці засцежкі. У левым далёкім куце сцэны вялізныя каваныя вычварныя вароты, якія хістаюцца пры кожным адчыненні/зачыненні. У цэнтры размясціліся паўкругам невялікія грэчаскія калоны з бюстамі продкаў Фамусава. На першай калоне — выява сабачкі. У калоны ўбудаваны паліцы, а ў цэнтральнай нават утульна размясцілася печка. Некалькі кандэлябраў. Столікі, крэслы і сафа, стылізаваныя пад ХІХ стагоддзе, перамяшчаюцца па сцэне на працягу ўсёй дзеі... Пры першым позірку на дэкарацыю з’яўляецца лёгкае адчуванне, нібыта знаходзішся ў савецкім правінцыйным тэатры і на вуліцы не сённяшні дзень, а глыбокі брэжнеўскі застой. Але сцэнаграфічнае рашэнне нечакана выстрэльвае ў чацвёртым акце. Сцэна раз’езду гасцей перанесена рэжысёрам на вуліцу. Усё лішняе — калоны, кандэлябры і мэбля — знікае. Заднік ператвараецца ў борт мундзіра, незразумелыя пагоны — у гузікі, аляпаваты ордэн, што муляў вока на працягу ўсяго спектакля, займае сваё законнае месца на грудзях. Паміж параднымі варотамі і бортам бліскучага мундзіра апынаецца напаўразвалены вясковы плот. Вось ён, адваротны бок фамусаўска-скалазубаўскага жыцця, вось што сапраўды хаваецца пад вонкавым бляскам і мішурай. Толькі гніль і разруха.

Чацвёрты акт, дарэчы, найбольш арганічны. Магчыма таму, што ўсе асноўныя страсці ўжо адшумелі і дзея паволі рухаецца да развязкі, акцёраў ужо не настолькі рвуць жарсці.

Здзіўляе і трактоўка некаторых вобразаў. Скалазуб, напрыклад, — прыгажун-мужчына, палкоўнік, што сапраўды падае надзеі стаць генералам. Зусім не дэгенерат, а чалавек цвёрдых прынцыпаў, мае свае перакананні і змагаецца за іх. Назіраючы за такім Скалазубам, шчыра здзіўляешся, чаму Соф’я не жадае выходзіць за яго. Соф’я (Іна Савянкова) у гэтым спектаклі — зусім не рамантычна настроеная душа, падманутая Малчаліным. Наадварот — яна рэзкая, а часам нават агрэсіўная. Разважлівая і многае бачыць наперад. А яшчэ яна, здаецца, пераняла ў сваёй служанкі спосаб і манеру стасункаў з людзьмі. Да ног такой Соф’і проста так не ўпадзеш «чуть свет».

У кожнага дзесяцігоддзя Чацкі, як і Гамлет, свой. Ён канцэнтруе ў сабе ўсе рысы часу. Наш Чацкі (Антон Бельскі) — класічны рэзанёр. Ён проста нясе са сцэны прапісныя ісціны, афарбоўваючы іх інтанацыйнымі нюансамі.

У Грыбаедава жанр спектакля — камедыя. У праграмцы Рускага тэатра стаіць тое ж слова. На самай жа справе пастаноўка дае больш падстаў для смутку, чым для смеху. Вось і атрымліваецца — проста яшчэ адзін са спектакляў Рускага тэатра.

 Аляксандр Герман