Ціхі спектакль

№ 10 (355) 01.10.2012 - 01.10.2005 г

«Гора ад розуму» Аляксандра Грыбаедава

Рэжысёр Сяргей Кавальчык

Сцэнаграфія Алы Сарокінай

Касцюмы Марыі Герасімовіч

Кампазітар Павел Якубчонак

Харэограф Марына Дударава

Нацыянальны тэатр імя М.Горкага

Вакол кожнага новага спектакля апошнім часам узнікае ўстойлівае кола непрымання. Гэта факт, які наўрад ці нехта возьмецца аспрэчваць. Прыгадаць усеагульнае захапленне хаця б адной работай беларускіх рэжысёраў на працягу пяці апошніх год наўрад ці атрымаецца. У сувязі з адсутнасцю бясспрэчнай мастацкай падзеі. Бясспрэчнай для ўсіх — акцёраў, рэжысёраў, крытыкаў і звычайных гледачоў. З гледачамі, дарэчы, усё проста. Звычку апладзіраваць стоячы пасля заканчэння кожнага, у тым ліку шараговага, спектакля можна лічыць унікальнай, але ж яе варта прымаць як данасць. Затое пераканаць прафесіяналаў у тым, што той або іншы спектакль насамрэч варты ўвагі, вельмі складана. А часам і немагчыма. Гэтаксама звыкла пасля прэм’еры тэатральная грамадскасць адмаўляла «Гора ад розуму» ў Рускім. Сказаць: «Мне работа спадабалася» — азначала наткнуцца на іранічныя або здзіўленыя позіркі калег. Тым не менш... гэты ціхі і старанна прадуманы спектакль валодае асаблівымі якасцямі. Існуючымі па-над ягонай візуальнасцю, незалежна ад надзейна змацаванага ланцуга падзей і экспрэсіўна-маляўнічага карагоду вобразаў. Пры тым, што за кожным героем хочацца назіраць, кожнага хочацца зразумець і пашкадаваць, ад усвядомленага рэжысёрскага пасылу немагчыма схавацца. Дый увесь спектакль — нібы агаворка па Фрэйду... Ён бадай што наўпрост не выстрэльвае і выведзены за межы апантанага змагання Чацкага з вадэвільным асяродкам ды апалагетамі адыходзячай эпохі. Яму бракуе ваяўнічага і палкага пафасу. Было б дзіўна, калі б Кавальчык спрацаваў такім чынам. Алюзіі на дзень сённяшні больш асабістыя і прыхаваныя — у гэтым спектаклі наша сучаснасць спакойна і неяк ненаўмысна адбіваецца. Ключавымі робяцца словы «канфармізм» і «негерой». Думаю, усё гэта павінна быць зразумела звычайнаму чалавеку, простаму гледачу, абывацелю. Няхай сабе на падсвядомым або інтуітыўным узроўні.

Лагічны ланцужок выпростваецца нечакана, але ж з самім творам Аляксандра Грыбаедава спалучаецца. Так і хочацца нагадаць пра класічныя творы, якія ў кожнай эпосе пачынаюць гучаць па-іншаму, маюць асаблівую нюансіроўку. Дарэчы, да грыбаедаўскага слова ў спектаклі ставяцца з дастатковай павагай і піетэтам (якія, праўда, варта ўзмацніць звычайным больш гучным і ўцямным маўленнем).

Важна, што па-над шматлікімі і змястоўнымі трактоўкамі рэжысёрам накрэслена іншая жыццёвая гісторыя, якая, тым не менш, не выходзіць за межы самой інтэрпрэтацыі (і не парушае іх). У спектаклі сярод прадстаўнікоў вышэйшай касты абывацеляў — з усталяванымі законамі, рытуаламі, завядзёнкамі — увогуле адсутнічаюць героі. Тут усе гуляюць па правілах, якія з зайздроснай лёгкасцю фармулюе і ўвасабляе Фамусаў Расціслава Янкоўскага. А Чацкі ў выкананні Антона Бельскага таму і не герой, што няздатны на ўчынак. Так сабе, практыкуецца ў дасціпнасці. Часам не вельмі ўдала. Мармыча штосьці. Таму і «лодка ягонага кахання» абавязкова разаб’ецца аб побыт. А што яшчэ? Напрыканцы спектакля Чацкі літаральна сядзе ў лужыну, застанецца ляжаць пад плотам і ніякіх прагрэсіўных ідэй у масы не панясе. Ягоны кавун, сакавіты паўднёвы пачастунак для Соф’і, цягам дзеі будзе ляжаць на авансцэне. Персанажы яго нават не заўважаюць. Кавун гэты — як знак агульнай абыякавасці да ўсяго на свеце, як увасоблены «пафігізм». Маладой і хцівай Соф’і (Вераніка Пляшкевіч) проста хочацца пацалункаў, кахання і замуж. Дый астатнія персанажы — насамрэч «уроды с того света» — абмежаваныя нікчэмнасці, без усялякай надзеі на прагрэс. Яе, надзею, тупа і падсвядома на ўзроўні інстынктаў выкажа толькі Скалазуб Андрэя Крывецкага. Дый ягоная лампадка прагі здаровага сэнсу адразу згасне, Скалазуб зробіцца як усе. У гэтым, бадай што, галоўная закавыка спектакля: безнадзейная «ўсярэдненасць» усіх і кожнага, наканаваная млявасць душы.

Думаю, у шэрагу трактовак класічнага твора з’явілася яшчэ адна. Самотная па сутнасці, бо персанажы спектакля ставяць пад сумненне ўсялякі духоўны прагрэс, адмаўляюць сам дух перамен. Ёсць пра што падумаць. Разумны прыстасаванец Малчалін (Руслан Чарнецкі) абаяльна праспявае сваю арыю знаным абывацелям, якія проста зойдуцца ад задавальнення. Супраць гэтага марныя любыя аргументы. Бо моцным і багатым даспадобы адкрытая ліслівасць, прыніжэнне блізкага. У гэтых аскепках пазачасавай будзённасці прысутнічае горкі прысмак.

Рэжысёрская трактоўка дакладна і лагічна падтрымліваецца сцэнаграфіяй Алы Сарокінай і вырашэннем кожнага вобраза. З болем і жалем, але сваіх персанажаў Сяргей Кавальчык, здаецца, залюбіў да смерці. За адкрытае і непазбыўнае духоўнае рабалепства, распаўсюджанае на жыццёвым узроўні. Выснова напрошваецца адпаведная: герой нашага часу — увогуле не герой. «Заўсёды ў крыві бродзіць час, у кожнага перыяду ёсць свой від браджэння», — пісаў пра «Гора ад розуму» Юрый Тынянаў. О, эпоха, о, норавы?!

Людміла Грамыка