Гуд бай, Амерыка...

№ 9 (354) 01.09.2012 - 01.01.2005 г

2008-ы

/i/content/pi/mast/60/1028/49.jpg 
 Кірыл Ганчароў. адррыццё Амерык. 2008.
Калі на хвіліну ўявіць, што паводле нейкіх чыннікаў у фатаграфічным мастацтве няма нічога, акрамя тэмы горада, то і тады ўрбаністыка была б самадастатковай і яркай з’явай у любой нацыянальнай школе. Тэарэтыкі бясконца цытавалі б Вальтэра Беньяміна, але яго творчыя інтарэсы былі накіраваны на Парыж, Неапаль, Маскву і Берлін. Нью-Ёрк ён не даследаваў, хоць кірунак думкі для фланёра і фатографа задаў бліскуча: «Выявы — не суб’ектыўныя ўражанні, але аб’ектыўныя ўвасабленні. З’явы — будынкі, чалавечыя жэсты, прасторавыя 
рашэнні — “прачытваюцца” як мова, у якой гістарычна зменлівая 
праўда (а таксама праўда гістарычнай зменлівасці) знаходзіць сваё пэўнае выяўленне, а сацыяльны лад горада пачынае набываць выразныя контуры ў межах успрынятага досведу» (Сьюзан Бак-Морс. Біяграфія думкі. «Passagen-werk» Вальтэра Беньяміна).

Паважаючы вышэйшы пілатаж нямецкага філосафа, я ўсё ж лічу, што Ян Булгак 
і яго Вільня бліжэй беларускаму сэрцу. І цяпер, на новым вітку развіцця візуальных мастацтваў, цалкам можна было б зрабіць «фатаграфічную інвентарызацыю архітэктурных помнікаў Вільні, суседніх раёнаў» сучасным праектам. Тым больш што гарадскім фатографам Вільні Булгак стаў па рэкамендацыі мастака і мастацтвазнаўца Фердынанда Рушчыца.

І гэта толькі знакавыя імёны. Хоць традыцыі ўрбаністыкі ў сусветнай фатаграфіі, і ў беларускай у прыватнасці, укаранёныя даўно і трывала.

Кірыл Ганчароў, чыё адкрыццё Нью-Ёрка стала «Адкрыццём Амерык» для мінскай публікі (2008), працуе ў гэтым жанры вельмі плённа: Мінск таксама стаў прадметам яго вывучэння, прычым дыялог фатографа з горадам вытрыманы ў ясным і лаканічным аўтарскім стылі.

Як правіла, сучасная ўрбаністычная фатаграфія асацыюецца з рэфлексіяй з нагоды магутнай індустрыяльнай цывілізацыі і цэлага комплексу праблем мегаполіса. У нашым выпадку гэта не так: паглыбляючыся ў жыццёвыя варункі вялікага горада, Ганчарову ўдаецца супрацьстаяць сацыяльным, палітычным і іншым жорсткім рэаліям, фіксуючы культуру мегаполіса як вядомае мікраасяроддзе, блізкае гледачу нават у іншым канцы планеты. Збольшага гэту нечаканую блізкасць фатограф тлумачыць такім чынам: першы раз, у дзяцінстве, ён адкрыў Амерыку Джэка Лондана і Марка Твэна; у юнацтве гэта было адкрыццё Амерыкі джаза, блюза і рок-н-ролу; а яшчэ было адкрыццё Галівуда. Усё разам склалася ў асабісты досвед паглыблення ў амерыканскі кантэкст і мастацкай інтэрпрэтацыі апошняга.

Падобна, што фатаграфічнае і сапраўднае, не апасродкаванае ў іншых відах мастацтва адкрыццё Ганчарова складалася ў актыўным засваенні ім новай прасторы — таго згустка руху, энергіі і адмысловай эстэтыкі, у якой увасоблена аб’ектыўная рэальнасць. Рэальнасць кожнага дня, прычым рух у кадрах Ганчарова сапраўды прысутнічае: гэта сюжэты з мастамі, аўтамабілямі, набярэжнымі, чыгункай і нават карэтай. Але не парадная форма вазка, якая расчуліла б турыста, а спакойная постаць у старамодным кацялку, знятая ў контражуры на фоне хмарачосаў, цікавіць фатографа. Яго стыль — высакародная геаметрыя гарадскіх аб’ёмаў, завершаны малюнак святла і ценю, вольны ад лішніх падрабязнасцей і мітусні. Фатограф не імкнецца сабраць у здымку як мага больш аб’ектаў і эмоцый, але кадр не становіцца ад гэтага менш ёмістым. Наадварот, гэта вельмі ўзважаны кадр — фатографу асабліва ўдаецца збалансаваная «карцінка», вычышчаная форма, натуральная і інтэлектуальная адначасова. Як правіла, у яго няма нават праславутых гарадскіх знакаў, якія вельмі часта выручаюць фатографа, ствараючы нейкі вобраз, — а насамрэч гэта штамп, даніна стэрэатыпам успрымання. У гледача ж ёсць уласныя краявідныя клішэ таго ж Парыжа ці Берліна, і ім нескладана адпавядаць. Вось мы і вярнуліся да Беньяміна!

Але Кірыл Ганчароў, вядома, ідзе іншым шляхам. У яго ёсць свая візуальная мова, якой фатограф распавядае не толькі пра Амерыку, але і пра еўрапейскія гарады. Яго ўрбаністыка па-добраму пазнавальная.

Любоў Гаўрылюк