Старонкі чэшскага дзённіка

№ 9 (354) 01.09.2012 - 01.01.2005 г

Творчыя сустрэчы

/i/content/pi/mast/60/1019/13.jpg

Кафэ «Мюлер». Алей. 2012.

У Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва прайшла выстаўка твораў двух маладых чэшскіх аўтараў — Онджэя Алівы і Томаша Ціхага. Кожны з іх зрабіў першыя крокі ў мастацтве — як у сябе на радзіме, у Чэхіі, так і за яе межамі. Онджэй Аліва — скульптар, іранічныя аб’екты якога ўтрымліваюць зерне правакацыі, яны патрабуюць дасведчанага разглядвання. Жывапіс Томаша Ціхага спалучае выявы рэальнага і іх трансфармацыю ў выніку руху ўяўных назіральнікаў ці імклівага развіцця ўвасобленых падзей. Выява набывае складаны падтэкст і апелюе да ўяўлення гледача.

Уласнымі творамі яны сказалі сваё ўпэўненае слова, а цяпер гатовы падзяліцца з намі думкамі і ўражаннямі...

Раскажыце крыху пра сябе... Дзе вы вучыліся і працуеце?

Tомаш Ціхы: Жыву і працую ў Празе. Год таму скончыў вучобу ў пражскай Акадэміі выяўленчых мастацтваў і сёлета паступіў у аспірантуру. У 2009 годзе я атрымліваў стыпендыю ў Бельгіі. На працягу апошняга часу выстаўляў свае працы ў многіх галерэях, галоўным чынам у Чэхіі.

Онджэй Аліва: Я таксама з Чэхіі і скончыў тую ж Акадэмію ў студыі вельмі вядомага скульптара і мастака Яраслава Рона. Жыву ў Празе і Маравіі — частцы Чэхіі, дзе знаходзіцца мая студыя, у якой праводжу шмат часу. Я браў удзел у многіх групавых выстаўках, меў некалькі персанальных.

Ці патрэбна сучаснаму мастаку такая грунтоўная адукацыя, каб дасягнуць поспеху? Або значэнне набываюць іншыя чыннікі?

Tомаш Ціхы: Мяркую, што працэс навучання сапраўды неабходны. На працягу гэтага перыяду творца павінен паспрабаваць знайсці свой уласны шлях і мастацкую мову, стаць здольным праводзіць эксперыменты і пашырыць погляд на мастацтва.

Якія вашы ўражанні ад Мінска? Ці была для вас нечаканай прапанова паўдзельнічаць у выставе ў Беларусі? Як часта вы ўдзельнічаеце 
ў міжнародных праектах?

Tомаш Ціхы: Выстаўка ў Беларусі стала для мяне сур’ёзным досведам. Работнікі музея былі вельмі добразычлівыя, таму праца над экспазіцыяй і мантаж прайшлі лёгка. Мы таксама былі задаволеныя рэакцыяй медыя і PR.

Онджэй Аліва: Для мяне паказ маіх работ у Мінску стаў сапраўдным выклікам, таму што год таму тут выстаўляўся мой бацька. Наша экспазіцыя рэалізавалася пры падтрымцы чэшскай амбасады ў Беларусі, якая некалькі месяцаў таму, у сакавіку гэтага года, таксама падтрымала выстаўку мастакоў Беларусі ў чэшскім парламенце. Я бачыў яе, і яна мяне ўразіла. Захапіла дасканаласць прапрацоўкі формы, валоданне рамяством і рэалістычным майстэрствам беларускіх мастакоў. Усё гэта практычна знікла ў канцэптуальных тэндэнцыях часу.

Калі казаць пра міжнародныя праекты, то я планую адну або дзве выстаўкі па-за межамі Чэхіі. У мінулым годзе ў мяне былі прэзентацыі ў Турцыі і ў адным з замкаў Венгрыі.

Раскажыце пра вашы працы, у тым ліку прадстаўленыя на выставе. Якія са сваіх твораў вы лічыце найбольш удалымі?

Томаш Ціхы: Для Музея сучаснага выяўленчага мастацтва я падрыхтаваў новую серыю жывапісу. У некаторых карцінах увасабляюцца ўспаміны, прадметы і людзі, якіх часта сустракаю ў горадзе. Выкарыстоўваю гэтыя аб’екты як сімвалы сучаснай культуры, сацыяльных стасункаў і праблем. З любімых маіх твораў, прадстаўленых на выставе, — «Кафэ "Мюлер"». Гэта адлюстраванне чалавечага страху перад вайной.

«Кафэ "Мюлер"» — вядомы сучасны балет нямецкага харэографа Піны Баўш. Дзеянне спектакля адбываецца ў пустым кафэ, дзе людзі, якія страцілі надзею, выказваюць свой унутраны свет, перажыванні і страхі праз танец і пластыку цела. Ці праводзіш ты нейкія паралелі?

Томаш Ціхы: Я напісаў «Кафэ "Мюлер"» як адзін з матэрыялізаваных страхаў магчымага краху заходняга грамадства. З балета я запазычваў толькі самую агульную ідэю. Інтэр’ер і ўсё астатняе — гэта камбінацыя фатаграфій паркоўкі перад маёй студыяй і фантазіі.

Онджэй Аліва: У Мінску я паказаў сем скульптур і аб’ектаў, некаторыя з іх былі зроблены падчас навучання ў Акадэміі. «Забаронены плод» і «Відэльцы» (маленькія) — частка маёй дыпломнай работы, якая была выстаўлена ў Нацыянальнай галерэі ў Празе. Тэмай была кухня гурмана і яе эстэтыка. Мае самыя любімыя працы — «Забаронены плод» і вялікі трохметровы аб’ект «Агрэсіўная пазіцыя». Мне падабаецца іх тэхналагічная інтэнсіўнасць.

У сваіх творах вы звяртаецеся да штодзённасці, фіксуеце яе тым ці іншым спосабам: Томаш — увасабляе ўнутранае жыццё Прагі ў жывапісе, Онджей — выкарыстоўвае вобразы звычайных прадметаў у скульптуры. Гэта цалкам адпавядае патрабаванням часу, сучасным тэндэнцыям у мастацтве. Чаму вас цікавіць менавіта штодзённасць?

Томаш Ціхы: Пытанні прыгажосці і эстэтыкі ўсё яшчэ важныя для мяне, але змест мае такое ж істотнае значэнне. Вы думаеце пра форму выказвання і напаўненне, падхопліваеце рэчы, якія бачыце кожны дзень (у паўсядзённым жыцці, газетах, інтэрнэце, медыя). Увогуле, я не сачу за сучаснымі тэндэнцыямі ў мастацтве, таму што калі вы хочаце быць рэальным і перспектыўным, вы павінны пачаць з уласнага мыслення.

Онджэй Аліва: Я імкнуся ствараць візуальна цікавыя і прывабныя аб’екты, якія прачытваюцца нават пры павярхоўным праглядзе. Менавіта таму вялікая частка маіх тэм узята са штодзённага жыцця: чалавек можа лёгка спраецыраваць іх у яго/яе ўласны досвед і стандарты.

У аснове тваіх скульптур ляжыць мастацкі імпэт ці аналітычная праца?

Онджэй Аліва: Падчас працы над скульптурай або аб’ектам патрэбна здзейсніць даволі складаныя тэхналагічныя працэдуры, таму я павінен думаць аналітычна і быць дакладным.

Да ўзроўню майстэрства якіх творцаў вы імкняцеся? Хто падабаецца?

Томаш Ціхы: Некаторыя людзі казалі мне, што мае карціны падобныя на творы Герхарда Рыхтара. Мне вельмі падабаецца Рыхтар, але я ведаю, што я пішу свае творы інакш. Мой стыль яшчэ фармуецца і развіваецца. Калі вы хочаце даведацца пра імёны мастакоў, якія ўплываюць на мяне або якія мне падабаюцца, назаву Рыхтара, Бэкана, Рэмбранта, Купку, Дыкса, Гою, Берніні і многіх іншых. Кожны па-рознаму і ў розны час.

Онджэй Аліва: Мяне натхняюць самыя розныя мастакі. Найбольш — работы Аніша Капура.

Якія планы на бліжэйшую будучыню?

Томаш Ціхы: Зараз я рыхтуюся да дзвюх выставак, якія прызначаны на лістапад. Адной з іх адчыняецца новая галерэя ў цэнтры Прагі, а другая пройдзе ў горадзе Аламоўц, таксама ў Чэхіі.

Онджэй Аліва: Я і мае калегі заканчваем велізарны пяціметровы аб’ект, таксама я працую над уласнымі творамі. Ёсць некаторыя ідэі і эскізы новых праектаў, якія ў бліжэйшай будучыні хацелася б рэалізаваць. І, я спадзяюся, у мяне будзе час для сёрфінгу ў Францыі ў канцы верасня.

Дзякуй за гутарку і за выставу!