Ад міфа да логасу

№ 9 (354) 01.09.2012 - 01.01.2005 г

Фантастычная рэальнасць Ракеша Бані

/i/content/pi/mast/60/1017/9.jpg

Метамарфозы. Афорт, акватынта. 2011.

У Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адбылася персанальная выстава індыйскага творцы Ракеша Бані.

Мастацкаму вобразнаму свету ў індыйскай культуры ўласцівы зварот да міфа, містыка і архетыповасць. Ракеш Бані — графік, які ў кантэксце сучаснага сінтэзуе традыцыйнае і адначасова — наватарскія асаблівасці формаўтварэння. Адна з прычын таго — выдатная адукацыя і незвычайная працаздольнасць. Ракеш Бані нарадзіўся ў цэнтральнай частцы Індыі. У 1998 годзе атрымаў ступень бакалаўра, а праз два гады — магістра. Зараз Ракеш з’яўляецца дацэнтам і выкладчыкам графічнага мастацтва на факультэце выяўленчых мастацтваў ва ўніверсітэце Курукшэтры (Індыя). Ён прымаў удзел у шматлікіх семінарах і стажыроўках, што дазволіла яму даследаваць розныя аспекты друку каляровага афорта.

Складаныя сімвалічныя вобразы Бані належаць свету фантазій, сноў, ірэальнасці. Яго пластыка экспрэсіўная і эмацыянальная: «Я імкнуся ўдыхнуць жыццё ў мае работы, выказаўшы смутак, радасць і гнеў». Галоўным прынцыпам творчасці Ракеша з’яўляецца пачуццёвы свет уяўленняў. У яго афортах можна ўбачыць напышлівыя чалавечыя фігуры з крыламі страказы, матылькоў і анёлаў. Гэтыя вобразы навяваюць успаміны аб магічных часах і дапамагаюць усвядоміць, што ў свеце існуе толькі бачная, ілюзорная рэальнасць. Мастак ілюструе тонкую сувязь з рытуалам, духоўным мінулым індыйскай культуры, паказвае шлях ад міфа да логасу.

Разнастайнасць структур і сэнсаў у работах гэтага мастака вынікае з адметных знакаў-сімвалаў: сланечнік увасабляе жыццё, вяроўкі, працягнутыя скрозь скуру, — вобраз разрываў і пустэчы, а таксама — чалавек у яго сувязі з прыродай. Бані імкнецца адлюстраваць рэфлексію змяненняў. У рабоце «Метамарфозы-VII» чалавечыя постаці набываюць паветранасць за кошт пераўтварэнняў у страказу — сімвал лёгкасці, грацыёзнасці і хуткасці. А матылёк атаясамліваецца з неўміручасцю, адраджэннем, аднаўленнем нашых пачуццяў. Твор (даўжыня яго складае амаль два метры) умоўна можна падзяліць на дзве часткі: зямное, штодзённае размяшчаецца ўнізе і мае глыбокі зялёны колер, а пачуццёвы свет утварае нябесная прастора ў верхняй частцы, дзе існуе сам чалавек. Гэта адна з самых значных работ Бані, якая засведчвае яго разуменне сэнсу жыцця, асэнсаванне месца чалавека ў прасторы і часе.

Італьянскі куратар Вероніка Лонга праводзіць паралель паміж назвамі работ Ракеша Бані і іх унутраным зместам: «Успаміны», «Кліч мінулага», «Вобразы падсвядомасці», «Краіна мары», «Жыццё», «Прырода». Творы развіваюцца паводле пэўнай цыклічнасці, што спрыяе ўзбагачэнню мастацкага вобраза.

Бані сумяшчае супрацьлеглае: жыццё і смерць, рэальнасць і сны. У рабоце «Мінулае» прадстаўлены своеасаблівы кругазварот існавання. Мужчына і жанчына на пярэднім плане знаходзяцца ў рэальным свеце, а задні будуецца з фрагментаў мінулага. Гэта паслойная выява ў вохрыста-блакітных адценнях, дзе падаючая фігура сімвалізуе пабудову цыкла з пачатку. Такім чынам аўтар паказвае і вызначае таемныя сувязі часу.

Выкарыстоўваючы некалькі афортных формаў, Ракеш Бані стварае складаныя каляровыя і танальныя пераходы, запаўняе прастору паветрам. Падобны эфект дасягаецца за кошт маштабнасці друкаванага аркуша, які, як мазаіка, скрупулёзна выбудоўваецца. У сваёй творчасці Бані ўжывае не толькі традыцыйныя тэхнікі траўлення, але працуе і з іншымі спосабамі друку: літаграфія, шаўкаграфія, манатыпія... У сваіх эксперыментах ён спалучае некалькі тэхнічных прыёмаў, якія ствараюць аксамітны эфект свежасці і прыгажосці.

Экслібрысы Ракеша Бані выяўляюць страх і ўнутраны холад чалавечага светаўспрымання. Мастаку ўласціва адчуванне трывожнасці. Ён спрабуе перадаць стан чалавека, спазнаць унутраную глыбіню яго перажыванняў, выявіць падсвядомасць і ўтоеныя эмоцыі. Гэта сюррэалістычнае мастацкае мысленне, дзе праз фантастычныя вобразы адлюстроўваецца сусвет у яго трансфармацыі.

 Кацярына Зубрэвіч