Уладар драўлянага народа

№ 9 (354) 01.09.2012 - 01.01.2005 г

Тастамент Мікалая Тарасюка

Пасярод Раю стаіць дрэва, 
стаіць дрэва купаросавае.

Як на том дрэве пцічкі райскія, 
галасочкі ў іх серафімскія.

Галасочкі ў іх серафімскія, 
пяюць песні яны херувімскія.

Ой, у нашым раю жыць весела, 
жыць весела, толькі некаму...

«Тры янгалы», этна-трыа «Троіца»

Музей сучаснага выяўленчага мастацтва зрабіў нечаканы падарунак 
жыхарам сталіцы — магчымасць убачыць «калекцыі» Мікалая Тарасюка. Праславутыя «народнасць» і «духоўнасць» так і просяцца на кончык языка — гучалі гэтыя штампы і на ўрачыстым адкрыцці экспазіцыі, галоўным экспанатам якой стаў сам майстар — сёлета Мікалаю Васільевічу споўнілася 80 год, і ён прыехаў у Мінск з вёскі Стойлы, каб удзельнічаць у адкрыцці сваёй першай персанальнай сталічнай выставы «Страчаны рай».

Класік беларускай інсіты Мікалай Тарасюк самастойна апрацоўвае зямлю, трымае каня, індыкоў, качак і гусей, а замест каровы гадуе чарапаху Гультая. Адзіны жыхар і гаспадар Стойлаў не самотны — ён валадарыць драўляным народам, кіруе працоўнай драўлянай арміяй, салдаты якой моўчкі аруць, сеюць, барануюць, косяць, жнуць, малоцяць, прадуць, ткуць і росцяць дзяцей.

Мастацтвазнаўца Вольга Лабачэўская параўноўвае Тарасюка з дэміургам, які стварае свой драўляны сусвет і ўдыхае ў яго жыццё, а «дзеравянкі», што насяляюць гэты сусвет, — з фігуркамі рабоў у грабніцы егіпецкага фараона, якія былі прызваны ўвасабляць не пэўную асобу, а толькі яе функцыю. Кожны прадстаўнік «драўлянага люду» пазбаўлены персаніфікаваных рыс, асаблівасцей характару — галоўнае для майстра не падкрэсліць індывідуальнасць асобы селяніна, але распавесці пра калектыўную працу, грамаду, на якой трымалася беларуская вёска.

«Перш чым рабіць работу якую, то мне трэба падумаць. Адразу тэкст знайсці гэтай работы, каб коратка і правільна было.» Тэкст, пра які кажа Мікалай Васільевіч, — своеасаблівы невялічкі сцэнарый, паводле якога нараджаюцца «калекцыі», — робіцца анатацыяй ужо гатовай кампазіцыі. Галоўныя інструменты майстра — «нож, тапорчык і пілачка». «Драўляны народ» выразаецца з вербалозавых цурак даўжынёю 20-25 сантыметраў, а для фігурак жывёлін Тарасюк выкарыстоўвае дрэва большага дыяметра — вяз ці вольху. Спачатку Мікалай Васільевіч апрацоўвае цурку сякерай, потым нажом выразае галаву і цела, а пасля робіць з асобных кавалкаў дрэва рухомыя ручкі і ножкі, якія прымацоўвае да фігуркі цвікамі. Апошнія штрыхі — «навядзенне прыгажосці», афарбоўка: валоссе і вусы — у чорны ды шэры, для жанчын — рознакаляровыя яркія спадніцы ды кофтачкі, для мужчын — больш стрыманыя адценні сіняга, шэрага, чорнага, карычневага. Буянне фарбаў — на вяселлі. Ружовыя і белыя, з цікавымі ўзорамі, сукні ды кашулі, фантастычныя галаўныя ўборы нявест, багата прыбраныя вясельныя вазкі... «Дзеравянкі» Тарасюк замацоўвае на падстаўках-рашотках, сплеценых з лазы, — прычым не прыбівае цвікамі, а «прывязвае іголкай», каб фігуркі не расколваліся.

«Мой драўляны народ іспалнімы... Вельмі справядлівы народ у мяне драўляны, не хуліганскі... Я як зайду — цішыня, толькі працуюць і не плачуць», — у дакументальнай стужцы Рымвіда Блашчыка «Гаспадар» Мікалай Васільевіч з задавальненнем абыходзіць свой уласнаручна пабудаваны музей «Успаміны Бацькаўшчыны» — шыкоўную славутасць Стойлаў, пра якую ведае ці не ўвесь свет. Тут захоўваецца каля трохсот драўляных «калекцый» — кампазіцый на тэмы беларускага сялянскага побыту, а колькасць «дзеравянак», жыццё якім далі нож і фарбы Тарасюка, сягае за паўтары тысячы. Наведвальнікі Музея сучаснага выяўленчага мастацтва пабачылі толькі некаторыя з іх.

Як і ў стойліцкіх «Успамінах Бацькаўшчыны», на ўваходзе ў МСМ гледачоў сустракала драўляная нявеста Тарасюка — весялуха Маруська («А ёсць у мяне вось такая жоначка. Я яе пацалую, патанцую з ёй, яна мне на нагу наступіць, я яе адшлёпаю — ну, не плач, не плач, Маруська ты мая, ах ты!»). Вялікая, у чалавечы рост, лялька ў вясельным строі, са шлюбным вянцом у валасах, а на нагах — сапраўдныя чырвоныя боцікі.

У «калекцыях» на бытавую сялянскую тэму («Пачакай, гаспадар, я Богу памалюся», «Навіўка на кросны», «Каля хаты») майстар робіць акцэнт на супольнасці, сумеснасці працы мужа і жонкі, на ўзаемаразуменні, якое гаспадарыць у сям’і: усё разам, заўсёды побач — насіць сена, ткаць, нават даіць кароўку, а выпраўляючы гаспадара ў падарожжа (пэўна, на кірмаш), — абавязкова перахрысціць, каб апекаваліся ім вышэйшыя сілы.

Мноства кампазіцый Тарасюка прысвечана вяселлю («Едзе вяселле», «Вянчанне», «Вяселле. Вынас каравая»), якое ён лічыць галоўнай кропкай адліку ў жыцці селяніна — яно надае сэнс працы чалавека на зямлі, робіць яго незалежным гаспадаром. Майстру падабаюцца маленькія дэталі, праз якія «калекцыя» становіцца максімальна рэалістычнай. У працы «Гарачая любоў на халодным вяселлі» маладыя едуць не на запражной павозцы, а на даху аўтамабіля, і калі ўглядзецца ў яго акенца, можна заўважыць руль і сядзенні. У «калекцыі» «Званіца» не адразу заўважаеш вусатага званара, які прытаіўся пад самым купалам. Каб падрабязна ўвасобіць вянчанне ў кампазіцыі «Царква. Вяселле», дзе «бацюшка бласлаўляе маладых на жыццё чалавечаскае, выпраўляе ў слаўную жытнюю дарожку», майстар будуе царкву — своеасаблівы лялечны домік са здымнай накрыўкай: паназіраць за абрадам можна праз акенцы, а можна прыбраць утыканы крыжамі купал будынка і сачыць за вянчаннем зверху — як Гасподзь. Госці, жаніх і нявеста, святар — усе заняты сваёй справай, на распяцці — бязвусы і безбароды Ісус. Майстра не хвалюе, што яго героі павернуты да гледачоў спінамі, — уважлівы чалавек сам захоча абысці «калекцыю» з усіх бакоў, калі трэба — прысядзе на кукішкі і будзе пільна вывучаць узоры на вопратцы, вянчальныя кароны, якія трымаюць над жаніхом і нявестай, свечкі ў іх руках і г.д.

Творы інсітнага мастацтва звычайна адлюстроўваюць тое, што добра вядома іх аўтару, што ён бачыў на свае вочы, — так, сам Тарасюк кажа, што яго работы — выяўленыя ўспаміны. Хрысціянскія «калекцыі» майстра («Ісус у пустыні», «Распяцце», «Ісус Хрыстос на пакуце») відавочна выбіваюцца з гэтай канцэпцыі, але кранаюць не менш, ствараючы моцную метафару тугі, адзіноты, неразумення. Творы на рэлігійную тэму Тарасюк пачаў рабіць толькі ў апошнія гады, у розных інтэрв’ю ён падкрэсліваў: «Я размаўляю з Богам. Бог размаўляе са мною. Бог сказаў мне, што я павінен выявіць, як здзекаваліся над Ісусам, над нашым царкоўным славянскім прыслужваннем, як рэзалі крыжы, ламалі купалы. Бог кажа, а я слухаю». Ёсць у працах Тарасюка штосьці ад рэтабла (у сучаснай Лацінскай Амерыцы retablos — гэта выкананыя самімі прыхаджанамі ілюстрацыі бытавых гісторый пра тое, як дапамог той ці іншы святы, прычым не заўсёды кананізаваны. Рэтабла наіўныя і шчырыя, намаляваны яркімі фарбамі, іх сюжэт вельмі канцэнтравана пераказваецца ў словах удзячнасці). Сюжэты і ўвасабленні Мікалая Васільевіча таксама нельга назваць кананічнымі, ён зноў выкарыстоўвае шмат незвычайных дэталей (напрыклад, Ісус не прыбіты да крыжа, а прывязаны, яго набедраная павязка — чырвонага колеру ў белы гарошак (яшчэ ў адной кампазіцыі на ім пяшчотна-блакітныя шорцікі), на тварах анёлаў, што трымаюць рукі Ісуса, ёсць толькі вочы і насы, ля падножжа ўзгорка, на якім стаіць крыж, ляжаць маленечкія піла і сякерка, а д’яблы, якія катуюць Ісуса, маюць па адным, па два і нават па тры рогі — у залежнасці ад іх д’ябальскага чыну). Але нягледзячы на яркія фарбы і дэталі, «калекцыі» прасякнуты адчаем, разгубленасцю і пачуццём безнадзейнасці.

«...Як ішлі на сенакос, з граблямі, як ішлі на балота, песні спявалі. А скажыце, дарагія госці, дзе тыя нашы песні падзеліся? У мяне ёсць дзеці, унукі ў розных гарадах. Я езджу на вяселлі, на хрэсьбіны. І толькі заспяваеш на вуліцы, у цябе адразу рукі ў кайданах. Я не магу ісці па горадзе — плачу», — сумуе майстар. Натура Мікалая Васільевіча — вельмі эмацыйная, ён радуецца і смяецца (і гэтак жа лёгка можа пусціць чуллівую слязу), танчыць і спявае, не саромеючыся вялікай незнаёмай аўдыторыі. У экспазіцыйнай зале вылучаліся фантазійныя капелюшы — кароны з пер’ем, стужкамі, касічкамі і пляценнем, якія так падыходзяць уладару драўлянага народа: ён надзявае іх, калі прывячае гасцей у сваім музеі. На сплеценых з лазы балалайцы і скрыпцы, упрыгожаных фігуркамі дзяўчат і музыкантаў, можна сыграць — гэта сапраўдныя інструменты са струнамі і смыком... Але чамусьці побач з імі знаходзілася адна з самых вострасацыяльных і палітычных «калекцый» Тарасюка — «Як раскулачвалі мужыка», дзе разгубленая гаспадыня і збянтэжаны гаспадар сочаць, як людзі ў сініх з чырвонымі стужкамі фуражках выводзяць са стойла каня, выносяць з двара барану і саху. Ад гэтай працы пачынаецца адлік кампазіцый, прысвечаных, па словах Тарасюка, «сабатажу драўлянага народа».

Калектывізацыя, ціск чыноўнікаў, п’янства паступова разбуралі традыцыйны сялянскі ўклад. Алкагалізм — адна з самых балючых для мастака тэм. Не сакрэт, што надзвычай хутка вымірае сучасная вёска, што цяжка знайсці ў ёй зараз мужыка хоць бы сярэдняга ўзросту — у асноўным, жывуць там жанчыны сталага веку. І адна з галоўных прычын таму — выпіўка. Яскравыя назвы (нават не назвы — маленькія аповеды на некалькі слоў) — «Мужык памёр ля самагоннага апарата», «Эх, праклятая басота, кідай піць гарэлку!», «Гэй, бабка, алкаголь — не мамка!» — кажуць самі за сябе. Антыалкагольныя «калекцыі» чаргуюцца з мініяцюрамі, прысвечанымі звычайнай штодзённай працы («За плугам», «З сенакосу», «За матавілам», «Распілоўка дрэў»), раптам узнікаюць пранізлівыя «Хаўтуры» і сумная старэчая «Па свеце з торбаю пойдзем» (увогуле — узнікае шмат пытанняў да логікі расстаноўкі кампазіцый у Музеі сучаснага мастацтва). Іранічныя ноты гучаць у «калекцыях» пра «гарбатага і пузатага»: галоўным ворагам селяніна за савецкім часам сталі не пузатыя пан і аканом, а чыноўнік у гарнітуры ды капелюшы, які нетаропка рапартуе з трыбуны, чапляючы яе пузам, а мужык тым часам гне спіну ў полі, зарабляючы «палачкі»-працадні.

«...Я рабіў, каб унукі не забылі, як мы можам жыць толькі з гэтай сялянскай працы... Камп’ютары не накормяць наш народ. Трэба хлеб, трэба работа, трэба сумленнасць на зямлі... Сялянства наш мужык не заслугоўвае... А цяпер моладзь ходзіць, тую сумачку возьме на плячо і ходзіць паўголая. Шукае сабе хлеб, шукае сабе абарону жыцця...» — цалкам зразумелае жаданне старога чалавека пакінуць «маладому народу» своеасаблівы драўляны тастамент. Але выцвітаюць фарбы, у плеценых рашотках захрасае пясок, павуцінне ахутвае драўляныя купалы... «Дзеравянкі» Тарасюка разыгрываюць сцэны са страчанага вясковага раю, дзе «жыць весела... толькі некаму»...

Алена Каваленка