Пра любоў да цішыні

№ 8 (353) 01.08.2012 - 31.08.2012 г

2007-ы

 /i/content/pi/mast/59/1011/49.jpg

Сяргей Ждановіч. Захоўваючы маўчанне. 2007.

У красавіку 2007 года Сяргей Ждановіч прадставіў адну са сваіх першых персанальных фатаграфічных выстаў — «Захоўваючы маўчанне». Экспазіцыя ў галерэі «Nova» аказалася вельмі вытанчанай і класічна строгай. Анёлы, вешчуны і іншыя персанажы архітэктурнага аблічча Вроцлава і Любліна захоўвалі каларыт гарадоў, іх культурнай спадчыны, неслі адчуванне піетэту перад некранутай гісторыяй. Барэльефы, фрагменты ляпніны, празмернасці дэкору ў рамках кожнага кадра былі сабраны дакладна, святло ювелірна працавала з фактурай каменя. 
Здавалася, што ўсе драпінкі, усе трэшчынкі ў гэтай візуальнай тканіне — ні многа, ні мала — баляванне духу і ўзнёслая асалода. Быццам бы ўсё зразумела, усё лёгка ўкладваецца ў прадказальны «культурны» кантэкст.

 Так, адпачываючы ў добрым месцы, няспешна гуляючы па незнаёмых вуліцах, паміж кавярняй і кнігарняй мы ўзнімаем позірк і знаходзім цікавыя капітэлькі, незвычайныя атыкі ці мілага каменнага монстрыка дзе-небудзь на карнізе. Але гэта дылетанты падымаюць вочы калі-нікалі. У фатографа, які валодае сучасным мастацкім зрокам і канцэптуальным мысленнем, погляд і стаўленне да бяздзейных шпацыраў іншыя.

Фатаграфіі Сяргея Ждановіча належаць да такога роду здымкаў, якія пры вонкавай адназначнасці пакідаюць гледачу магчымасць розных інтэрпрэтацый.

Пры блізкім разглядзе ўжо назва серыі — «Захоўваючы маўчанне» — выявіла пэўную дваістасць, бо фатаграфія па вызначэнні невербальны від мастацтва, а тут яшчэ архітэктура — «застылая музыка»; словам, нам прапанавалася двойчы маўчанне. Чаму?

Куратар выставы Дзмітрый Кароль паглыбіўся ў тэарэтычнае абгрунтаванне серыі: «Вызначэнні, з якіх вынікае стаўленне да фатаграфічнага зместу праекта: “не жывое і не мёртвае”, “відавочнае і ў той жа час утоенае”, “блізкае і недаступнае”, — складаюцца ў контур загадкі, якую варта хутчэй не разгадваць, а перажываць».

З цягам часу становіцца больш зразумелай яшчэ адна тэма, якую закрануў куратар. Некаторыя артэфакты серыі наўпрост злучаны з рэлігійнай традыцыяй, і захоўваць маўчанне ў гэтым кантэксце, магчыма, значна больш натуральна, чым прамаўляць. Напачатку гэты пасыл успрымаўся вельмі ўмоўна, нават фармальна. Але прайшло некалькі гадоў, і стала зразумела, што аб’екты фатографа знаходзяцца ў асаблівых гарадах і іх не самых звычайных гістарычных цэнтрах. Дамінантамі там былі і, на шчасце, застаюцца храмы — тыя, што на першым плане або далей, навідавоку або на ўскраіне, і гэта сапраўды асаблівая атмасфера, надзвычай адчувальная ў кадры. Можа быць, менавіта гэты бок фатаграфічнага паведамлення выклікаў такі моцны рэзананс у гледача.

Маўклівае рэлігійнае пачуццё, бязгучны і прамы зварот да Тварца надаюць скульптурным выявам дадатковую якасць — яны становяцца сведкамі нашых утоеных намераў і планаў, што патрабуюць падтрымкі ці прабачэння вышэйшых сіл.

Нездарма серыю «Захоўваючы маўчанне» Сяргей Ждановіч паказаў у 2008 годзе ў Чырвоным касцёле — у праекце «Польскі дзённік», сумесна з Алегам Пятровым.

Немата выяў, як і адсутнасць пазнак, дзе і што менавіта знята, аб’ядноўвае адбіткі ў адзінае цэлае, у працяглы шэраг твараў. Гэта таксама асобны дыскурс у філасофіі і мастацтве — твар: твар чалавека, у якім счытваюцца пэўныя рысы, і твар, які не належыць чалавеку і валодае іншым прыцягненнем. Паводле канцэпцыі серыі, усе яны нямыя — і глядач да такой ступені знаходзіцца ў палоне іх таямніцы, што разглядае здымкі амаль заўсёды моўчкі.

Зноў-такі з часам, у думках вяртаючыся да серыі 2007 года, аднаўляеш гэту тэму цішыні як нейкі полюс, процілеглы бясконцаму інфармацыйнаму шуму, балбатні і пустаслоўю. А ніхто і не адмаўляў, што цішыня — мяжа асабістай прасторы, неабходная ўмова для погляду, звернутага ўнутр, і наогул — выратаванне. Проста фатаграфія яшчэ раз нагадвае пра гэта.

Любоў Гаўрылюк