Мёд і лёд

№ 8 (353) 01.08.2012 - 31.08.2012 г

Сімпозіум шкла

/i/content/pi/mast/59/1003/21.jpg

Івета Брэнце (Латвія). Гульня. Шкло, гута. 2010.

Выстава «Нёманская хваля», што складалася з работ, выкананых на першым у Беларусі Міжнародным шкловыдзі-мальным сімпозіуме, — вынік працы з «жывым» шклом на гуце шклозавода «Нёман», які прадставіў сваю тэхнічную базу і майстроў больш чым 20 мастакам з Беларусі, Літвы, Латвіі, Венгрыі і Расіі. Мерапрыемства адбылося ўвосень 2010 года пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі і Саюза мастакоў, выстава па выніках сімпозіума праходзіла ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва напрыканцы сёлетняй вясны.

Сімпозіум стаў падзеяй доўгачаканай: у нашай краіне арганізацыяй такіх мерапрыемстваў ніхто не займаўся. Кафедра шкла Львоўскай акадэміі мастацтваў, Львоўская кераміка-скульптурная фабрыка, Беражанскі шкляны завод, Гусь-Хрустальны, прадпрыемства «Галіцкае шкло», Сочы, Нікольск — для вуха творцы назвы гэтых гарадоў і інстытуцый гучаць надзвычай прывабна. На працягу вось  ужо 30 гадоў яны гасцінна прадстаўляюць свае гуты, шкло і майстроў для такой неабходнай прафесійнай размовы мастакоў.

Шкловыдзімальныя сімпозіумы — сапраўдная школа майстэрства, гісторыя сучаснага арт-шкла, якая ствараецца ў нас на вачах. Гэта вялікі каларытны джэмсэйшн, у аснове якога ляжаць яскравасць індывідуальнасці асобы мастака, яго самабытнасць і майстэрства.

У свеце такіх мерапрыемстваў адбываецца вялікае мноства. У кожнага свая спецыфіка і традыцыі. Тым больш адказна было ладзіць сваё — беларускае. Напачатку ў 2009 годзе быў праведзены пробны «партызанскі» злёт з запрашэннем невялікай колькасці прафесіяналаў і навучэнцаў Латвійскай і Беларускай акадэмій мастацтваў. А ўжо наступным годам удалося здзейсніць сапраўды маштабную акцыю з удзелам усіх мясцовых мастакоў шкла і іх калег з Расіі, краін Балтыі, Венгрыі. На працягу дзесяці дзён творцы маладыя і сталыя, вядомыя і пачаткоўцы імправізавалі на агульназразумелай мове шкла.

Самымі яркімі працамі сімпозіума сталіся творы выдатнага расійскага мастака Барыса Фёдарава і госця з Венгрыі Бічара Вэндала. Аб’екты Фёдарава «Арго» і «Стыхіі» раскрываюць сутнасць сваіх назваў праз пераканальныя формы — гледзячы на іх, адчуваеш энергію стварэння. Работы маюць сілу ўздзеяння, якой валодаюць рэальныя з’явы сусвету. І гэтае адкрыццё ўзрушвае душу, бо разумееш, што насамрэч перад табой толькі кавалак шкла.

Работы Вэндала заўсёды ўражваюць сваёй шчырай непасрэднасцю. Вось і на гэты раз мастак стварыў цэлы цыкл кампазіцый пад назвай «Тайга». Яе недаследаванасць вабіць, і аўтар падрыхтаваў заледзянелыя лыжы і палкі да іх. Нібыта набліжаюцца таежныя прасторы, вось і першыя заінелыя акенцы хат.

Вельмі своеасаблівыя працы маладых мастачак з Латвіі і Літвы: Ініты Эманэ, Сальвіты Брузэ, Юліі Пацьютэ, Валды Варыкайтэ... Сальвіта Брузэ родам з паўночнага латвійскага горада Ліепая. Яе імя азначае «Сонца», але характар нагадвае няласкавае мора. Магчыма, таму кампазіцыя аўтара завецца «Крэмень». Генетычна закладзенае тонкае адчуванне сусвету дазволіла перадаць моц сапраўднага каменя — праз стварэнне вялікіх форм глыбокага шэрага колеру, з прадзьмутымі «крамянёвымі наростамі». Ініта Эманэ стварыла кампазіцыю «Цуды прыходзяць і сыходзяць», якая нібы абагульняе смутак усіх удзельнікаў сімпозіума аб хуткім расстанні з нёманскімі прасторамі, цудоўнымі майстрамі і шклом.

На выставе можна было пазнаёміцца з працамі вядомых расійскіх мастакоў па шкле: Наталлі Волікавай, Наталлі Эверт, Віктара Рукавішнікава, Уладзіміра Касаткіна, Ігара Томскага.

Як сапраўдны мастак, што шмат вандруе і не толькі ў сне, Наталля Волікава часта звяртаецца ў сваіх творах да мясцін, якія натхняюць яе. Тэмпераментныя формы кампазіцыі «Успамін пра Сіцылію» ўвасабляюць яскравасць характараў, архітэктуры, сонца і мора гэтага вострава. Аўтар выкарыстоўвае прыём аздаблення ціхадзьмутага шкла наіўнымі малюнкамі сухімі каляровымі пігментамі, што падкрэслівае паўднёвы каларыт працы.

Празрыстае шкло — вялікае мастацтва, блізкае да класікі чорна-белых фотаздымкаў. Вывераныя прыёмы працы з празрыстым хрусталём дапамаглі вядомаму мастаку з Гусь-Хрустальненскага шклозавода Уладзіміру Касаткіну стварыць надзвычай далікатную кампазіцыю «Кругі». У шкле ўвасобілася трапна схопленае імгненне, паслухмянае аўтарскай думцы. Ціхія хвалі разыходзяцца ад кінутага каменьчыка. Празрыстыя разгорнутыя авалы, форму якіх вока ў стане абхапіць толькі дзякуючы графічным хвалям беражкоў.

Віктар Рукавішнікаў і Ігар Томскі — вельмі розныя мастакі з паўночнай сталіцы Расіі. Віктар прадставіў кампазіцыю «Рэха мора»: вялізныя празрыста-сінія формы, выкананыя часткова ў гуце, часткова ліццём у форму, пры складанні маюць выгляд вялізнай ракавіны.

Работа Томскага вылучаецца з усіх прац, створаных падчас сімпозіума. Нават на этапе выканання аб’екта ў гуце ўсе прысутныя заварожана сачылі за працэсам. Кожны крок і рух брыгады майстроў-гутнікаў быў дакладным і зладжаным. Перадаючы адзін аднаму шкловыдзімальныя трубкі, на канцах якіх чырванелі неастылыя вострыя трохкутнікі, майстры выглядалі ўдзельнікамі ўрачыстага свяшчэннага рытуалу.

На выставе з’явілася магчымасць убачыць працы амаль усіх беларускіх мастакоў па шкле. Работы прадстаўнікоў сталага пакалення шкляроў Тараса Паражняка і Уладзіміра Мурахвера створаны на падставе безумоўнага досведу і майстэрства. У кампазіцыях Паражняка «Медуза», «Паляванне» прысутнічае ўважлівы назіральны погляд заўзятага рыбака. З гумарам паказвае ён гледачу свет жывых істот і ўзаемаадносіны ў ім. У творах шаноўнага ветэрана адчуваецца няўтольная прага да жыцця. Уладзімір Мурахвер прадставіў філасафічную працу «Вечнасць». Яна мае выгляд велізарнага пясочнага гадзінніка, у якім шапаціць паланёная цішыня. Бясколернае шкло не можа схаваць час, што бяжыць ад нас.

Сярод прац беларускіх удзельнікаў вылучаюцца творы Вольгі Сазыкінай — таленавітай мастачкі па шкле, вядомай сваімі канцэптуальнымі праектамі. У кампазіцыі «Галюцынагены» чуецца лёгкая іронія з прычыны агульнапрынятай падмены паняццяў у свеце, які ўжо амаль з’ехаў з глузду: выпадковым абсурдным прадуктам галюцынацыі ўспрымаюцца хутчэй чыстыя празрыстыя парасткі, чым непасрэдна сам цывілізацыйны бруд. Выкарыстанне прасцейшага тэхнічнага прыёму толькі дапамагае стварэнню вобраза.

Лірызмам прасякнуты твор-прысвячэнне Ірыны Кузняцовай «Паветраны пацалунак». Бязважкія формы бескаляровага шкла з тонкімі карункамі — нібы графічны росчырк у імя мастацтва.

Кампазіцыя Марыны Князевай «Палескія напевы» пабудавана на спалучэнні ўжытковых прадметаў і скульптурнай пластыкі. Магутныя штофы, якія ўвабралі ў сябе каларыт квітнеючых ніў Палесся, нібы дубы ўздоўж Прыпяці, глядзяць на чаўны, што праплываюць па рацэ жыцця. Твор — адвечны роздум чалавека аб сваім наканаванні і лёсе.

Ствараючы кампазіцыю «Мірскі замак учора і сёння», мастак Таццяна Малышава паставіла перад сабой цікавую, але тэхналагічна цяжкую задачу спалучэння з гарачым шклом спецыяльнай металічнай фольгі з графічнымі выявамі архітэктурных помнікаў Беларусі.

На стадыі фармавання вырабаў шкло ўяўляе сабой пластычную, як мёд, падатлівую масу. Ужо праз колькі імгненняў яно не адгукаецца на дотык, выглядае застылым лёдам. Якім чынам творца ўдыхае ў яго жыццё — адзін з цудаў мастацкага акта. Таму такую вялікую цікавасць і ўяўляе сабой твор «Гуканне дажджу» Алены Ткачовай — мастака, які плённа працуе на шклозаводзе «Нёман». Нібы замерлі ў малітоўным памкненні нахіленыя, амаль манументальныя формы колеру мокрага небасхілу. З іх паўраскрытага нутра як быццам чуеш працяглы гук архаічных спеваў.

Удзел у сімпозіуме прынялі і нядаўнія выпускнікі кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Акадэміі. Антон Тулупаў атрымаў дыплом у 2010 годзе. З’яўляючыся прыхільнікам і аўтарам даволі брутальнай музыкі, ён, тым не менш, прадставіў надзвычай лірычную працу. Ён змог знайсці тонкія, па-сапраўднаму гутныя прыёмы фармавання шкла, якія зволілі яму стварыць вельмі пластычную кампазіцыю «Медузы». Шкляныя налепы, расплясканыя ўнутры круглых дыскаў, надалі ім падабенства з празрыстымі мірнымі медузамі, якія лунаюць над акіянскім дном.

Сяргей Козыр у сваім творы «Пустышкі» спрабуе пераадолець стэрэатыпныя супастаўленні чалавека і гульні, якой ён бавіцца, праз увядзенне несур’ёзнай дэталі, што на пэўны час здольная стаць сімвалам яскравасці жыцця. Корак ад шампанскага, павялічаны да памераў самой бутэлькі, атаясамліваецца з пустышкай для немаўляці.

Кампазіцыя Сяргея Шэціка «Натоўп» створана на рытме выцягнутых «шый» празрыстых і ізумрудна-зялёных бутляў, выкананых паводле старадаўняй тэхналогіі адначасовага выдзімання дзвюх-трох шкляных нарыхтовак у адну форму.

Павел Вайніцкі падрыхтаваў для выставы інсталяцыю «Акцябраты». Гэтая алюзія на савецкія сімвалы мае выгляд кампазіцыі з рознакаляровых шкляных дзіцячых галовак, якія стромкімі праменьчыкамі стаяць наўкол галавы-«сонца», што агрэсіўна ззяе жоўтым святлом.

Празрыстае, мінералізаванае бурбалкамі шкло спалучае з вугальнай тэкстурай драўніны аўтар гэтых радкоў у аб’екце «Рэлікт». Модульная сістэма дазволіла скласці архаічную форму ў выглядзе хрыбта.

Хоць прыёмы працы з гарачым гутным шклом застаюцца даволі традыцыйнымі, творы беларускіх мастакоў вызначаюцца тонкай метафарычнасцю, адметнай вобразнасцю і дакладнасцю візуальнага ўвасаблення ідэй. У вялікай ступені нашаму шклу ўласцівы лаканічныя, чыстыя формы і далікатнае разуменне пластыкі. У той жа час можна адзначыць недастатковую інтэнсіўнасць фармальных пошукаў і запаволенае развіццё сучаснай мовы, што ў пэўнай ступені з’яўляецца вынікам рэдкай магчымасці працаваць з жывым гутным шклом. Але усё ж многае залежыць ад памкненняў саміх творцаў.

Таму такімі важнымі становяцца прафесійныя стасункі прадстаўнікоў розных школ і пакаленняў. У нашым грамадстве назіраецца востры недахоп культуры эстэтычнага «спажывання шкла». Менавіта дзеля павышэння гэтага ўзроўню варта паказваць выставы сучаснага шкла, праводзіць адукацыйныя праграмы. Дарэчы, калекцыя шкла, створаная падчас I Міжнароднага шкловыдзімальнага сімпозіума «Нёманская хваля», ужо стала нацыянальным здабыткам і гонарам. І вельмі хочацца верыць, што такія сімпозіумы зробяцца традыцыйнымі!

Алена АТРАШКЕВІЧ