Хроніка — ад слова «хронас»

№ 8 (353) 01.08.2012 - 31.08.2012 г

Кім і для чаго ствараюцца мультымедыйныя анталогіі

/i/content/pi/mast/59/1000/16.jpg

Кадр з фільма «Баявая зброя». Прыезд Ларысы Александроўскай на Калінінскі фронт. 1942

У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры прайшлі прэзентацыя і абмеркаванне мультымедыйнай экраннай анталогіі «Хроніка культурнага жыцця Беларусі. Творчыя партрэты дзеячаў культуры і мастацтва». Прэзентацыя выклікала надзвычайны грамадскі інтарэс і сабрала многіх вядомых асоб. Прыйшлі не толькі тыя, хто непасрэдна звязаны з кіно ці тэлебачаннем, але і культуролагі, даследчыкі мастацтва і літаратуры. Чаму?

Кожны, хто мае дачыненне да стварэння і вытворчасці мастацкіх і неігравых фільмаў, у якіх увасоблены падзеі гісторыі і значныя асобы нашай краіны мінулага стагоддзя, ведае пра сур’ёзную праблему і нязменны «галаўны боль» сцэнарыстаў і рэжысёраў: уся вядомая кінахроніка, знятая беларускімі (шырэй — савецкімі) аператарамі ў даваенныя і ваенныя гады і потым, у мірны час, «разабраная» на відэацытаты. Невядомага даўно няма. Прычым фрагменты хронікі паўтараюцца, пераходзяць з адной стужкі ў другую. І тады паступова іх уздзеянне на гледача змяншаецца.

На прэзентацыі нечакана высветлілася, што ў архівах захоўваецца велізарны, але пакуль не асвоены і не апрацаваны пласт кінахронікі, сюжэтаў і кіначасопісаў. У дадатак, многія з матэрыялаў датычаць менавіта сацыякультурнага развіцця краіны, культуры і мастацтва, а самыя раннія пазначаны 1927 годам.

Над мультымедыйнай анталогіяй працаваў досыць вялікі калектыў. Яго кіраўніком выступіў Канстанцін Рэмішэўскі, па першай прафесіі кінааператар-пастаноўшчык (дарэчы, з ВГІКаўскай адукацыяй і досведам практычнай працы). Як навукоўцу яму належыць і першая ў краіне кіназнаўчая дысертацыя, абароненая па гісторыі айчыннага неігравога кіно. Так што цікавасць да тэмы невыпадковая, яна паслядоўная і мэтанакіраваная.

Для таго каб выбраць 23 фрагменты, якія адлюстроўваюць сферу культуры (яны сабраныя ў 1-й частцы анталогіі), трэба было перагледзець вялікі масіў кіначасопісаў, што мелі адносіны да палітыкі, прамысловасці, сельскай гаспадаркі. «Культурныя сюжэты» не ляжалі ў асобных скрынях, чакаючы даследчыкаў. Спатрэбілася сур’ёзная дапамога супрацоўнікаў Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў у Дзяржынску.

Наступная задача — перавядзенне старой, часам пашкоджанай кінаплёнкі ў «лічбавы фармат». Калі ўлічыць, што першая частка экраннай анталогіі мае працягласць больш як дзве гадзіны і складаецца з велізарнай колькасці дробных сюжэтаў (пачынаючы ад адной-дзвюх хвілін), то становіцца зразумела: клопат, нават чыста тэхнічны, тут не маленькі.

Далей — новы этап працы. Большасць кінаролікаў, асабліва даваеннага часу, нямыя. Гук з’яўляецца ў кіначасопісах у 1930-я гады або перад самай вайной. Але і нямыя, і гукавыя сюжэты патрабуюць сучаснага асэнсавання. А як быць з дыктарскім тэкстам, які суправаджаў тагачасныя ролікі? Ён — таксама рарытэт, у ім, вядома ж, прысутнічае водгулле часу. Стваральнікі анталогіі вырашылі: калі ролік гукавы, у анталогіі будуць два лічбавыя варыянты. Адзін — з «аўтэнтычным» дыктарскім тэкстам, другі — з сучасным каментарыем-наратывам.

Многія сюжэты, якія давялося ўбачыць, настолькі нечаканыя і кранальныя, што ловіш сябе на дзіўнай думцы: гісторыю ўласнай краіны ты як след і не ведаеш! А калі ведаеш, дык гэтыя веды шмат у чым састарэлыя або заштампаваныя... Звернемся да асобных сюжэтаў, каб у дэталях убачыць і адчуць, якую каштоўнасць уяўляюць знойдзеныя кінасюжэты.

...1934 год. Рыхтуецца ўрачыстая закладка Дома Чырвонай Арміі, сучаснага Дома афіцэраў. З гэтай нагоды ладзіцца мітынг, на які сабраліся жыхары горада. Бадзёра крочаць чырвонаармейцы, гучыць духавы аркестр. Як вядома, Дом Чырвонай Арміі ўзводзіўся на аснове фундамента і сцен былога архірэйскага падвор’я. На тэкставых застаўках нямога роліка — афіцыйная назва горада: Менск. Такой яна была ажно да ліпеня 1939 года. Заўважаеш, як проста і нават бедна апрануты жыхары. Колькі жанчын сярод будаўнікоў, занятых цяжкой фізічнай працай. Як сурова выглядае навакольны пейзаж у час, калі з галечы і беднасці паўстае сталіца і ўся Беларусь...

...1936 год. Сюжэт «Новыя будынкі, вуліцы Мінска». Некалькі адметных штрыхоў. Першы. Панарама Дома ўрада і помнік Леніну. Сілуэт Чырвонага касцёла. Будынак Інстытута народнай гаспадаркі імя Куйбышава. Шыльда на ім на чатырох мовах — беларускай, рускай, польскай і ідыш. У той час чатыры мовы ў Беларусі лічыліся дзяржаўнымі. Перад тагачасным Домам афіцэраў — помнік Сталіну.

Другі штрых. Вуліца Карла Маркса знятая з трамвая, разам з ім рухаецца і аператар. На сцяне аднаго з дамоў — афіша французскай кінакарціны, што паказвалася ў 1936 годзе. «Адрынутыя» — стужка паводле рамана Віктора Гюго. На афішы пазначана: «Вялікі замежны фільм». Значыць, і ў 30-я гады кінапракатчыкі звярталіся не да айчынных, а да замежных карцін, каб выканаць фінансавы план.

...1941 год. Май. Рарытэтныя кадры зафіксавалі воблік Анатоля Багатырова, аднаго з класікаў айчыннай музыкі. У 1939-м напісаная ім опера «У пушчах Палесся» была пастаўлена Тэатрам оперы і балета, потым паказана на Дэкадзе ў Маскве. У 1941-м за яе маладому Багатырову была прысуджана Сталінская прэмія. За раялем кампазітар правярае гучанне асобных старонак новага твора. Такога Анатоля Васільевіча, як у кінахроніцы, хударлявага, рухавага і маладога, мы ніколі не бачылі. На фотаздымках канца мінулага стагоддзя ён іншы — сталы, паважны. Чалавек, які адчувае на сабе цяжар пражытага жыцця.

...Кінасюжэт 1942 года адлюстраваў дзейнасць вядомага сатырычнага выдання «Раздавім фашысцкую гадзіну». Ідзе падрыхтоўка новага нумара. Камера фіксуе каларытныя штрыхі: супрацоўнікі рэдакцыі пішуць пёрамі, раз-пораз макаючы ручку ў чарніліцу. Мастак дапрацоўвае тушшу сатырычны малюнак. Аператар адлюстраваў абліччы выдатных беларускіх пісьменнікаў Максіма Танка, Петруся Броўкі, Анатоля Астрэйкі. Такімі маладымі іх можна ўбачыць хіба на фотаздымках ваеннага часу. Танку споўнілася 30, Броўку — 37, Астрэйку — 31. Яўген Іванавіч чытае свой новы верш «Не шкадуйце, хлопцы, пораху...».

А колькі яшчэ рарытэтных кадраў раскідана па іншых сюжэтах анталогіі! 1934 год. Пленум па паэзіі, які ладзіцца ў Мінску Саюзам пісьменнікаў СССР. Сустрэча на вакзале паэтаў і празаікаў што прыехалі ў Беларусь. Стомлены выгляд Янкі Купалы. Нястрыманы пафас выступоўцаў. У зале камера затрымліваецца на твары маладога Барыса Пастарнака, які, аказваецца, таксама быў на пленуме.

Фрагменты культурнай хронікі 1941 года. Пісьменнік Піліп Пестрак у сваім рабочым кабінеце. Легендарны ленінградскі дырыжор Ілья Мусін (у пасляваенны ўжо час у яго вучыліся многія нашы музыканты) — на чале сімфанічнага аркестра Белдзяржфілармоніі.

Кадры 1942 года. Пахаванне Янкі Купалы ў Маскве. У далёкім Ташкенце адзначаецца 60-годдзе з дня нараджэння Якуба Коласа і ён выступае з прамовай, у якой, вядома, падзякуе партыі і таварышу Сталіну. Ларыса Александроўская прыехала на Калінінскі фронт і на танку спявае танкістам славутую песню «Бывайце здаровы»...

Але вернемся да прэзентацыі анталогіі. Відавочна, што выступоўцы былі ўражаны ўбачаным. Марына Мажэйка, прарэктар БДУ культуры і мастацтваў, заўважыла, што ў дадзеным выпадку размова ідзе не толькі і не столькі пра гісторыю кіно. Кінахроніка ва ўсім свеце пачала трактавацца як прадмет крыніцазнаўства, а ў Заходняй Еўропе нават праходзяць навуковыя канферэнцыі, якія разглядаюць аўдыёвізуальныя матэрыялы як крыніцу гістарычных ведаў.

Аляксей Бязвуглы, намеснік начальніка Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры нагадаў: больш за 300 (!) твораў беларускага неігравога кіно знаходзяцца за межамі краіны. А калі далучыць ігравыя стужкі і тэлефільмы, лічба павялічыцца ўдвая. У савецкі перыяд карціны, які мелі ўсесаюзны пракат, капіраваліся на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, там і засталіся. А цяпер мы не можам атрымаць іх назад. Праца па аднаўленні зыходных матэрыялаў пачалася яшчэ пры канцы мінулага стагоддзя. Прычым размова ішла толькі пра выраб копій. Метадам выкупу праблему вырашыць не змаглі. Таму асабліва вялікую каштоўнасць набываюць сюжэты, што ўвайшлі ў анталогію.

Кіраўнік праекта Канстанцін Рэмішэўскі заўважыў, што ва ўсім свеце назіраецца ўсплёск інтарэсу да неігравога кіно. У Беларусі пакуль няма аналагічных мультымедыйных рэсурсаў, а ў Расійскай Федэрацыі такія напрацоўкі ствараюцца надзвычай хутка. Каштоўнасць адшуканых сюжэтаў узрастае і таму, што экранна-летапісны матэрыял апрыёры аб’ектыўны. Нават пры татальнай рэжысуры за межамі аўтарскай канцэпцыі ўзнікае штосьці, прыўнесенае самім жыццём. У дадатак дыстрыбуцыяй (дастаўкай патэнцыяльнаму гледачу) беларускай дакументалістыкі паслядоўна і мэтанакіравана ніхто не займаецца. Таму сапраўдныя экранныя скарбы і застаюцца па-за ўвагай грамадства.

Анатоль Красінскі, доктар мастацтвазнаўства і старэйшы беларускі кіназнаўца, нагадаў, што існуе закон незваротнасці часу. Час цяжка рэканструяваць. І такія анталогіі дапамагаюць аднавіць карціну хоць бы часткова. Доктар філалогіі прафесар Ніна Фральцова ўпэўнена: падобныя мультымедыйныя зборы — сапраўдны падарунак для кіна- і літаратуразнаўцаў.

Ацэньваючы абодва накірункі анталогіі («Хроніку культурнага жыцця Беларусі» і «Творчыя партрэты...»), заўважу, што вынаходства лічбавых тэхналогій — гэта, па сутнасці, тэхнічная і тэхналагічная рэвалюцыя, якая моцна паўплывала на развіццё многіх відаў мастацтва. Адны (звязаныя са словам) яна крыху пасунула з авансцэны культуры, другія (візуальныя) вывела на яе. Усе мы больш давяраем выяве, убачанай на ўласныя вочы, чым вербальнай інтэрпрэтацыі гэтай жа выявы іншымі. У адпаведнасці з вядомым прыслоўем пра тое, што «лепей аднойчы ўбачыць...».

Таму з практычнага пункту гледжання карысць мультымедыйнай анталогіі неацэнная! Бо школьніка, студэнта, выкладчыка, навукоўца, гісторыка мастацтва, куратара выставы пераконвае не толькі «карцінка», але і мажлівасць «увайсці» ў іншы час, дакрануцца да той рэальнасці, што некалькі дзесяцігоддзяў назад была зафіксавана невядомым аператарам.

Ідэю анталогіі і яе ажыццяўленне падтрымлівае Міністэрства культуры Беларусі. Праца над 1-й, даваеннай часткай мультымедыйнай анталогіі скончана. Завершана праца і над 2-й, якая датычыць ваеннага часу. Пошук працягваецца. І дае падставу вярнуцца да гэтага каштоўнага праекта праз пэўны час...

Надзея Абрамовіч