Асабісты почырк

№ 7 (292) 01.07.2007 - 31.07.2007 г

Выстаўка Льва Талбузіна «РэтраПЕРСПЕКТЫВА», якая адбылася ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, атрымалася вельмі стылёвай. Са свайго важкага, напрацаванага цягам больш як трыццаці гадоў мастакоўскага багажу аўтар прадставіў толькі знакавыя аб’екты, якія з’яўляюцца дэманстрацыяй рэфлексій скульптара і адначасова арт-дызайнера над тым, як ён разумее форму, змест і стыль.

 /i/content/pi/mast/4/100/Asabisty-pochyrk3.jpg
 Малая пластыка "Цыклоіды". Фарфор, метал. 2007.

Творчасць Л.Талбузіна -- прыклад таго, якіх гарызонтаў можа дасягаць у пошуках сродкаў выяўлення мастак, які і па прафесіі, і па прызванні працуе з формай. І які велізарны спектр дзейнасці ахопліваюць пры гэтым яго ініцыятывы. Прыярытэты Л.Талбузіна -- сябра двух творчых саюзаў, мастакоў і дызайнераў, -- заўжды супадаюць з грамадска-нацыянальнай каштоўнасцю канкрэтнай падзеі. Напрыклад, афармленне станцыі метро «Плошча Якуба Коласа» (з Ю.Багушэвічам і Г.Жарыным). Або распрацоўка першых уласных грошай -- манет (талераў) -- для незалежнай краіны Беларусь. Сёння мастак стала ўдзельнічае ў рэспубліканскіх і групавых мастацкіх выставах.

 
Стыль -- гэта чалавек
Па дыпломе аб вышэйшай адукацыі Л.Талбузін -- дызайнер. Па творчым лёсе, які ўжо склаўся ў галіне пластычнага накірунку, -- скульптар і ў той жа час арт-дызайнер. Такі кангламерат з варыяцыямі ў бок інтэр’ера, тэатра або моднага адзення -- актуальнае спалучэнне ў нашай мастацкай прасторы. Стыліст (дызайнер) не можа не быць пластыкам (скульптарам).

/i/content/pi/mast/4/100/Asabisty-pochyrk1.jpg
 Плакета "Касцёл святой Троіцы ў Ішкальдзі". Фарфор. 2003.

З 2003 г. на персанальных выставах Л.Талбузін паступова паказвае часткі свайго вялікага збору пластычных «сачыненняў». «Сёмы элемент» раскрываў яго разуменне сучаснай формы, «Новая калекцыя» прэзентавала медальернае мастацтва, інсталяцыі на «Беларускай Атлантыдзе» прадставілі ўменне спалучаць старажытныя прадметы і парафразы на тэмы антычнасці.
«РэтраПЕРСПЕКТЫВА» падсумоўвае напрацаванае і ўжо паказанае гледачам, стварае з розных частак цэласную карціну мастацкага свету адной асобы. Скульптурныя формы, якімі віртуозна маніпулюе Л.Талбузін, спалучаюць архаіку і сучасны мінімалізм футурыстычных вобразаў. Але ў гэтым умоўным свеце заўжды ёсць культурна-гістарычны кантэкст. Класічна выкананыя медалі суіснуюць у новых, нечаканых спалучэннях у адной выставачнай прасторы з антыкварнымі рэчамі і сучаснай пластыкай. Пры гэтым аўтарскі стыль, які вызначаецца чысцінёй і якасцю формы, нават эка-формай, прысутнічае ва ўсім: у медалях, рэльефах, скульптурах, аб’ектах. Любімыя матэрыялы мастака -- фарфор і бронза. Белае і сонечнае. Лёд і полымя.
Пластычная форма для Л.Талбузіна -- своеасаблівая прастора для мастацкіх асацыяцый. Гэта можа быць футурыстычны свяцільнік або абагульнены шлем рыцара з вузкай прораззю для вачэй. Ваза, з якой «вырастаюць» жаночыя грудзі. Шары, якія сімвалізуюць сабой і жыццё -- яйка, і смерць -- ядры старажытнай гарматы. Адназначнага вобразу не існуе. Ёсць час, занатаваны ў гэтых формах быцця. Старажытныя вагі з меднымі чашамі ў спалучэнні з белым колерам фарфору даюць фантазіі новы накірунак. Язычніцкія бажкі Лада і Макош перапрацаваны ў формы танца, дзе Лада -- сімвал жаноцкасці, Макош -- язычніцкая «маці зямлі». Сярод настаўнікаў Л.Талбузіна самы аўтарытэтны -- прырода. Формы прыроды -- адна з самых моцных крыніц інспірацый аўтара.

Лісты суніцы і структура крышталя
Кожная праява прыроднага цуду -- звер, птушка, ліст або былінка -- заслугоўвае асаблівай увагі, лічыць мастак. Уласны «Вялікі гербарый» Л.Талбузін пачаў збіраць з таго моманту, як аднойчы зблізку разгледзеў зубчасты ліст суніцы: ён быў дасканалы і не патрабаваў ніякай мастацкай дапрацоўкі. Спачатку мастак занатаваў яго злепак у гліне, затым -- у фарфоры, і ў гэтым адбітку было сціплае абаянне «аб’екта», ужо аднойчы вынайдзенага галоўным стваральнікам усяго жывога. Вось гэта і з’яўляецца прадметам рэфлексій мастака. «Мыслячы трыснёг» -- гэта ўжо не метафара: «дрэва», з каранёў якога вырастае выява аўтара, скіроўвае фантазію ў сферу біялагічнага ізамарфізму або пантэізму, якім вылучаецца славянская ментальнасць.
Мазаіка прыроды прапаноўвае чалавеку: прыглядайся, запамінай, зберагай. Гародніна і садавіна ў розных кампазіцыйных спалучэннях, фарфоравыя нацюрморты таксама маюць свае гісторыі. Фарфоравы яблык гіганцкіх памераў у бытнасць сваю плодам «прыехаў» да мастака здалёк, але так і не трапіў у звыклы «харчовы ланцужок». Пры адліўцы ў гіпсе ён страціў трэцюю частку пачатковага аб’ёму, але затое стаў скульптурным творам.

 /i/content/pi/mast/4/100/Asabisty-pochyrk2.jpg
 Малая пластыка "Рытм". Фарфор. 2003.

Крыху іншая гісторыя адбылася з грушай-«гарганцюа», якую з кірмашу прынеслі адразу ў майстэрню. З грушы «знялі форму», пасля чаго адбылося паяданне аб’екта ў кампаніі калег і вучняў. У рэшце рэшт усе мы становімся ежай для некага ці нечага -- і ў прамым, і ў пераносным сэнсах. Самы значны экспанат «Вялікага гербарыя» Л.Талбузіна -- Arctium lappa L. (лопух вялікі. -- лац.) ціхамірна рос у глыбіні занядбанай дачнай дзялянкі амаль усё лета. Каб адліць форму, у якой адбіўся гэты велізарны ліст з усімі яго прожылкамі і краямі, спатрэбілася масіўная пліта, якую аднаму чалавеку не падняць. Затое цяпер гэта ўжо не проста лопух, а геральдычны сімвал Прыроды.
Першае заданне, якое Л.Талбузін дае студэнтам-першакурснікам, -- вылепіць з пластыліну куб і шар. Таму што ўвесь свет рэчаў складаецца з гэтых простых фігур, так званых першых элементаў, або -- «платонавых цел», іх мадыфікацый і трансфармацый. Піфагор, Платон, Арыстоцель бачылі ў прыродных формах і стыхіях іх структуру, складзеную з «кубікаў», «шарыкаў» і «пірамід». Калі пачаць з куба, пасля перайсці да піраміды, затым актаэдра, то дойдзеш урэшце да сусвету. Пяты элемент паводле Платона -- гэта ўсё, што ёсць на зямлі, плюс зоркі. Зоркі -- гэта імкненне да ідэалу. Зоркавыя формы -- «канёк» пластычных штудый Л.Талбузіна.

Медальер
Частку медалёў Л.Талбузін выканаў па заказе Міністэрства культуры ў гонар важных грамадска-культурных падзей: 2000-годдзя хрысціянства, уключэння палацавага комплексу «Мірскі замак» у спіс ЮНЕСКА. Многія ж медалі мастак стварае для душы, аддаючы такім чынам даніну павагі і захаплення выдатным асобам нацыянальнай гісторыі.

 /i/content/pi/mast/4/100/Asabisty-pochyrk5.jpg
 Медаль "Мікола Гусоўскі". Бронза. 1980.

З галерэі партрэтаў дзеячаў беларускай культуры вылучаюцца медалі з выявамі мастака Язэпа Драздовіча, паэта-гуманіста эпохі Адраджэння Міколы Гусоўскага, а таксама класікаў айчыннай літаратуры Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Алеся Адамовіча, выкананыя ў фарфоры, бронзе і змешанай тэхніцы, традыцыйна спакойныя і статуарныя. У медалю, прысвечаным ураджэнцу Беларусі і герою польскага народа Тадэвушу Касцюшку, мастаку ўдалося перадаць характэрны, жывы выраз твару. Чым бліжэй да нас па часе асобы, чые абліччы ўзнаўляе мастак, тым большым псіхалагізмам насычаны медалі, ім прысвечаныя. У партрэце выдатнага кампазітара Ігара Стравінскага -- водгалас узрушэнняў ХХ стагоддзя. Яго твар -- геаграфія часу. А рэверс -- свет вобразаў яго балетаў. Імпульсам да стварэння гэтага медаля сталася пастаноўка балета «Вясна свяшчэнная» Валянцінам Елізар’евым на сцэне Тэатра оперы і балета. Медаль, прысвечаны Станіславу Лему, навеяны вобразамі яго твораў, дзе «Салярыс» -- мыслячае вока Сусвету. Ёсць у Л.Талбузіна і лірычна-філасофскія медалі, у якіх ён разважае пра прыгажосць і гармонію: «Сіметрыя», «Вязынка», «Флора», «Пераможца-музыка», «Бусел» (прысвечаны 60-годдзю Г.Вашчанкі).
Медальернае мастацтва -- не самы распаўсюджаны на Беларусі жанр скульптурнай пластыкі. (Медалі -- дастаткова працаёмкія і дарагія рэчы). І як кожнае элітарнае мастацтва, вымагае свайго гледача і спажыўца.
У гарадах Заходняй Еўропы выстава медалёў -- звыклая справа. У нас цікавасць да дробнай пластыкі толькі-толькі з’яўляецца. Яна, безумоўна, узмоцніцца, калі грамадства пачне цаніць «дробязі жыцця» ў кожным канкрэтным выпадку. Л.Талбузін не спяшаецца. Яго медалі яшчэ будуць запатрабаваныя.
Кожны піша, як ён дыхае, -- сказаў паэт. Леў Талбузін чуе, як дыхае свет рэчаў і свет прыроды. І гэтае дыханне «агучвае» формамі і вобразамі.

Антон ЛЕГНІЦКІ