Аперацыя "Спальны раён"

№ 10 (1136) 08.03.2014 - 14.03.2014 г

Ці патрэбна культурная ўстанова на ўскраіне сталіцы?
Я жыву ў Бараўлянах — побач з мяжой Мінскага і Лагойскага раёнаў. Маё лецішча, дзе я знаходжуся ў цёплую пару года, у Воўчкавічах — гэта памежжа раёнаў Мінскага і Дзяржынскага. Бліжэйшая чыгуначная станцыя — "Фаніпаль", да якой на электрычцы хвілін пяць. Працую ж у цэнтры сталіцы. Я магу па пальцах адной рукі пералічыць выпадкі, калі наведваў Дом культуры ў Бараўлянах, хоць жыву там трыццаць гадоў. А думка з’ездзіць на электрычцы ў Фаніпаль ці ў Дзяржынск, каб там схадзіць у кіно або на якую імпрэзу, мне ніколі ў галаву не прыходзіла. Мае культурныя патрэбы задавальняе цэнтр Мінска, да якога з Бараўлян ці Воўчкавічаў я дабіраюся хвілін за сорак. Мяркую, гэтак жа разважаюць многія жыхары як мінскіх прыгарадаў, так і мінскіх ускраін. Ну а як пры такім раскладзе мусяць функцыянаваць культурныя ўстановы, чыё прызначэнне — абслугоўваць насельніцтва спальных раёнаў сталіцы?

/i/content/pi/cult/470/9980/10-1.jpg

/i/content/pi/cult/470/9980/10-2.jpg

Галерэя ў аўтасэрвісе звонку і ўнутры. / Фота аўтара

/i/content/pi/cult/470/9980/10-3.jpg

А вось у рамках Ночы музеяў у Галерэі Леаніда Шчамялёва было даволі шматлюдна. /
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

/i/content/pi/cult/470/9980/10-4.jpg

Жыхары Курасоўшчыны спадзяваліся, што ТЮГ будзе даваць спектаклі
на сцэне колішняга кінатэатра "Электрон".

Мастацкая галерэя — гэта “няпроста”

Зараз у новых раёнах адначасова з будаўніцтвам жытла ствараецца гандлёвая сетка. Тут рэклама, якая заклікае наведаць толькі што адкрытую краму, кавярню ці сэрвісны цэнтр, звыклая рэч. Але пабачыўшы ў Сухараве, сталічным спальным мікрараёне, на будынку аўтасэрвісу надпісы, для згаданага прадпрыемства нечаканыя, — “Няпростая мастацкая галерэя” і “Хуткая багетная майстэрня”, — я быў нямала здзіўлены. Зацікавіўся, зайшоў. Аказалася, насамрэч галерэя. Прастора невялікая, але ўтульная. Карціны на сценах, карціны ля сцен, стол і некалькі крэслаў. У адным з кутоў дэманструюцца ўзоры багету. Праз галерэю можна патрапіць у памяшканне аўтасэрвісу. Карціны, што экспануюцца, так бы мовіць, на аматара. Адчуваецца, што іх аўтар — не прафесіянал, але да творчасці ставіцца сур’ёзна і з натхненнем знаёмы.

Аказалася, што і галерэя, і аўтасэрвіс належаць аднаму чалавеку. Завуць яго Валянцінам. Былі калісьці ў яго творчыя памкненні, нават азы мастацкай адукацыі атрымаў, але не склалася… Зарабляе на хлеб зусім іншай працай, а ў час, вольны ад яе, малюе. Большасць карцін галерэі — ягонага пэндзля, рэшта — работы сябра. Кажа, што раней ладзіў выстаўкі ў чужых памяшканнях, а як займеў бізнес, дык зрабіў і галерэю. За гады, што выстаўляецца, прадаў недзе з чатыры дзясяткі сваіх работ. Беручы да ўвагі немалы кошт арэнды памяшкання пад аўтасэрвіс, грошы гэтыя для прыватнага прадпрымальніка не лішнія. Па ягоных словах, лепшае прададзена, тут жа экспануецца тое, што засталося.

Я заўважыў, што побач з пакоем, дзе месціцца галерэя, ёсць яшчэ адзін, неакрэсленага прызначэння і пакуль нічым не заняты. Пацікавіўся, мо плануе спадар Валянцін пашырыць на тую плошчу галерэю ці адкрыць тут кавярню, каб кліенты адпачывалі, пакуль ён завіхаецца з іхнімі аўто? А як яму ідэя пераўтварыць у супрацоўніцтве з мясцовай уладай прыватную га-

лерэю ў культурны цэнтр мікрараёна? Не, пра такое спадар Валянцін не думаў, але калі з гэтага будзе прыбытак — чаму ж не?

Паколькі аб’ект знаходзіцца ў Фрунзенскім раёне, мы звярнуліся па каментарый да тамтэйшага начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ірыны Канапелька. Са свайго немалога досведу працы яна робіць высновы, што культурныя ўстановы, як і хлебныя крамы, мусяць знаходзіцца ў крокавай дасягальнасці ад жытла, быць прывабнымі для ўсіх сацыяльных і ўзроставых груп. Асобы клопат для грамадства ўвогуле і работнікаў культуры ў прыватнасці — моладзь. Работа з ёй не можа зводзіцца толькі да арганізацыі дыскатэк. Трэба, мяркуе Ірына Канапелька, засяродзіцца на патрыятычным выхаванні моладзі...

Што да прыватнай мастацкай галерэі, якая з’явілася ў Сухараве, дык гэта, на яе думку, добры знак. І калі ўладальнік галерэі захоча скантактавацца з упраўленнем ІРКСМ, дык знойдзе паразуменне і падтрымку ў сваіх праектах.

Як мяркуе суразмоўца, у Фрунзенскім раёне не стае дзяржаўных устаноў культуры. Ірына Сямёнаўна кажа пра вялікія спадзяванні работнікаў культуры  на кінатэатр (дакладней, мультыплекс), што маюць пабудаваць у Каменнай Горцы. Раёну даўно патрэбна зала на 300 — 400 месцаў, якую можна было б скарыстаць для канцэртаў, тэатральных імпрэз, афіцыйных мерапрыемстваў. На такой сцэне змогуць выступаць маладыя выканаўцы, якія пляцоўку ў цэнтры сталіцы не змогуць арандаваць.

У цэнтры і на ўскраінах

“Няпростая мастацкая галерэя” ў Сухараве нагадала мне час, калі ладзіць выставачныя залы пры арганізацыях лічылася модным і прэстыжным. Так было ў Мінску, у меншых маштабах падобнае адбывалася і ў рэгіёнах. Геаграфія з’явы збольшага ахоплівае цэнтр горада, што лагічна, але на гэтай хвалі пазней узнікла некалькі асяродкаў і ў спальных раёнах Мінска. Гэта галерэя “Вільнюс” (1997 г.) на Усходзе, Гарадская мастацкая галерэя твораў Леаніда Шчамялёва (2003 г.) у Серабранцы, прыватны Музей-галерэя “Свет фота” (2004 г.) на вуліцы Прытыцкага...

...Скажам, галерэя “Вільнюс” пачалася з таго, што бібліятэка № 18 адшкадавала адно са сваіх памяшканняў пад зменныя мастацкія экспазіцыі. З таго часу галерэя тэрытарыяльна не пашырылася, але набыла добры розгалас у мастацкім асяродку. Выстаўляцца ў “Вільнюсе” сярод прафесіяналаў лічыцца прыстойным, хоць той, хто мае магчымасць выбіраць, аддасць перавагу зале бліжэй да цэнтра. Мяркуючы па афішы, ахвотных зладзіць тут выстаўку хапае. У асноўным гэта творчая моладзь. Спрыяе папулярнасці “Вільнюса” практычны ўхіл экспазіцый. Як правіла, дэманструюцца творы, якія пасуюць густам і могуць стаць аздобай інтэр’ера жытла сярэднестатыстычнага гараджаніна.

Папулярнасці паспрыяла і тое, што ўстанова зыходна знаходзілася ў сістэме грамадска-культурнага цэнтра мікрараёна, які склаўся вакол кінатэатра “Вільнюс” (цяпер гэта — Гарадскі цэнтр падрыхтоўкі алімпійскага рэзерву па барацьбе). Калісьці вуліца Каліноўскага была ўскраінай сталіцы. Зараз горад пасунуўся далей, а гэтае месца пакрысе змяняе аблічча, уласцівае спальным раёнам савецкай эпохі, на больш эстэтычна выразнае, становіцца больш камфортным, зручным для жыцця. Адпаведна, падвышаецца і статус галерэі “Вільнюс”. Яе ўжо нельга лічыць “класічным” узорам культурнай аздобы “класічнага” спальнага раёна. І гэта добра. Для таго, зрэшты, і ствараецца сярод жылых масіваў культурная інфраструктура, каб паняцці “спальны раён”, “ускраіна” пазбаўляліся адмоўнага сэнсу.

Галерэя твораў Леаніда Шчамялёва, хоць і асвечана імем выдатнага мастака эпохі ды і экспазіцыйную плошчу мае большую, чым той жа “Вільнюс”, мяркую, усё ж саступае ў вядомасці "калегам" з вуліцы Каліноўскага. Патлумачу. У якасці журналіста наведваў там розныя імпрэзы. І хоць яны былі якасна арганізаваныя ды інфармацыйна насычаныя, не ведаю, ці паехаў бы я ў Серабранку, на той праспект Ракасоўскага, каб не меў рэдакцыйнага задання. Іншая справа, каб жыў непадалёк… Але, наколькі мне вядома, асаблівай папулярнасці ў мясцовых жыхароў галерэя таксама не мае. Наведвальнікаў з ліку такой публікі няшмат. Можа, нездарма Галерэя Шчамялёва ў горадзе апошнім часам больш вядомая не тым, што робіцца ў яе сценах, а ўдзелам у праектах, якія ладзяцца на іншых пляцоўках? Дадам яшчэ, што гэтая ўстанова — бюджэтная, падначаленая Музею гісторыі горада Мінска.

Дырэктар Музея гісторыі горада Мінска Галіна Ладзісава лічыць, што Галерэя Шчамялёва размешчана вельмі няўдала: на першым паверсе звычайнага шматкватэрнага дома ў лінію з крамамі і цырульняй. Галерэі больш пасаваў бы асобны будынак, і пажадана — бліжэй да турыстычных маршрутаў. Урэшце, на думку спадарыні Галіны, апошняе — неабавязкова. Бо, па-першае, усё вартае ўвагі гасцей сталіцы, уціскваць у цэнтр праблемна і не патрэбна, а па-другое, трэба дбаць і пра культурныя патрэбы жыхароў ускраін. Да таго ж, побач з Серабранкай адраджаецца Лошыцкі паркавы ансамбль, які набыў папулярнасць у мінчан і турыстаў. А “Чыжоўка-Арэна” абяцае змяніць аблічча не толькі аднайменнага раёна, але і сумежных.

Серабранка, Лошыца, Чыжоўка — гэта ўжо ўземазвязаныя чыннікі гарадской прасторы. У гэтым сегменце новага культурнага ландшафту сталіцы Галерэя твораў Леаніда Шчамялёва можа пры пэўных ўмовах адыгрываць важную ролю. Аднак жа спадарыня Ладзісава не выключае магчымасці пераносу галерэі ў больш зручнае месца. Такая ідэя, прынамсі, абмяркоўваецца…

Як згас “Свет фота”…

У адрозненне ад Галерэі твораў Шчамялёва, Музей-галерэя “Свет фота” быў установай прыватнай. Праіснаваў шэсць гадоў. У 2010-м закрыўся. Была ў тым музеі-галерэі эспазіцыя тэхнікі, цікавая для аматараў фотасправы. Самы ранні ўзор датаваўся 1842 годам. Тут ладзіліся выстаўкі і майстар-класы. Музей-галерэя існаваў за кошт прыбытку ад салона праяўкі і друку здымкаў. Гэтая справа страціла рэнтабельнасць пасля масавага пераходу на лічбавыя тэхналогіі. Тады ж закрыўся і музей, які, кажуць, быў у сваім родзе адзіным у Садружнасці Незалежных Дзяржаў на той момант. "К" узнімала тую праблему не аднойчы на сваіх старонках.

Мне ўстанова запомнілася хатняй атмасферай, якая, аднак, мела прысмак элітарнасці. Выстаўкі тут ладзіліся выбітныя, і публіка на прэзентацыях збіралася годная: фанаты фатаграфіі. Да таго ж “Свет фота” быў своесаблівай альтэрнатывай рэстарану фастфуда — па сутнасці, адзінаму ў наваколлі цэнтру прыцягнення, вакол якога ў выхадныя дні народ і збіраецца.

Частка экспанатаў “Свету фота” зараз выстаўлена ў Музеі гісторыі горада Мінска. Мне чамусьці думаецца, што доўгачаканы Музей фатаграфіі ў сталіцы, пра які так шмат пісала “К”, усё ж з'явіцца. Але не ў спальным раёне, а ў цэнтры горада, дзе прыбытак ад турыстаў можа зрабіць яго рэнтабельным. Мы пацікавіліся ў начальніка ўпраўлення ІРКСМ адміністрацыі Фрунзенскага раёна Ірыны Канапелька: ці можна было той музей захаваць? Суразмоўца адказала, што хіба тэарэтычна. Ад музея раёну была вялікая карысць. Фактычна, на тэрыторыі Фрунзенскага раёна знаходзіўся культурны аб’ект гарадскога значэння. На яго базе, з метадычнай дапамогай уладальнікаў музея, ладзіліся фотаконкурсы, майстар-класы.

“Свет фота”, як вядома, быў прыватнай установай, і яго праблемы пачаліся, калі ўзрасла арэндная плата. Адміністрацыя раёна спрабавала дамагчыся для музея пэўных прывілей, але — не атрымалася. Была думка захаваць музей, размясціўшы яго экспазіцыю і фонды ў адной са школ раёна. Але такі варыянт фактычна азначаў паніжэнне ягонага статуса і ствараў дадатковыя праблемы, вырашэнне якіх не ўваходзіла ў кампетэнцыю ўпраўлення культуры. Перадаць жа музею памяшканне больш прыдатнае, чым пакой у школьным будынку, не было ніякай магчымасці, бо заканадаўства падобнага права адміністрацыі не дае: такую нерухомасць трэба выстаўляць на аўкцыён.

Няўцямны лёс “Белай дачы”

Наколькі гэта праблемная справа — культурны аб’ект у спальным раёне — сведчыць гісторыя “Белай дачы” ў Курасоўшчыне на вуліцы Казінца. Гэтая сядзіба — архітэктурны помнік ХІХ стагоддзя ў атачэнні парку, хай і здзічэлага, а ўсё адно прыгожага. На мяжы 1970 — 1980-х сядзіба рэстаўравалася, далей час ад часу ладзіўся касметычны рамонт. Спроба зрабіць тут Цэнтр народнай творчасці поспеху не мела. Мяркую, таму, што ініцыятары праекта самі кепска ўяўлялі, як зацікавіць гараджаніна традыцыйным народным мастацтвам. Імпазантны будынак, нібыта, прапаноўвалі і дыпламатычным прадстаўніцтвам, але замежнікаў, якія пажадалі б мець рэзідэнцыю “на выселках”, таксама, кажуць, не знайшлося. Нейкія святы з розным тэматычным начыннем на фоне сядзібы ў навакольным парку час ад часу праходзілі, але ўнікальны будынак застаецца не задзейнічаным.

Сёння ідзе гаворка пра перадачу яго Мемарыяльнаму музею-майстэрні Заіра Азгура. Дырэктар згаданай установы Аксана Багданава даўно марыць выйсці з творчымі праектамі за сцены музея, і, мяркую, яна як асоба крэатыўная здольная “ажывіць” сёння “нічыйны” лапік гістарычнага ландшафту на вуліцы Казінца, ператварыць яго ў музейна-адукацыйны цэнтр. Па словах самой спадарыні Багданавай, на адміністрацыйным узроўні пытанне можна лічыць вырашаным, але матэрыяльныя праблемы патрабуюць часу і немалых намаганняў.

Даўгабродская, Берасцянская — адрас дзяцінства...

У згаданым вышэй выпадку гаворка ідзе пра наданне культурнай функцыі аб’екту, сённяшні статус якога няўцямны. Але ж часам гібеюць, трапіўшы ў безгаспадарчы стан, і культурныя установы з багатай гісторыяй. Да прыкладу, Дом культуры Будаўнічага трэста № 1. Памятаю яго з дзяцінства, бо жыў побач — праз дарогу.

Некаторы час гэты будынак, узведзены ў 1956 годзе (стылёва — водгулле сталінскага ампіру), лічыўся сваім сярод мінскіх архітэктурных славутасцей. Месціцца непадалёк ад скрыжавання мінскіх вуліц Казлова і Берасцянская. Па сённяшнім разуменні, тое скрыжаванне — побач з цэнтрам і з’яўляецца яго працягам. Аднак паўстагоддзя таму ў мінчан было іншае ўспрыманне гарадской прасторы. Да галоўнага праспекта сталіцы адсюль — ўсяго некалькі прыпынкаў на трамваі. Але праз квартал у супрацьлеглы бок пачыналася прамысловая зона.

Гэта сёння ў Мінску, бадай, праз кожны крок — Wi-Fi ці трэнажорная зала. А тады культурнае жыццё майго наваколля канцэнтравалася ў згаданым вышэй Доме культуры, які па-хатняму называлі “клубам”. Зручны ён быў найперш тым, што тут можна было паглядзець тыя ж самыя фільмы, што ішлі ў цэнтральных кінатэатрах, але — за меншы кошт. А яшчэ там меліся гурткі па інтарэсах, праходзілі выстаўкі самадзейнай творчасці, ладзіліся ранішнікі для дзяцей і танцы для дарослых...

Сёння таго клуба няма. У другой палове 1980-х пачалася вялікая рэканструкцыя будынка, першы этап якой прадугледжваў частковую разборку сцен. Толькі на яго, урэшце, грошай і хапіла, а потым пачаліся арганізацыйныя ды фінансавыя праблемы… Шмат гадоў, пакуль ішлі размовы пра новае прыстасаванне і падначаленне будынка, апошні стаяў у паўразабраным ды напаўразбураным стане. Нарэшце было прынята рашэнне перавесці яго з ведамаснага падпарадкавання ў камунальную ўласнасць і размясціць у ім Маладзёжны тэатр. Ёсць падставы спадзявацца на шчаслівы паварот у гісторыі гэтага культурнага асяродка.

Новыя падыходы для новых рэалій

У згаданай сітуацыі можна ўбачыць сімвалічны сэнс. Сістэма культурнага абслугоўвання насельніцтва, што дасталася нам "у спадчыну" ад савецкай эпохі, сыходзіць у гісторыю, а новая — пакуль фарміруецца. Відавочна, аднак, што тэрытарыяльна нашы гарады, і Мінск — найперш, растуць значна хутчэй, чым насычаюцца культурна. Як расказвалі мне артысты ТЮГа, калі колішні кінатэатр “Электрон” стаў для іх часовым прытулкам, мясцовыя жыхары вельмі ўзрадаваліся, палічыўшы, што цяпер у глядзельнай зале будуць паказваць спектаклі. І вельмі расчараваліся, даведаўшыся, што “Электрон” для артыстаў — толькі рэпетыцыйная база... Так што культуры насельнікі спальных раёнаў прагнуць не менш, чым жыхары цэнтра.

Гэтую тэзу пацвердзілі і спецыялісты ўпраўленняў ІРКСМ адміністрацый шэрагу сталічных раёнаў, якім я патэлефаванаў, каб пачуць меркаванні прафесіяналаў па тэме майго журналісцкага доследу. Выснова наступная: сацыяльна-культурныя аб’екты ў спальных раёнах — неабходныя. Найперш, для людзей сталага ўзросту. Гэта для моладзі лёгка выправіцца праз ўвесь горад на культурную імпрэзу, а для пенсіянераў — праблема. Таму для дадзенай катэгорыі грамадзян ствараюцца пляцоўкі па месцы жыхарства. Тут ладзяцца імпрэзы ў гонар дзяржаўных святаў, тут жа збіраюцца людзі, каб адзначыць мерапрыемствы двароў і вуліц.

Плануючы ў спальным раёне культурны аб’ект, супрацоўнікі ўпраўленняў улічваюць сацыяльны склад насельніцтва і яго прыярытэты. Скажам, можна збудаваць велізарны кінатэатр, які ніколі не збярэ поўнай залы, а можна абсталяваць глядзельную залу ў школе ці бібліятэцы — і яна ў большай ці меншай ступені задаволіць патрэбы навакольных кварталаў.

Запатрабаваны, напрыклад, дзіцячыя школы мастацтваў па месцы жыхарства. Не ўсе бацькі адправяць сваіх дзяцей з ускраіны ў цэнтр на танцы або на заняткі па выяўленчым мастацтве, бо турбуюцца за бяспеку, ды і часу на дарогу шкада.

Такім чынам, падсумоўваю я, атрымліваецца, што культурны сэрвіс у спальных раёнах разлічаны найперш на малых ды старых.

Як бачыце, і ў рэгіёнах, і ў сталіцы культурная палітыка сёння грунтуецца на прынцыпах аптымізацыі, мэтазгоднасці, рэнтабельнасці. Сістэма культурнага абслугоўвання насельніцтва, што засталася ад нядаўняга мінулага, у новых сацыяльных і эканамічных рэаліях уяўляецца не надта эфектыўнай. Час “культпаходаў”, здаецца, адыходзіць у нябыт. Да таго ж, ужо няма выразнага падзелу на эксклюзіўны культурны прадукт і масавы. Паспрабуй выцягнуць сёння чалавека ў мастацкую галерэю або ў Дом культуры, калі дома яго чакае тэлевізар на сто каналаў і камп’ютар з Інтэрнэтам! Так, прынамсі, у сталіцы і буйных гарадах краіны, а ў паселішчах меншага маштабу дамы культуры і кінатэатры, працуючы ў звыклым фармаце, застаюцца запатрабаванымі.

Мінск — горад, дзе мяжа паміж цэнтрам і ўскраінамі заўжды была, так бы мовіць, рухомай, дынамічнай. Пра гэта сведчыць і гарадская тапаніміка. Назвы "Траецкае прадмесце", "Раманаўская слабада", "Гарадскі вал" яўна ўказваюць на перыферыю, але сёння гэта цэнтральная частка сталіцы. А ці можна назваць спальнымі раёнамі жылыя масівы, якія атачаюць Нацыянальную бібліятэку і “Мінск-Арэну”? Урэшце, сёння мы вядзём гаворку ўжо не пра спальныя раёны, але пра цэлыя гарады — спадарожнікі сталіцы, якім вызначаецца функцыя “разгрузкі” сталіцы. А гэта зусім іншы маштаб. У тым ліку і ў культурнай рабоце.

...Ізноў звярнуся да сваіх маладых гадоў. Як бы іранічна і нават скептычна ні ставіліся да масавай культуры савецкай эпохі, але клубы, дамы культуры, кінатэатры сапраўды былі культурнымі асяродкамі, адпаведнымі тагачаснаму ладу жыцця. Схадзіць у кіно азначала не толькі паглядзець фільм, але і паслухаць канцэрт або выступленне літаратараў перад сеансам, паглядзець выстаўку ў фае ці пагартаць падшыўкі газет. Пачаткі тэхнічных ці мастацкіх ведаў давалі гурткі па інтарэсах. Сёння ў нас іншыя культурныя патрэбы, але новае часта бывае добра забытым старым. І ў сучасных мультыплексах вялікіх гарадоў ці дамах культуры мястэчак ды вёсак можна стварыць прывабную атмасферу сумоўя. Гэта, зрэшты, не менш важна, чым зрабіць культурныя ўстановы эканамічна рэнтабельнымі.

Каментарый з нагоды

Звяртаюся па каментарый да першага намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама Віталіны Рудзікавай. Пытанне — рытарычнае і ў нейкай ступені правакацыйнае: мо ў новых умовах у спальных раёнах установы кшталту дамоў культуры ўвогуле не патрэбны?

— Пытанне, мяркую, мусіць гучаць інакш: як найбольш эфектыўна задаволіць культурныя патрэбы гараджан, незалежна ад месца іх жыхарства? Самым простым рашэннем на першы погляд падаецца пашырэнне кола культурных устаноў у спальных раёнах. Каб кожны новы раён і нават мікрараён меў бібліятэку, Дом культуры і гэтак далей. Але гэта пытанне, ці пойдуць туды людзі… Больш плённа ўкладаць сродкі ў будаўніцтва і развіццё культурных аб’ектаў у тых раёнах горада, якія гістарычна склаліся, у тым ліку ў цэнтральнай частцы, і адначасова ўдасканальваць транспартную інфраструктуру сталіцы, каб жыхары ўскраін без праблем і хутка маглі трапіць на выстаўку, спектакль або канцэрт, што праходзяць у цэнтры.

У бліжэйшы час у спальных раёнах не плануецца будаўніцтва новых бібліятэк або дамоў культуры, але гэта не значыць, што па кожную культурную патрэбу жыхарам давядзецца выпраўляцца ў цэнтр. Больш эфектыўнай мусіць стаць праца існуючых культурных устаноў. Скажам, для эстэтычнага выхавання дзяцей і моладзі на базе сярэдніх школ ствараюцца філіялы і класы школ мастацтва. Яны працуюць у другой палове дня, калі заняткі скончыліся і вучэбныя аўдыторыі свабодныя. Перспектыўнымі ўяўляюцца цэнтры міжшкольнай работы, дзе аб’яднаны матэрыяльныя і кадравыя рэсурсы некалькіх навучальных устаноў для вырашэння задач, якія не пад сілу асобна ўзятай установе адукацыі. Пашыраюць кола паслуг бібліятэкі: тут ужо звыкла ладзяцца мастацкія выстаўкі, сустрэчы з людзьмі творчых прафесій, прэзентацыі творчых праектаў і майстар-класы.

Тыя дамы культуры, што раней належылі прадпрыемствам, а потым былі перададзены гораду, набываюць новыя функцыі і шырэйшую аўдыторыю. Такой бачыцца перспектыва былога Палаца культуры камвольнага камбіната, які цяпер называецца “Лошыцкі”. ДК Будаўнічага трэста №1нарэшце займеў новага гаспадара. Гэта — Маладзёжны тэатр. Мяркуем, сёлета ён заселіцца ў гэтыя сцены.

Я разумею радасць жыхароў вуліцы Казінца, калі да іх, у былы кінатэатр “Электрон”, засяліўся ТЮГ, і яны вырашылі, што тут ён і застанецца… Але, падумайце, што б сталася з гэтым выбітным тэатрам, каб яго насамрэч з вуліцы Энгельса перасялілі ў Курасоўшчыну? Тэатр паўтарыў бы лёс Галерэі Леаніда Шчамялёва, размешчанай у не надта зручным для такой установы месцы. А культурныя аб’екты, акрамя выканання асветніцкай функцыі, мусяць працаваць і на турыстычную прывабнасць. І ў гэтым сэнсе іх месцазнаходжанне — пытанне не другаснае. Асобная гаворка — пра культурныя ўстановы, што знаходзяцца ў межах цэнтра горада, а ў спальным раёне маюць філіялы. Так можа здарыцца з Мемарыяльным музеем-майстэрняй Заіра Азгура, які плануе пашырыць сваю дзейнасць на тую ж Курасоўшчыну, зрабіўшы культурна-асветніцкім цэнтрам і месцам правядзення мастацкіх акцый “Белую дачу” з навакольным паркам. Тут, праўда, шмат праблем. Найперш — фінансавых.

Упраўленне адкрыта для супрацоўніцтва з грамадскімі арганізацыямі, творчымі саюзамі і асобнымі грамадзянамі. У любым выпадку, кожны варты ўвагі культурны праект не застанецца без яе.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"