Воку, кажаце, няма за што зачапіцца?

№ 10 (1136) 08.03.2014 - 14.03.2014 г

Спецпрапанова для аматараў “натурпрадукту”, або Як прымусіць турыста танчыць?
Побытавы танец “Спораўская полька” не так даўно атрымаў статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Гэта не проста гонар, але і нагода задумацца: што далей? Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі (ІРКСМ) Бярозаўскага райвыканкама палічыў рашэнне Навукова-метадычнай рады добрай інфармацыйнай нагодай для фарміравання іміджа свайго краю. Ды — зладзіў прэзентацыю полькі для прэсы, прычым непасрэдна на “месцы падзей”. Жаданне зразумелае — распавесці ўсім ахвотным і пра саму польку, і пра вёску Спорава, і, урэшце, пра Бярозаўшчыну. Ды паказаць тое, што “няўзброеным вокам” пакуль не ўбачыш.

/i/content/pi/cult/470/9974/12-1.jpg

Адзін з элементаў "Спораўскай полькі". / Фота Інстытута культуры Беларусі

/i/content/pi/cult/470/9974/12-2.jpg

Тры пакаленні спораўскіх танцорак. / Фота аўтара

“Вёска як вёска?”

Вось ужо які раз паўтараецца адзін і той жа сюжэт. Які-небудзь блогер з блізкага замежжа прыязджае на Беларусь і замест звыклага набору турыстычных адметнасцей робіць нудныя фоткі панэльных дамоў. Маўляў, тут і сапраўды чыста, але сумна і нецікава. Такі падыход нязменна спараджае патрыятычныя “халівары” ў сацыяльных сетках і пытанні кшталту “А ты хто такі?”. Рэакцыя, як падаецца, — непрадуктыўная. Што ні кажы, але панэльных дамоў у нас багата — як, мабыць, і ў любой краіне. Важна знайсці спосабы неяк змяніць уражанні ад гэтых малацікавых на першы погляд ландшафтаў.

Вёска Спорава на Бярозаўшчыне  — выбітны прыклад таго, што гэта магчыма. Там не знойдзеш выкшталцоных помнікаў архітэктуры — адно савецкія тыпавыя спаруды ў цэнтры. Вёска як вёска, нават воку няма за што зачапіцца. І дзіва, што менавіта ў тым зацішным месцы пагэтуль захаваўся ўнікальны для цяперашняга глабалізаванага свету культурны клімат.

Сціплыя спораўцы адначасова лічаць сваю вёску і асобнай суверэннай дзяржавай і сталіцай беларускага гумару, што, калі ўдумацца, адно другому не супярэчыць. З вуснаў у вусны тут пераказваюць дзівосныя паданні і, зразумела ж, дасціпныя анекдоты. Бытуюць і свае кулінарныя традыцыі, балазе пад бокам багатае на рыбу возера. Але сапраўдная візітоўка — менавіта “Спораўская полька”, асаблівасць якой у тым, што танцоры амаль не адрываюць ног ад зямлі.

Карацей, “капнуўшы глыбей”, без асаблівых намаганняў знойдзеш пад слоем асфальта жывую глебу. Толькі як раскрыць гэты культурны слой для ўсіх ахвотных?

Музей у “стандартным горадзе”

Шлях у гэты аддалены куточак ляжаў праз Бярозу. Думаецца, кплівыя блогеры былі б рады там пабываць. Вось яно, увасабленне “стандартнага” беларускага гарадка! Абразы ў гэтым няма, бо стандарты добраўпарадкавання ў нас, як вядома, даволі высокія, але...

Нейкія паўгадзінкі, што заставаліся да выправы ў Спорава, думаў скарыстаць на каву, аднак харэограф Алена Прохарава, якая прыехала са мной, безапеляцыйна зацягнула ў музей. Маўляў, як тэатр пачынаецца з вешалкі, так і знаёмства з кожным горадам трэба пачынаць з яго музея. Іначай проста няветліва!

Экспазіцыя невялічкая — пакуль працуюць усяго тры залы (кожная памерам з добры пакой), — але даволі прадуманая і эфектная (чаго варты хаця б зуб маманта або вялізны бурштын!), ды і экскурсія была цікавай. Як выявілася, нават такога сціплага музейчыка цалкам дастаткова, каб уражанне ад “стандартнага” горада істотна змянілася. І ў гэтай сітуацыі яшчэ больш пачынаеш разумець тых муніцыпальных кіраўнікоў, якія кроў з носу імкнуцца зрабіць альбо палепшыць уласныя музеі.

Мабыць, пасля экскурсіі ў кожнага наведвальніка ўзнікне жаданне пазнаёміцца з адметнасцямі горада бліжэй. Галоўная з іх — натуральна, картэзіянскі кляштар, праз які Бяроза доўгі час называлася Картузскай. Не буду нагадваць пра ўсе незлічоныя цікавосткі, здатныя “ажывіць” ва ўяўленні нават цяперашнія пашчэрбленыя руіны. Скажу толькі, што патрапіць туды гэтай парой без гумовых ботаў даволі складана. Ды і атачэнне тут па-ранейшаму зусім непрэзентабельнае: побач ці то склад, ці то нейкая звалка...

...У аддзеле ІРКСМ спадзяюцца, што запаволеная рэстаўрацыя кляштарнай брамы сёлета завершыцца. Даўно пара — іначай яе абрысы можна будзе ўбачыць толькі на гербе горада. Пра больш маштабныя планы лічаць за лепшае пакуль не казаць — па зразумелых прычынах. Але, як падаецца, успрыняцце помніка магло б істотна змяніць хаця б нават простае добраўпарадкаванне — згодна з тымі самымі высокімі стандартамі, якія чамусьці не дайшлі ў гэтае гістарычнае “сэрца” Бярозы. Ну і, вядома, інфармацыйнае забеспячэнне... Балазе матэрыялаў хопіць не на адзін інфармацыйны шчыт.

Полька на дыскатэцы

Па словах начальніка аддзела ІРКСМ Таццяны Кавалёк, ідэя правесці прэс-прэзентацыю ў Спораве з’явілася цалкам заканамерна:

— Гэта частка планамернай работы па выяўленні і захаванні нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны, — патлумачыла яна. — І першымі поспехамі справа не абмяжуецца. Да ўключэння ў Дзяржспіс рыхтуецца і яшчэ адзін элемент — традыцыя вырабу трэскавых птушак. Вывучаюцца і іншыя праявы народных традыцый...

Пэўна, працэс рухаецца яшчэ і таму, что справу вядзе чалавек, не завалены плоймай іншых абавязкаў. У райаддзеле ёсць пасада метадыста па традыцыйнай культуры, а малады спецыяліст Вольга Лаўрэнчук, мяркуючы па ўсім, займае яе зусім не выпадкова.

— Калі мы рыхтавалі першыя на Брэстчыне прапановы на ўключэнне ў Дзяржспіс элементаў НКС, уся прадстаўленая інфармацыя змяшчалася на некалькіх аркушах, а цяпер ад спецыялістаў “на месцах” патрабуюць ужо ледзь не цэлую дысертацыю, — распавяла загадчык аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Ларыса Быцько. — Вельмі рада, што Вольга выканала гэтыя высокія патрабаванні “на выдатна”.

Самабытныя праявы народнай культуры — з’ява самакаштоўная, і таму разглядаць іх выключна ў прагматычных мэтах (скажам, як інструмент геаграфічнага маркетынгу) ні ў якім разе не выпадае. Зрэшты, спораўцы гэта і не дазволяць. Для іх полька — не пранафталінены музейны экспанат, а нармальная частка жыцця.

Як адзначыла ў час “круглага стала” Ларыса Быцько, найважнейшая задача — гэта не дабіцца ўключэння элемента НКС у Дзяржспіс, але забяспечыць яго ўстойлівую захаванасць у натуральным асяроддзі. Гэта — праблема з праблем. Некаторыя з адметных праяў народнай культуры выжываюць хіба “на штучным дыханні”: у карагод становяцца работнікі культуры альбо моладзь з вялікіх гарадоў. Як засведчыла прэзентацыя, “Спораўскай польцы” такі лёс не пагражае: яе танчаць прадстаўнікі ўсіх пакаленняў. Балазе ў плане дэмаграфіі Спорава выглядае досыць выйгрышна: моладзі і дзятвы тут — добрая траціна ад усіх насельнікаў. “Сваё” яны шануюць, і нават звычайныя дыскатэкі не абыходзяцца без “фольк-хвілінак”, пад час якіх ды-джэй выключае сучасную музыку, а моладзь вучыцца танчыць тую польку.

А што, як падаецца, дырэктар Цэнтра культуры і вольнага часу Ніна Пашкевіч (спораўка да мозга костак і сапраўдны завадатар у вясковай супольнасці) прапанавала неблагую ідэю! Можа, такія фольк-хвілінкі і яшчэ дзе прыжывуцца?

— Вядомая традыцыя, калі выпускнікі на плошчы танчаць вальс, — падзялілася яшчэ адной задумай Таццяна Кавалёк. — А чаму б у нас не ўвесці завядзёнку танчыць тую ж польку?..

Цікавую ідэю прапанаваў і старшыня Спораўскага сельсавета Аляксандр Мартысевіч: чаму б не стварыць для самых актыўных танцораў полькі сістэму льгот на паліўныя матэрыялы — хаця б нават у межах сціплых магчымасцей таго не самага вялікага органа ўлады, які ён прадстаўляе?

Адным словам, не толькі сталічныя спецыялісты задумваюцца аб найпрымальных спосабах падтрымання жыццяздольнасці элементаў нематэрыяльнай спадчыны. На месцах таксама гучыць нямала ідэй. А некаторыя і ўвасабляюцца.

Прадукт — ідэальны і натуральны

Многія элементы НКС выкарыстоўваць у турызме амаль немагчыма: атрымаецца прафанацыя. Даецца ў знакі, скажам, прывязка да каляндарнага цыкла: адзін раз у год і ніколі больш, прычым толькі тут і нідзе яшчэ! А вось з полькай усё куды прасцей: яе можна танчыць хоць круглыя суткі, без супыну ўсе чатыры сезоны, скакаць да знямогі дзе заўгодна: на сцэне, у хаце, кавярні або на беразе возера. Канцэрт можа лёгка перацякаць у майстар-клас з удзелам усёй публікі, што пераканаўча засведчыла акурат тая самая прэзентацыя. Засвоіць некалькі рухаў зусім не складана, а энергетыка дзеі вокамгненна ўцягвае гасцей любога веку і сацыяльнага статуса!

Карацей, ідэальны прадукт для культурнага маркетынгу! Ды і сёння гэты танец не абмяжоўваецца “цяплічнай” прасторай устаноў культуры. Спораўскіх фальклорных музыкаў ахвотна запрашаюць на вяселлі або “карпаратывы” — балазе, суседства з шыкоўным возерам спрыяе іх правядзенню. Летась Цэнтр культуры зарабіў каля 20 мільёнаў рублёў на платных паслугах. Многа гэта ці мала? Усё адносна...

Відавочна, магло б быць і больш. У сукупнасці са знакамітым возерам, спораўская рэгіянальная культура здатная прыцягваць аматараў турыстычнага “натурпрадукту”. Мабыць, каб за справу ўзяліся прафесіяналы, яны распрацавалі б комплексную прапанову, здатную задаволіць усе патрэбы турыстаў — і душэўныя, і гастранамічныя. Буклет змяшчаў бы пару-тройку мясцовых показак, а на яго вокладцы, без сумневу, былі б танцоры полькі.

Тады на тыпавыя спаруды Спорава ніхто б, мабыць, проста не звяртаў увагі. У свядомасці гасцей ужо быў бы сфарміраваны вобраз гэтых мясцін.

Досведу ашчаднага выкарыстання нематэрыяльнай спадчыны на карысць яе рэгіёну ў нас пакуль што бракуе. Незразумела нават, з чаго пачынаць. Але пачынаць з нечага трэба, і выдатна, што на Бярозаўшчыне гэта разумеюць.

На жаль, адрасаваць усе практычныя пытанні цягам прэс-канферэнцыі проста не было каму. Работнікі культуры Бярозаўшчыны свой унёсак у агульную справу, відавочна, робяць, але... Гэта толькі адзін аспект комплекснага “натурпрадукту”. Іх высілкі наўрад ці прынясуць плён без працы прафесіяналаў з іншых галін і каардынацыі з боку мясцовага кіраўніцтва.