Глядзіце пад ногі!

№ 10 (1136) 08.03.2014 - 14.03.2014 г

Колькі гадоў таму мне давялося размаўляць з мінскім архітэктарам, які праектуе малыя архітэктурныя формы, або, інакш кажучы, займаецца дызайнам гарадскога асяроддзя. Ён не без гордасці паведаміў, што за кошт даволі высокага ўзроўню гэтага чынніка культуры Мінск адрозніваецца ў лепшы бок, напрыклад, ад Масквы. Тая, безумоўна, — цудоўны горад, але пры велізарных маштабах будаўніцтва, якое вядзецца, у маскоўскіх архітэктараў часта проста не даходзяць рукі да такой “драбязы”, як добраўпарадкаванне прылеглых да гмахаў тэрыторый. Між тым, як у нас гэтаму надаецца ўвага.

/i/content/pi/cult/470/9973/4-22.jpg /i/content/pi/cult/470/9973/4-33.jpg

Ад сябе магу дадаць, што згаданае датычыцца не толькі нашай сталіцы, але і ўсёй Беларусі. Прынамсі, тых гарадоў ды мястэчак краіны, якія мне даводзілася наведаць у апошнія гады. Але, як кажуць, няма мяжы дасканаласці. Мы маглі б палепшыць дызайн гарадскога асяроддзя, калі б паспрабавалі ўбачыць тратуар як прастору не толькі функцыянальную, але і эстэтычную. Мне могуць запярэчыць: асфальт на ходніках паўсюдна замяняюць тратуарнай пліткай, што яшчэ трэба? Адкажу: шмат чаго.

Яшчэ ў 1970-х у Мінску праходзіў творчы семінар дызайнераў, які паводле ўзроўню прадстаўніцтва можна назваць усесаюзным. Адна з тэм, над якой працавалі дызайнеры, вызначалася як “Тратуар — нічыйная тэрыторыя”. Сэнс гэтай тэзы ў тым, што тратуар, у адрозненне ад гарадскіх пабудоў ды праезнай часткі вуліц, за стан якіх неслі адказнасць канкрэтныя ведамствы і асобы, быў нібыта сіратой, апекаваліся якой хіба што дворнікі. Вынікам супольнай творчай працы стаў канцэптуальны праект уключэння прасторы тратуара ў сістэму гарадскіх інфармацыйных камунікацый, наданню пешаходнай зоне камфартабельнасці і эстэтычнай выразнасці. Вонкава тая прапанова выглядала як дызайнерская правакацыя, агрэсіўная адносна існуючага асяроддзя, але праект і не быў разлічаны на рэалізацыю. Ён меў на мэце толькі прыцягненне ўвагі да актуальнага пытання.

Згадваючы сёння тую даўнюю гісторыю, мушу адзначыць, што яно для нас тады было ў навіну, а вось у іншых краінах па гэтай тэме архітэктары, дызайнеры, мастакі плённа працавалі ўжо не адно дзесяцігоддзе. Працуюць і зараз. Напрыклад, у Японіі ў якасці арт-аб’ектаў разглядаюцца… каналізацыйныя люкі, дакладней, крышкі ад іх. У нас жа гэты атрыбут урбанізаванага асяроддзя сёння не вызначаецца выразнасцю. У сталіцы хіба на плошчы перад мінскай Операй вулічныя люкі зроблены з адмысловай выявай. Рэшта — брутальны чыгун. А чаму б не задумацца пра мастацкую аздобу люкаў, што побач з помнікамі дойлідства, турыстычнымі цікавосткамі, спартыўнымі аб’ектамі? Так, як гэта робіцца ў Японіі.

На інфармацыю пра мастацкую аздобу японскіх вулічных люкаў я натрапіў у адным геаграфічным часопісе, потым зазірнуў у Сеціва. І — быў уражаны вялікай колькасцю ды высокай якасцю гэтых твораў на мяжы функцыянальнага мастацтва ды арт-дызайну. На люках змяшчаюцца кампазіцыі, якія ў зразумелай ды эфектнай форме распавядаюць пра агульнанацыянальныя і мясцовыя славутасці; пра традыцыйнае мастацтва і рамёствы, якімі слаўная тая або іншая мясцовасць; нацыянальную кулінарыю, спартыўныя дасягненні, помнікі дойлідства. Фактычна проста пад нагамі раскладзена энцыклапедыя гісторыі і культуры Японіі!..

Ведаючы японскі прынцып “Вазьмі чужое і зрабі лепш”, я схільны думаць, што і гэтую ідэю японцы маглі пазычыць, але пры рэалізацыі здолелі надаць ёй выразныя нацыянальныя рысы. Тое ж варта зрабіць і нам.

Зрабіць арт-аб’ектамі вулічныя люкі — гэта, як мне падаецца, даволі просты спосаб узбагаціць горад рысамі ўнікальнасці, надаць яму эстэтычнай прывабнасці. Надаць жа гораду выразнасці можна праз пабудову адмысловых па архітэктуры хмарачосаў, а можна (хоць адно другога не выключае) — такім вось танным спосабам.

Адмысловыя малюнкі на люках могуць быць найперш ля спартыўных аб’ектаў, дзе пройдзе Чэмпіянат свету па хакеі, на галоўных плошчах сталіцы, ля помнікаў дойлідства. А там, глядзіш, мінскі досвед зацікавіць і іншыя гарады краіны… Вулічны люк з адпаведнай выявай можа быць напамінкам таго, што гэты горад быў у нейкі год Культурнай сталіцай Беларусі ці Садружнасці, сталіцай Свята беларускага пісьменства, што тут адбываліся важныя спартыўныя спаборніцтвы...

Дадзены атрыбут гарадскога асяроддзя, ператварыўшыся з чыста функцыянальнага ў мастацкі, будзе ўспрымацца як клумба сярод шэрай брукаванкі. Вакол яго распачнецца фарміраванне новай эстэтычнай прасторы. Проста ў нас пад нагамі… Так што — глядзіце пад ногі!..

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"