Які лёс чакае "Берагіню"?

№ 10 (1136) 08.03.2014 - 14.03.2014 г

Публікацыя ў “К” артыкула этнахарэографа і заснавальніка фестывалю “Берагіня” Міколы Козенкі выклікала рэзананс сярод чытачоў, якія занепакоены далейшым лёсам гэтага этнапраекта. Сёння мы публікуем чарговы ліст.

З тэкстам Міколы Козенкі можна пазнаёміцца тут.

Папярэдняя публікацыя з абмеркаваннем праблемы тут і тут.

"Не магу не далучыцца да тых, каго хвалюе сёння лёс Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”, бо маю адносіны да яго і як настаўнік роднай мовы, і як адзін з кіраўнікоў дзіцячага фальклорнага гурта з аднайменнай назвай, і як чалавек, улюбёны ў фальклор. Усё сваё настаўніцкае жыццё я адпрацавала ў адной вясковай школе. За 36 гадоў давялося быць і выхавацелем, і настаўнікам, і намеснікам дырэктара, і зноў настаўнікам. Але самыя насычаныя, цікавыя ды плённыя імгненні педагагічнай працы зведала, калі воляй лёсу занялася мастацка-адукацыйнай дзейнасцю ў школьным фальклорным гурце, створаным у 1996 годзе вядомым дзеячам народнага традыцыйнага мастацтва, этнахарэографам Міколам Козенкам. Гурт называўся “Берагіня”. Гэтак жа назваў ён фестываль у Акцябрскім.

Слова “Берагіня” для мяне, як і для ўсіх былых берагінцаў, — святое. Яно выражае найперш галоўную ідэю, якой была падпарадкавана дзейнасць нашага гурта: вывучаць, пераймаць, засвойваць, распаўсюджваць, а тым самым зберагаць ацалелыя напрыканцы XX стагоддзя ўзоры мясцовай народнай творчасці. З гэтай мэтай ладзіліся вандроўкі ва ўсе вёскі "школьнага мікрараёна" і за яго межы, арганізоўваліся сустрэчы з носьбітамі традыцый, у школе была наладжана работа этнаграфічнага напрамку. Удзельнікамі гурта за час яго дзейнасці сталі каля ста пяцідзесяці вучняў. Імі пераняты ад носьбітаў дзясяткі мясцовых сольных, парных і гуртавых танцаў, абрадавых і пазаабрадавых песень, узораў музычнага мастацтва, твораў апавядальніцкага жанру. Гэтыя фальклорныя скарбы ўвайшлі ў рэпертуар калектыву і выконваліся “Берагіняй” ды яе салістамі ў шматлікіх варыянтах праграм, паказаных у раёне, вобласці, у рэспубліцы і за мяжой (у Францыі). Калектыў быў удзельнікам чатырох міжнародных фестываляў, якія ладзіліся ў Беларусі.

Наша “Берагіня” — гэта мадэль “Берагіні” Рудабельскай — унікальнага фестывалю, які з’яднаў тысячы беларускіх дзяцей і дарослых. “Берагіня” выхавала не толькі дзясяткі самабытных мастацкіх калектываў у Акцябрскім раёне, не толькі нарадзіла “Рудабельскіх зорачак”, але і паспрыяла росту ды сталенню вядомых ва ўсёй Беларусі гуртоў: расонскіх “Нежачак”, любанскіх “Верабейкаў”, лепельскіх “Сунічак”, маладзёжных сталічных гуртоў, а таксама мётчанскай “Берагіні”. І кожны калектыў прадстаўляў на фестывалі сваю рэгіянальную адметную мастацкую культуру, дэманстраваў традыцыю.

Мы былі ўдзельнікамі амаль усіх — ад першага да сёмага — рэспубліканскіх фестываляў “Берагіня” і бачылі, як ён мацнеў. Фестываль адметны і непаўторны шмат у чым. Па-першае, ён прадугледжвае сістэмную падрыхтоўку — удасканаленне выканальніцкага майстэрства і пастаяннае аднаўленне рэпертуару, а значыць, рухае наперад пошукавую дзейнасць і далейшае вывучэнне мясцовай фальклорнай спадчыны. Па-другое, “Берагіня” стварае магчымасці для самавыяўлення асобы кожнага ўдзельніка. Па-трэцяе, фэст арганізуе інтэлектуальную працу сваіх удзельнікаў ды прыхільнікаў. І не толькі арганізуе. Яе надзвычай каштоўны, неацэнны здабытак — гэта навукова-практычная канферэнцыя “Традыцыйная культура і дзеці” з выданнем аднайменных зборнікаў, якія не толькі сведчаць аб высокім узроўні фестывалю, але і прэтэндуюць на своеасаблівы фальклорны летапіс для наступных пакаленняў беларусаў.

Антаніна АБРАМОВІЧ, настаўнік Мётчанскага адукацыйна-педагагічнага комплексу: дзіцячы сад — сярэдняя школа

Барысаўскі раён"