Без магчымасці для манёўраў?

№ 10 (1136) 08.03.2014 - 14.03.2014 г

Міхаіл ФІНБЕРГ, народны артыст Беларусі, дырэктар — мастацкі кіраўнік Заслужанага калектыву краіны "Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр", прафесар
Па тэлебачанні часта паказваюць шыкоўныя машыны і катэджы нашых так званых зорак шоу-бізнесу. Я не маю ні карэты, ні замка, жыву ў сціплай двухпакаёўцы. Мабыць, менавіта з гэтай прычыны мяне ў “культурных” перадачах амаль і не ўбачыш. Не, я не крыўдую, вядома, — няма калі... Але паколькі зайшла гаворка пра шоу-бізнес, хацеў бы нагадаць, што ў плане даходаў наш калектыў за мінулы год быў адным з лідараў — натуральна, у сваёй намінацыі.

/i/content/pi/cult/470/9962/5-1.jpgЯ ніколі не стамляюся паўтараць, што галоўны наш спонсар — дзяржава. І гэта заканамерна, бы мы робім менавіта дзяржаўную справу, спрыяючы развіццю ды папулярызацыі нацыянальнай культуры. У іншых эканамічных варунках было б немагчыма ладзіць тыя дабрачынныя і зусім некамерцыйныя імпрэзы, якія дазваляюць данесці высокае мастацтва да жыхароў малых гарадоў, людзей у пагонах, рабочых заводаў... Аднак гэты найважнейшы накірунак нашай дзейнасці зусім не замінае нам няблага зарабляць. Падкрэслю: мы не атрымліваем грошы — мы іх зарабляем!

Як гэта нам удаецца? Ды вельмі проста, ніякіх сакрэтаў няма. Увечары напярэдадні канцэрта трэба загрузіць фуру з абсталяваннем, а гэта 22 тоны! А сёмай раніцы калектыў займае месцы ў аўтобусах ды выпраўляецца ў горад N. Там адбываюцца канцэрты — не адзін, а адразу два. Потым — загрузка і вяртанне ў Мінск. Дадому трапляем дзесьці а трэцяй ночы. Наступным ранкам тэхперсанал будзе разгружаць абсталяванне, а музыканты — рэпеціраваць новую праграму...

Калі шмат працаваць, калі ставіцца да сваёй працы адказна, калі не ашукваць слухача, падсоўваючы яму нейкую халтуру (маўляў, для “правінцыі” і так пойдзе), ніякіх “сакрэтаў шоу-бізнесу” нават і не спатрэбіцца. Гэта як у сельскай гаспадарцы: калі будзеш араць, будзеш і есці. Трэба прыходзіць на работу вельмі рана, трэба ўвесь час пра яе думаць, трэба проста ёю жыць! У мяне няма часу ні на што іншае — скажам, наладжванне дабрабыту альбо свецкія раўты. Таму ў побыце лёгка задавальняюся мінімальным.

Каб паспяваць усё рабіць, вельмі важна навучыцца даткліваму і сістэматычнаму планаванню. Назавіце мне наўздагад любую дату, і я скажу вам, чым у гэты дзень будзе займацца аркестр. У нас гастрольны графік на бягучы год ужо цалкам распісаны, цяпер завяршаем яго і на 2015-ты.

Кіраўнічае звяно нашага калектыву — усяго тры чалавекі: дырэктар, ён жа мастацкі кіраўнік, галоўны бухгалтар і адміністратар. А ўсяго ў штаце аркестра — 223 адзінкі. І нікога лішняга!

Увогуле, са штатным раскладам — вялікая праблема. Прыкладам, у нас ёсць камендант, які ахвотна выконваў бы і нейкія іншыя функцыі — той жа прыбіральшчыцы. Але паспрабуй ты гэта ўсё аформіць юрыдычна! На жаль, магчымасці для манёўра ў кіраўніка ўстановы культуры сёння вельмі вузкія, хаця толькі ён здатны дакладна бачыць свае патрэбы і прымаць рашэнні, найаптымальныя ў канкрэтнай сітуацыі.

Зразумела ж, патрэбы нашага вялікага калектыву — проста неверагодныя. Скажам, тыя ж сцэнічныя касцюмы. Вось прыходзіць новы музыкант, з ходу ўключаецца ў рэпетыцыйны працэс, неўзабаве яму ўжо выступаць на канцэрце... А каб яго апрануць, трэба аб’яўляць тэндар, чакаць вынікаў, падпісваць мноства паперак. Прычым, падкрэслю, усё “задавальненне” — нават не за бюджэтныя, а за ўласнаручна заробленыя грошы. На жаль, сёння ты не можаш проста прыйсці ў краму і набыць тое, што ёсць надзённая патрэба для калектыву. Я не кажу ўжо пра набыццё музычных інструментаў замежнай вытворчасці...

Прыкра, што гэтыя пытанні адымаюць шмат часу і высілкаў — тыя бясцэнныя рэсурсы, якія можна было б патраціць куды больш карысна. І самае галоўнае: яны не спрыяюць той важнай справе, якую мы робім на карысць дзяржаве. Вядома, мы — людзі творчыя, і ніякія дробныя клопаты не здатныя сапсаваць нам настрой. Але... Лепш, каб іх не было.

Увогуле, са штатным раскладам — вялікая праблема. Прыкладам, у нас ёсць камендант, які ахвотна выконваў бы і нейкія іншыя функцыі — той жа прыбіральшчыцы. Але паспрабуй ты гэта ўсё аформіць юрыдычна! На жаль, магчымасці для манёўра ў кіраўніка ўстановы культуры сёння вельмі вузкія, хаця толькі ён здатны дакладна бачыць свае патрэбы і прымаць рашэнні, найаптымальныя ў канкрэтнай сітуацыі.