Раённага метадыста выклікалі?

№ 10 (1136) 08.03.2014 - 14.03.2014 г

“Аптымізацыя” і “рэарганізацыя” — не сінонімы “скарачэння”
У сёлетнім плане аптымізацыі сеткі арганізацый культуры, іх штатнай колькасці, функцыянальных абавязкаў, сярод іншага, пазначана, што да канца 2014-га трэба рэарганізаваць раённыя метадычныя цэнтры культурна-асветніцкай работы, у тым ліку — з перадачай іх функцый іншым установам культуры… Будзем спадзявацца, што аптымізацыя з рэарганізацыяй — не сінонімы слова “скарачэнне”. Дый пра якую тут эканамічную выгоду можа ісці гаворка, калі раённы метадыст (у ідэале — разумнік, крэатыўшчык, акумулятар ідэй, не толькі тэарэтык, але і практык найвышэйшага кшталту) атрымлівае заробак меншы, чым у сельскага работніка культуры. Скарачаць ягоную стаўку — толькі справе шкодзіць. Хоць і не адмаўляем таго, што з цягам часу “прасунуты” ды высокаадукаваны сельскі работнік культуры даслужыцца да звання, скажам, дырэктара СДК — метадыста і стане “ўласным метадыстам” ад райметадцэнтра ў роднай і суседніх вёсках. Чым не перспектыва сапраўднай кадравай аптымізацыі?

Чым жыве на сёння райметадцэнтр, пра якія перспектывы марыць і з якімі праблемамі змагаецца? Да абмеркавання гэтых пытанняў у фармаце он-лайн-канферэнцыі мы запрасілі дырэктара Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Кацярыну ЛАБУКА, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Клічаўскага райвыканкама Уладзіміра ВААКСА, вядучага метадыста па народных традыцыях і абрадах Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці Людмілу МЕЛЬНІКАВУ, дырэктара Ганцавіцкага райметадцэнтра Алу ЗAНЬKA.

Ala Zanka: “А мы ўжо прынялі рашэнне аб’яднаць установы ў Цэнтралізаваную клубную сістэму. Ёсць ужо і Палажэнне. Цэнтралізацыя павінна прайсці да ліпеня. Варыянты і схемы цяпер прапрацоўваем. Магчыма, гэта будзе аб’яднанне метадычнай структуры з Цэнтрам вольнага часу і адпычынку. Але больш аптымальнай падаецца ЦКС, куды ўвойдуць сельскія і гарадская ўстановы, а на чале застанецца метадцэнтр”.

Yaugen Ragin: “І якая карысць ад таго, што вы станеце юрасобай?”

Ala Zanka: “Пасля скарачэння нерэнтабельных клубаў фінансавыя ўліванні будуць канцэнтравацца ў новай цэнтралізаванай сістэме. Можна будзе выкарыстоўваць іх дыферэнцыравана: і базу паляпшаць, і рэгуляваць аплату работнікаў. Напэўна, і кадравыя пытанні будуць вырашацца ў межах ЦКС (цяпер імі займаецца сектар культуры нашага аддзела)”.

Yaugen Ragin: “На сёння штосьці варта змяняць у “тэхналогіі” вашай дзейнасці? Нешта, мабыць, састарэла і патрабуе мадэрнізацыі?”

Ala Zanka: “Я змяніла б штаты метадычнага цэнтра, бо час патрабуе пастаяннай навізны. А менеджараў і праграмістаў мець пакуль не можам. Работа з сайтамі, Інтэрнэтам патрабуе спецыфічных ведаў. Натуральна, “жанравыя” метадысты павінны застацца, бо мы ж не можам пагоршыць якасць сваёй работы. Найпершая задача — удасканаленне за кошт уласных сродкаў… Метадысты, я лічу, — не толькі самадастатковыя спецыялісты, яны гэтую самадастатковасць “прышчэпліваюць” да замацаваных устаноў. Інакш кажучы, мы імкнёмся да непадобнасці, брэндавасці клубаў. Натуральна, абавязак цяжкі. Толькі сем працэнтаў нашых работнікаў маюць спецыяльную адукацыю, нават сям-там у аграгарадках. Як ім абысціся без метадыстаў?”

Uladzimir Vaaks: “У нас няма метадычнага цэнтра, нават аддзела такога няма. Проста пры раённым Доме культуры працуе некалькі метадыстаў, якія абслугоўваюць і раён. Справа ў тым, што ў нас на сяле толькі 15 клубных устаноў. Уся метадычная інфармацыя з абласнога метадычнага цэнтра паступае ў РДК, а потым распаўсюджваецца па раёне. Гэтак жа потым і збіраецца. Курыраванне сяла і горада, вучоба кадраў — абавязковыя і пастаянныя”.

Yaugen Ragin: “І пры ўсім пры гэтым заробак метадыста — адзін з мінімальных у галіне…”

Uladzimir Vaaks: “Мы для сябе вось як вырашаем гэтую праблему. Прэміруем метадыстаў з фонду эканоміі заработнай платы ЦКС. Гэта адзін з плюсаў клубнай цэнтралізацыі”.

Yaugen Ragin: “Пытанне тэарэтычнага характару. А можна пазбавіцца ад раённых метадыстаў увогуле і абысціся толькі абласнымі?”

Uladzimir Vaaks: “Маё меркаванне такое: без раённых метадыстаў — не абысціся. Яны павінны збіраць ідэі з усяго свету і ўкараняць іх пасля адаптацыі ў сябе. Па-другое, на іхніх плячах трымаецца бясконцы паток справаздачнасці, які можа нас проста змыць”.

Katsiaryna Labuka: “І ў нас працэс рэарганізацыі пайшоў ужо. Але ставімся да яго вельмі дыферэнцыравана. І тут трэба чымсьці абавязкова ахвяраваць: або РДК, або РМЦ. У тым раёне, дзе даволі моцныя метадысты, пераважае роля метадычнага цэнтра. Ягоны дырэктар курыруе і горад, і сяло. Аднак, як паказала практыка, магчымыя і іншыя дзейсныя варыянты. Да прыкладу, у Шумілінскім раёне ўсё арганізавана вельмі аптымальна. Справа ў тым, што там цудоўны эканаміст, які дэталёва пралічыў сітуацыю і зрабіў так, каб і на сяле людзі не згубілі ні надбаўку, ні грошай у заработнай плаце. У выніку РДК зліўся з РМЦ, і гэтую структуру ўзначаліў дырэктар Дома культуры, а кіраўнік метадычнага цэнтра стаў яго намеснікам. Метадцэнтр у поўным складзе стаў аддзелам клубнай установы, якая займела назву “Шумілінскі цэнтр культуры”. У склад яе ўвайшлі РДК і РМЦ ды плюс гаспадарчы аддзел. Сельскія ўстановы працуюць па сваёй групе аплаты працы. Гэта стымулюе”.

Yaugen Ragin: “Вы не разглядалі магчымасць стварэння ЦКС?”

Katsiaryna Labuka: “Тут ёсць маленькі нюанс. Цэнтралізаваная сістэма таксама павінна на чымсьці базавацца. РМЦ не маюць сваёй базы, і метадысты адразу губляюць у групе па аплаце працы”.

Yaugen Ragin: “Значыць, людзей і іх грошы вы не згубілі?”

Katsiaryna Labuka: “Кемлівыя начальнікі аддзелаў пакінулі поўную структуру РМЦ, але назвалі яго пасля зліцця “аддзел традыцыйнай культуры”.

Yaugen Ragin: “Якой бачыцца тут перспектыва? Мо варта ліквідаваць раённыя метадычныя цэнтры і ўзбуйніць абласныя?”

Katsiaryna Labuka: “Сумняваюся. Нават цяпер вельмі баюся згубіць сельскія дамы культуры… Для таго, каб ваша тэорыя набыла практычнае ўвасабленне абласной метадычнай структуры, патрэбны мабільны парк…”

Yaugen Ragin: “…Хуткай метадычнай дапамогі”.

Katsiaryna Labuka: “Можна і так яе назваць. Але гаворка пра тое пойдзе хіба што ў далёкай перспектыве”.

Yaugen Ragin: “Няўжо такія бездапаможныя кадры на сяле, што без метадыста не справяцца?”

Katsiaryna Labuka: “Ды не. Гаворка — пра сістэмны кантроль за работай гэтых кадраў… Урэшце, ёсць яшчэ варыянты аптымізацыі метадычнай дапамогі. Да прыкладу, калі маецца Дом культуры з магутным кадравым начыннем, чаму б да яго не далучыць у плане метадычнага абслугоўвання нейкі сельскі клуб? Пры такой куставой сістэме мацнейшы можа дапамагаць слабейшаму і без падключэння метадыстаў. Па гэтым шляху спрабуе ісці Орша. Не ведаю, ці атрымаецца, бо там слабаватая база… І яшчэ варыянт: зліццё, скажам, СДК, ДШМ і сельскай бібліятэкі ў адну юрыдычную асобу. Такая ўстанова таксама можа стаць самадастатковай у плане метадычнага забеспячэння”.

Yaugen Ragin: “Ваш абласны метадычны цэнтр выгодна адрозніваецца ад іншых тым, што вы пастаянна і сістэмна падштурхоўваеце раёны да ўдзелу ў самых розных творчых праектах, якія вось гэтую метадычную жылку і развіваюць на месцах. Што прыдумалі апошнім часам?”

Katsiaryna Labuka: “У гонар свайго 75-годдзя мы вырашылі рэалізаваць некалькі праектаў: конкурс аўтаклубаў і конкурс “Клубны майстар” з некалькімі этапамі”.

Liudmila Melnikava: “Сваімі найпершымі абавязкамі лічу інфармацыйнае і кансультацыйна-метадычнае забеспячэнне раёнаў (кожны павінен ведаць, у якім кірунку сёння трэба працаваць), вучобу з дыферэнцыраваным падыходам (пачынаем з каляндарна-земляробчых і сямейна-бытавых святаў, пераходзім на легенды і паданні, потым — на міфалогію…). Разам з раённымі калегамі мы ладзім фальклорныя экспедыцыі. Займаюся аналітычна-даследчай работай, папулярызацыяй традыцыйнай культуры…”

Yaugen Ragin: “Ну а кантроль?”

Liudmila Melnikava: “Канешне ж, і ён. Ладзім маніторынг кожнага праведзенага свята, што бытуе ў жывой традыцыі. Раім, дапамагаем, падтрымліваем…”

Yaugen Ragin: “Якой жывой справай заняты зараз?”

Liudmila Melnikava: “Працуем над этнапраектам, прыкідваем, які турпрадукт можна прапанаваць беларускім і замежным турыстам. Гэтым цэнтр займаецца ўпершыню, сёе-тое па Хойніцкім раёне ўжо зроблена. І такі досвед паказаў, што нам не хапае пасад культарганізатара, менеджара. А менавіта ж яны павінны займацца рэалізацыяй культурнага прадукту”.

Ад рэдакцыі

Узнятая тэма, як падаецца, цікавіць многіх нашых чытачоў. Таму ў наступных нумарах мы працягнем публікацыі, звязаныя з праблемамі і перспектывамі раённых метадычных структур. Хацелася б, каб на гэты конт выказаліся метадысты з іншых раёнаў, абласцей, а таксама — прадстаўнікі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"