“Песняры” і Чэслаў Нэмэн

№ 9 (1135) 01.03.2014 - 07.03.2014 г

Невядомыя сустрэчы легенд
Да 75-годдзя з дня нараджэння славутага земляка Чэслава Нэмэна — ураджэнца вёскі Старыя Васілішкі, што на Шчучыншчыне, — працягваем даследаванне кантактаў з гэтым рок-музыкантам, кампазітарам, паэтам, мастаком артыстаў ансамбля “Песняры” — найперш яго “залатога складу”. Месцам першай сустрэчы ў 1971-м, нагадаем, стаў польскі горад Сопат, дзе і па сёння ладзіцца славуты фестываль песні. Аснова сённяшняга артыкула — успаміны ўдзельніка той сустрэчы Уладзіслава Місевіча.

(Працяг. Пачатак у № 7.)

/i/content/pi/cult/469/9939/15-1.jpg

"Песняры" ў 1971-м. На фота, што было склеена ў рэдакцыі з трох паасобных кадраў, артысты зафіксаваны ў тых самых строях, якія былі ў іх і пад час сопацкага выступлення: (злева направа) Леанід Барткевіч, Леанід Тышко, Уладзімір Мулявін, Уладзіслаў Місевіч, Валерый Яшкін, Валерый Мулявін, Аляксандр Дзямешка. / Зыходнікі фота — з калекцыі Аляксандра Кулікова.

/i/content/pi/cult/469/9939/15-3.jpg

Чэслаў Нэмэн у 1971-м. / Фота Генрыка Улоха з кнігі "Ці ты памятаеш яго?" Дарыуша Міхальскага.

Што адбывася з “Песнярамі” і Нэмэнам у 1971-м?

Каб зразумець значнасць творчага багажу, што на той момант мелі за плячыма артысты, пра якіх вядзём гаворку, варта зрабіць невялікае адступленне. Урэшце, пра гісторыю “Песняроў” напрыканцы 1960-х — у пачатку 1970-х вядома нямала. Таму сфакусуемся на падзеях 1971 года. У рэпертуары стала прапісаліся народныя песні, апрацаваныя ўжо менавіта ў “Песнярах”. Напісана Уладзімірам Мулявіным і “Александрына”. У маі ансамбль бярэ Гран-пры на Усесаюзным конкурсе патрыятычнай песні, што ладзіўся ў Мінску. На 1971-ты прыпадаюць здымкі тэлефільма Уладзіміра Арлова пра калектыў з выкарыстаннем часткі яго рэпертуару. Выйшла і дэбютная пласцінка “Песняры І” (або “Ты мне вясною прыснілася”), а таксама міньён і гнуткі дыск у падтрымку гіганта.

Чым жа “дыхае” Нэмэн? Яго вядомасці ў Польшчы — больш за восем гадоў: цягам прыкладна такога часу ён гастралюе і з’яўляецца у тэле- ды радыёэфірах у складах студэнцкіх калектываў, у “Сіне-чорных”, пасля — са сваімі гуртамі. У актыве маюцца і эпахальная песня-маніфест “Дзіўны гэты свет”, што прынесла перамогу на “Сопаце-1967”, і папулярныя “Пад папугамі”, “Час як рака”, “Успамін”, “Ты яшчэ памятаеш мяне?” ды многія іншыя, з якімі ў масавай свядомасці наш зямляк асацыюецца і сёння.

Але акурат тады Нэмэн чарговы раз змяняе іпастась. Яшчэ напрыканцы 1970-га адбываецца тэлепрэм’ера музычных стужак “Жалобная рапсодыя памяці Бема”, а таксама “Спявае Чэслаў Нэмэн”.

Адбыліся італьянскія гастролі, наперадзе — краіны Скандынавіі ды Германія, спроба выхаду на рынак ЗША. Таму ў першай палове 1971-га артыст робіць англамоўныя запісы, скажам, “Чаму ты перастала кахаць мяне?” у Лондане. У рамках фестывалю ў Аполе таго ж года прагучала версія кампазіцыі “Я працягваю кахаць цябе гэтак доўга” Отыса Рэдынга (гэтыя работы ўвойдуць у першы англамоўны альбом у 1972-м).

Цягам года зноў абнаўляецца састаў музыкантаў, якія працуюць з Нэмэнам (як і кірунак пошукаў ды задач на будучае): фарміруецца група “Нэмэн”, што змяняе склады “Акварэлі” і “Энігматык”...

Што сказаў Місевіч пра сустрэчу ў Сопаце?

Гэта неабходны кантэкст, а цяпер — чарговае сведчанне, якое значна дапоўніць аповед Леаніда Тышко (гл. “К” № 7 за 2014 г.), але не стане апошнім у нашым даследаванні. Наогул, цягам пошуку высветлілася, што з пакалення ў пакаленне “Песняроў” перадавалася легенда-быль пра сустрэчу ансамбля з Чэславам Нэмэнам. Але музыканты ансамбля малодшага веку раілі спытацца ў старэйшых калег.

Нагадаю, першапачатковыя звесткі пра сустрэчу ў 1971-м зыходзілі ад Уладзіслава Місевіча. Патэлефанаваў яму пасля атрымання ліста Леаніда Тышко. Уладзіслаў Людвігавіч адразу ж прыгадаў тую сустрэчу і прыязна выказаўся пра Нэмэна. Некалькі фраз — і, маўляў, усё, што магу згадаць. Тым не менш, дамовіліся пра сустрэчу з удзельнікам і сведкам падзей гісторыі “Песняроў” ад 1969 да 1992 года (Місевіч разам з Уладзімірам Мулявіным, Леанідам Тышко і Валерыем Яшкіным служыў у арміі, дзе склалася праідэя калектыву, удзельнічаў у “Арбіце-67”, “Лявонісе”, акампануючых складах Белдзяржфілармоніі, у “Лявонах”).

Забягаючы наперад, скажу: па выніках пачутага Місевіч (з 1998 года ён — артыст ансамбля “Беларускія песняры”) прыгадаў насамрэч значна больш. Прапаную пазнаёміцца з ягонымі ўспамінамі ў фармаце маналога.

— Гэта былі першыя замежныя гастролі “Песняроў”. 1971 год, лета, — прыгадвае Уладзіслаў Місевіч. — Наогул, хто ведае, той разумее: фестываль у Сопаце тады быў падзеяй еўрапейскага маштабу, не кажучы пра яго статус у Саюзе. Ансамбль пасля бываў на фестывалях, да прыкладу, на “Залатым Арфеі” ў Балгарыі, але — у якасці госця. Ды ўсё ж сопацкі настрой запомніўся подыхам Еўропы...

Перад выездам нас, вобразна кажучы, пагалілі, пастрыглі, апранулі ў “правільныя” гарнітуры. Вынікі можна пабачыць у відэазапісе песні “Ой, рана на Йвана...” з канцэрта ў рамках “Сопата-71”. Перагледзеў фрагмент нядаўна ў Інтэрнэце і зноў быў уражаны якасцю тэлездымкі, жывога гуку. Для таго часу — проста выдатна! Ды і мы “крычалі”, бы ўджаленыя: маладыя былі! “Песняры” ўдзельнічалі ў асобным Конкурсе кампаній грамзапісу з ужо згаданай “Ой, рана на Йвана...”, а таксама з песняй “А ў полі вярба...” (Паводле іншай версіі, а яна існуе, як мы і казалі ў першай частцы артыкула, — “Алесяй”, хаця апошняя была ўпершыню выканана ў 1972-м паводле наяўных даных, а выйшла на альбоме 1974 года. — С.Т.).

Крытэрыем выбару для рэкард-лэйблаў станавіліся самыя высокія тыражы пласцінак. І вось, “Мелодия” адправіла нас. Прыз на конкурсе быў усяго адзін: запіс у шыкоўнай студыі. Мяркую, савецкі бок спадзяваўся, што мы і возьмем Гран-пры — калі не самі, дык з дапамогай націску на братэрскую краіну з Масквы. Але схема не спрацавала: галоўны прыз — за чарнаскурым партугальцам Паулам Конарам, у нас жа — другое месца. (Дарэчы, беларускія артысты і раней прадстаўлялі СССР у Сопаце. Так, у 1968 годзе на гэтай сцэне выступаў Віктар Вуячыч. — С.Т.)

Два-тры дні блукалі па Сопаце, рыхтуючыся да выступлення. Памятаю і нашу гасцініцу амаль на пляжы, і тую жанчыну-кантралёрку, якая, нагледзеўшыся на хіпароў, валасатых артыстаў, здзіўлялася нам, акуратна падстрыжаным, пры гальштуках. “Bardzo, bardzo…” — усё казала тая кансьержка: маўляў, як жа добра, што хоць вы такія....

У адзін са шпацыраў бачу, як стаяць нашы хлопцы і з кімсьці размаўляюць. Падыходжу — а яны Нэмэна абкружылі перад гасцініцай! І размаўляе ён на чыстай рускай мове. Адпад поўны! Пасля доўга гулялі з ім, усё распытвалі, як ён навучаўся і чаму сышоў з гродзенскага музпедвучылішча, па якой прычыне выехаў з Саюза (пра тое чулі раней)... Нэмэн адказаў нешта накшталт: “Пацягнула мяне гэтая музыка…”. Самі маглі ўявіць, бо, прыязджаючы ў Гродна ці Брэст, уключалі тэлевізары на польскі канал, каб паслухаць нармальную музыку. “Кавалкам Захаду” было і маё музвучылішча. Карацей, на гэтыя тэмы, у асноўным, і гутарылі, прычым, падаецца, даволі доўга. І зразумела было, што ён — паляк, але, з іншага боку, амаль за дваццаць гадоў беларуска-руска-савецкае пакінула ў ім адбітак...

Абсалютна простым тады падаўся нам Чэслаў, і папярэдняе ўражанне пра яго цалкам пацвердзілася. Без фанабэрыі, спакойны, не выпінаўся і не прыдумваў нічога. Нават цяжка было ўявіць, што гэта наш, беларус, а такая велічыня ў музыцы! Мы здзівіліся, што ён ведае пра нас, якія мелі за плячыма хіба год папулярнасці. “Я прыйшоў, бо даведаўся, што вы будзеце ў Сопаце выступаць”, — так Нэмэн і сказаў.

Пра Старыя Васілішкі Нэмэн згадваў няшмат. Але, прызнаюся, быў уражаны, прачытаўшы не так даўно ў прэсе, як ён арганізоўваў для землякоў аўтобусы на свой канцэрт, наведваў вёску, родны дом, дзе сёння музей. Разумею яго, бо, паўтаруся, пражыў у Арэнбургу 17 гадоў. А гэта сябры школьныя, многіх з якіх няма, родныя, багата ўспамінаў…

Сам Чэслаў на тым фестывалі не выйшаў на сцэну, але прысутнічаў на канцэртах. Слухаў, відаць, як і мы, “Чырвоныя гітары” (яны без Кленчона спявалі, а іх першы прыезд у Мінск яшчэ з ім мне запомніўся). Не скажу, ці прысутнічаў Нэмэн на нашым выступленні. Шкада, што не здагадаліся запрасіць яго ў Мінск, каб паслухаць “жыўцом”, бо пласцінка не перадае атмасферы… Наогул, на форуме надоўга Чэслаў не затрымаўся, бо меў канцэрты. Пад уражаннем Уладзімір Мулявін зрабіў песню “Бродяга” з рэпертуара Нэмэна ў ягонай жа манеры. Выканаў яе аднойчы — у Львове. (Нэмэн уключаў “Бродягу” на рускай і на польскай мовах у выступленні яшчэ з часоў удзелу ў ансамблі “Сіне-чорныя”(1964 г.), быў і запіс на пласцінцы “Поспех” (1968 г.), выступленне з песняй на Фестывалі савецкай песні ў Зялёнай Гуры ў 1977-м. — С.Т.)

А перад ад’ездам з Сопата мелі сустрэчу з мэрам. Пытанні былі дзяжурныя: як вам спадабалася на фэсце, як горад. Урэшце, мы парадавалі кіраўніка горада, зноў паўтаруся, знешнім выглядам. Пакуль пілі каву-гарбату, прагучала пытанне ад гаспадароў: “Хто вам падабаецца з польскіх артыстаў?”. А час быў такі, што ўсе артысты з Польшчы неслі павевы заходняй музыкі. Мы называем некалькі гуртоў, дадаючы: “Але больш за ўсё — Чэслаў Нэмэн. Мы нават сустракаліся з ім”.

Кіраўнік горада адразу “згас”, а ягоны памочнік рэзка пачаў дзякаваць і прыпыняць сустрэчу. Калі выходзілі, я запытаўся ў кагосьці з палякаў, а чаму такая рэакцыя на імя Нэмэна? Адказалі, што ён лічыцца ў Польшчы “няправільным”, збэшчаным Захадам. Ну вось, думаем, і ў іх тое ж самае, што ў нас: Чэславу таксама даводзіцца змагацца за сваю творчасць. Не так даўно дазнаўся, што ён выязджаў у Італію, спяваў там у рэстаранах, таму і не карыстаўся асаблівай увагай з боку афіцыйных асоб. Хаця, адзначу, пласцінкі яго выходзілі пастаянна! Яго не забаранялі, але і не ўхвалялі ў поўнай меры. А Нэмэна, агульнавядома, запрашалі на Захад. Нават вакалістам “Blood, Sweat & Tears”. Урэшце, прыгадваючы сустрэчу ў мэрыі, мяркую, тое было б нерэальным...

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах