— Слоган мінулага “Гогальфэсту” — “Будуем разам наш свет” — нагадвае прызабытыя з дзяцінства лозунгі камуністычных часоў. Тым не менш, актуальнасці ён не страціў і сёння, асабліва ў сферы мастацтва, — зазначае Яўгенія. — Фэст пераканаўча сведчыць: развіццё апошняй, дый увогуле яе існаванне шмат у чым залежаць выключна ад энтузіязму ўдзельнікаў працэсу.
Арганізатарам мегаімпрэзы, што доўжыцца дзесяць дзён, ахопліваючы тэрыторыю ў некалькі квадратных кіламетраў ды ўключаючы некалькі соцень асобных канцэртаў, паказаў, вечарын, майстар-класаў і проста творчых тусовак на любы густ, з’яўляецца адзін канкрэтны чалавек — кіеўскі тэатральны рэжысёр Улад Троіцкі. На кожнай з дзясятка пляцовак працуюць валанцёры. Хтосьці выконвае арганізацыйныя функцыі, а хтосьці дапамагае прыбіраць смецце. Спонсарскай дапамогі і грошай, сабраных ад продажу білетаў, хапае толькі на самыя неабходныя затраты, але ахвотнікаў задарма спрычыніцца да “будавання свету” сярод кіеўскай моладзі даволі шмат. Аўдыторыі таксама не бракуе: па падліках, апошні “Гогальфэст” наведала 50 тысяч гледачоў!
Мінулы фэст не абышоўся без нашых суайчыннікаў. Гурт “Port Mone” браў удзел у адкрыцці, агучваючы фільм “Хлеб” — класіку нямога ўкраінскага кіно. Прайшла і праграма беларускага перформансу “penAtra(C)tion-4”, у якой і мне давялося ўзяць пэўны ўдзел. Памяшканне, дзе адбывалася дзея, называлася кінатэатрам, аднак нагадвала, хутчэй, даўно закінуты склад гародніны. З даху нешта крапала, але… паказу сучаснага мастацтва гэта толькі надавала шарму. Ды і кінарэжысёр Кшыштаф Занусі, які ладзіў свой майстар-клас напярэдадні беларускай праграмы, таксама не стаў наракаць на “спецыфічнасць” пляцоўкі.
Арганізатары здолелі забяспечыць удзельнікаў усім патрэбным абсталяваннем і матэрыяламі. Людміла Скрыннікава, якая апекавалася нашай кампаніяй, спярша трохі здзівілася, пабачыўшы ладны спіс усяго неабходнага ў райдары, але, урэшце, вырашыла пытанні хутка, таму экстранна дакупляць нешта ў бліжэйшых крамах не давялося. Як высветлілася, валанцёры са сваімі задачамі спраўляюцца куды лепш, чым некаторыя штатныя супрацоўнікі музеяў, якія не надта падкаваны ў вырашэнні практычных пытанняў для нефарматных імпрэз.
Не буду апісваць усё, што адбывалася цягам праграмы, якая пачалася ў кінатэатры і прадоўжылася на вуліцы, захопліваючы людзей і прастору навокал. Асабліва запомніліся хіба пару эпізодаў. Натоўп журналістаў прасіў Канстанціна Мужава, чыё цела было расфарбавана ва ўсе колеры тэлевізійнай раскладкі, не ўцякаць у душ надта хутка: каб зафіксаваць гэтае хараство. Ператвораны ў гіпсавую статую Ілля Сін здолеў нейкім чынам высмактаць вялізную лужыну на дварэ. Вольга Рагавая засведчыла, што абдымацца з прыклеенымі да цела кнопкамі зусім не балюча. Уладальнік адной з імправізаваных кавярань (на тэрыторыі завода іх з’явілася ў дастатку) прапанаваў свае эксклюзіўныя вырабы з ладнай зніжкай...
Між тым, недзе ў суседнім памяшканні грукаталі жалезныя механізмы: часткова завод усё ж застаецца заводам. І гэтае неверагоднае суседства вытворчасці і культуры стварала яшчэ адно непаўторнае вымярэнне “Гогальфэсту”. У такіх мясцінах заўсёды пераконваешся: калі фраза “Пакуль ты здзіўляешся — ты жывеш” — слушная, сучаснае мастацтва не дасць вам памерці ніколі.
Фота Яўгеніі МУЖАВАЙ