“Еўрабачанне”: “пішыце лісты, вы ўсхваляваны!”

№ 4 (1130) 25.01.2014 - 01.01.2005 г

Алег КЛІМАЎ, спецыяльны карэспандэнт
Для журналістаў усё, што звязана з нацыянальным адборам на “Еўрабачанне”, — выдатная нагода адтачыць сваю з’едлівасць з яхіднасцю. Для інтэрнэт-троляў і заўсёднікаў сеткавых дыскусійных пляцовак — штогадовая кропка прыкладання ашалелых каментарыяў, а то і прамых абраз. Для прыхільнікаў пэўнага артыста — магчымасць чарговы раз уславіць куміра, высмяяць канкурэнта, высветліць адносіны між сабой, вызначыць таго, чый унёсак для айчыннай эстраднай гісторыі больш каштоўны. Для выканаўцаў, акрамя непасрэднага спаборніцтва і дэманстрацыі ўласнага таленту, яшчэ і нагода ініцыяваць скандал альбо паўдзельнічаць у ім.

/i/content/pi/cult/464/9816/4-3.jpgУжо самая першая з’ява беларускіх канкурсантаў на “Еўрабачанні” ў 2004-м суправаджалася скандалам з падлікам галасоў паміж Наталляй Падольскай і дуэтам “Аляксандра і Канстанцін”, які і паехаў у Стамбул. Нават па Дзмітрыю Калдуну, што пакуль паказаў найлепшы вынік ад краіны, прад’яўляліся прэтэнзіі і да самой песні “Work Your Magic” (маўляў, яе прыпеў падобны з прыпевам адной з кампазіцый “Modern Talking”), і да прома-кліпа, што нагадваў ролік гурта “Aerosmith” на трэк “Jaded”… А самы гучны скандал звязаны з дэлегаваннем у 2012-м у Баку спачатку Алёны Ланской, а пасля — гурта “LiteSound”…

І вось — свежачок: вынікі галасавання, згодна з якімі нашу краіну ў Капенгагене будзе прадстаўляць артыст Tэа (Юрый Вашчук) з творам “Cheesecake”. Калі вы сачылі за ходам фінальнага этапу адбору, дык ведаеце: Вашчук і іншы прэтэндэнт — дуэт Макс Лорэнс & ДзіДзюЛя — набралі аднолькавую колькасць балаў. І перамогу Юрыю аддало журы згодна з беларускім Палажэннем аб адборачным туры. Бо паводле названага дакумента менавіта журы i валодае правам вырашальнага голасу ў падобным выпадку. Спачатку Лорэнс і ДзіДзюЛя мужна прынялі сваё фіяска, потым паціснулі руку суперніку, а следам, натуральна, накаталі “телегу” са скаргай на не абы-які ўзровень… У ёй Макс i ДзіДзюЛя патлумачылі, чаму менавіта яны павінны ўдзельнічаць ад Беларусі ў фэсце.

Верагодна, што чарговага скандалу не здарылася б, каб адзін з пунктаў “Палажэння аб правядзенні Нацыянальнага адборачнага тура конкурсу песні “Еўрабачанне-2013” быў сфармуляваны больш дакладна. Цытую яго цяперашнюю рэдакцыю: “Да ўдзелу ў Праекце ў якасці аўтара песні дапускаюцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь...” Паспаліты чалавек інтэрпрэтаваць яго можа і так, што сярод аўтараў песні могуць быць замежныя грамадзяне, і так, што сярод аўтараў песні могуць быць толькі тыя замежныя грамадзяне (Увага! — А.К.), якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Пры сапраўднасці другога варыянту (а ён не меў месца ў нашым выпадку) я б ганарыўся, каб Джо Лін Тэрнэр — колішні вакаліст гуртоў “Rainbow” і “Deep Purple”, аўтар тэксту песні праекта “Макс Лорэнс & ДзіДзюЛя” — пэўны час пастаянна пражываў на тэрыторыі нашай краіны. Ды тое не так. Бо гэта значыць, што яшчэ на стадыі допуску да адборачных тураў гэтую кампазіцыю павінны былі б адбракаваць.

Такім аргументам маглі б гіпатэтычна скарыстацца прыхільнікі дуэта ў дадзеным пытанні, але… і падобны падыход — не панацэя, бо “варагі” ў творчай сферы — сусветная практыка. Прычым — нярэдка карысная. Праўда, да яе ставяцца ў розных краінах — па-рознаму, пра што, нагадаю, пісаў пару нумароў таму ў “К” кампазітар і прадзюсар Яўген Алейнік, распавядаючы пра досвед удзелу ў шведскім адборы.

У “Палажэнні...” ёсць яшчэ адзін пункт, у якім аналагічна растлумачана, хто можа браць удзел у адборы ў якасці выканаўцы. Я не гуру ў юрыспрудэнцыі, але, мяркую, фармулёўкі, каб пазбегнуць непаразуменняў у далейшым, маглі б быць скарэктаваны наступным чынам: “Да ўдзелу ў Праекце ў якасці выканаўцы дапускаюцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне, а таксама асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь...” і “Да ўдзелу ў Праекце ў якасці аўтара песні дапускаюцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне, а таксама асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь...” Мо тады і скончым скандаліць, а станем, нарэшце, атрымліваць асалоду ад песнi і яе выканаўцаў? Не факт, канешне ж...

І напрыканцы. З майго пункту гледжання, для адбораў прадстаўніка краіны варта набраць абсалютна новую каманду! Альбо змяніць-такі стаўленне да самога конкурсу, адвёўшы, умоўна кажучы, дзе-небудзь на ўмоўнай ускраіне культурнага жыцця краіны месца для ўмоўнага ж “анклава” пад адборачныя туры. Хай там і забаўляюцца нашы “зоркі”. І пішуць лісты — хоць у міжнародныя арганізацыі, хоць “на вёску дзядулю”. У “Спортлато”, нарэшце, прыгадваючы Уладзіміра Высоцкага...

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"