Чаму я напісаў гэтую кнігу?

№ 3 (1129) 18.01.2014 - 24.01.2014 г

Барыс КРЭПАК, рэдактар аддзела газеты "Культура"
Выйшаў першы том кнігі пад назвай “Вяртанне імёнаў”. Тут прадстаўлена некалькі дзясяткаў эсэ-біяграфій тых мастакоў, якія на працягу двух мінулых стагоддзяў апыналіся па розных прычынах за межамі гісторыі выяўленчай культуры Беларусі, а таксама творцаў, якія прыехалі на нашу зямлю з іншых краін і аддалі ёй частку свайго жыцця і натхнення.

/i/content/pi/cult/463/9802/4-1.jpgНе пералічыць імёнаў асоб, якія нарадзіліся на этнічнай беларускай зямлі ды здабылі славу іншым дзяржавам. Чаму іншым? Так склаліся гістарычныя абставіны. А тыя постаці — нярэдка сусветнага маштабу — гонар нашай Бацькаўшчыны. Без клопату пра вяртанне іх імёнаў у кантэкст гісторыі айчыннай культуры немагчыма ўявіць і беларускую нацыю ў ХХІ стагоддзі. Цягам апошняй пары дзесяцігоддзяў у гэтым сэнсе прайшла “рэабілітацыя” некаторых творцаў. Гэты працэс паступова набірае моц, і таму яркае пацвярджэнне — наданне нашым вуліцам імёнаў напаўзабытых мастакоў, стварэнне іх музеяў, мемарыяльных дошак, асобных выставачных экспазіцый.

Але дзясяткі мастакоў — ураджэнцаў Беларусі па-ранейшаму “прыпісаны” гісторыкамі сусветнага мастацтва на “пастаяннае месца жыхарства” ў іншыя краіны. Пра іх, некаторых нашых зямлякоў, народжаных, скажам, у Вільні і Віленскай губерні, Дзвінску Віцебскай губерні ці ў Друскеніках і Беластоку тагачаснай Гродзенскай губерні ды ў іншых мясцінах былых земляў Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай і Паўночна-Заходняга края Расійскай імперыі, я таксама расказаў. Хоць гэтыя творцы, так бы мовіць, сёння нібы і не маюць непасрэдных адносін да сучаснай тэрыторыі нашай краіны, але іх нам трэба не толькі ведаць, але і далучаць да беларускай выяўленчай культуры, бо іхнія жыццёвыя шляхі гістарычна пачыналіся менавіта адсюль.

Хачу асобна падкрэсліць: канешне ж, ёсць мастакі, якіх нельга “рэзаць па жывым”, бо яны, сапраўды, сваёй біяграфіяй і творчасцю належаць адначасова, напрыклад, беларускай і літоўскай, беларускай і французскай, беларускай і польскай, беларускай і рускай культурам. І ў такіх выпадках нам дзяліць няма чаго. Менавіта так лічыць дырэктар Літоўскага мастацкага музея Рамуальдас Будрыс, выдатны знаўца такіх няпростых пытанняў. І я з ім згодны.

Словам, розныя абставіны раскідалі мастакоў па ўсёй планеце, вызначыўшы кожнаму сваё месца ў той ці іншай замежнай культуры, але, як ні круці, карані засталіся тут. Думаю, прыйшоў у рэшце рэшт час не толькі цікавасці да іх, але і асэнсавання таго, што яны — і наш патэнцыял. Такіх “спрэчных” імёнаў у нас нямала. Ведаю, будуць яшчэ гарачыя дыскусіі, будзе і жорсткае непрыманне некаторых творцаў-эмігрантаў, маіх персанажаў — з боку агрэсіўных маргіналаў: маўляў, якія такія вузы, акрамя прыналежнасці па нараджэнні да колішніх этнічных тэрыторый, іх звязваюць з Беларуссю? Не трэба іх чапаць! А гэта — вялікая памылка! Можа хопіць заставацца ў местачковай прасторы ў ролі страуса, які хавае сваю галаву ў пясок, не прэтэндуючы на неацэнны ўнёсак у сусветную культуру нашых землякоў?

Разумею, тое, што тычыцца “вяртання імёнаў”, на самай справе, застаецца і сёння для многіх беларусаў terra incognita і чакае свайго Калумба: і ў кінематографе, і ў літаратуры, і ў музыцы, і ў архітэктуры. Дык няўжо нам не патрэбен гэты патэнцыял, гэтае “ўліванне” ў крывяносную сістэму творчага арганізма нашай таленавітай зямлі таго струменя дзейснай памяці многіх стагоддзяў, якая пашырыць іміджавую прастору духоўнага зрэзу сучаснай незалежнай Беларусі? Ну а паставіўшы вехі-абазначэнні, хіба не падвысім мы тым самым, у прыватнасці, турыстычны аўтарытэт краіны?

Дарэчы, паважаныя суседзі вельмі ашчадна адносяцца да тых творцаў, хто хоць нейкім чынам датыкаўся да іхніх краін. Напрыклад, Марк Ротка нарадзіўся ў Дзвінску Віцебскай губерні, але ў 10-гадовам узросце з’ехаў у ЗША. І зараз там, у сённяшнім латвійскім Даўгаўпілсе, працуе Арт-цэнтр імя гэтага сусветна вядомага жывапісца. Хаім Суцін правучыўся ў Віленскай мастацкай школе менш за тры гады, а ашчадныя літоўцы за апошнія гады правялі некалькі міжнародных суцінскіх пленэраў. Я не кажу ўжо пра “беларускіх парыжан”: у французскім грамадстве мала цікавяцца, з якога яны роду-племені, але лічаць іх сваім нацыянальным гонарам.

/i/content/pi/cult/463/9802/4-2.jpg

Час пачынаць усё расстаўляць па сваіх месцах, не азіраючыся сціпла на тое, як да гэтага “збірання камянёў” паставяцца культуролагі іншых кантынентаў. Занадта доўга мы былі звышталерантнымі, лёгка “аддаючы” сваіх таленавітых зямлякоў, так бы мовіць, у “вечную арэнду”. І зараз мы вяртаемся да спадчыны тых ураджэнцаў нашай шматнацыянальнай зямлі, да чыіх твораў у розных краінах свету захоўваецца заўсёдны піетэт і нястомная цікавасць. Трэба ўсвядоміць рэальную іх колькасць, гэта значыць — адкрыць для сябе з’яву вялікай цэласнай духоўнай “школы Беларусі”, якая насуперак геаграфічнай разгалінаванасці, стракатасці, індывідуальнасці густаў і почыркаў узбагаціла свет яркімі зоркамі.

І выхад у свет кнігі “Вяртанне імёнаў” (выдавецтва “Мастацкая літаратура”), у аснову якой пакладзены мае нарысы-эсэ, надрукаваныя ў газеце “Культура” на працягу апошніх гадоў, — адна з такіх спроб, пакуль што ў выяўленчай сферы, вярнуць на паверхню сённяшняга жыцця страчаныя пласты.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"