Прынцыпова іншы?

№ 3 (1129) 18.01.2014 - 24.01.2014 г

Калядны оперны форум: фортэ і піяна
IV Мінскі міжнародны Калядны оперны форум, пры ўсёй падобнасці знешніх абрысаў на ранейшыя тры, аказаўся шмат у чым прынцыпова іншым. Чым не нагода для роздуму пра яго вынікі?

/i/content/pi/cult/463/9801/7-1.jpg

/i/content/pi/cult/463/9801/7-3.jpg

/i/content/pi/cult/463/9801/7-2.jpg

Госцікі даражэнькія...

Памятаю, як на Першым Калядным ішло абмеркаванне таго, якім быць фестывалю надалей, кіраўніцтва тэатра ўважліва прыслухоўвалася да прапаноў знаных расійскіх і ўкраінскіх музыказнаўцаў. Літаральна ўсе ў адзін голас сцвярджалі, што найбольш карысны для тэатра варыянт, які да таго ж надае адметнасць нашаму форуму ў сусветным фестывальным карагодзе, — гэта акцэнт не на запрошаных салістах, а на цэласных спектаклях: лепшых замежных — і прэм’ерных сваіх. Апошніх сёлета аказалася як ніколі багата, што павінна было пераканаць гасцей у імклівым жыцці нашай трупы. А вось з “прывозам” неяк не пашанцавала. Ці наадварот — пашанцавала, бо ўсе параўнанні ішлі на карысць беларусам.

“Баль-маскарад” Міхайлаўскага тэатра з Санкт-Пецярбурга глядзеўся, як антрэпрыза, лік якіх “зашкальвае” ў драмтэатры. У спектаклі практычна не было за што зачапіцца. Сцэнаграфія і касцюмы — максімальна простыя, дзесьці мінімалістычныя, а дзесьці і трывіяльныя. Перанос дзеяння ў ХХ стагоддзе, “фірменна”-звыклы для латвійскага рэжысёра Андрэйса Жагарса, успрымаўся як яшчэ адна магчымасць знізіць каштарыс: гістарычныя строі цягнуць на большыя ўкладанні. Але ж на гэтым рэжысёрская канцэпцыя скончылася, у астатнім абмяжоўваючыся “разводкамі” артыстаў і даволі статычнымі сцэнамі. Не было ні напалу эмоцый, ні ўласна музычных адкрыццяў. Спектакль ішоў прыблізна ў адной дынаміцы, без трапных псіхалагічных абгрунтаванняў паводзін герояў і асаблівай дэталізацыі іх унутранага стану, затое — з перавагай аркестра над салістамі. Адзінай “знаходкай” (праўда, не падмацаванай развіццём падзей і музычнай драматургіяй) сталася не прадугледжанае кампазітарам і лібрэтыстам забойства не толькі Густава, але і... Рэната.

На “Баль...” — з карабля-прывіда

Беларускія спектаклі на такім фоне павінны былі заззяць небывалай раскошай. І заззялі-такі! Ды... З асаблівым нецярпеннем чакаўся, вядома, “Лятучы галандзец” Р.Вагнера, прэм’ера якога з рознымі складамі (цалкам нашым і часткова гасцявым) адкрывала форум. Адну з самых папулярных опер у багатай спадчыне нямецкага класіка ставілі ў нас рэжысёр Ханс-Ёхім Фрай (Германія) і дырыжор Манфрэд Маерхофер (Аўстрыя). На прэс-канферэнцыі і ў праграмках да спектакля падкрэслівалася і новая канцэпцыя са шчаслівым фіналам (маўляў, героі злучаюцца на нябёсах і знаходзяць спакой), і дэталёвая прапрацоўка мізансцэн (амаль на ўзроўні драматычных акцёраў), і цуды ў сцэнаграфіі і касцюмах расійскіх мастакоў Віктара і Марыі Вольскіх (маўляў, ледзь не кіношны “наплыў” монстраў-прывідаў на рэальнасць)... Але заяўленыя ідэі нярэдка не прачытваліся — нават ва ўмовах папярэдняга знаёмства з імі, а значыць — і больш уважлівага стаўлення да іх увасаблення.

Фінал (зрэшты, як і пачатак спектакля) застаўся скамечаным, незразумелым. Хтосьці ўспрыняў дзяцей, апранутых у тыя ж строі, што і галоўныя героі, за іх “двайнікоў”. Хтосьці — за іх сапраўдных дзяцей, народжаных у далейшым. Хтосьці — за душы герояў, што прызначаны адно для аднаго і імкнуцца да яднання ўжо ў сцэнічным пралогу, які прыпадае на музыку ўверцюры. Але размаітасць трактовак ідзе не ад шматзначнасці сімволікі, а ад рэжысёрскай “непрапісанасці” персанажаў. Да таго ж, рэальнасць і тагасветныя сілы не разведзены ў прасторы настолькі, каб іх нельга было пераблытаць, і глядач часам папросту не можа ўцяміць, “хто ёсць хто”. Не адбываецца і абяцанага захопу карабля: з трума, куды не так даўно спусціліся “маленькія” Сэнта і Галандзец, павольна выходзяць новыя матросы. І толькі знаўцы оперы адразу разумеюць, што гэта — каманда карабля-прывіда.

Светлавых ды лазерных эфектаў (мастак па святле — Алена Капунова з Расіі) хапае хіба на ўверцюру, часткова — на некаторыя фрагменты першай дзеі. Але відовішча ўсё роўна не дасягае таго заварожваючага чараўніцтва, на якое можна было б разлічваць пры новых тэхнічных магчымасцях тэатра. Дый нашы артысты здольныя на рашэнне куды большых акцёрскіх задач. Часам здавалася, што яны папросту не ведаюць, што ім рабіць, бо пастаўлены рэжысёрам у сітуацыю “стоп-кадра” — гэткага аслупянення. Калі б такое адбывалася аднойчы, непрацяглы час, дык, пэўна, мела б сэнс. Калі ж такі прыём распаўсюджваецца і пераважае, асабліва ў другой і трэцяй дзеях, дык міжволі адсылае да оперных штампаў пяцідзесяцігадовай даўніны, ды яшчэ ў іх самым архаічным варыянце.

Ледзь не адзіным больш ці менш цікавым пастановачным момантам становіцца жаночы хор на пачатку другой дзеі. Сядзяць артысткі не за калаўротамі, а ў крэслах-качалках, і іх закалыхваючыя рухі як нельга лепей асацыіруюцца і з мернымі марскімі хвалямі, і з самой атмасферай “соннага царства”, адпаведнага бюргерскаму спакою, і, паводле прызнання рэжысёра, са спасылкай на раман “Чароўная гара” Томаса Мана.

Пры ўсёй жанрава-стылёвай разнастайнасці гэтай оперы (асабліва ў параўнанні з пазнейшымі партытурамі Р.Вагнера), у новым спектаклі ні на сцэне, ні ўласна ў музыцы нічога не адбываецца. Агульны шэры фон сцэнаграфіі распаўсюджваецца на ўвесь спектакль, які гучыць роўна, збалансавана, ды надта аднастайна, без пранікнёных ці вусцішных зацішшаў, без яркіх магутных кульмінацый. Але ўсе нашы выканаўцы: хор, аркестр і салісты — пакідаюць самыя лепшыя ўражанні.

“Мядзведжыя” паслугі?

У такім асяроддзі шматактовых “вялікіх” опер, паказаных на форуме, бясспрэчнай пераможцай абсалютна справядліва аказалася “Турандот” Дж.Пучыні ў пастаноўцы М.Панджавідзэ. Камерных опер на фестывалі было ўдвая больш — ажно шэсць, альбо тройчы па дзве, бо кожная, як і звычайна, ішла ў пары з яшчэ адной. Наконт такога шырокага прадстаўніцтва на форуме аднаактовак можна было і паспрачацца — тым больш, што не ўсё з паказанага прэтэндавала на міжнародны ўзровень. Але, улічваючы згаданы вышэй “гасцявы паказ”, нашы недахопы (найперш, надта грувасткія фіярытуры там, дзе патрабуюцца лёгкія, палётныя гучанні) успрымаліся больш сцішана.

Асабліва прыемна было тое, што некаторыя пастаноўкі, ажыццёўленыя раней, на форуме паўсталі ў абноўленым выглядзе. Калі спектакль развіваецца, калі ў ім з’яўляюцца некаторыя новыя нюансы (не толькі выканальніцкія, часцей звязаныя са зменай складу, але і, што вельмі важна, рэжысёрскія, прычым зусім не з-за ранейшых “недапрацовак”, а як далейшае паглыбленне ў матэрыял), гэта дадаткова сведчыць пра жыццяздольнасць пастаноўкі. Бо ў ёй запушчаны няспынны механізм асэнсавання, які становіцца наймацнейшым творчым імпульсам.

Сапраўдны фурор зрабіў “Мядзведзь” Сяргея Картэса. Гэта опера, перакладзеная кампазітарам для салістаў з камерным ансамблем і ўкрапваннем аркестравага запісу, і раней выклікала толькі захапленне, але на форуме ўзбагацілася яшчэ больш яркімі пастаноўчымі знаходкамі Галіны Галкоўскай — і, адпаведна, свежымі ўражаннямі ад тонкага псіхалагізму, гуллівага гумару з добрай усмешкай, высокага спеўнага і акцёрскага майстэрства артыстаў. Ну, можа, хіба з інструментальнай часткай дырыжор Вячаслаў Воліч трохі перастараўся (музыканты былі схаваны за шырмай і, вядома, хваляваліся, ці будуць пачутымі): дзесьці можна было і сцішыць гучанне, не рабіць з вострых акварэлевых росчыркаў тлустыя гуашавыя лініі.

Увогуле ж, камерныя пастаноўкі, як і мае быць, прадэманстравалі куды большы стылёвы разгорт — не адно ХІХ стагоддзе з захопам пачатку ХХ-га, а ад ХVIII да ХХІ-га. Але ж і акрэслілі яны — куды больш праблем. Бо тут пытанні не толькі выканальніцтва, але і прыстасаванасці самой сцэны (адсутнасці сцэнічных умоў у зале імя Л.Александроўскай, дзе зручней усё ж такі праводзіць прэс-канферэнцыі, а не спектаклі). Апошняя акалічнасць стрымлівае развіццё ў нашай нацыянальнай кампазітарскай школе самога жанру камернай оперы, затое прыводзіць да пераўвасабленняў камерных тэатральных твораў у падабенства “вялікай оперы”.

Партрэтная галерэя: на сцэне і ў буклеце

Камерныя паказы на форуме аказаліся абдзеленымі і прома-прадукцыяй: інфармацыя аб іх удзельніках (дарэчы, усе яны — нашы беларускія артысты) не патрапіла ў фестывальны буклет. Нават згадванне саміх камерных спектакляў суправаджалася гэткай “закрытай афішай” без імёнаў салістаў. Было незразумела, чаму той, хто выходзіў, да прыкладу, з адной арыяй на гала-канцэрце, меў у буклеце ўласную старонку, а тая ж Алена Сіняўская, якая спявала монаоперу, — не. А між тым, заслуга цяперашняга форуму яшчэ і ў тым, што ён да ўжо прызнаных і вядомых запрошаным замежным крытыкам салістаў (Станіслава Трыфанава, Ніны Шарубінай, Настассі Масквіной, Васіля Кавальчука, Кацярыны Галаўлёвай і многіх-многіх іншых) далучыў і новых, якія раней заставаліся ў цені. Сапраўдным героем стаўся Янаш Нялепа, які правёў цэнтральныя партыі ў некалькіх фестывальных спектаклях, у тым ліку — абодва паказы “Лятучага галандца” ў партыі Паляўнічага Эрыка.

Што ж да гала-канцэртаў форуму, дык з кожным годам яны становяцца ўсё больш трапнымі па выбары ўдзельнікаў і выбудаванымі паводле драматургіі. Але ўсё роўна — расці яшчэ ёсць куды. Не ў колькасным, а ў якасным плане. Вельмі цікавай уяўляецца ідэя запрашэння гасцей не толькі з сольнымі нумарамі, але і, як тое шырока практыкавалася на гэты раз, з ансамблевымі, калі дуэты і нават квартэт складаліся непасрэдна ў час форуму.

На здымках:сцэны са спектакляў "Лятучы галандзец" і "Турандот".

Фота Юрыя ІВАНОВА і Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"