Як стварыць Арт-цэнтр?

№ 3 (1129) 18.01.2014 - 24.01.2014 г

Марк Ротка і латвійскі Даўгаўпілс: механізм фарміравання брэнда
Перш чым у красавіку 2013-га даўгаўпілскі Арт-цэнтр імя Марка Роткі адкрыў дзверы для сваіх наведвальнікаў, яго стваральніцы Фарыдзе Заляціла спатрэбілася больш як 10 гадоў самаадданай працы па прасоўванні самой ідэі стварэння культурнай установы. “Напэўна, часы тады былі цяжкія, але на пачатку паразумення знайсці не ўдалося”, — узнаўляе мінулае куратар і парушае міф пра тое, што годная ідэя заўжды знойдзе падтрымку. Так, вядома, цуды здараюцца, але — зусім не адразу, ды і не так, як марыцца.

/i/content/pi/cult/463/9791/13-1.jpg

(Заканчэнне. Пачатак у № 2.)

“Цягнік пайшоў у Даўгаўпілс”

Наша размова адбываецца ва ўтульным пакоі Даўгаўпілскай (Дынабургскай) крэпасці, дзе сёння месціцца Цэнтр. Помнік архітэктуры ХІХ стагоддзя, здаецца, дажыў да сучаснага веку, каб стаць пляцоўкай для будучага арт-комплексу: яго аблічча ў стылі рускага ампіру і сучаснае начынне цудоўна стасуюцца. Гледзячы на яго рэканструяваныя і адрамантаваныя залы, прасторныя памяшканні для супрацоўнікаў, ніколі і не падумаеш, што літаральна колькі гадоў таму будынак знаходзіўся ў занядбаным стане.

— Але перш чым узнікла кандыдатура гэтай пляцоўкі і пабудова была аддадзена пад Цэнтр, давялося прайсці вялікі шлях, — распавядае мая суразмоўца Фарыда Заляціла. — Усё пачалося з перасоўнай выстаўкі, прысвечанай мастаку.

Калі музейшчыца адкрыла для сябе ў гаагскім архіве постаць Марка Роткі “ў поўнай велічы”, жанчына распачала асветніцкую дзейнасць у Даўгаўпілсе. З лекцыямі і перасоўнай выстаўкай руплівіца абышла амаль усе школы, каледжы, нават банкі. Пісала артыкулы ва ўсе магчымыя выданні, атакавала інстанцыі горада і краіны на прадмет вяртання імя Марка Роткі на яго малую радзіму.

— Але мае ідэі ўладамі тады не ўспрымаліся,  — кажа яна, згадваючы знаёмую многім энтузіястам сферы культуры сітуацыю. — Гэта была такая “кропка замярзання”, якую, здавалася, не пераадолець.

Аднак дапамога прыйшла. Пэўныя зрухі ў справе адбыліся, калі ініцыятыву спадарыні Фарыды падтрымаў… амерыканскі бок.

— Гэты быў шэраг лёсавызначальных сустрэч у ЗША, пад час якіх мне давялося здаць экзамен на давер, кампетэнтнасць, трываласць намераў, чысціню думкі і г. д., — распавядае куратар. — Мяркую, што гэтыя выпрабаванні мне наканавана было прайсці, каб у выніку пазнаёміцца з сям’ёй мастака — яго дзецьмі Кэйт і Крыстоферам.

Пасля здзейсненага, інакш і не скажаш, прарыву, зацікаўленасці і падтрымкі пасла ЗША ў Латвіі ў развіцці ініцыятыў, звязаных з іменем “амерыканскага мастака руска-яўрэйскага паходжання” (так пісалі тады мастацтвазнаўцы), да якога спачатку ставіліся падазрона, да ідэй энтузіясткі ў яе краіне сталі адносіцца больш лагодна. Аднак выявілася новая неспадзяванка: як толькі праекты апантанай музейшчыцы займелі рэальную глебу, у Даўгаўпілса, горада, дзе нарадзіўся Марк Ротка, тут жа ўзніклі культурныя канкурэнты.

— Пачалася сапраўдная вайна за правядзенне юбілейных мерапрыемстваў — стагоддзя з дня нараджэння мастака, — прыгадвае мая суразмоўца. — Памятаю, як у Міністэрстве культуры Латвіі сабралося больш за 20 інстытуцый, каб абмеркаваць горад-прэтэндэнт, здольны правесці адпаведныя святкаванні. І ў дачыненні Даўгаўпілса назіраўся прадказальны скепсіс. “Вось вы хочаце правесці міжнародны сімпозіум, а хто здольны будзе ў вашым горадзе зразумець паважаных экспертаў, што прыедуць выступаць?” — гучалі такія пытанні. Хто, увогуле, прыйдзе слухаць тых лектараў? На гэта я адказвала: калі ласка, можаце зрабіць сваю канферэнцыю ў Рызе, бо чым больш будзе мерапрыемстваў — тым лепш. Аднак запрошаныя мастацтвазнаўцы, куратары, эксперты, з якімі мы ўжо вялі перамовы, едуць менавіта на малую радзіму мастака.

І калегам Фарыды давялося прызнаць: “Цягнік пайшоў у Даўгаўпілс, аддаем належнае”.

У выніку — выйгралі ўсе

Толькі пасля паспяховага правядзення юбілейных урачыстасцей, Даўгаўпілс пачаў сваё ўзыходжанне да з’яўлення культурнай інстытуцыі.

— Кандыдатура крэпасці ўзнікала толькі тады,  — вяртае мяне да пачатку размовы куратар.

Напаўразбураны арсенал з багатай гісторыяй і прыгожымі скляпеннямі, што захаваліся, прыйшоўся даспадобы і дзецям мастака — Кэйт і Крыстоферу, якія ўжо пасябравалі з Фарыдай, паспрыяўшы развіццю ейных праектаў. Але рабіць Цэнтр у будынку помніка архітэктуры ХІХ стагоддзя, тым больш занядбаным, вымагала значна большых высілкаў, чым узвядзенне новага.

“Пазл” склаўся наступным чынам. Фарыда Заляціла заручылася падтрымкай нашчадкаў мастака: калі Цэнтр адкрыецца менавіта ў гэтым месцы, яны пагадзіліся прадаставіць гораду ў доўгатэрміновую арэнду пэўную частку арыгіналаў. У сваю чаргу, гэты аргумент — згоду Кэйт і Крыстофера на падобную здзелку — куратар скарыстала, каб схіліць гарадскія ўлады да рашэння “ўзяцца” за старую фартэцыю і давесці яе да ладу. (Крэпасць на той час знаходзілася на тэрыторыі, якая належала Дзяржаўнаму агенцтву па нерухомасці ў Рызе і была для апошняга, што камень на шыі.) У выніку — выйгралі ўсе.

— Сёння бачна, што мае прапановы былі цалкам узважанымі, — разважае мая гераіня, — але насамрэч я не зрабіла нічога звышнатуральнага: проста адштурхоўвалася ад патрэб горада. Плошчы арсенала давалі магчымасць для з'яўлення не толькі галоўнай залы, прысвечанай творчасці Роткі, але і для прыстойнай канферэнц-залы, галерэі сучаснага мастацтва, студыі… Іх гораду не ставала — і ўсё гэта можна было займець у адным комплексе.

Калі праект атрымаў рэальныя і канцэптуальныя рысы, знайшліся і спонсары.

“Патрэба ў новым саспела”

Сёння Арт-цэнтр — гэта, як было адзначана, не толькі экспазіцыйная прастора, дзе можна ўбачыць Дзвінск Віцебскай губерні мяжы стагоддзяў, даведацца пра постаць Марка Роткі, пабачыць яго арыгінальныя работы, але і шэраг іншых праектаў. Установа ладзіць міжнародныя пленэры, і мастакі, якія прыязджаюць на іх, маюць магчымасць пражывання ў адмыслова створанай арт-рэзідэнцыі. Сярод спісу актыўнасцей установы — правядзенне канферэнцый, нават канцэртаў (маецца адмысловая зала), майстар-класаў, адукацыйных праграм для дзяцей. Праз супрацоўніцтва з рознымі музеямі свету яго наведвальнікі маюць магчымасць бачыць разнапланавыя выстаўкі. Прынамсі, у красавіку бягучага года тут мусіць адкрыцца дэманстрацыя твораў Марка Шагала з фондаў віцебскага Арт-цэнтра імя знакамітага мастака. У бліжэйшых планах даўгаўпілскай інстытуцыі — стварэнне пастаянных экспазіцый, прысвечаных гісторыі арсенала, знакамітым ураджэнцам Даўгаўпілса.

Як тлумачыць стратэгію развіцця дырэктар установы Аляксей Буруноў, “мы імкнёмся прыцягнуць да нас самыя розныя аўдыторыі — і адпаведна будуем план мерапрыемстваў, распрацоўваем новыя накірункі дзейнасці”. За час існавання Цэнтра яго наведала каля 75 000 чалавек. Для правінцыйнай, як з пэўнай акцэнтацыяй казалі раней, установы — гэта, здаецца, зусім нядрэнна — цягам першага года.

— Пакуль калекцыя нашага Цэнтра — невялікая: 300 адзінак керамікі, каля 500 жывапісных работ, падораных мастакамі, — “раскрывае карты” кіраўнік, — але гэта толькі пачатак. Вядома, вядуцца перамовы з Кэйт і Крыстоферам, і яны не выключаюць магчымасці падарыць нам пэўную колькасць твораў бацькі.

— А як ставяцца жыхары Даўгаўпілса да мастацтва Роткі? — задаю пытанне кшталту тых, што гучалі на пасяджэнні да стагоддзя мастака.

— Па-рознаму, — адзначае дырэктар. — Але мы імкнёмся прапанаваць цэлы спектр паслуг, каб глядач, які не гатовы да ўспрыняцця падобнага мастацтва, змог знайсці тое, што яму па душы. Але, назіраючы за рэакцыяй наведвальнікаў, магу сказаць, што патрэба ў мастацтве такога кшталту, увогуле ў актуальным мастацтве, у новым — саспела. Ніхто не чакаў, што ў нас будзе такі паказчык наведвальнасці.

— Калі людзям пачынаеш распавядаць пра тое, як Марк Ротка ствараў свае работы, якім майстрам ён з’яўляўся і што нясуць ягоныя карціны,  нават абыякавае стаўленне да яго твораў мяняецца, — спадарыня Фарыда дадае да адказу захапляльны расповед пра тонкасці працы майстра, дэманструючы “выплаўлены” ў шматлікіх дыскусіях і прэзентацыях вышэйшы клас прамоўцы і ротказнаўцы. Што і казаць, калі наведвальніку пашчасціць на экскурсію ад Фарыды Заляціла, — ён не сыдзе з Цэнтра расчараваным.

Замест P.S.

З аднаго боку, хочацца пазбегнуць захапляльных інтанацый у дачыненні да новай установы нашых суседзяў: вядома, што ў даўгаўпілскага Арт-цэнтра маюцца будзённыя выклікі, на якія трэба адказваць, і новай інстытуцыі ёсць куды развівацца. Тым не менш, гісторыя яго з’яўлення і існавання  — гэта добры ўрок для вывучэння і вялікая падстава для роздуму. Што да Фарыды Заляціла, то не захапіцца ейным учынкам, мне падаецца, тут немагчыма. Свет і да гэтай пары стаіць на плячах абраных энтузіястаў.

На здымку: у адной з залаў Арт-цэнтра.

Фота Турыстычнага цэнтра Даўгаўпілскага краю, Латвія

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"