“Градус суперажывання” беларускім танцам

№ 51 (1125) 21.12.2013 - 27.12.2013 г

Быў Мінск убаку, цяпер — у "Мяцеліцы"
14 снежня ў Мінску ўпершыню прайшоў конкурс беларускіх танцаў “Мяцеліца”, які сабраў амаль 80 удзельнікаў з усёй краіны. Танцавальныя пары былі аматарскімі. Конкурс уяўляў з сябе творчае спаборніцтва непасрэдных носьбітаў нацыянальных традыцый і тых, хто далучыўся да іх зусім нядаўна.

/i/content/pi/cult/459/9696/12-1.jpg

/i/content/pi/cult/459/9696/12-2.jpg

Зала Палаца мастацтва на некаторы час ператварылася ў танцпляцоўку з вольным уваходам. Прычым журы сядзела — на сцэне, удзельнікі ж танчылі проста ў партэры, перад радамі крэслаў. І такія “несцэнічныя” танцы яшчэ больш ядналі публіку ды канкурсантаў. Трэба было бачыць, як пільна сачылі гледачы і самі танцоры за ўсім, што там адбывалася, які папраўдзе святочны настрой ды ўтульная “сямейная” атмасфера панавалі на працягу ўсяго дня! “Градус суперажывання” адпавядаў самым “крутым” тэлешоу. Як і там, адзнакі выстаўляліся адразу пасля кожнага выступлення, калі журы адначасова назірала за некалькімі парамі. Усяго трэба было паказаць дзесяць розных танцаў, прадэманстраваць не толькі “навучанасць”, але і ўменне імправізаваць, не губляючы пачуцця ансамбля. Пераможцамі ў розных узроставых групах сталі (пачынаючы са старэйшай, якая папраўдзе задавала тон): Уладзімір Семяніцкі і Таццяна Яроміна з Капаткевічаў Петрыкаўскага раёна, мінчане Уладзіслаў Пінязік і Надзея Атвіноўская, Андрэй Якубецкі і Юлія Літвінава.

— Доўгі час мяне турбавала, — кажа галоўны ініцыятар правядзення і член журы “Мяцеліцы”, этнахарэограф, даследчык беларускай народнай танцавальнай культуры Мікалай Козенка, — што апошнія гадоў трыццаць Мінск стаіць убаку ад астатняй Беларусі, дзе “на месцах” ладзяцца карагоды, сольныя, парныя танцы. На конкурс з’ехаліся прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў, і ўжо само правядзенне свята сталася майстар-класам для ўдзельнікаў. Уласна ж для майстар-класа, дзе навучалі ўсіх ахвотных, была абрана “Мяцеліца”, што дала назву і ўсяму фестывалю, — для больш шырокага распаўсюджвання гэтага танца. Колькі часу таму я праводзіў майстар-класы ў Санкт-Пецярбургу, там вельмі зацікавіліся нашым конкурсам. Паглядзець яго прыехала цэлая “каманда” расійскіх харэографаў — каля дваццаці чалавек. Ведаеце, што яны мне сказалі? “Вы знайшлі лекі ад СНІДу”. Бо народныя танцы — гэта сама псіхалогія адносін: да жанчыны, да радзімы, да свайго роду і спадчыны. Спадзяюся, узрушылі мы і нашу грамадскасць. Бо хочацца, каб моладзь пазбаўлялася комплексаў і — карагодзіла!..

— Гэты праект папраўдзе ўнікальны, — адзначае дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва, член журы конкурсу Любоў Сівурава. — Па развіцці народных танцаў у нашым побыце, у распаўсюджванні і папулярнасці гэтай культуры сярод насельніцтва мы, на жаль, адстаём ад суседзяў. У той жа Прыбалтыцы, у іншых еўрапейскіх краінах, нават на Кіпры — паўсюль практычна кожны умее танчыць народныя танцы, якія сталі часткай ягонага жыцця. Там танцуюць і сем’ямі, і сяброўскім колам, паўсюль і заўсёды. У нас жа падобны рух яшчэ толькі пачынаецца, але моладзь да яго цягнецца, з’яўляюцца спробы ладзіць тыя ж этнадыскатэкі — вельмі, падкрэслю, распаўсюджаныя на Захадзе. Сапраўды, ужо вырасла пакаленне, якое хоча і можа далучацца да нацыянальнай культуры, у моладзі ёсць дзе і ў каго павучыцца: у тым жа Мінску летась была адкрыта Школа традыцыйных мастацтваў фальклорнага гурта “GUDA”.

Чаму конкурс, а не, прыкладам, фестываль? На маю думку, гэтая форма найлепшым чынам адпавядае народнай культуры, дзе ў танцах ёсць імкненне паспаборнічаць. А тое, што танчылі не на сцэне, яшчэ больш набліжала спаборніцтва да яго фальклорных правобразаў. Паказальна і тое, што ініцыятыва ў правядзенні свята зыходзіла ад танцораў: яны ўвесь час пыталіся, калі ж у нас пройдзе конкурс ці штосьці падобнае. Арганізацыйны бок быў на найвышэйшым узроўні. Прадугледзелі нават пірагі з гарбатай...

Адзначу і вельмі высокі ўзровень конкурсу. Ва ўсіх пар былі добра адпрацаваны рухі, таму больш увагі даводзілася звяртаць на тое, ці склаўся паміж танцорамі сапраўдны дуэт, ці ўмее пара імправізаваць, падкрэсліваць ды выяўляць характар танца, бо ў той жа падэспані нельга мітусіцца, як у польцы. А галоўнае, ці ўмеюць яны выпраменьваць энергію, адчуваць шчасце, драйв — усё тое, што называецца “жыць танцам”. Апошняя “дэталь”, падкрэслю, — бадай, самая важная. Я ўпэўнена, што далучэнне моладзі да народных танцаў можа шмат што змяніць у самой псіхалогіі юнакоў і дзяўчат. Тут, хочаш ці не, весці (ва ўсіх сэнсах слова) павінен мужчына. А якое ўзаемаразуменне патрабуецца! Танец — гэта партнёрства, сяброўства, знаёмства, непасрэдны дотык, позірк “вочы ў вочы”. Невыпадкова нашымі продкамі былі прыдуманы танцы, дзе партнёры ўвесь час змяняюцца. Гэта значыць, што ўсяго за адзін такі танец можна перазнаёміцца адразу з усімі, хто прыйшоў на вечарыну, і праз дотык-позірк атрымаць дакладную энергетычную інфармацыю аб кожным з партнёраў. Гэта вам не інтэрнэт-знаёмства, тут не схаваешся за псеўданімам і прыдуманымі гісторыямі! Вядома, адным такім конкурсам праблему распаўсюджвання нацыянальнай танцавальнай культуры не вырашыць — павінна быць праграма, скіраваная менавіта на побытавыя формы, прыдатныя для ўсіх і кожнага. Толькі так, праз штодзённы побыт, нацыянальнае мастацтва можа стаць не проста брэндам для паказу замежным гасцям, а — неад’емнай часткай нашага жыцця…

Фота Таццяны МАРМЫШ і Мікалая КОЗЕНКІ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"