Маэстра абразной гравюры

№ 51 (1125) 21.12.2013 - 27.12.2013 г

Зіновій Гарбавец і яго віцебская “сямігодка”
17 чэрвеня 1927-га мастацтвазнаўца, калекцыянер і бібліёграф, “рыцар графічнага вобраза” Павел Эцінгер, той самы, які цягам сямнаццаці гадоў рэгулярна перапісваўся з Маркам Шагалам, у Расійскім таварыстве сяброў кнігі прачытаў даклад пра беларускіх графікаў, і першае месца аддаў Зіновію Гарбаўцу. Потым у лісце да Эцінгера Гарбавец напіша: “...Толькі дзякуючы Вашаму прызнанню і ацэнцы мяне ўпершыню як мастака-гравёра, я атрымаў шэраг магчымасцей, якія не мелі месца раней”. Наступныя тры гады Гарбавец падтрымліваў сувязь з гэтым цікавым таварыствам — бібліяфільнай арганізацыяй савецкіх кнігалюбаў, куды ўваходзілі такія знакавыя асобы тых гадоў, як У.Адарукаў, Д.Айзенштат, А.Кажабаткін, А.Сідараў, М.Шчаўкуноў, С.Кара-Мурза; дзе рабілі даклады А.Белы, І.Сяльвінскі, Л.Лявонаў, І.Грабар, П.Шчогалеў, Д.Благой. Я бачыў унікальнае выданне таварыства — пушкінскую рэч “Домік у Каломне” з выдатнымі гравюрамі-ілюстрацыямі настаўніка Гарбаўца — Уладзіміра Фаворскага.

/i/content/pi/cult/459/9695/15-1.jpg

/i/content/pi/cult/459/9695/15-2.jpg /i/content/pi/cult/459/9695/15-3.jpg

(Працяг. Пачатак у № 50.)

Пакінуўшы Віцебск, летам 1929 г. Гарбавец паступае адразу на трэці курс маскоўскага Вышэйшага мастацка-тэхнічнага інстытута (ВХУТЕИН), які ў гэты час з’яўляўся своеасаблівым цэнтрам развіцця савецкага мастацтва ксілаграфіі. Ягонымі настаўнікамі становяцца згаданы Уладзімір Фаворскі, а таксама Павел Паўлінаў, блізкімі сябрамі па інстытуце — Рыгор Тарасевіч і малады Ілья Крычэўскі (абодва амаль землякі — з горада Чарнігава). Зіновію Гарбаўцу, у адрозненне ад іх, завяршыць вучобу не давялося па розных абставінах, але жывая памяць пра тыя гады і вялікіх педагогаў засталася на ўсё жыццё, асабліва — пра Уладзіміра Фаворскага. Хаця, шчыра кажучы, спачатку Фаворскі ставіўся да графікі Гарбаўца даволі скептычна, бо яна ніяк не ўпісвалася ў мастакоўскую канцэпцыю маэстра.

Прафесар Уладзімір Андрэевіч Фаворскі выкладаў у Гарбаўца ўсяго адзін год; потым ён, у маі 1930-га, перайшоў у Паліграфічны інстытут. Аднак яго ўплыў на Гарбаўца быў вялікі, тым больш, што студэнт і потым не страціў творчай сувязі з мэтрам, сустракаючыся з ім у ягонай майстэрні і дома. Так, Гарбавец быў сведкам таго, як нараджаўся ў Фаворскага вобраз Фёдара Дастаеўскага (мабыць, найлепшы партрэт пісьменніка ў гісторыі графічнага мастацтва), а таксама ілюстрацыі да кнігі “Апавяданні пра жывёл” Льва Талстога. Дарэчы, гэтае выданне ў маім дзяцінстве было ці не “настольнай” кніжкай, як пазней і “Слова аб паходзе Ігаравым” у бліскучым афармленні таго ж Уладзіміра Фаворскага...

І калі ў сярэдзіне 1930-х пачалося ідэалагічнае прафесійнае цкаванне былога рэктара ВХУТЕМАСА-ВХУТЕИНА Уладзіміра Фаворскага за “фармалізм”, за “сувязь з Бухарыным”, за ягоную творчасць, якая “афарбавана мазгавым флёрам, мазгавым вэлюмам” (І.Грабар), Гарбавец заўсёды быў побач з настаўнікам і ніколі яму не здраджваў, у адрозненне, напрыклад, ад такіх буйных асоб таго часу, як А.Краўчанка, В.Бескін, С.Тавасіеў і пераважная большасць акадэмікаў, якія і ў прэсе, і на розных зборышчах проста здзекваліся з мастака.

Разам з Фаворскім пакінуў ВХУТЕИН і іншы выдатны педагог ды ксілограф — Павел Паўлінаў, аўтар цудоўных партрэтаў А.Блока, А.Белага, А.Астроўскага, А.Пушкіна, Стэндаля, Гофмана, да якога з вялікім піетэтам таксама ставіўся Гарбавец. Такім чынам, з педагогамі нашаму герою пашанцавала...

Сярод самых блізкіх сяброў Гарбаўца заставаўся віцябчанін Іван Чарвінка, былы актыўны член УНОВИСа, паплечнік Малевіча, Лісіцкага, Суэціна і Ермалаевай, які ў 30-я гады жыў то ў Віцебску, то ў Ленінградзе. У сям’і сына Гарбаўца — І.З. Гарбаўца захоўваюцца лісты Чарвінкі да мастака, датаваныя 1932 — 1934 гг., дзе яскрава апісана вельмі складаная творчая атмасфера таго савецкага часу, а таксама асабістыя перажыванні адрасата наконт лёсу яго былых паплечнікаў па Віцебску, асабліва што датычылася апошняй хваробы К.Малевіча. Вельмі цікавыя факты. Але гэта іншая тэма.

Прывяду толькі чатыры фрагменты тых лістоў Івана Чарвінкі да Гарбаўца. Ад 25 верасня 1932 г.: “...Было б пажадана ведаць, што твае пакуды (пасля пераезду ў Маскву ў Гарбаўца былі праблемы з кватэрай. — Б.К.) ужо скончыліся, і што ты зараз у спакойным становішчы, і пачаў работу, да якой у цябе вялікая цяга. Цяга гэтая гаворыць за тое, што пры спрыяльных умовах ты многае зробіш для мастацтва, бо энергетычная зарадка твая каласальная…” Ад 19 лістапада 1933 г.: “...Атрымаў твой ліст і гравюру тваёй работы. Гравюра па тэхніцы пакідае добрае ўражанне, і я вельмі рады за цябе, што ты нарэшце атрымаў магчымасць працаваць, і што работай сваёй задаволены…” Ад 7 жніўня 1934 г.: “...Вельмі рады, што ты адпачыў на Украіне і што самаадчуванне тваё нармальнае. Добра і тое, што наведаў магілу бацькі (у Чарнігаве. — Б.К.) і прывёў яе ў парадак. Вось ты цяпер ізноў у Маскве і зноў за працай. Я ўсё ж чакаў цябе да нас, у Віцебск, і, канешне ж, вельмі пашкадаваў, што не бачыў цябе…”

А вось цікавы фрагмент з ліста “шаноўнаму сябру Зіновію” ад 17 студзеня 1937 года наконт таго, як жыў Віцебск у той перыяд: “...За апошні час цэны на базары вельмі падняліся на ўсе прадукты. Мяса — як рэдкасць ад 8 да 10 рублёў кілаграм. Сметанковае масла — 8 — 9 руб. кавалак (фунт), яйкі — 6 руб. дзясятак, малако — 1 руб. 20 кап. — 1 руб. 40 кап. за літр. Сала зусім няма. Бульба дастаецца з намаганнямі, і тое з-пад крыса, бо забаронена да продажу. Чорнага хлеба ў камерцыйных крамах даўно ўжо не выпякаюць. Чэргі роспачныя. З газай па-ранейшаму бяда: даюць па адным літры на месяц, і тое толькі па рабочай картачцы. Увогуле, на гэтым фронце — справа дрэнь…”

Цяжка сказаць, колькі гадоў доўжылася гэтая перапіска. Вядома толькі тое, што многія творы Чарвінкі загінулі ў час вайны, а сам мастак памёр у Маскве ад сухотаў у 1947-м. На жаль, яго сёння мала хто ведае…

Так ці інакш, Зіновій Гарбавец, працягваючы і паглыбляючы свае віцебскія пошукі, за кароткі тэрмін дасягнуў у ксілаграфіі такой дасканаласці, майстэрства і адточанасці разца, што яму зайздросцілі нават тагачасныя жывыя класікі гравюры. А паэты і пісьменнікі ішлі да яго чарадой з просьбай зрабіць ім экслібрыс. І ён нікому не адмаўляў. Вось толькі некаторыя яго “заказчыкі”: Я.Купала, У.Лугаўской, Э.Багрыцкі, Я.Смелякоў, Б.Пастэрнак, М.Бажан, С.Васільеў. А яшчэ па жаданні тых жа У.Лугаўскога і С.Васільева майстра зрабіў ілюстрацыі да іхніх паэм: адпаведна, “Жыццё” і “Ганна Дзянісаўна”…

Усе гэтыя партрэты ў 1933-м у выдавецтве “Советская литература” былі надрукаваны ў кнізе вядомага літаратурнага крытыка і журналіста, рэдактара “Литературной газеты” Аляксея Селіваноўскага “Паэзія і паэты. Крытычныя артыкулы. Гравюры на дрэве Зіновія Гарбаўца”. У красавіку 1938 года ён за быццам бы “ўдзел у контррэвалюцыйнай тэрарыстычнай арганізацыі” быў расстраляны на сумна знакамітым падмаскоўным палігоне “Камунарка”... Сёння яго сімвалічны мемарыяльны знак знаходзіцца на Новадзевічых могілках. І хаця ў 1956-м Селіваноўскага рэабілітавалі, гэтая кніга не была перавыдадзена, і зараз знайсці яе вельмі складана. Сярод іншых экслібрысаў Гарбаўца — кніжныя знакі Э.Гальпернага (з адлюстраваннем Нікі Самафракійскай), І.Давыдава (са старажытнарускім храмам) ды іншых сяброў мастака.

Наогул, Гарбавец экслібрысу надаваў вельмі важнае значэнне, лічачы яго ролю ў мастацтве не менш значнай, чым, скажам, графікі вялікіх форм, жывапіснай карціны ці жывапіснага партрэта. І, мабыць, добра ведаў папулярную ў тыя гады оду мастацтвазнаўцы, бібліяфіла і калекцыянера Аляксея Сідарава пад назвай “Пахвала экслібрысу”, якая пачыналася так: “Нет, не больной мечтою маниака, / Прорезывая строчек полумрак, / — Тринадцатым созвездьем зодиака / Над нами ты воздвигнут, Книжный Знак!”.

Якраз у тыя, 1930-я, гады мастак пачынае выкладаць у Маскоўскім рэдакцыйна-выдавецкім тэхнікуме (цяпер — Маскоўскі выдавецка-паліграфічны каледж імя першадрукара Івана Фёдарава), і гэтую дзейнасць ён прадоўжыў і пасля вайны. На выкладчыцкай пасадзе (ён яшчэ паралельна працаваў у выдавецтвах “Искусство” и “Госкультпросветиздат”) мастак пачуваў сябе вельмі камфортна; адчуваў, што прыносіць вялікую карысць маладым графікам, будучым мастацкім рэдактарам ды афарміцелям кніг і часопісаў. Яго любімая фраза была такая: “Навучаючы, я сам вучуся”.

Да таго ж, такая работа не перашкаджала яму займацца творчасцю — улюбёнай разцовай гравюрай. Так, напрыканцы 40-х гадоў Гарбавец, магчыма, пад уплывам графічнага цыкла У.Фаворскага “Вялікія рускія палкаводцы” (1945 г.), стварыў цікавую графічную партрэтную сюіту “Рускія географы і падарожнікі”. Выразнасць ксілаграфічнай мовы, здольнасць выкарыстоўваць ўсю палітру чорна-белай гравюры дазволілі яму стварыць у гэтай серыі глыбокія, вельмі ўдалыя партрэты-характарыстыкі.

У той жа час Зіновій Гарбавец паступова пачаў адыходзіць ад абразной гравюры, каб працаваць на тарцы. Ён беспадстаўна лічыў, што і ў гэтай тэхніцы ў яго могуць быць свае дасягненні. Але, як адзначыў у свой час буйны савецкі мастацтвазнаўца Мікалай Машкоўцаў у кнізе “Искусство Советской Белоруссии" (М. — Л., 1940, стар. 113), “...пераход мастака на тарцовую гравюру прыкметна затармазіў развіццё ягонай творчасці, што назіраецца ў маскоўскіх ксілаграфіях”. Мо і так, але многіх работ Гарбаўца “маскоўскага” перыяду я не бачыў...

Чытайце таксама першую частку матэрыяла пра Зіновія Гарбаўца.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"