Каму патрэбны “Палескія песні”?

№ 48 (1122) 30.11.2013 - 06.12.2013 г

Аўтэнтыка як нагода для пастаноўкі пытання
Сваёй праграме Леанід НАРУШЭВІЧ (гурт “Князь Мышкін”, гітара) і Ірэна КАТВІЦКАЯ (“Ethno Fantasia”, “Akana-NHS”, вакал) далі назву “Палескія песні”. З яе бачна, у чым сутнасць праекта, прапанаванага не так даўно наведвальнікам сталічнага Музея Азгура. Тандэм двух вядомых беларускіх музыкантаў прынцыпова адмовіўся ад шоу з далучаным да яго перформансам, даўшы магчымасць слухачам атрымаць асалоду выключна ад голасу ды ігры інструменталістаў. Адцяняць і ўпрыгожваць сапраўды не было чаго — усё і без таго пералівалася вясёлкавымі музычнымі кветкамі, узнімала настрой, паглыбляла ў абстрактныя і канкрэтныя роздумы. У далейшых планах выканаўцаў — пашырэнне ды паглыбленне праекта, і не толькі ў Беларусі, уключаючы, безумоўна, землі палескія, але і канцэртны кідок у замежжа.

/i/content/pi/cult/456/9619/6-1.jpg /i/content/pi/cult/456/9619/6-2.jpg

Экскурс у гісторыю

Л.Н.: — Гурт “Князь Мышкін” працаваў з фальклорам перыядычна. У самым пачатку 90-х мы падыгрывалі нейкай бурацкай спявачцы, а потым быў Іван Кірчук — ужо напрыканцы 1990-х, у перыяд крызісу першага складу “Троіцы”. Мы з ім правялі некалькі канцэртаў, запісалі тры альбомы, і на тым “Князь...” з фолькам “завязаў”, пакуль у 2011 годзе на фестывалі “Дах” у Мінску не сустрэўся з Ірэнай. Я і раней быў з ёй знаёмы, але шапачна, а тады мы ўтраіх — я, Катвіцкая і культавы расійскі авангардыст Сяргей Летаў зладзілі на сцэне кароценькі джэм. З той пары мы з Ірэнай часам сталі супрацоўнічаць, але не больш. І недзе ў гэты ж час ува мне даліся ў знакі маміны гены: яна родам з Палесся. Я, як кажуць, “падсеў” на палескія песні, загарэўся і вырашыў разам з беларускім музыкантам Сяргеем Далгушавым зрабіць на іх аснове праграму, прычым з прыцягненнем Ірэны. Мы нават паспелі правесці адну рэпетыцыю, калі раптам, нечакана для нас, Сяргей з’ехаў на пастаяннае месца жыхарства ў Чэхію. Аднак праект мы не кінулі, і ў кастрычніку адбылася яго прэм’ера ў мінскім Музеі Азгура. Гэта быў гадзінны сэт, і акрамя нас з Катвіцкай у ім узялі ўдзел перкусіяністы Антон Дзянісаў і Алег Рыбалка, басіст Эрык Шымкус і скрыпачка Алена Шчаклеіна. Канцэрт, які складаецца з пяці песень ды інструментальных імправізацый, што пераходзяць адна ў адну, запісалі і выклалі ў Інтэрнэт. Мы не займаемся прамалінейным капіраваннем аўтэнтычнага матэрыялу, а падаём у тым выглядзе, у якім бачым яго сёння, у гэткім крыху авангардным ключы. Гэта цэласны канцэпт, ядро якога — палескія напевы, што суправаджаюцца самай рознай музыкай, вольнай ад штампаў, ажно да джазавых інтанацый, без усялякіх звыклых нашаму слыху страшэнных папсовых балалаек і ўсяго гэтага “ай-лю-лю”...

Палескі эксклюзіў

Л.Н.: — Я не магу дакладна растлумачыць, у чым ён. Гэта нешта ўнутранае, асобаснае, каранёвае і прыроднае.

І.К.: — Палеская аўтэнтычная культура — вельмі кансерватыўная рэч, традыцыя, якая не руйнуецца пад уздзеяннем навакольнага свету, у яе нічога не пранікае. Яна ачышчае душу чалавека і выклікае ў ім катарсіс, прымушаючы яго працаваць, запрашае ў падарожжа, насычае эмоцыямі, не схільнымі да навакольнага ўплыву — грубага, настырнага і імгненнага. Адметнасць палескіх песень заключаецца ў іх маляўнічасці, тэмбральнай насычанасці, магутнай энергетыцы. Плюс прысутныя на гэтых землях своеасаблівыя дыялекты — старажытныя, глыбокія, прапрапрабеларускія, прапрапраславянскія. Прыязджаеш у якую-небудзь мясціну Веткаўскага раёна на якоесьці свята — выходзяць бабулі, становяцца ў шэраг, ідуць па вёсцы і спяваюць гадзіну-дзве. Дзякаваць богу, што гэтыя песні здолелі захаваць нашы этнамузыколагі, якія аб’ездзілі з экспедыцыямі беларускі край уздоўж і ўпоперак, пачынаючы з 30-х гадоў. Яны запісвалі песні на магнітафоны, расшыфроўвалі ў нотах, усё гэта захоўваецца ў архівах, адкуль іх можна браць.

Аўтэнтычная беларуская песенная культура вельмі розная — Поўдзень і Поўнач Беларусі. Напрыклад, у Віцебскай вобласці яна крыху закрытая, нібы абгароджаная нябачным плотам, і характарызуецца высокімі рэгістрамі, своеасаблівымі тэмбрамі ды абертонамі. Я магу спяваць самую розную архаічную беларускую музыку. Калі яна родам з Віцебшчыны ці Гродзеншчыны, то гэта будуць балады, жаночыя гісторыі. Я люблю пранікаць у такую лірыку, смуткаваць, сумаваць. Палеская песня — згустак першабытнай энергіі: зямля, вада, агонь. Праз такія песні людзі “кіравалі” надвор’ем: дажджом, сонцам. І я таксама люблю так “чараваць”, калі спяваю, — каб публіка адчула... як са столі ў зале на іх ільецца вада, каб гледачы паверылі ў яе.

Л.Н.: — Усё звязана з гістарычнымі перыядамі, якія перажывала наша краіна, з уплывам, што аказвалі на яе іншыя народы. Ды вы хаця б на людзей паглядзіце, на іх антрапалогію. Тыя, хто жыве бліжэй да балтаў, — буйныя, светлавалосыя, на Палессі — чорненькія, мякчэйшыя па характары. Адсюль і культура — усяляк-розная...

Пра будучыню “...Песень”

Л.Н.: — Ахвотных выпусціць праект на кампакт-дыску пакуль не знаходзіцца, і, хутчэй за ўсё, ён застанецца сеткавым выданнем. Галоўнае, што ён зафіксаваны. Што ж да жывых выступленняў, дык праграма добрая тым, што яе мы можам рэалізоўваць з Ірэнай удваіх. Хацелася б паказаць яе як мага ў большай колькасці гарадоў, не толькі ў Мінску, дзе выступленні, веру, будуць, прычым у канцэртных залах. Само сабой, трэба прывезці яе на Палессе. Зараз вядуцца перамовы з адным з гомельскіх клубаў, з Рэчыцай. Вось на іх мы і апрабуем праграму ды, спадзяюся, рушым далей па краіне і за яе межы: я звярнуў увагу на тое, што сярод наведвальнікаў сайта, дзе выкладзены канцэрт, вельмі шмат украінскіх інтэрнэт-карыстальнікаў. Можа, для пачатку ва Украіну і рванём?..

Па-за праектам

Л.Н.: — 10 лістапада я адзін, без гурта “Князь Мышкін”, якраз там і выступаў: на кіеўскім “Free Fest”. Гэта новы ўкраінскі Фестываль імправізацыйнай музыкі, што запісвала тэлебачанне. А ў Беларусі пакуль нічога цікавага з праектаў, у якіх мне хацелася б паўдзельнічаць, не бачу.

І.К.: — Да канца лістапада ў складзе швейцарска-беларускага праекта “Kazalpin” мы з гуртом “Akana-NHS” дадзім адзінаццаць канцэртаў у Швейцарыі. З сольнай праграмай “Ethno Fantasia”, дзе я спяваю ў суправаджэнні раяля, выступіла ў Мінску, Гродне, Брэсце. Прэзентавала яе на міжнародным фэсце ў Балгарыі, з прыцягненнем дзіцячага фальклорнага ансамбля “Рада” і бэнда з шасці саксафаністаў. У рамках “Беларускай музычнай восені” ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі быў прадстаўлены сумесны праект з Дзяржаўным камерным хорам — “Ethno Fantasia” для хору, саліста, дзіцячага акадэмічнага хору і дзіцячага фольк-ансамбля. Дарэчы, дыск з “Ethno Fantasia” я падарыла польскаму кампазітару і дырыжору Кшыштафу Пендэрэцкаму, які быў у нас на фестывалі Юрыя Башмета...

...Ды ўсё ж патрэбны!

А што ж адбываецца з палескай архаікай на месцах яе пастаяннай “дыслакацыі”? Такім пытаннем мы і задаліся.

Васіль ЗАРУБА, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Столінскага райвыканкама:

— У раёне шануюць палескую спадчыну, не забываюцца на яе, захоўваюць і па магчымасці прапагандуюць. Вялікай папулярнасцю карыстаецца Заслужаны аматарскі калектыў “Выцiнанка” пад кіраўніцтвам Пятра Астапчука, які ўключае ў свае выступленні архаічныя палескія песні. Апошнія ўвайшлі і ў кампакт-дыск традыцыйнага фальклору, нядаўна выдадзены гэтым ансамблем. Іх выконвае на канцэртах і народны хор “Крыніца”. Летась быў выпушчаны 130-старонкавы зборнік “Фальклорныя песні Століншчыны”, куды трапілі сямейна-абрадавыя творы: вясельныя, калядныя і гэтак далей. Праходзяць на нашай зямлі і святы, так ці інакш звязаныя з палескімі традыцыямі. На жаль, па шэрагу прычын спыніў сваё існаванне “Сонцаварот”, але па-ранейшаму шмат людзей збіраюць такія масавыя мерапрыемствы, як “Палескі кiрмаш” і “Троіца”. Наколькі мне вядома, неўзабаве ў Столінскі раён збіраецца этнаграфічная экспедыцыя Акадэміі навук, так што, магчыма, усіх нас чакаюць новыя адкрыцці.

Мікалай КАЎБАСАЎ, намеснік дырэктара па вытворчым навучанні Гомельскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў імя Н.Сакалоўскага:

— Пры каледжы існуе народны хор “Радзейка”, у рэпертуар якога ўваходзяць некалькі старых палескіх песень. Студэнты, што навучаюцца на спецыяльнасці “Народная творчасць (харавая музыка)”, рыхтуюць тэатралізаванае прадстаўленне абрадавых песень, сярод іх таксама ёсць аўтэнтычныя творы Гомельскага Палесся. І, наколькі я магу меркаваць, бываючы на канцэртах фольк-музыкі, якія праводзяцца ў горадзе ды вобласці, многія артысты ўключаюць у свае праграмы палескія напевы...

Ігар ТУЛЕЙКА, дырэктар Баранавіцкага дзяржаўнага музычнага каледжа:

— У каледжы ёсць спецыяльнасць “Харавое дырыжыраванне (народны хор)”, што рыхтуе кіраўнікоў і дырыжораў хароў. На ёй, у тым ліку, і вывучаецца музычнае мастацтва Палесся. Палескую этніку выконвае наш народны хор “Дзiвосы”. Штогод у красавіку — маі нашы студэнты рыхтуюць праграмы, заснаваныя на беларускіх абрадах, натуральна, і Палесся таксама. Гэтыя пастаноўкі запісваюцца на відэа. Навучэнцы каледжа са сваімі фальклорнымі нумарамі выступаюць па краіне, а ўлетась такая паездка адбылася ў Санкт-Пецярбург і ў некалькі раёнаў поўдня Расіі…

Фота Юрыя ІВАНОВА

Тым часам

У дыскаграфіі меламанаў — папаўненне! Выдадзены альбом аўтэнтычных запісаў 1968 — 1969 гадоў “Пад ясну зарыцу”, у які ўвайшлі песенна-абрадавыя кампазіцыі Мiёршчыны. Складальнік кампіляцыі — паэт Сяргей Панізьнік. Анталогія ўяўляе з сябе багаты пласт традыцыйных сольных і калектыўных спеваў, сярод песень альбома — калядныя, купальскія, вясельныя ды іншыя.


Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"