Бібліятэка, якую нельга зачыніць?

№ 43 (1117) 26.10.2013 - 01.11.2013 г

Дыскурс паміж падзеямі пра будучыню
У Расіі днямі прайшла акцыя “Адкрытая бібліятэка”. У сталічнай бібліятэцы імя Маякоўскага, што не зачынялася да ночы, сабраліся папулярныя пісьменнікі, акцёры, футбалісты, іншыя медыйныя персоны… Арыгінальнымі і нестандартнымі, мяркуючы па інтэрнэтаўскіх “выкладках”, былі не толькі пастаноўка паводле Чарнышэўскага “Што рабіць?” ды джазавыя імправізацыі паміж кніжных стэлажоў. Асабіста ў мяне выклікала цікавасць выступленне аднаго з самых папулярных празаікаў — Захара Прылепіна, аўтара раманаў “Санькя”, “Паталогіі”, якімі захапляюцца цяпер не толькі ў Расіі. А казаў пісьменнік, якому не споўнілася і сарака, пра тое, што ён выступіў ці не ў сотні расійскіх бібліятэк і перакананы: яны не маюць патрэбы ў эвалюцыі ці рэвалюцыі. (Меў ён на ўвазе хутчэй гарадскія бібліятэкі, бо прыкладаў яго візітаў у сельскія я так і не знайшоў.) Бібліятэкам, па перакананні Прылепіна, патрэбна толькі грашовая падтрымка. Маўляў, што рабіць далей, яны і самі цудоўна ведаюць. І яшчэ адна адмысловая сумесная думка, выказаная пад час “круглых сталоў” “Адкрытай бібліятэкі”: трагедыя ў Бірулёва здарылася мо і таму, што з бібліятэкамі ў гэтым маскоўскім раёне — напружана. “К”, усведамляючы надзённасць узнятай тэмы, вырашыла пад час працы Мінскага Міжнароднага кангрэсу “Бібліятэка як феномен культуры” яшчэ раз звярнуцца да нашых бібліятэкараў і чытачоў з даўно вядомым ужо пытаннем: “Якой павінна быць бібліятэка, каб яе немагчыма было зачыніць?”. І вось што атрымалася…

Мы — за эвалюцыю

Галіна БУРЫНА, намеснік дырэктара Брэсцкай абласной бібліятэкі імя Максіма Горкага:

— Мы ніколі не былі закрытымі. Натуральна, пастаянна ладзім шматлікія літаратурныя прэзентацыі мясцовых творцаў. Адно з вядучых месцаў сярод іх займае Ніна Мацяш, 70-годдзе якой мы нядаўна адсвяткавалі. І па сёння жыве літаратурны альманах “Жырандоля”, першыя выпускі якога рыхтавала знаная пісьменніца. Апрача гэтага — у нас шмат акцый, звязаных з міжнароднымі стасункамі. Да прыкладу, Дні шведскай літаратуры, што прайшлі ўжо двойчы. У апошніх поруч са шведскімі творцамі ўдзельнічалі і нашы літаратары Алесь Разанаў і Святлана Алексіевіч. Яны сабралі ў нас не менш народу, чым, відаць, Захар Прылепін у Маскве. Чарговы міжнародны праект, які рэалізуем сёмы год запар, — Тыдні нямецкай мовы і культуры. Да нас прыязджаюць не толькі пісьменнікі, але і журналісты, музыканты, архітэктары… Адзін з апошніх доказаў таму, што мы не стаім на месцы, — адкрыццё ў нашай бібліятэцы маладзёжнай залы з поўным наборам электронных рэсурсаў і неабмежаванымі магчымасцямі для творчай самарэалізацыі. Ці яшчэ: доўгатэрміновы праект “Брэст чытае дзецям”, калі свае ўлюбёныя творы чыталі выбітныя людзі горада, у тым ліку і губернатар… Словам, мы — за пастаяннае развіццё, а значыць — за эвалюцыю.

І ў сувязі з гэтым хачу выказаць свае меркаванні наконт перспектывы развіцця вясковых бібліятэк, у першую чаргу — аграгарадоцкіх устаноў. Безумоўна, хацелася б, каб і яны здзіўлялі чытачоў неардынарнымі акцыямі. Можна паспрабаваць, да прыкладу, ладзіць тут сустрэчы не толькі з мясцовымі знакамітасцямі, але і са сталічнымі, як гэта робіцца, да прыкладу, у Белаазерску. Тамтэйшае “Бабіна лета”, сагрэтае творчасцю Мацяш, заўжды вабіць нашу інтэлігенцыю. Кожны з беларускіх знакамітасцей, нашых землякоў сёння проста абавязаны, лічу, выказаць сваё стаўленне да кніг, якія любіць. Чым не падстава для стварэння серыі фотаплакатаў, што ўпрыгожаць нашы ўстановы? Аўтарытэт бібліятэк значна ўзнімецца!..

Прэстыж прафесіі трэба ўзнімаць!

Святлана КАЗЛОВА, дырэктар Магілёўскага дзяржаўнага бібліятэчнага каледжа імя A.С. Пушкіна:

— А я цалкам пагаджаюся наконт дзяржаўнай грашовай падтрымкі. Асноўны тормаз развіцця нашай бібліятэчнай справы — мізэрная аплата працы. Паглядзіце, які ўтвараецца ўзаемазвязаны ланцужок: да нуля зведзены прэстыж наўпрост уплывае на якасць абітурыентаў і паступаючых. У выніку — абсалютна не той узровень жадання хоць нейкім чынам самарэалізавацца.

У мяне, да прыкладу, сэрца баліць, калі выпускнікі, а сярод іх шмат і сірот, прыязджаюць на першае месца працы, а іх “гасцінна” сустракае месячная заработная плата ў адзін мільён трыста рублёў… А трэба ж яшчэ і за жытло заплаціць. Што ж на жыццё застаецца?

Так, мы рыхтуем спецыялістаў шырокага профілю: яны і бібліятэчнай справай валодаюць, і маюць пры гэтым навыкі клубнай дзейнасці, арганізацыі масавых мерапрыемстваў. Але пра якія цікавыя акцыі гаворка, калі трэба не тварыць, а элементарна выжываць? А яны, нашы бібліятэкары, яшчэ і план па аказанні платных паслуг умудраюцца выконваць. Карацей, на парадку дня — павышэнне прафесійнага прэстыжу…

Звязка “бібліятэка — клуб”

Валерый ГАПЕЕЎ, пісьменнік:

— Калі сельскія бібліятэка і клуб не толькі знаходзяцца ў адным будынку, але і працуюць у адной творчай звязцы — такая ўстанова, на мой погляд, мае перспектыву. Прынамсі, у маім Івацэвіцкім раёне так і стараюцца рабіць. Падобнае спалучэнне робіць агульнае мерапрыемства больш яркім. Словам, гаворка — пра адзіны духоўна-культурны цэнтр. І сталічных пісьменнікаў тут заўжды чакаюць. У Івацэвіцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы пэўная частка кніжак-навінак беларускіх пісьменнікаў, выстаўленых на стэлажы, — заўжды на руках. Мне казалі, што і ў вёсках ёсць чытачы, арыентаваныя менавіта на айчынную літаратуру. Чакаюць яе і чытачы, якіх абслугоўвае бібліобус. Я ўжо не кажу пра інтэлігенцыю аграгарадкоў. Менавіта таму з ахвотай еду ў вёску. Вабіць сустрэча нават з пяццю чытачамі, якім я цікавы…

Не проста сховішча кніг

Марына БЕЛАВУС, дырэктар Ашмянскай ЦБС:

— У нас ёсць такі прыклад, калі сельскую бібліятэку, падавалася, можна было б і закрыць (насельніцтва ў зоне абслугоўвання мала засталося), але яна і па сёння з поспехам дзейнічае. Гаворка — пра Палянскую сельскую бібліятэку, якой кіруе Леанарда Васілеўская. Тут створаны музейчык, экспазіцыя якога прысвечана Чэславу Янкоўскаму — пісьменніку, гісторыку і вандроўніку. Тут пастаянна ёсць наведвальнікі, нават з-за мяжы.

Так што ў планах на закрыццё бібліятэка і па сёння не значыцца. Больш за тое: яна стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”.

Калі ж бібліятэка пераўтварылася толькі ў сховішча кніг, яе стопрацэнтна закрыюць…

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"