Мастак — чалавек з багатым жыццёвым і творчым досведам. І свет ён пабачыў, і ў розных спецыяльнасцях сябе паспрабаваў. Нарадзіўся Міхаіл Канькоў у 1947 годзе ва Удмуртыі. Пачаў творчую кар’еру ў прафесійна-тэхнічным вучылішчы, дзе атрымаў прафесію разьбяра па мастацкай апрацоўцы каменя. Ужо ў Беларусі працаваў як мастак-афарміцель, экспазіцыянер, інтэр’ершчык. Гэта ўсё па сённяшнім часе можна аб’яднаць ёмістым словам “дызайн”. Да выяўленчага мастацтва яго, мяркую, падштурхнула жаданне эмацыйнай самарэалізацыі. Справа ў тым, што ў пералічаных вышэй спецыяльнасцях пераважаюць функцыянальнасць, разлік, прагматызм. А вось жа даспеў чалавек да таго, каб зрабіць нешта па-за межамі логікі, без дай прычыны, не дзеля заробку, а, як кажуць, для душы.
Мастацкі крытык Барыс Крэпак, які пісаў тэкст да каталога выстаўкі, слушна заўважыў, што Міхаіл Канькоў “…менавіта ў станковай карціне імкнецца максімальна поўна выказаць сваё духоўнае і душэўнае “Я”: свае патаемныя пачуцці, думкі, эмоцыі, асабістыя ўяўленні пра складаную рэчаіснасць, у якой мы жывём…”. І далей крытык згадвае крыніцы натхнення мастака: старажытны іканапіс, творчасць Амедэа Мадзільяні, Сярэбраны век рускай літаратуры і выяўленчага мастацтва.
Для назвы сваёй выстаўкі мастак узяў паэтычны радок Іосіфа Бродскага “Праплываюць аблокі, праплываюць…”. Мабыць, не выпадкова. Творчая ментальнасць Міхаіла Канькова грунтуецца на сузіральнасці і рэфлексіўнасці — гэткі імпрэсіянізм, але з прысмакам спрадвечнай рускай тугі. Сюды ж трэба дадаць і схільнасць да спантаннага пошуку выразнасці. Інакш кажучы, у работах Канькова выразна дамінуе эмацыйны пачатак. Ад гэтых карцін можна “падзараджацца”, калі ты, зразумела, настроены на тую ж хвалю, што і аўтар…