І гарадская туга адступае…

№ 42 (1116) 19.10.2013 - 25.10.2013 г

Кар'ерны рост
На гэтым тыдні Гомельскі палацава-паркавы ансамбль узначаліў Аляксандр ГОСЦЕЎ. Кансерватары ўсхваляваліся, крэатыўшчыкі запляскалі ў далоні. Новы кіраўнік быў дагэтуль дырэктарам Палаца культуры ў Беліцы, слаўнага сваім прыязным стаўленнем да рок-руху. Сімптаматычна і тое, што Госцеў па сёння з’яўляецца кіраўніком хіп-хоп-гурта “Гарадская туга”. Госцеву — 36 гадоў. Ён — з ініцыятыўнай каманды колішняга начальніка ўпраўлення культуры Алега Рыжкова. Па двайной вышэйшай адукацыі Аляксандр — і інжынер-энергетык, і менеджар культурна-сацыяльнай сферы. Спалучэнне, як падаецца, — невыпадковае: культура без укладання энергіі — субстанцыя мёртвая. Пра гэта і гаварылі.

/i/content/pi/cult/450/9428/12-1.jpeg

— Прапанова ўзначаліць палацава-паркавы ансамбль здзівіла?

— Ды не. Я быў да гэтага гатовы. Бо ў Палацы культуры мне стала цесна. Жаданне развівацца і расці далей — натуральнае для любога творцы.

— Паўплываў аўтарытэт Алега Рыжкова?

— Так, мы разам працавалі ў культуры, былі ў нас і сумесныя праекты… Словам, ведаў, што адбываецца ў Палацава-паркавым ансамблі, і што трэба рабіць далей.

— І што, дарэчы, трэба рабіць далей?

— Бліжэйшая перспектыва: рамонт і ўборка тэрыторыі. Хацелася б увесці новыя аб’екты на тэрыторыі ансамбля…

— Напрыклад?

— Напрыклад пахавальню Паскевіча, што знаходзіцца ля царквы. Яна цяпер узнаўляецца, і работы будуць ісці яшчэ доўга. Дык чаму б ужо сёння не пускаць туды наведвальнікаў? Гэта ж сапраўдны перформанс: пабачыць не толькі ўнутранае ўбранне, але і ход яго рэканструкцыі… Гэтая ідэя, па сутнасці, толькі нарадзілася, і, калі будзе магчыма, калі ўсё ўзгаднім з будаўнікамі, мы яе абавязкова рэалізуем.

— А што намецілі на далёкую перспектыву?

— Хочам адрамантаваць спускі: Замкавы, Кіеўскі. А яшчэ — глядзельную вежу-маяк. Яна, як і пахавальня, застаецца доўга зачыненай, а ў горадзе няма аглядавага кола... Не задзейнічана пакуль у поўным аб'ёме і эстрада…

— Памятаю, з якім задавальненнем мы бегалі сюды ў юнацтве на летнія танцы… За якія сродкі мяркуеце аднаўляць названыя аб’екты?

— За спонсарскія. Яшчэ пад час працы ў Беліцы ў меня з’явілася кола партнёраў-аднадумцаў, якія гатовы падтрымліваць мае ідэі і цяпер. Ведаеце, такія стасункі наладжваюцца заўжды на асобасным узроўні, таму і доўжацца яны пастаянна.

— З аб’ектамі ды спонсарамі — усё зразумела. Цяпер колькі слоў — пра ідэі. Ці плануеце, да прыкладу, правядзенне ў парку імпрэз альтэрнатыўнай музыкі?

— Пра музыку, шчыра кажучы, пакуль не думаў. Хоць у свой час музыканты і прапаноўвалі ладзіць на палацавым ганку джазавыя канцэрты. Адзін з такіх я сам калісьці правёў, але ў палацавай зале… Мяркую, што парк варта ажыўляць ды агучваць… Да слова, самая надзённая акцыя — прыборка паркавай лістоты. Хочам зрабіць гэтую акцыю як мага больш крэатыўнай, з прыцягненнем ці не ўсіх гамяльчан…

— Я ўявіў сабе: у Гомельскім парку ідзе Фестываль Апалага Лісця! Ці флэшмоб “Кожнаму — па лістку”. Альбо андэграўндная імпрэза “Пахаваем восень”… Горад, карацей, сумаваць не будзе… Дарэчы, а які вы сэнс укладалі ў назву сваёй каманды “Гарадская туга”?

— А сэнс гэты цягам часу і нашага ўзросту мяняецца. Паколькі пачыналі ў 1990-я, дык назва гурта тады цалкам адпавядала настрою грамадства…

— Згодны: пасля руйнавання савецкай дзяржавы ці не кожны “пакаштаваў” філасофіі “адзіноты ў натоўпе”…

— І моладзь заставалася нерэалізаванай… Пазней мы памянялі філасофію: пастараліся, каб яна выводзіла слухача на пазітыў. Так што гаворка сёння — хутчэй пра антытугу, антысум пад дэвізам “Глядзіце на нас і бярыце з нас прыклад!”.

— Ну дык і цудоўная філасофія! Вельмі спадзяюся, што спрацуе яна і на вашай новай пасадзе…

На здымку: генеральны дырэктар Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Аляксандр Госцеў.

Фота Аляксея ГРАМЫКІ

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"