Канцэпцыя аднаго маршруту на памежжы

№ 37 (1111) 14.09.2013 - 20.09.2013 г

Калі “адвісалі сківіцы”, а калі ў нас было лепш
Турпраект “К”: па колішнім Віленскім краі / Частка ІІІ

Пад’язджаючы да Вільнюса з беларускага боку, ты абавязкова павінен перасекчы колішнія велізарныя ўладанні Тышкевічаў. Бы той казачны маркіз Дэ Карабас, гэты род валодаў тут ледзь не кожным хмызочкам. Чатыры шыкоўныя палацава-паркавыя ансамблі своеасаблівай дугой апяразваюць колішнюю вялікакняжацкую сталіцу.

Род Тышкевічаў на Беларусі памятаюць і ведаюць — прычым не столькі праз яго багацце, колькі праз схільнасць да мецэнацтва і навукі. Згадайма хаця б тое, што стараннямі ўлад Вілейшчыны ды простых энтузіястаў кожнае лета ладзіцца “трыб’ют” воднай экспедыцыі графа Канстанціна, які ў перспектыве можа стаць прывабным транспамежным маршрутам.

У той самы час, матэрыяльных сведчанняў магутнасці гэтай фаміліі на тэрыторыі Беларусі засталося няшмат: палац у Валожыне, сціплыя рэшткі лагойскага котлішча, маляўнічыя руіны ў Рудні на той самай Валожыншчыне ды яшчэ хіба дамок у Белавежскай пушчы. Віной таму не толькі людзі ды час, але і абставіны: амаль усе ацалелыя маёнткі Тышкевічаў апынуліся па той бок літоўскай мяжы. Як сведчыць наша вандроўка па абшарах былой “латыфундыі”, многія з іх зведалі звыклыя для беларускіх рэалій праблемы.

 

Настальгічны плагіят

/i/content/pi/cult/445/9289/10-1.jpeg

Не даязджаючы да Вільнюса, збочваем у напрамку Тракая, увесь час наракаючы на празмерна інтэнсіўны аўтатрафік ды катастрафічны брак указальнікаў — не толькі “карычневых” — да помнікаў спадчыны ды аб’ектаў атракцыі, — але і хоць якіх. Відавочна, гэта зусім не той замежны досвед, які належыць пераймаць асобам, адказным за інфармацыйнае забеспячэнне беларускіх турмаршрутаў. Як і яшчэ адно распаўсюджанае ў суседзяў “ноу-хау”: указальнікамі зазвычай “забываюць” забяспечыць менавіта праблемныя аб’екты. На Беларусі такой дыферэнцыяцыі няма — і не трэба.

У нашым выпадку ролю інфармацыйнага забеспячэння выканаў мясцовы хлопец на веласіпедзе, які пагадзіўся выступіць правадніком. Дзякуючы яму мы ўсяго пасля паўгадзіны блуканняў апынуліся перад фасадам палаца сядзібы пад назвай Вака ў вёсцы Траку Воке.

/i/content/pi/cult/445/9289/10-2.jpeg

У гэты момант не раўнуючы кожны наш суайчыннік мае ўсе падставы cпазнаць эфект дэжавю. Нешта падобнае ён ужо бачыў  — у сядзібе Умястоўскіх у Жамыслаўлі, за пару кіламетраў ад мяжы, але з “нашага” боку. Яно і не дзіва: і першы, і другі палац — не больш чым рэплікі варшаўскіх Лазенак. Папулярны ў ХІХ стагоддзі архітэктар Леандра Марконі, што называецца, набіў руку на такіх аб’ектах, выкарыстоўваючы настальгічныя настроі віленскай шляхты. Зрэшты, гэты відавочны плагіят сёння выклікае хутчэй замілаванне, чым абурэнне.

Захаванасць створанага Тышкевічамі культурнага ландшафту — зайздросная. Нават уязная алея сёння выглядае амаль так, “як было задумана”. Аднак у летні пятнічны дзень сядзіба пакідае дзіўныя ўражанні. Некаторыя з яе пабудоў закінуты, некаторыя — выкарыстоўваюцца пад жытло. Сам палац больш-менш дагледжаны: сталярка — новая, дах нібыта не цячэ, але... вакол ні душы, і дзверы зачынены…

Яшчэ гадоў з дзесяць таму палац перадалі Задзіночанню літоўскай шляхты для стварэння там тэматычнага культурнага цэнтра. Ідэя, бясспрэчна, добрая, падобныя задумы ўжо які год лунаюць і ў нашым паветры. Аднак… Ці не занадта амбітны гэты праект для грамадскай арганізацыі? Ва ўсялякім выпадку, графік працы згаданага Цэнтра застаўся для нас загадкай.

Наталіўшыся цішынёй, рушым далей, нават не спадзеючыся, што праз лічаныя кіламетры нас чакае куды больш цікавая рэпліка. Гэтым разам першакрыніцай сталі англійскія замкі часоў позняй готыкі.

 

Гатычны “адвіс сківіцы”

Мястэчка Лентварыс, або Ляндварава, — па-ранейшаму белая пляма на турыстычнай карце Літвы. Гэта здзіўляе не толькі таму, што яно месціцца на “пратаптаных сцяжынах”: акурат пасярэдзіне шляху ад Вільнюса да Тракая. Нават той чалавек, які бачыў сотні сядзіб на Беларусі ды ў яе ваколіцах, атрымае гарантаваны “адвіс сківіцы”, угледзеўшы з дарогі стромкі шпіль, што ўзвышаецца па-над вялізнай сажалкай — прадуманым шэдэўрам ландшафтнага дызайну. Такога ў нашых ваколіцах больш і блізка нідзе не ўбачыш! Граф Уладзіслаў Тышкевіч меў густ, прычым — арыгінальны...

Свой цяперашні выгляд палац набыў толькі напрыканцы ХІХ стагоддзя, але неагатычная стылізацыя была настолькі датклівай, што, разглядаючы рыцарскія картушы ды іншыя дэталі дэкору, і сапраўды пераносішся ў позняе Сярэднявечча. Гэтаму добра спрыяе і атмасфера запусцення, якая пануе ў палацы ды яго ваколіцах, дзе, прадзіраючыся праз крапіву, можна адшукаць таксама паўнавартасную замкавую вежу (былы скарбец) і цікавыя малыя архітэктурныя формы, што ўпрыгожвалі шыкоўны некалі парк.

/i/content/pi/cult/445/9289/10-3.jpeg

Вялізны гаспадарчы двор, размешчаны непадалёк ад палаца, некалі таксама выглядаў па-гатычнаму пампезна. У некаторых будынках па-ранейшаму жывуць людзі, хаця тыя камяніцы руйнуюцца, здаецца, літаральна на вачах. Тыя-сія даўно ператварыліся ў руіны, зарослыя баршчэўнікам у рост чалавека, іншыя ж закінуты і паступова становяцца руінамі…

Фабрыка дываноў, якая гаспадарыла ў сядзібе за савецкім часам, пакінула яе ў памысным стане. Праблема ж падсцерагала там, дзе чакалася вырашэнне. Ужо даволі даўно сядзібу набыў буйны літоўскі прадпрымальнік, праанансаваўшы зразумелы намер стварыць там шыкоўны турцэнтр. За дзяржаўны кошт былі праведзены навуковыя доследы, якія павінны папярэднічаць распрацоўцы праектна-каштарыснай дакументацыі. А далей... Усё неяк і заглухла. Як распавялі нам мясцовыя жыхары, новага “пана” даўно ўжо ў маёнтку не бачылі…

Дакладна такая ж самая сітуацыя здарылася і з класіцыстычным палацам Тышкевічаў у Нямежысе — літаральна за два крокі ад мінскай трасы. Здавалася б, суседства з Вільнюсам — гарантыя запатрабаванасці тураб’екта, але ў дадзеным выпадку справа абмежавалася толькі новым зялёным дахам. Нямежскі палац вось ужо які год стаіць закінуты, хаця і належыць буйной бізнес-структуры.

Які далейшы лёс гэтых помнікаў спадчыны, сказаць пакуль цяжка — асабліва ў тым выпадку, калі інвестары не будуць спяшацца “размарожваць” свае праекты. Безумоўна, падобная сітуацыя можа здарыцца і з любым беларускім маёнткам, які ў апошнія гады адышоў у прыватную ўласнасць, балазе іх ужо некалькі дзясяткаў. І менавіта таму ўзнікае пытанне: ці не час задумацца пра нейкі юрыдычны механізм, які “натхняў” бы інвестараў выконваць свае абавязкі?

Зрэшты, у выпадку з гэтымі маёнткамі “дугі Тышкевічаў” варта адзначыць і яшчэ адну акалічнасць: яны хаця і не выкарыстоўваюцца, але ж і разбураюцца не так хутка, як многія нашы “незапатрабаваныя” сядзібы — хаця б той самы палац у Жамыслаўлі. Бо вокны пазабіваныя, дах не цячэ... У Ляндвараве ўласнік нават расстараўся на жалезную агароджу (якая, зрэшты, хіба распаліла вандалаў, і мы яе ўбачылі ўжо паваленай). Варта адзначыць, што для Літвы такі стан рэчаў — тэндэнцыя. Закінутых маёнткаў там не менш, чым у нас, іх праблемы вырашаюцца вельмі павольна, але… На шыфер ды негабляваныя дошкі ў большасці выпадкаў такі-знаходзяцца “час ды натхненне”…

…Урэшце, апошняму звяну з “абоймы Тышкевічаў” — сядзібе Затрочча, або Ужутракай, размешчанай літаральна “праз возера” ад Тракайскага замка, — пашчасціла куды больш за ўсе папярэднія. Пару гадоў таму яе адкрылі пасля рэстаўрацыі, і цяпер гэта шыкоўны турыстычны аб’ект. Маёнтак пазіцыянуюць як адзін з найлепшых узораў сядзібна-паркавага мастацтва Літвы, “свой Версаль” і г.д. Натуральна, гэта не больш чым звычайны піяр. Сядзіба па ўсіх параметрах саступае згаданым вышэй перлінам, і ашаламляльных архітэктурных рашэнняў там не знойдзеш. Проста, яна трапіла ў добрыя рукі.

Гэтая заканамернасць мае інтэрнацыянальны характар. Вось і сціплыя рэшткі гаспадарчага двара Ленскіх у вёсцы Сула на Стаўбцоўшчыне сёння выглядаюць куды прывабней за самавіты, але занядбаны маёнтак таго самага роду Белая Вака, які таксама трапіўся на маршруце.

 

Вільнюскія кантрасты

Дабраўшыся ўрэшце да сталіцы колішняга Віленскага краю, мы пераканаліся ў тым, што яна па-ранейшаму жыве сваім нязмушаным натуральным жыццём. Горад нібыта ўбірае ў сябе плыні турыстаў з усяго свету, а не імкнецца кроў з носу ім дагадзіць — і менавіта гэтым прываблівае. Тыповая карціна, якая перадае ўвесь каларыт сённяшняга Вільнюса, — стары абшарпаны дворык за два крокі ад вуліцы Пілес, дзе чыясьці бялізна сушыцца ўсутыч са столікамі прыстойнай кавярні… У нас такое пакуль уявіць немагчыма.

Пра адметнасці горада можна прачытаць у шматлікіх турдаведніках. Каб не складаць ім канкурэнцыю, мы вырашылі засяродзіць увагу на тых мясцінах, куды турыстаў ніхто не імкнецца завабіць — наадварот, могуць яшчэ і папярэдзіць, што “снэг башка пападзёт”. Гутарка — пра забудову (пераважна драўляную) колішніх віленскіх прадмесцяў, якія на сёння яшчэ захавалі свой каларыт, а вось заўтра…

Кантрасты Вільнюса кідаюцца ў вочы нават міжволі. За два крокі ад праспекта Гедыміна прытулілася старэнькая хацінка, што адлюстроўваецца ў шкляных сценах хайтэкаўскага бізнес-цэнтра. Хацелі зрабіць мастацкае фота, але тут прыехаў гаспадар хацінкі — між іншым, на добрай машыне…

Жыхары віленскага прадмесця Шніпішкі — гэта насупраць праз Вілію — таксама нядобразычліва касавурацца на чалавека з фотакамерай, толькі ўжо крыху з іншай прычыны. Раён лічыцца “праблемным”, і каб не спраўджваць гэтыя характарыстыкі на сабе, пры яго наведанні часам даводзілася “ўключаць фарсаж”.

А здымаць там ёсць што: у тых мясцінах яшчэ захаваліся па-вясковаму ўтульныя закуткі, забудаваныя цікавымі драўлянымі дамкамі стогадовай даўніны. І паралелі паміж такімі самымі “анахранічнымі” закуткамі ў гомельскім Свістку альбо гродзенскім Новым Свеце напрошваюцца самі сабой. Уласна, менавіта гэтым і была вытлумачана наша цікавасць: як вядома, праблемы захавання асяроддзевай драўлянай забудовы вельмі моцна даюцца ў знакі на Беларусі, выклікаючы бурлівую палеміку.

/i/content/pi/cult/445/9289/10-4.jpeg

На жаль, ніякіх арыгінальных варыянтаў іх вырашэння нам не ўдалося пабачыць ні ў Шніпішкес, ні ў суседнім Жвярынасе — яшчэ адным колішнім прадмесці, якое за апошняе стагоддзе заканамерна “наблізілася” да цэнтра. І наўрад ці хто аспрэчыць нашу заканамерную выснову: каларыт гэтых мясцін паступова знікае…

“Вясковыя” паводле свайго духу Шніпішкі канцэптуальна стастарэлі ўжо гадоў пяцьдзясят таму, і архітэктары сталі будаваць грандыёзныя планы поўнага перайначвання раёна: з глухамані — у “новы цэнтр” Вільнюса. Рэалізаваліся яны толькі часткова, пакінуўшы па сабе пару сучасных — для савецкага часу — пабудоў. У новым тысячагоддзі да іх далучыліся “хайтэкаўскія” высоткі, у тым ліку — і найвышэйшая ў Прыбалтыцы шкляная вежа “Еўропа”.

Логіка тут зразумелая: з аднаго боку, у крокавай даступнасці ад Старога горада з яго галоўнымі турадметнасцямі, з іншага — усё ж па-за тэрыторыяй аб’екта са Спіса UNESCO. Зрэшты, “схаваць” тыя высоткі так і не атрымалася, і пад час шпацыру па Вастрабрамскай яны раз-пораз няўмольна нагадваюць пра сябе, нечакана з’яўляючыся ў полі спазору ды парушаючы “ідылію даўніны”.

Але галоўны пра(ы?)кол у іншым: менавіта ў тых самых кантрастах. Ледзь не ўсутыч з архітэктурным гімнам прагрэсу мы і сёння бачым поўны яго антыпод: вузкія вулачкі без асфальтавага пакрыцця, пахіленыя хацінкі з выгодамі на вуліцы... Відавочна, у планы інвестараў умяшаўся эканамічны крызіс.

Нешматлікія “аматары даўніны” паціраюць рукі: няўжо захаваецца? Але радавацца ім няма чаму. Відаць, што “адтэрміноўка выраку” гэтаму раёну носіць толькі часовы характар, і рана ці позна яго чакае лёс адфарматаванай флэшкі. Часам у літоўскім друку гучаць прапановы захаваць хаця б частку старога каларыту, пераўтварыўшы “трушчобы” ў турыстычны аб’ект. Але паколькі да канкрэтыкі ім далёка, а вырашэнне лёсу праблемнага раёна і без таго ўжо зацягнулася на доўгія дзесяцігоддзі... Тут прагнозы зразумелыя.

У суседнім раёне з сакавітай назвай “Звярынец” (некалі там былі паляўнічыя ўгоддзі Радзівілаў) сітуацыя крыху іншая: высотак тут ніхто будаваць не збіраецца. Знішчэнне даўніны адбываецца павольным, “паўзучым” чынам: дом з прыгожымі ліштвамі, што атачаюць пластыкавыя шклопакеты, — гэта ўжо не помнік, а нонсэнс. Ліштваў становіцца ўсё менш, а шклопакетаў — наадварот.

Зрэшты, тут не трэба спяшацца праводзіць паралелі з нашымі рэаліямі. Хаця б таму, што ў Вільнюсе і без таго не бракуе турыстычных прынад. Прычым іх лік пастаянна прырастае за кошт тых самых прадмесцяў — згадайма хаця б адносна новы забаўляльны парк Бяльмонтас, што ўключыў колішні млын і пакуль не дабраўся да руін людвісарні.

Гомель або нават Мінск такой раскошай, на жаль, не валодаюць, што ў дадзеным выпадку можа азначаць толькі адно: права на “ноу-хау” тут належыць нам. І калі літоўскія госці праедуцца на концы па Паўночным завулку або Спасавай слабадзе, пасядзяць там у карчме ды адчуюць, як прыемна пахне з грубкі пасярод сучаснага места… Тады, магчыма, і віленскія кантрасты набудуць нейкае больш прывабнае аблічча — вядома, калі дажывуць да той светлай пары.

Інтэрнэт-пошукавікі ахвотна выдадуць вам інфармацыю пра “беларускую Вільню”: тыя адрасы, што непасрэдна звязаны з выбітнымі падзеямі альбо постацямі нашай культуры. Ужо даўно распрацаваны і адмысловыя экскурсіі. Вось толькі, на жаль, пакуль яны не сталі масавымі — прымяняльна нават да тых нашых суайчыннікаў, якія выпраўляюцца ў туры па Прыбалтыцы. І таму апошнія здзіўляюцца, знаходзячы столькі “беларускіх” мемарыяльных дошак на віленскіх вуліцах.

Надзвычай важныя для нашай гісторыі мясціны турыст на хуткасці прамінае і па дарозе з Мінска ў Вільнюс. Мемарыяльных дошак з беларускім тэкстам там пакуль няма. Пра тыя “прызабытыя” месцы — у наступнай “серыі” нашых падарожных нататак.

Шальчынінкайскі раён — Вільнюскі раён (Літва)

Фота аўтараў

 

Папярэднія матэрыялы Турпраекта "К"-2013 "Па колішнім віленскім краі":

Частка І / Як зрабіць адметнасцю каханне Адама з Марыляй замест запраўкі і крамы "Duty Free"?

Частка ІІ / Рамантычныя руіны ўтопіі: ці зробяць іх кансервацыю суседзі?

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"