Рухавік амбіцыйнасці

№ 36 (1110) 07.09.2013 - 14.09.2013 г

Марскія афіцэры і трылеры ў Быхаве

За два дзесяцігоддзі, што Беларусь святкуе Дзень пісьменства, склалася рэжысура свята. Яна ўтвараецца з урачыстай цырымоніі адкрыцця з прывітальнымі словамі, канцэртаў, кірмашоў народных майстроў, выставак, у якіх бяруць удзел мясцовыя мастакі, прафесіяналы ды аматары, і, вядома ж, экспазіцый беларускіх кніг ды прэсы. Напрыканцы — феерверк. Сталася традыцыяй устаноўка ў сталіцах свята манументальных знакаў у гонар дзеячаў культуры альбо падзей, што маюць дачыненне да гэтых мясцін, правядзенне ў рамках Дня пісьменства прэзентацый новых кніг, навуковых канферэнцый і “круглых сталоў”.

/i/content/pi/cult/444/9263/12-1.jpeg

Пад час урачыстасцей
ля сцен Быхаўскага замка.

Усё гэта было і на сёлетнім Дні беларускага пісьменства, што прайшоў у Быхаве. Але, пры падобнай рэжысуры, кожнае свята мае свае самабытныя рысы, абумоўленыя ўнікальнасцю пэўнага горада. Гэта можна параўнаць з танцам, харэаграфія якога застаецца нязменнай стагоддзямі, але кожны танцор выковае яго інакш.

Тыя некалькі дзён, цягам якіх у горадзе віравала свята, быхаўцы пачувалі сябе ў цэнтры ўвагі ўсёй краіны. Такія моманты вельмі важныя для ўмацавання мясцовага патрыятызму, што пры пэўных умовах можа стаць рухавіком амбіцыйных праектаў. А тое, з якім гонарам яны дэманстравалі гасцям свой замак, дзе ўжо распачаліся аднаўленчыя работы, і будынак сінагогі, што чакае рэстаўратараў, сведчыць: быхаўцы ў бліжэйшай перспектыве бачаць свой горад турыстычным цэнтрам, а правядзенне Дня пісьменства разглядаюць як крок у пераўтварэнні Быхава ў горад-музей і набыццё вопыту работы з вялікай колькасцю гасцей, які мае прыдацца ў будучыні.

Свята і насамрэч прайшло на добрым арганізацыйным узроўні. Цэнтральная вуліца горада з канца ў канец стала суцэльна гандлёва-забаўляльнай. Праўда, проста адпачыць у часе шпацыру, калі ты не маешь намеру штосьці замаўляць у кавярні, было праблематычна: лавак уздоўж вуліцы не тое што не хапала — іх увогуле не было. Ад журналістаў жа, якія ўжо неаднойчы асвятлялі падобныя святы, я чуў, што гэтая праблема — хранічная для масавых гулянняў.

/i/content/pi/cult/444/9263/12-2.jpeg

Сінагога ў Быхаве нават цяпер
з'яўляецца прыцягальным тураб'ектам.

Даволі экзатычна глядзеліся на свяце ў сухапутным Быхаве постаці марскіх афіцэраў: гэта ветэраны ракетнай авіяцыйнай дывізіі Балтыйскага флоту, якая базіравалася тут з 1955 па 1991 год. Дарэчы, былыя аэрадром і ваенны гарадок уключаны ў турыстычны маршрут. Шмат каму савецкая вайсковая гісторыя Быхава ўяўляецца не менш цікавай, чым Сярэднявечча.

У горадзе ў час свята была закладзена алея гарадоў — сталіц Дня беларускага пісьменства. У перспектыве яна можа стаць мясцовай славутасцю. А калі дапоўніць яе адпаведнымі выявамі ды тэкстамі пра тое, чым адметны ў гісторыі дадзенага свята той або іншы горад, дык на гэтай алеі можна нават праводзіць урокі беларускай літаратуры.

Будынак сінагогі, як і іншыя культавыя пабудовы Быхава, мусіў пры нагодзе выконваць абарончыя функцыі. Адсюль і брутальныя формы, і ягонае вонкавае падабенства да крэпасці. Будынак ужо сёння, у існым стане, можа ўражваць гасцей горада, працаваць як турыстычны аб’ект. Зараз у гэтых кранутых зялёнай вільгаццю сценах, да якіх яшчэ не дайшлі рукі рэстаўратараў, адчуваецца тое, што пафасна называюць подыхам гісторыі — тая самая аўтэнтыка, якая, бывае, знікае пасля таго, як будынак прыхарошаць і падрыхтуюць для размяшчэння музейнай экспазіцыі. Сёння ж гэта ідэальная пляцоўка для здымак гістарычных трылераў…

Сёлета праграма Дня пісьменства прадугледжвала “Быхаўскія чытанні”, прысвечаныя “Баркалабаўскаму летапісу”, і Міжнародны “круглы стол” “Сугучча: мова і літаратура ў кантэксце гісторыка-культурнай спадчыны”. Тэмы, думаю, — актуальныя і карысныя для спецыялістаў. Аднак дазволю сабе меркаванне, што на Днях беларускага пісьменства навуковы складнік свята было б карысна наблізіць да рэальнага жыцця. Свята можа стаць сумоўем нацыянальнага маштабу пра стан, перспектывы і лёс нашай мовы, слова. Цягам дваццаці гадоў мы ў Дзень пісьменства афіцыйна ўшаноўваем мову як найвышэйшую каштоўнасць, а як гэта рэальна адбіваецца (ці не адбіваецца) на моўнай сітуацыі ў Беларусі? Ці паболела за гэтыя гады носьбітаў беларускай мовы? Што трэба зрабіць, каб разуменне “беларускае пісьменства” са святочнай імпрэзы ператварылася ў побытавую з’яву? Няхай бы на свяце мы не толькі ганарыліся мінулым, але і праектавалі будучыню…

Мінск — Быхаў — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"