Бібліятэка на вуліцы — шмат пытанняў?

№ 34 (1108) 24.08.2013 - 30.08.2013 г

Працягваюць паступаць водгукі на публікацыю "У Беларусі не патрэбны чытальныя залы на вуліцы?”. Вось чарговы з іх.

/i/content/pi/cult/442/9216/17-6.jpeg

Першыя спробы нашых бібліятэк выйсці на гарадскія вуліцы датуюцца 2011-м. Праграма свята “Баранавіцкая вясна”, якое штогод праводзіцца ў апошнія выхадныя мая, папоўнілася тады такой формай арганізацыі адпачынку, як выязная чытальная зала “Бібліятэка пад адкрытым небам”. У самым цэнтры горада, на прыступках кінатэатра, можна сказаць, у эпіцэнтры ІІ Міжнароднага фестывалю духавой музыкі “Беларускія фанфары”, была арганізавана сапраўдная чытальная зала. Яе фонд, аформлены тэматычнымі загалоўкамі, размяшчаўся на кніжных вітрынах.

Фонд выязной чытальнай залы — часопісы навукова-папулярнага і інфармацыйна-пазнаваўчага характару, выданні па дамаводстве, аб спартыўным жыцці і г. д. Аматары навін атрымалі магчымасць пагартаць свежыя газеты. Часопісы таксама былі прадстаўлены камплектамі толькі за той год, а гэта значыць, практычна навінкамі.

Для маленькіх чытачоў адчыніў сваё вечка… чамадан, у якім месціліся цудоўна ілюстраваныя кніжныя выданні.

Неабходна адзначыць, што дзейнасці “Часопіснага дворыка” папярэднічала значная падрыхтоўчая работа. На пасяджэнні метадычнага савета ЦБС былі зацверджаны Палажэнне аб выязной чытальнай зале і ўзор разавага чытацкага фармуляра, прыняты рашэнні па пытаннях статыстычнага ўліку паказчыкаў гэтай нестацыянарнай формы абслугоўвання насельніцтва. Падрыхтавана для распаўсюджвання шмат рэкламна-інфармацыйнай прадукцыі. Усе структурныя падраздзяленні ЦГБ імя В.П. Таўлая і філіялы ЦБС былі задзейнічаны ў мерапрыемстве: у фарміраванні фонду, у абслугоўванні чытачоў, у правядзенні конкурсаў, віктарын, турніраў…

Самыя яркія моманты працы — на фотаздымках, якія размешчаны на вэб-старонцы ЦБС Баранавіч http://tavlay-library.by ў раздзеле “Фотагалерэя”.

Чым жа выклікана неабходнасць стварэння ў рамках гарадскога свята “Баранавіцкая вясна” выязной чытальнай залы? Па-першае, жаданнем прарэкламаваць багатую падпіску на перыядычныя выданні для публічных бібліятэк, на якую гарвыканкам штогод выдаткоўвае вялікія сродкі. Па-другое, гараджанам была прапанавана яшчэ адна форма цікавага адпачынку ў час народных гулянняў. Але галоўны аргумент на карысць арганізацыі выязных імпрэз — папулярызацыя чытання.

Усяго за час працы карыстальнікамі выязной чытальнай залы сталі 412 чалавек. У 2012 і 2013 гадах у Дні горада вулічная чытальная зала працавала зноў. З’явіліся настольныя гульні для дарослых і дзяцей, “Паэтычны мікрафон”, творчая майстэрня для дзяцей “Аловак, папера і крыху фантазіі…”, фотастудыя “Я, кніга і літаратурны герой”, буккросінг “Прыходзь і мяняйся!” ды акцыя “Адкрыты кніжны стэлаж”, шорт-ліст “Мой любімы часопіс”, конкурс “Шчаслівы чытацкі білет”, спектакль лялечнага тэатра...

Стварэнне такіх чытальняў (і не толькі па святах) мае перспектывы. Заўсёды знойдуцца зацікаўленыя. Але каб атрымліваць ад гэтага плён, неабходна вырашыць шмат арганізацыйных і тэхналагічных пытанняў. Маю на ўвазе абсталяванне для выязных чытальняў: пажадана займець сучасны, лёгкі, зручны інвентар. Затым — правілы карыстання выданнямі, захаванасць фонду, статыстычны ўлік, графік працы… І ўсё ж рабіць крок насустрач чытачу трэба, бо час і сапраўды патрабуе змен у бібліятэчнай справе.

Наталля ВРУБЛЕЎСКАЯ, загадчык аддзела метадычнай і аналітычнай работы ЦГБ імя В.П. Таўлая

Баранавічы