А ў “тырнэтах” пішуць: заняпад...

№ 34 (1108) 24.08.2013 - 30.08.2013 г

Ці стане новы фэст лакальным цэментам для вёскі?

Валанцёрскія ініцыятывы ў справе аховы спадчыны з’яўляюцца ў нас вельмі часта — і гэтак жа імкліва згасаюць яшчэ на пачатковай стадыі, спараджаючы не ККД, а эмоцыі, зазвычай негатыўныя, ды расчараванне. Але, як сведчыць прыпавесць, менавіта паслядоўнасць можа прымусіць зацвісці нават утыркнутую ў зямлю палку.

Арт-куратару Зміцеру Юркевічу, які сёлета праз нашу газету агучыў сваё прагненне неяк паўплываць на незайздросны лёс сядзібы Рэйтэнаў у Грушаўцы, на шчасце, у паслядоўнасці не адмовіш. У красавіку там прайшоў суботнік, зладжаны разам з калектывам “К”, а ў мінулую нядзелю гэтую ініцыятыву прадоўжыў чарговы фестываль “Дах”, праведзены ў Грушаўцы “ў адным флаконе” з раённым фальклорным святам “З крыніц спрадвечных”.

/i/content/pi/cult/442/9202/12-1.jpeg

Вёска ў пошуках цэнтра

Нягледзячы на нонканфармісцкія мастацкія арыенціры самога “Даху”, такое спалучэнне атрымалася наздзіва арганічным. І, хочацца верыць, запачаткавала новую ўнікальную традыцыю. Унікальную, бо, паводле айчынных канвецый, “нефармалы” чамусьці не могуць суіснаваць у адным вымярэнні з “афіцыйнай культурай”, і наадварот. Як сведчыць хаця б гэты досвед, непераадольны бар’ер знаходзіцца перадусім у асобна ўзятых галовах.

— Нашу прапанову аб правядзенні гэтага фэсту “ў раёне” ўхвалілі без усякіх ваганняў, — распавёў Зміцер Юркевіч. — Тагачасны начальнік аддзела культуры Ляхавіцкага райвыканкама Ніна Прыхач паабяцала дапамагчы ўсім, чым зможа: транспартам, апаратурай і г.д. І сваё слова стрымала…

Больш за тое: менавіта раённыя ўлады выступілі афіцыйным арганізатарам імпрэзы. І, напэўна, не маюць падстаў для наракання на сваіх партнёраў. “Панаехаўшыя” аматары незалежнага мастацтва паводзілі сябе выключна культурна, не пакінуўшы ніводнай парожняй пляшкі і не стварыўшы нават самай дробнай канфліктнай сітуацыі. Пра мясцовую ж моладзь трэба сказаць асобна.

Дзякуючы такой разнастайнасці публікі сабралася даволі шмат: некалькі соцень чалавек. Былі і з Мінска, і з Брэста, і з Баранавіч, і з Пружан, і з Ляхавіч, і, вядома ж, з самой Грушаўкі. Занядбаная сядзіба ўжо даўно не зведвала падобнай да сябе ўвагі — мабыць, з тых часоў, калі там ладзіліся культурныя фэсты, таксама прысвечаныя Тадэвушу Рэйтэну. Але было тое дужа даўно, яшчэ ў дзевяностыя: паслядоўнасці такім пачынам пакуль бракуе…

А вось раённае фальклорнае свята ладзіцца на Ляхавіччыне ўжо ў дванаццаты раз, штогод вандруючы па розных мясцінах краю. Дзякуючы такому супадзенню яно выклікала захапленне сярод “прасунутай” мінскай публікі — мэтавай групы другой часткі фэсту. Падумаць толькі: у “тырнэтах” пішуць пра незваротны заняпад “афіцыйнай” сельскай культуры, а тут, аказваецца, такое разнатраўе — калі ўбачыць на ўласныя вочы… Былі і прачулыя фальклорныя спевы, і прыгожыя дзяўчаты ў народных строях, і смачная кулінарыя, і нават рыцарскія паядынкі, прычым усё гэта — сіламі аднаго невялічкага раёна!

Госці таксама ўразілі. Хор “Амафор” з Пружаншчыны прыўнёс у палітру фэсту хрысціянскія спевы — ашаламляльны па сваёй метафізічнай глыбіні рэпертуар, які незаслужана абдзелены ўвагай многіх іншых падобных калектываў.

— Хаця, можаце сабе ўявіць, гэта ўсяго толькі хор Рудніцкага СДК! — зазначыў дырэктар музея “Пружанскі палацык” Юрый Зялевіч, які прывёз у Грушаўку не толькі “дэлегацыю” са свайго раёна, але таксама і невялічкую перасоўную выстаўку.

Не так даўно фестываль “Дах” прайшоў і на яго тэрыторыі. Гэта быў ці не першы ў нашай гісторыі досвед “інтэрвенцыі” сучаснага мастацтва ў невялічкія гарады. Ды, нягледзячы на ўсе скептычныя прагнозы, перформансы, мультымедыйныя эксперыменты і фантасмагарычныя карціны Алеся Родзіна ўпісаліся ў інтэр’еры палаца Швыкоўскіх цалкам арганічна. Мабыць, менавіта на падобныя фэсты можна запрашаць замежных сяброў, каб яны самі пераканаліся ў тым, што нашы прэтэнзіі “еўрапейцамі звацца” — гэта нават і не прэтэнзіі. Мне даводзілася бываць на такіх імпрэзах у рэнесансавай кракаўскай Villa Decius і сярэднявечным славенскім замку Штаньель, і магу засведчыць, што ў Пружанах атрымалася… нават лепш.

/i/content/pi/cult/442/9202/12-2.jpeg

Сярод наведвальнікаў таго фэсту была і пружанская паэтка Ніна Дыдышка — дарэчы, наша сталая чытачка. Нягледзячы на розніцу пакаленняў ды арыенціраў, убачанае ды пачутае на “Даху” ёй спадабалася  настолькі, што і ў Грушаўку яна вырашыла прыехаць. Балазе з гэтым месцам звязаны і асабістыя ўспаміны: тут яна бралася шлюбам. Было тое амаль 45 гадоў таму, калі ў сядзібе яшчэ напоўніцу віравала жыццё: яна выконвала функцыю цэнтра вёскі…

Сёння такога цэнтра ў вёсцы ўжо няма, але, хаця культурная ўстанова ў палацы была ліквідавана яшчэ за дзедам-шведам, людзі ўсё адно “па інерцыі” імкнуць туды.

 

"А не... газоны”

Камерна-“шляхетны” фармат “Даху” ў “Пружанскім палацыку” быў абумоўлены не толькі яго ўтульнымі заламі ды наяўнасцю музейнага “КПП” на ўваходзе, але і магчымасцю выбіраць падзеі сабе па гусце. На “чужое” ён не пойдзе, і ўсім ад гэтага лепш. У Грушаўцы — іншая справа. Натуральна, на фэст пацягнулася ледзь не ўся вёска. А вось што з гэтага атрымалася…

Блок бардаў цалкам лагічна закрываў Дзіма Ску, які маляўніча, дасціпна і з густам прадэманстраваў, у што гэты жанр мае пераўтварыцца ў ХХІ стагоддзі. Але калі спевы пад гавайскую гітару з “прымочкай” змяніліся рэп-рэчытатывам, выступленне раптам ператварылася ў хэпенінг. Пара-тройка мясцовых хлопцаў, добра ўзяўшы на душу, вырашыла дапамагчы выканаўцу — і заняла месца на імправізаванай сцэне. У гэты момант культавы рэжысёр Шарунас Бартас, мабыць, схамянуўся ў суседняй краіне ад дзённага сну, выхапіў з-пад падушкі дзяжурную камеру, але… у яго не было тады беларускай візы.

Далей, была чарга перформера Юрася Барысевіча, але ініцыятыву перахапіла “Zartipo”. Тое, што здарылася неўзабаве, цяжка апісаць — гэта могуць уявіць толькі людзі, якія чулі Андрэя Іванова жыўцом, а іх не так і шмат. Гурт з трыццацігадовай гісторыяй, які трансфармаваўся ў індывідуальны праект свайго лідара, чамусьці існуе зусім наўзбоч ад сціплых парасткаў айчыннага шоубізу ў яго цяперашняй рэдакцыі. Зрэшты, Андрэй і не марыць пра бронзавую пліту ў музычнай Зале славы. Ён жыве, развіваецца і дыхае на поўныя грудзі, выдаючы ашаламляльны мультыстылістычны кактэйль.

— А давай, можа, чаго душэўнага? Ну ты поал, так, шобы… — не сунімаліся мясцовыя дзецюкі, рвучыся зноў да мікрафона, каб папулярна патлумачыць “лабуху”, што канкрэтна яны маюць на ўвазе.

Ды падпітыя дзецюкі зразумелі, што “кіна не будзе” і рэціраваліся.

— Тапчыце мяне, а не… газоны, — недакладна працытаваў Рэйтэна Юрась Барысевіч у час перформанса перад тым, як легчы на сцэну і дазволіць публіцы рабіць з сабою ўсё, што яна палічыць патрэбнай, тым самым надаючы дзеі характэрную для свайго мастацкага светапогляду амбівалентнасць. Іранічным быў кантэкст, а сапраўднымі — з паўтузіна сякер ды нажоў для перформанса, якімі мог скарыстацца кожны ахвотны. Такім чынам, постаць нашай гісторыі арганічна скрыжавалася з культурнай “аўрай” знакамітай ужо ў наш час югаслаўска-амерыканскай перформеркай Марынай Абрамавіч, якая некалі аддавала сябе на волю публікі.

Але вельмі добра, што тыя дзецюкі ўжо сышлі…

Апагей здарыўся бліжэй да ночы, калі “прышлая” публіка раз’ехалася, а ля палаца сталі граць мінскія ды-джэі. Арганізатар “Даху” спадзяваўся парадаваць мясцовую моладзь. І моладзі, дарэчы, сабралася шмат: чалавек пад сорак. Ёй хацелася весялосці. І даткліва-меланхалічная электроніка з вінілавых “круцёлак”, што спараджалася плаўнымі рухамі знакамітага ў межах МКАД Дзяніса Лондана, выклікала хіба плаўны рост недаўмення. Таму калі ў вёсцы вырубілася электрычнасць, здаецца, усе ўздыхнулі з палёгкай. Хаця…

— Гэта быў вельмі цікавы досвед! — рэзюмаваў сам Дзяніс. — Мне нават спадабалася…

 

Неапошні герой

І — не яму аднаму. Фэсту папярэднічаў летнік, які доўжыўся тыдзень на тэрыторыі сядзібы — “дэсант” са сталіцы, параўнальны з вядомымі тэлешоу кшталту “Апошні герой”. Невялікай групе творцаў з Мінска, якія сабраліся ў Грушаўцы з рознымі мэтамі (хто — на пленэр, а хто — на “суботнік”, бо сядзіба гэтага вельмі патрабуе), належыла нейкім чынам прыжыцца ў тамтэйшым асяроддзі. Лішне казаць, што з’яўленне “людзей старонніх” адразу стала падзеяй сярод вяскоўцаў — хоць-якія падзеі там здараюцца рэдка. Кантакт удзельнікаў “дэсанту” з мясцовымі жыхарамі стаў непазбежны нават у плане вырашэння побытавых праблем. Зрэшты, менавіта гэтае “ўжыванне ў асяроддзе” і было адной з мэт акцыі.

Раней стаўленне мясцовых жыхароў да “свайго” помніка спадчыны лічылася “притчей во языцех”. Спробы ўстанавіць дзверы ў “расхрыстаным” палацы Рэйтэнаў, якія рабілі раённыя ўлады, штораз цярпелі фіяска: выдзіралі “з мясам”. Здаралася, нават вогнішчы распальвалі ў драўляным доме! Ды і наша сціплая ініцыятыва па ўсталяванні інфармацыйнага шчыта таксама хутка стала ахвярай дробнага вандалізму (гл. “К” № 19 за 2013 г.).

— Трэба выклікаць міліцыю! — казаў тады я.

— Трэба зрабіць вяскоўцаў сваімі хаўруснікамі! — па-філасофску адказваў Зміцер Юркевіч.

Як ні дзіўна, атрымалася. Людзі сталага веку забяспечвалі летнік ежай ды вадой і паказвалі яго ўдзельнікам грыбныя месцы. А якой плённай стала дзейнасць спадарыні Алены — настаўніцы танцаў, якая не прапускае ніводную культурную імпрэзу ў Мінску і ваколіцах кшталту... Лейпцыга або Санкт-Пецярбурга! Дзякуючы ёй уся дзятва з Грушаўкі навучылася танчыць паланэз.

Зміцер у той час чытаў іх старэйшым братам лекцыі пра постаць Тадэвуша Рэйтэна. І калі мы разам з ім цягнулі праз вёску бідон з капліцы, я адчуў, што куратар “Даху” стаў у Грушаўцы вельмі паважнай персонай.

А бідон мы цягнулі не проста так: вада была патрэбна для замацавання цэменту. Новы змястоўны інфармацыйны шчыт, зроблены коштам Змітра, было вырашана ўстанавіць трывала. Ляхавіцкі мастак Сяргей Чарановіч дапамог з выбарам месца: каб не перашкаджала ўспрыняццю і не трапляла ў кадр (балазе капліца даўно стала месцам фотапленэраў). Дапамагчы са стварэннем цэментнай асновы, здавалася, не было каму: усе мы, на жаль, не надта абазнаныя ў гэтай справе.

— Хлопцы, ды вы трохі не тое робіце, — данеслася з машыны, якая акурат прыпаркавалася ля капліцы: іх тут штодня бывае нямала. — Зараз я вам пакажу, як трэба…

Шчыт усталявалі “намертва”, але хочацца верыць, што ў гэткіх высілках не было патрэбы.

Мінск — Ляхавіцкі раён — Мінск

Фота Сяргея ЧАРАНОВІЧА