“Будзем шукаць "унісон", а не дзяліць”

№ 34 (1108) 24.08.2013 - 30.08.2013 г

Гродзеншчына: традыцыі, новае і першынство за культурай

Як вядома, з 1 ліпеня ў выніку аптымізацыі працы выканкамаў былыя ўпраўленні і аддзелы з’ядналі. Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама ўзначаліў ранейшы начальнік упраўлення ідэалагічнай работы Павел СКРАБКО. Якой бачыцца яму далейшая дзейнасць упраўлення? Якое месца адводзіцца ў ёй уласна культуры? Пра гэта і пайшла наша гаворка з Паўлам Канстанцінавічам.

/i/content/pi/cult/442/9193/6-1.jpeg

— Па-першае, і гэта, дарэчы, — самае галоўнае, — будзем захоўваць тое, што ўжо назапашана: і самыя цікавыя фестывалі, і конкурсы. Але звярніце ўвагу: у нас з’яўляюцца і новыя. Адзін з іх — “Скарбы Гродзеншчыны” — 16 — 17 жніўня сабраў народных майстроў і фальклорныя калектывы. Да традыцыйнага ўжо “Анненскага кірмашу” ў Зэльве, што стартаваў сёлета 23 жніўня, далучыцца “Свіслацкі кірмаш”, які адбудзецца 24-га. Мы адраджаем традыцыі, заснаваныя графам Вінцэнтам Тышкевічам яшчэ ў 1792 годзе. Акрамя ўласна гандлю, кірмаш славіўся тэатральнымі прадстаўленнямі (прычым купцам білеты раздавалі бясплатна) — чым не далучэнне да культуры патэнцыйных спонсараў? Цяперашняе свята, што ладзіцца ў горадзе Свіслачы ў рамках трансгранічнага супрацоўніцтва з Латвіяй, Літвой і Польшчай, такое ж разнастайнае, бо змяшчае і выстаўку-продаж вырабаў народных майстроў, і канцэрт класічнай музыкі, і “Баль у Тышкевіча”.

— Тады раскажыце яшчэ пра навінкі!

— Новым сёлета стане праект “Танцуючы горад”. У цэнтры Гродна ёсць утульныя дворыкі, і ў кожным з іх мы хацелі б развучваць з публікай розныя танцы: у адным — самбу, у другім — полечку, там — гапак, яшчэ дзесьці — вальс і г. д. Акрамя гэтага, усе павінны будуць вывучыць некалькі “абавязковых” па, каб потым сабрацца разам на вуліцы Савецкай і правесці своеасаблівы танцавальны “флэшмоб”.

А 12 — 15 верасня ўпершыню пройдзе Свята класічнай музыкі “TyzenHouse”, на якое з’едуцца лепшыя музыканты свету. Асабліва прыемна, што такі класічны фестываль, аналагаў якому ў Гродне ніколі не было, прыдумаў ураджэнец нашага горада, выхаванец беларускай фартэпіяннай школы, лаўрэат найпрэстыжных міжнародных конкурсаў Кірыл Кедук, які, нягледзячы на маладосць, мае сёння безліч сольных выступленняў па ўсёй Еўропе.

Наконт жа згаданых “Скарбаў Гродзеншчыны”, што ўжо мінулі, вядуцца абмеркаванні, каб праводзіць гэты фестываль і надалей, раз на два гады, прычым менавіта ў сельскай мясцовасці, — там, дзе народныя традыцыі маюць глыбокія гістарычныя карані і вядзецца непасрэднае захаванне ды аднаўленне народных промыслаў, некаторыя з якіх паступова становяцца неад’емнай часткай нашага побыту. Канешне, хацелася б, каб людзей было больш, каб да такіх святаў падключаліся турыстычныя фірмы, запрашаючы гасцей не толькі з розных рэгіёнаў Беларусі, але і з іншых краін, найперш — суседніх: з тых жа Літвы, Латвіі, Польшчы.

Таму, калі паспрабаваць вызначыць галоўны накірунак дзейнасці, то гэта — папулярызацыя нацыянальнага мастацтва ўсіх напрамкаў і эпох, ад старадаўняга да найсучаснага. Нам ёсць чым ганарыцца!

— Напярэдадні аб’яднання ў абл- і райвыканкамах выказвалася занепакоенасць тым, што акцэнт будзе зроблены адно на ідэалогію, якая, што называецца, “прыцісне” культуру…

— Наадварот! Невыпадкова ж ёсць прыказка: маўляў, калі культура працуе, ідэалогія можа адпачываць. Дзеячы мастацтва звычайна выступаюць найлепшымі пасламі, садзейнічаючы ўзаемаразуменню паміж народамі, ствараюць прывабны імідж краіны. Пасля ж аб’яднання пачалі жартаваць, што цяпер такога адпачынку не будзе — ні для іх, ні для нас. Насамрэч, гэтыя дзве сферы ўзаемазвязаны: ідэалогія нашай дзяржавы будуецца на гісторыі, нацыянальных каранях. І тое, што мы аб’ядналіся, толькі яшчэ больш злучыла нашы намаганні.

На мой погляд, зараз увогуле пойдзе ўхіл менавіта на культуру, бо работнікаў культуры — больш. Праблем у гэтай катэгорыі — таксама больш. І вырашаць іх будзем разам.

За тыя амаль два месяцы, што мы працуем сумесна, стала відавочна: як у нашым аблвыканкаме, так і ў раённых выканкамах склалася атмасфера ўзаемаразумення і падтрымкі, без аніякага падзелу на “тваё-маё” — усё агульнае. Асабіста ў мяне, да прыкладу, — цудоўны намеснік: Аляксандр Вярсоцкі шчыра зацікаўлены ўсім, што адбываецца ў культуры, здольны незаўважна для саміх работнікаў сферы тактоўна кіраваць гэтымі працэсамі.

— Пэўна ж, вы і раней у той або іншай ступені з дзеячамі культуры супрацоўнічалі, рабілі нейкія сумесныя праекты?

— Так, я заўсёды звяртаўся да ўстаноў і работнікаў сферы культуры, нават надакучваў разнастайнымі сваімі праектамі, выдумкамі ды “выкрунтасамі”. Пагадзіцеся, у кожнага чалавека ёсць хобі, кожнаму хочацца, акрамя звычайных руцінных спраў, рабіць штосьці такое, што будзе прыносіць радасць і сабе, і іншым. Таму, калі чалавек быццам бы непасрэдна не звязаны з культурай, тая ўсё роўна яго не пакідае — хаця б на ўзроўні хобі. Гэта можна сказаць абсалютна пра кожнага! Што ж да мяне, дык, узначальваючы ўпраўленне ідэалогіі, я і з бібліятэкамі супрацоўнічаў, і з абласным Цэнтрам народнай творчасці. Яны нам і сцэнарыі пісалі, і канцэрты дабрачынныя дапамагалі ладзіць. Ужо тры гады запар мы праводзім буйную акцыю “Анёл у тваім сэрцы”, скіраваную на дапамогу дзецям, якім неабходна лячэнне ці рэабілітацыя за мяжой. За тры гады сабралі больш як 600 мільёнаў рублёў, дапамаглі больш чым дваццаці дзецям. І справа тут не толькі ўласна ў матэрыяльным складніку — такія акцыі становяцца наймацнейшым стымулам для з’яднання нацыі. Калі ты бачыў, што дзіця не магло ўстаць, а потым пачало хадзіць, дый усё гэта — дзякуючы, у тым ліку, і тваёй дапамозе, і ахвяраванням з іншых рэгіёнаў, — дзеля гэтага і трэба жыць! І далей дапамагаць іншым дзецям! У рамках такіх акцый ладзяцца дабрачынныя канцэрты, аўкцыёны па продажы карцін гродзенскіх мастакоў. Творцам — асобная падзяка, бо яны бясплатна выстаўляюць свае работы, а ўвесь прыбытак накіроўваецца дзецям. Без супрацоўнікаў жа сферы культуры праект быў бы немагчымы!

Разам з Гродзенскім універсітэтам імя Янкі Купалы рабілі і працягваем цыкл “Жывая гісторыя”. 31 жніўня ён будзе прысвечаны Льву Баксту — сусветна вядомаму мастаку, ураджэнцу Гродна. Улічваючы, як шмат ён зрабіў у галіне сцэнаграфіі, паспрабуем спалучыць творчасць з вулічным тэатрам.

Сёння ж, 24 жніўня, акрамя ўжо згаданага “Свіслацкага кірмашу”, — традыцыйны Фестываль старадаўняй культуры “Гальшанскі замак”. Нязменна ладзіцца і Міжнародны фестываль “Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў”. Сярод іншых сумесных праектаў — фестывалі “Гродна — Беласток” і “Беласток — Гродна”. Шмат было і канферэнцый, “круглых сталоў”. У сакавіку разам ладзілі “Fashion Week Grodno” — Тыдзень моды, дзе дэманстравалася больш за 150 мадэлей адзення прадпрыемстваў і навучальных устаноў Гродзеншчыны, а таксама гістарычныя калекцыі, сучасныя прычоскі, і ўсё гэта чаргавалася з выступленнямі артыстаў.

— Ці будзе нейкі з кірункаў далейшай дзейнасці ўпраўлення галоўным? Можа, больш увагі стане атрымліваць той або іншы праект ці нават від мастацтва?

— Ды ўсё ж — галоўнае! Як можна падзяляць? Важна іншае: знайсці паміж усім гэтым гармонію, каб да культуры былі далучаны людзі розных сацыяльных статусаў і пакаленняў.

— А ваша ўласнае стаўленне да культуры? Можа, ёсць нейкія цікавыя сямейныя традыцыі, звязаныя з тым або іншым відам мастацтва?

— Сямейных традыцый шмат, і стаўленне да культуры ў мяне — непасрэднае. Вось скажыце, ці можна аддзяліць адукацыю ад культуры?

— Ні ў якім разе!

— Вы самі адказалі: немагчыма. А педагагічнай дынастыі маёй сям’і больш за сто гадоў. Усе — педагогі. Так што тая ж літаратура — неад’емная частка і майго жыцця. А народныя традыцыі! У нашай хаце ў вёсцы Дзякалавічы, адкуль я родам, і дагэтуль стаяць мялка, часалка для лёну, кросны, бо гэтым карысталася мая бабуля. На жаль, апошнім часам бываю там радзей, чым хацелася б, але ўсё гэта захавалася — як частка нашай сямейнай спадчыны і побыту.

А як пяклі хлеб! Я і сам, калі быў хлопчыкам, у гэтым удзельнічаў. Цеста мясіў — хвілін сорак, не менш, каб пачало “дыхаць” ды “пузырыцца”. А напрыканцы красавіка — на пачатку мая, калі з’яўлялася першае дзікае шчаўе на балотах, мы яго збіралі — і пяклі з ім пірагі ды булачкі. Вядома, у печы! Яна, дарэчы, і зараз стаіць — агромністая, з ляжанкай. Дровы для яе спецыяльна рыхтавалі — вялікія, доўгія. Калі печ распальвалася, бацькі выграбалі з яе вуголле, і маці правярала, ці можна ставіць цеста: брала дробку мукі і кідала яе ў печ. Калі мука згарала ў паветры, печку трэба было крыху астудзіць. Калі ж падала на цэглу і там патроху тлела — усё, можна ставіць! Дзед быў добрым цесляром, сапраўдным майстрам па вырабах з дрэва. Дый для мяне самога дрэва — вельмі блізкі, “родны” матэрыял, які захоўвае і цеплыню сонца, і гістарычную памяць. Я і зараз магу з дрэва вырабіць і нейкія ўпрыгожанні, нават не надта складаныя прысядзібныя драўляныя скульптуры, і проста неабходныя ў побыце рэчы. Здавалася б, дробязі, але ўсё гэта і многае іншае — тыя сямейныя традыцыі, праз якія ад бацькоў да дзяцей перадаецца і нацыянальнае пачуццё, і патрыятызм.

Што ж да мастацтва, дык бацька мой цудоўна граў на акардэоне. Брат, які дырэктарствуе ў Луннінскай школе, і зараз грае ды спявае: яго там усе ведаюць яшчэ і як выдатнага спевака. Звычайна, як збіраемся ўсе разам, утвараецца своеасаблівы сямейны ансамбль — пад акампанемент акардэона. Жонка — вышывае. Дачка — таксама, а яшчэ яна захаплялася батыкам, некаторы час пісала карціны. Я — не малюю, але — калекцыяную. З нейкім унутраным хваляваннем стаўлюся да антыкварыяту: усе гэтыя рэчы — таксама памяць, якая перадаецца праз пакаленні. Ды што вы мяне пра гэта распытваеце? Гэта ж самыя звычайныя, уласцівыя ўсім, рысы: ставіцца з павагай да мінулага і перадаваць усё лепшае, што было ў ім, сваім нашчадкам…

Фота аўтара

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"